Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў са Святам працы.
Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Паважаныя суайчыннікі!
Ад усёй душы віншую вас са Святам працы.
Пакладзеная ў аснову жыцця беларускага народа мірная і стваральная праца з’яўляецца ўніверсальным рэцэптам дабрабыту і згоды. Толькі з апорай на ўласныя сілы і таленты мы пабудавалі незалежную і паспяховую дзяржаву.
У 80-годдзе Вялікай Перамогі з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю звяртаемся да ветэранаў вайны і працаўнікоў тылу, да ўсіх, хто аднаўляў краіну з руін. Дзякуючы вашым гераізму і самаадданасці сёння мы будуем канкурэнтную эканоміку, умацоўваем палітычную стабільнасць, у міры і гармоніі перадаём назапашаны вопыт маладому пакаленню.
Поспехі ва ўсіх сферах — ад прамысловасці і адукацыі да сельскай гаспадаркі і медыцыны — гэта вынік штодзённых намаганняў і адданасці сваёй справе кожнага беларуса.
Шчыра ўдзячны вам за ўклад у працвітанне нашай Айчыны. Жадаю ўсім дабра і дабрабыту. Няхай жыццё будзе напоўнена натхненнем і новымі здзяйсненнямі.
Са Святам працы!
Аляксандр Лукашэнка, 1 мая 2025
Дзень сацыяльнага адзінства
У краіне адзначылі Свята працы
Самае маштабнае святочнае мерапрыемства прайшло ў Мінску. Стартавала яно з урачыстага ўскладання кветак да абеліска “Мінск-горад герой”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўніцтва прафсаюзаў, міністэрстваў і ведамстваў, дэпутацкі корпус, члены палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Працягнулася святочная праграма ў парку Перамогі, дзе наведвальнікаў чакалі выступленні творчых калектываў і інтэрактыўныя пляцоўкі. Галоўнымі героямі свята сталі людзі працы, моладзь, ветэраны — усе тыя, хто сваімі рукамі працягваюць лепшыя працоўныя традыцыі Беларусі.
Не толькі калектыўнае, але і сямейнае, народнае свята
Урачыстыя маёўкі, ушаноўванне лепшых работнікаў і калектываў, працоўных дынастый, тэатралізаваныя паказы і канцэртныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы прайшлі ў Дзень працы па ўсёй краіне.
– Гэта вялікае свята, і прытым не проста працоўных, гэта ў цэлым сямейнае свята, народнае свята. Людзі прыходзяць сем'ямі разам з дзецьмі, таму што мы разумеем, што праца, заработная плата – гэта і поспех у цэлым дзяржавы, і поспех сям'і. Гэта ўсё на дабрабыт людзей, нашых дзяцей, усіх родных і блізкіх. Усё, што мы робім, – гэта ўсё для будучыні нашых блізкіх, для нашай краіны, – адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО.
Ён дадаў, што Беларусь развіваецца і работнікі атрымліваюць новыя магчымасці.
– У першую чаргу гэта новыя ўмовы працы. Ствараюцца новыя прадпрыемствы, новыя вытворчасці, вядома ж, расце заработная плата. Прадпрыемствы ў сувязі з гэтым маюць магчымасці ў свае калектыўныя дагаворы ўключаць новыя бонусы, новыя дадатковыя выплаты, – звярнуў увагу Юрый Сянько, падкрэсліўшы, што толькі за 2024 год у якасці такіх прэмій выплачана ў цэлым па калектыўных дагаворах прадпрыемствамі каля 4,7 мільярды рублёў. – Гэта даволі вялікая падтрымка, і перакананы, што намаганнямі прафсаюзаў разам з наймальнікамі мы будзем прадаўжаць гэту работу, – сказаў Юрый Сянько.
Паводле яго слоў, Свята працы – гэта яшчэ і магчымасць зверыць гадзіннікі.
