Прэзідэнт прыняў з дакладам кіраўніка Брэсцкай вобласці
Лідар дзяржавы паставіў перад старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Пятром Пархомчыкам шэраг пытанняў. Сярод іх — праблемныя моманты ў транспарце і лагістыцы, рэзервы ў сельскай гаспадарцы, функцыянаванне стабілізацыйных фондаў, дынаміка прамысловага сектара ў рэгіёне. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на перспектывах судна- і авіябудавання, праектах абароннага сектара эканомікі. Падчас размовы абмяркоўвалася праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025–2030 гады, закраналася работа асобных прадпрыемстваў. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз праанансаваў жорсткую размову на тэму падзяжу жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах.
«Будзе размова вельмі сур’ёзная і прынцыповая»
«Я запытаў інфармацыю па Брэсцкай вобласці, — пачаў размову кіраўнік дзяржавы. — Усё, што добра, тое добра». Асобна Прэзідэнт звярнуўся да тэмы транспарту і лагістыкі: «Што там за праблемы? І якія праблемы можна ў гэтым плане прад’явіць Брэсцкай вобласці? Мяне інфармуюць, што ў цябе там не ўсё добра. Ільготныя ўмовы мы там прадастаўлялі для закупкі аўтамабіляў, па-мойму, іх перавозчыкам. Натуральна, мы чакаем пэўныя вынікі».
Закранаючы тэму сельскай гаспадаркі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Брэсцкая вобласць у гэтай сферы на першым месцы па краіне. Тэмпы росту — на 104 % да аналагічнага перыяду мінулага года. «Многа гэта або мала, якія рэзервы? — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. — Надой там прыстойны на карову. Я гэта бяру да ўвагі, але заўсёды адношуся спакойна да надояў, бо ведаю, як можна зрабіць надой меншым ці большым. Усе гэтыя хітрыкі ведаю. Я не папракаю Брэсцкую вобласць, бо з усімі рознымі хітрыкамі і іншым 8 тысяч кілаграмаў у год ад каровы атрымаць — гэта прыстойны вынік. Быццам і падзяжу няма ў цябе там...»
«Скарацілі да ўзроўню мінулага года», — праінфармаваў Пётр Пархомчык.
У гэтай сувязі Прэзідэнт праанансаваў жорсткую размову наконт падзяжу жывёлы. «Вось Віцебскую вобласць нядаўна правяралі, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Ветурачы (раённага ўзроўню, абласнога, урачы на месцах) замест таго, каб лячыць скаціну, вельмі інтэнсіўна займаліся тым, як схаваць гэты падзеж. Схаваць — гэта ж немагчыма. Як ты схаваеш? Вось — каровы, вось — цяляты. Калі тысяча кароў, а цялят ты 600 перадаў на адкорм, дык 400 дзе? Тут просты разлік. Таму будзе размова вельмі сур’ёзная і прынцыповая, бо, захаваўшы ўсё пагалоўе, мы мелі б і прыстойны вынік».
«Бульбу вырошчваць мы ўмеем»
Працягваючы тэму сельскай гаспадаркі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на размовы, якія вядуцца наконт недахопу бульбы. «Асабліва пасля нарады ў Прэзідэнта Расіі, дзе ён пажартаваў наконт бульбы, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Але для нас гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. У якім плане? Што-што, а бульбу мы вырошчваць умеем. Трэба вырасціць столькі, каб хапіла нам і Расіі. Цэны будуць прыстойныя. За год ні мы, ні яны сітуацыю не зможам паправіць, хоць, быццам бы,
у нас сітуацыя нядрэнная — насення хапала. А ў нашых суседзяў наўрад ці хопіць насення. У іх падмарозіла на поўдні прыстойна, і бульбу ў тым ліку, таму трэба дапамагчы братам-расіянам».
Затым Прэзідэнт заўважыў, што гэта не дабрачыннасць. «Гэта ж і прыстойныя грошы, прыстойныя цэны», — сказаў ён.
Аналагічныя задачы пастаўлены і па вырошчванні ў дастатковым аб’ёме буракоў, капусты, морквы, цыбулі. «Вынік — стабілізацыйныя фонды, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння думай аб тым, дзе ты будзеш захоўваць з запасам усю гэту плодаагароднінную прадукцыю».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што бягучы год будзе не вельмі ўраджайным на яблыкі. «Яблыкі будуць, але не столькі, колькі мы хацелі, — канкрэтызаваў ён. — Ужо сёння трэба думаць (ва ўрадзе я даручаў): калі трэба будзе закупіць, дзе будзем купляць яблыкі для таго, каб і пакласці іх на захоўванне, і закупіць, можа быць, у міжсезонне».
«Прамысловасць для нас вельмі важная»
Асобнай тэмай размовы з губернатарам Брэсцкай вобласці стала сітуацыя ў прамысловасці. Кіраўнік дзяржавы нагадаў Пятру Пархомчыку, што яго прызначэнне на гэту пасаду найперш было звязана з тым, каб ён разабраўся з прамысловасцю ў рэгіёне, паколькі ведае гэту сферу добра. Губернатар Брэсцкай вобласці праінфармаваў, што прамысловасць рэгіёна развіваецца з добрай дынамікай.
«Дынаміку ты можаш забяспечыць, але каб у нас не было асобных прадпрыемстваў, якія дрэнна працуюць, — паставіў задачу беларускі лідар. — Таму што прамысловасць для нас вельмі важная, але асобна — гэта суднабудаванне і авіяцыя. Ты, паколькі быў віцэ-прэм’ерам (папярэдняя пасада Пятра Пархомчыка. — „Зв.“), ведаеш гэту тэму. Расіяне (дзякуй ім, малайцы) прапанавалі нам „добры кавалак“ у авіябудаванні, суднабудаванні: рамонт суднаў і іншае. Маламерных, невялікіх. Дзесьці пад Гомелем, у Мазыры, і ў Пінску рамонтная база была. Быццам бы нам гэта не трэба — не марская дзяржава. Нешта парэзалі, на металалом здалі. Калі ёсць аб’ёмы работ — людзі яшчэ засталіся, трэба падумаць аб тым, каб мы пачыналі работу і ў гэтым плане з нейкіх напрамкаў».
Што датычыцца авіябудавання, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэтай справай трэба займацца сур’ёзна. Па словах Прэзідэнта, з удзелам Пятра Пархомчыка былі пачаты многія праекты ў абароннай сферы. «Хацелася б, каб ты не сыходзіў: там, дзе патрэбна твая дапамога і падтрымка», — паставіў задачу перад губернатарам Брэстчыны кіраўнік дзяржавы.
«Праграма сур’ёзная, над ёй мы будзем працаваць»
Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025–2030 гады. «Бачу, што вы там з Міхаілам Іванавічам Русым (старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Брэсцкай вобласці. — „Зв.“), карыстаючыся тым, што прасі больш — дадуць менш, або па нейкім іншым прынцыпе, праграму гэту навярсталі і склалі так, што нам трэба будзе тры мільярды долараў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі тры мільярды, то вы павінны прапісаць, дзе мы возьмем гэтыя грошы. Калі вы думаеце, што вось яны зверху зваляцца або з рэспубліканскага бюджэту, — гэта памылка. Таму трэба думаць, што мы там павінны зрабіць. І мінімізаваць выдаткі. Але гэта праграма сур’ёзная, над ёй мы будзем працаваць».
Прэзідэнт расказаў, што ў СМІ прачытаў артыкул, дзе расказваецца аб тым, як фермеры на Палессі па начах паляць печкі ў парніках, цяпліцах, каб атрымаць агуркі, іншую прадукцыю. Дровы падкідваюць у печ кожныя 40 хвілін.