– Гэта магчымасць паглядзець, чаго мы дасягнулі ва ўсіх галіновых напрамках, вядома ж, павіншаваць і ўшанаваць лепшых. Сёння уручым узнагароды найлепшым перадавікам вытворчасці розных галін. Гэта заслужаныя работнікі, якія сваім майстэрствам, сваім прыкладам паказваюць, як трэба працаваць, як трэба паказваць магчымасці сваіх прадпрыемстваў, – падкрэсліў старшыня ФПБ, дадаўшы, што актыўна ўступае ў прафсаюзны рух нашай краіны і моладзь, бо гэта магчымасць заявіць аб сабе, выказаць свае пажаданні наконт магчымасці адаптацыі на першым рабочым месцы, умоў працы. І наймальнікі чуюць сваіх работнікаў праз прафсаюзны рух.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА ўпэўнена, што для ўсіх беларусаў 1 мая – не проста дзень у календары.
– Гэта свята, якое сімвалізуе каштоўнасць чалавечай працы на карысць развіцця нашай роднай Беларусі. Гэта дзень сацыяльнага адзінства наймальнікаў, прафсаюзаў, дзяржаўных органаў, Урада і дзяржавы. Мы цудоўна разумеем, што ў вытворчых, эканамічных, сацыяльных працэсах заўсёды вельмі шмат пытанняў і запытаў з боку работнікаў, працоўных калектываў, аб'яднанняў наймальнікаў. Таму што яны выбудоўваюць эканоміку сваіх прадпрыемстваў, бізнэс і, канешне, усё гэта павінна знайсці адлюстраванне ў нарматыўных прававых актах, у прававым рэгуляванні, – сказала міністр.
Яна нагадала, што каардынуючай пляцоўкай у гэтых пытаннях з’яўляецца Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. І працуе ён даволі прадуктыўна. Менавіта тут упершыню пачало абмяркоўвацца пытанне зняцця абмежаванняў па памеры пенсій працуючым пенсіянерам. Падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, бацькоў, якія працуюць, умовы працы, ахова працы, звышурочная работа – усе аспекты знаходзяць абмеркаванне на гэтай пляцоўцы. Працуюць у краіне і іншыя структуры, якія рэгулююць пытанні працоўных адносін, вынікам іх работы становяцца мясцовыя тарыфныя пагадненні. Сёння на прадпрыемствах і ў арганізацыях дзейнічае 562 такіх пагадненні і 21,5 тысячы калектыўных дагавораў.
Пазнаёміцца з прафесіямі, прайсці квэст, адправіць ліст
У Парку Перамогі прафсаюзы Беларусі сумесна з сацыяльнымі партнёрамі прадставілі інтэрактыўныя пляцоўкі і лакацыі, якія раскрывалі тую ці іншую прафесію. Акрамя таго, гасцей свята чакалі тэматычныя майстар-класы, дзе кожны мог паспрабаваць сябе ў новай справе. Так, на пляцоўцы прафсаюза работнікаў «БЕЛПРАФМАШ» у гэты дзень разгарнулася маштабная выстаўка тэхнікі прадпрыемстваў машынабудавання — Амкадора, МАЗа, Белджы, Мінскага трактарнага завода. Для самых маленькіх удзельнікаў была арганізавана квэст-гульня «Дзень працы з «БЕЛПРАФМАШ».
На экспазіцыі некалькіх лясгасаў наведвальнікі маглі набыць натуральны мёд, зборы гарбаты з лясной травы, бярозавы сок, пасадкі з гадавальнікаў. Маленькім гасцям прапанавалі сабраць вялікі драўляны пазл, пагуляць у вялікія драўляныя шашкі і паспрабаваць убіць цвік у розныя пароды дрэва.
Гасцей пляцоўкі прафсаюза работнікаў сувязі сустракалі роставыя лялькі. Беларусы «залатога» ўзросту маглі пазнаёміцца з новымі сацыяльнымі паслугамі ад аператараў мабільнай сувязі, а ўсе жадаючыя — прайсці квэст па кібербяспецы і зрабіць на памяць здымак у фотакабіне. РУП «Белпошта» прадставіла экспазіцыю сваёй прадукцыі, а ўсе ахвотныя далучаліся да акцыі «Напішы ліст»: набывалі маляўнічыя паштовыя карткі і адпраўлялі іх родным і блізкім.
У рамках святочных мерапрыемстваў прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі ў сферы працы. Сёлета пераможцамі сталі 16 арганізацый, 4 аўтарскія калектывы і 5 работнікаў. Упершыню была заснавана намінацыя за значны ўклад у галіне якасці. Лаўрэатамі ў гэтай намінацыі сталі аўтарскі калектыў філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу „Беларускія шпалеры“, „Аршанскі льнокамбінат“, „Мінскі холадакамбінат № 2“, „Белшына“, „Слуцкі сыраробны камбінат“. Працягнуў святочную праграму маштабны канцэрт «Мой код — ДНК».
Алена КРАВЕЦ
Фота ВІКТАРА Іванчыкава
У Магілёве з размахам святкуюць квітнеючы Першамай
Сімвалічнай падзеяй, прысвечанай Першамаю, стала арганізаванае абкамам БРСМ урачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле». Яго ўдзельнікамі сталі байцы студэнцкіх атрадаў, камандзіры тэрытарыяльных штабоў студэнцкіх атрадаў БРСМ.
У мерапрыемстве, прысвечаным 80-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прынялі ўдзел каля 200 чалавек. Яны паклалі кветкі і лампады да мемарыялу, паўдзельнічалі ў працоўнай акцыі «ТрудКрут» на будаўніцтве музея «Славы Магілёўскай вобласці», высадзілі дрэўцы на маладзёжнай алеі. Ва ўрачыстай абстаноўцы байцам студатрадаў уручылі працоўныя пуцёўкі для працаўладкавання на прадпрыемствах, арганізацыях, дзіцячых аздараўленчых лагерах краіны, а таксама за яе межамі. Усяго плануецца працаўладкаваць 6,5 тысячы чалавек.
Цэнтральнай падзеяй святкавання Першамая ў Магілёве стаў велапрабег, які стартаваў каля Дома Саветаў. Некалькі сотняў веласіпедыстаў ад малога да вялікага праследавалі па праспекце Міра, вуліцам — Касманаўтаў, Лазарэнка, Болдзіна і фінішавалі на вуліцы Карла Маркса каля парка «Падміколле». Калона праследавала па святочным маршруце ў суправаджэнні ДАІ. Працягласць маршрута склала 5 кіламетраў. У парку «Падніколле» сёння запланавана шмат цікавых мерапрыемстваў, якія можна наведаць да 20.00. Там будзе дзе смачна паесці, адпачыць, паўдзельнічаць у розных віктарынах.
Магілёў таксама далучыцца да рэспубліканскага аўтапрабега МУС «На варце Памяці Вялікага Подзвігу», прысвечанага 80-годдзю Перамогі. Удзельнікі аўтапрабегу — у тым ліку на рэтра машынах — на чале з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым наведаюць мемарыяльны комплекс «Батальён міліцыі пад камандаваннем К. К. Уладзімірава», дзе адбудуцца закладка капсулы нашчадкам і святочны канцэрт.
У Магілёве працуе шмат святочных пляцовак, гучаць песні, праводзяцца спартыўна-забаўляльныя праграмы. Адна з такіх пляцовак знаходзіцца ў Тэатральным скверы, дзе з 12.00 да 15.00 гучаць вершы і літаратурныя кампазіцыі. На радасць дзецям сёння ў парку атракцыёнаў для іх арганізаванае бясплатнае катанне на каруселях. А вечарам, у 18.00, у скверы 40-годдзя Перамогі адкрыецца сезон вечароў адпачынку пад духавы аркестр.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і БелТА
У Гомелі ў Свята працы ўшанавалі раёны, прадпрыемствы і установы, прызнаныя лепшымі ў рэгіёне.
Каля абноўленай Дошкі гонару вобласці ў горадзе над Сожам сабраліся прадстаўнікі раёнаў і працоўных калектываў, што дасягнулі высокіх паказчыкаў эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці. Пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару вобласці атрымалі 43 пераможцы.
Як падкрэсліў на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, традыцыя вызначэння лепшых у вобласці прадпрыемстваў, арганізацый, працаўнікоў на Гомельшчыне захоўваецца ўжо цягам 75 гадоў.
— У красавіку 1950 года выйшла пастанова аб зацвярджэнні абласной Дошкі гонару перадавікоў у сацыялістычным спаборніцтве на вясновай сяўбе, — нагадаў Іван Крупко.
Падчас урачыстага ўшанавання прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна старшыня аблвыканкама адрасаваў словы ўдзячнасці прадстаўнікам ўсіх сфер эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці Гомельшчыны.
— Захоўваючы традыцыі савецкага мінулага, мы заносім на Дошку гонару імёны лепшых з лепшых. Абласная Дошка гонару — гэта найвышэйшы п’едэстал працоўных перамог, грамадскае прызнанне і маральнае заахвочванне за дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці Гомельшчыны. Не спыняйцеся на дасягнутым, тым больш, што мы ўступілі ў пяцігодку якасці, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання пераможцаў штогадовага спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці за 2024 год прынялі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
Падарункам гамяльчанам і гасцям горада да свята Першамая стала святочнае адкрыццё сезона фантанаў. У Гомелі на набярэжнай ракі Сож прайшоў лёгкаатлетычны прабег. Першамайскі старт арганізавала Гомельскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў. У прабегу прынялі ўдзел каля 200 выхаванцаў прафсаюзных спартыўных школ.
Між тым урачыстыя мерапрыемствы Першамая настрой актыўнасці, здаровага ладу жыцця, вясны падарылі жыхарам ўсіх раёнаў вобласці. У Петрыкаве ў Свята працы жыхароў райцэнтра розных пакаленняў аб’яднаў велапрабег «Веламай-2025». У Мазыры ў парку «Перамога» разгарнуліся прэзентацыйныя пляцоўкі розных прафесій.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна» і Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў
МУС праводзіць маштабны аўтамотапрабег да 80-годдзя Вялікай Перамогі
Ён праходзіць па знакавых месцах нашай краіны
Старт аўтамотапрабегу «На Варце Памяці Вялікага Подзвігу!» быў дадзены ў мемарыяльным комплексе «Баграціён» у Светлагорскім раёне. Затым вартавыя правапарадку ўшанавалі памяць сваіх калег, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны супрацьстаялі ворагу пад Магілёвам: памятнае мерапрыемства адбылося ў мемарыяльным комплексе «Батальён міліцыі пад камандаваннем капітана. К. Р. Уладзімірава». Вечарам 1 мая ўдзельнікі аўтамотапрабегу плануюць быць на плошчы Перамогі ў Віцебску. А ўжо заўтра асноўнымі пунктамі маршруту ўдзячных нашчадкаў пераможцаў стануць мемарыяльны комплекс «Хатынь», «Курган Славы» ў Гродне. Завершыцца аўтамотапрабег у «Брэсцкай крэпасці-героі».
Даючы старт аўтамотапрабегу ў мемарыяльным комплексе «Баграціён», міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ адзначыў, што гэта мерапрыемства сімвалізуе нашу сувязь з вялікім мінулым і накіраванасць у будучыню. «Савецкі народ мільёнамі жыццяў заплаціў за цяперашняе мірнае неба над нашай галавой, і мы абавязкова захаваем памяць аб героях!», — канстатаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства і падкрэсліў, што менавіта дзеці — будучыя абаронцы Радзімы. Па яго словах, моладзі (курсантам, ліцэістам, выхаванцам ваенна-патрыятычных клубаў) трэба ўпісаць у гісторыю яшчэ шмат слаўных старонак.
Да падножжа манумента ляглі кветкі ад кіраўніцтва МУС, ветэранаў і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, падрастаючага пакалення. Адбылася памінальная літургія.
Напярэдадні ў месцах, якія ляжаць на маршруце аўтамотапрабегу, быў наведзены парадак. Некаторыя з помнікаў былі адноўлены. Сімвалічна, што разам са сваімі старэйшымі калегамі ў гэтай важнай справе прымалі ўдзел курсанты і ліцэісты.
«Мэта нашага мерапрыемства — перадаць эстафету памяці маладому пакаленню, — звярнуў увагу ў размове з журналістамі Іван Кубракоў. — Як паказвае час і практыка, там, дзе шануюць памяць, ніколі не бывае войн. І наадварот. Мы, у сваю чаргу, зробім усё, каб на нашай зямлі такая трагедыя ніколі не паўтарылася. Невыпадкова наш аўтамотапрабег называецца „На Варце Памяці Вялікага Подзвігу“. Мы сапраўды на варце і не дадзім забыць тое, што зрабілі нашы продкі, якім коштам дасталася Перамога».
Па словах міністра, жаданне прыняць удзел у акцыі выказала вялізная колькасць людзей. Пытанні аб тым, як далучыцца да аўтакалоны, паступалі не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і з іншых краін СНД. Мяркуецца, што па дарозе да Брэста, дзе мерапрыемства завершыцца канцэртам-рэквіемам, да беларускіх праваахоўнікаў далучыцца нямала замежных сяброў, якія таксама захочуць ушанаваць памяць воінаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Каля мемарыялу байцам батальёна міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава да ўдзельнікі аўтамотапрабегу далучыўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА. Хвіліна маўчання стала нямым паклонам тым, хто падарыў нашчадкам неба без вайны. Асаблівым момантам стала ўручэнне пагонаў палкоўніка. Тыя, хто ўганараваны гэтага звання, несумненна, запомняць гэты дзень на ўсё жыццё.
За актыўнае садзейнічанне органам унутраных спраў і ўнутраным войскам у выкананні ўскладзеных задач, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне правапарадку Іван Кубракоў уручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама найвышэйшую ўзнагароду ведамства — халодную зброю (корцік). Пры асабістым удзеле губернатара ў вобласці рэалізаваны маштабныя праекты МУС: адрэстаўраваны мемарыяльны комплекс «Батальён міліцыі пад камандаваннем капітана К. Р. Уладзімірава», адкрыты Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС.
— Сапраўдны патрыятызм — гэта гатоўнасць абараняць інтарэсы Радзімы і свайго народа, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка — Байцы доблеснага батальёна міліцыі былі менавіта такімі людзьмі. Сёння мы аддаём даніну памяці ўсім міліцыянерам, якія абаранялі подступы да Магілёва. Вось ужо 80 гадоў мы жывем і працуем пад мірным небам, маем магчымасць гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму дню. Дзякуючы пакаленню пераможцаў мы ведаем цану незалежнасці, таму так трапятліва ставімся да гісторыі. Сёння бачым як некаторыя краіны свядома перапісваюць падзеі вайны, здраджваюць сваім продкам. Наш абавязак і святы абавязак — абараніць сапраўдных герояў, тых, хто загінуў дзеля нас.
У мемарыяльным комплексе адбылася цырымонія закладкі капсулы часу. У пасланні — наказ нашчадкам любіць сваю краіну і клапаціцца пра яе, памнажаць дасягненні і поспехі, шанаваць і паважаць старэйшае пакаленне, заўсёды памятаць аб гістарычным подзвігу нашага народа. Ускрыць капсулу даручана ў 2045 годзе, калі краіна адзначыць 100-годдзе з дня заканчэння вайны.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС
Фантаны, спаборніцтвы і грандыёзны канцэрт — Брэст адзначае Першамай
Сёння ў Брэсце ўключылі гарадскія фантаны. Фантаны запрацавалі на плошчы Леніна, на набярэжнай Мухаўца, каля аўтавакзала побач з Палацам культуры прафсаюзаў. У выхадныя яны будуць працаваць з 10 да 23 гадзін, у будні — з 17 да 22 гадзін. Гэта даўняя традыцыя — даваць старт фантанам у першы дзень мая. І цяпер гараджане з радасцю сустрэлі гэты летні гарадскі атрыбут, які вельмі дапасуе гораду ў спякотныя дні.
У Брэсце адбудзецца знакавае спартыўнае мерапрыемства — міжнародны турнір баксёраў ІВА РRO 5 «Ноч чэмпіёнаў». Асноўнае спаборніцтва пройдзе 2 мая у палацы спорту «Вікторыя». На рынгу сыдуцца лепшыя байцы. Сёння ў поўдзень старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК асабіста сустрэў ў аэрапорце «Брэст» Прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі боксу Умара Крамлёва. Увечары 1 мая спартсмены наведаюць Брэсцкую крэпасць, ускладуць кветкі да Вечнага агню, зробяць экскурсію па мемарыялу.
Арганізатары абяцаюць падарыць гледачам сапраўднае спартыўнае шоу і незабыўныя эмоцыі. На спаборніцтва запрашаюць усіх ахвотных, уваход вольны.
А ў 20.30 у Брэсцкай крэпасці сёння адбудзецца унікальны канцэрт «Патэтычны дзённік памяці». Гэта праект Вялікага тэатра Беларусі. Брастаўчан і гасцей горада запрасілі на кампазіцыю, якая заяўлена як своеасаблівы манумент памяці людзям, што прайшлі Вялікую Айчынную вайну.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Брэсцкага гарвыканкама