«Я падумаў: а пелеты? — прапанаваў альтэрнатыву фермерам Аляксандр Лукашэнка. — Мы на тыдзень іх загружаем (у кацёл. — „Зв.“), нават на больш. Печку гэту паставіў, кацёл — і на тыдзень засыпаў або на 10 дзён і забыўся. Прыйшоў, паглядзеў тэмпературу...»
«Яна рэгулюецца, Аляксандр Рыгоравіч, прама па айфоне можна кіраваць», — удакладніў Пётр Пархомчык.
«Нават калі без айфона: які фермер не зойдзе і не паглядзіць, — заўважыў Прэзідэнт. — Трэба паспрабаваць маленькі кацёл паставіць на цяплічку, можа, і на дзве. Там жа ад аднаго катла можна падключыць ацяпленне і на дзве, і на тры, і на вялікую цяпліцу. Неабходна паспрабаваць нашым фермерам і з Пінскага раёна, іншым прапанаваць такі варыянт. Можа, нават дзесьці крэдытамі дапамагчы, каб яны «раскруціліся».
У канцы даклада Пётр Пархомчык падзякаваў кіраўніку дзяржавы за высокую ацэнку дзейнасці вобласці. «Брэсцкі рэгіён добра завяршыў мінулы год і выканаў усе пастаўленыя ўрадам заданні, — канкрэтызаваў ён. — Вельмі важна, што дынаміка станоўчая. Яна захоўваецца па ўсіх кірунках».
«Гэта мы ведаем. Ты мне скажы: што больш за ўсё насцярожвае ў прамысловасці?» — пацікавіўся Прэзідэнт.
Па словах губернатара, па даручэнні кіраўніка дзяржавы падрыхтаваны дакумент, у якім адлюстраваны інвестыцыйныя праекты вобласці да 2030 года. Большасць з іх — ужо на этапе рэалізацыі.
«Пры тым, гэта абсалютна рэальная карціна, якая дазволіць павялічыць заробак у два разы, — адзначыў Пётр Пархомчык. — І мы разлічваем, што заработная плата да 2030 года будзе ў межах 4600 рублёў».
«Так, планы такія складалі, але вельмі часта яны не рэалізоўваліся: у заробку, у іншым», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Як паведаміў губернатар, праграма разлічана на канкрэтныя пілотныя праекты, якія ўжо рэалізоўваюцца. «Мы знаходзімся на стадыі завяршэння гэтых праектаў і чакаем вынікаў ад іх», — рэзюмаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
У тэму
Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Пётр ПАРХОМЧЫК, гаворачы аб развіцці прамысловасці, у размове з журналістамі адзначыў, што Прэзідэнт звярнуў увагу на суднабудаванне. «Гэта значыць, вытворчасць свайго рачнога флоту, у тым ліку грузавога і пасажырскага, турыстычнага, — удакладніў губернатар. — Таксама пастаўлена задача працягнуць работу, звязаную з авіяцыяй».
Пётр Пархомчык праінфармаваў, што на этапе будаўніцтва ў рэгіёне знаходзяцца два індустрыяльныя паркі — у Баранавічах і Пінску. «Мы паэтапна пачынаем уводзіць вытворчыя пляцоўкі для таго, каб паркі запрацавалі, пачалі зарабляць пэўныя сродкі, — удакладніў кіраўнік вобласці. — У Баранавічах і ў Пінску першы этап завяршаецца сёлета. І што вельмі важна, мы ў Баранавічах завяршаем усе будаўніча-мантажныя работы, падключэнне ўсіх неабходных рэсурсаў. І ўжо на гэту пляцоўку ёсць заяўка ад бізнесменаў, якія прыйдуць з пэўным бізнесам для таго, каб працаваць на ёй. Кожны год мы будзем уводзіць па адным этапе, дадаючы пэўны кірунак развіцця».
У якасці прыкладу Пётр Пархомчык згадаў вытворчасць халадзільнікаў кампаніі «Медэя», якая напярэдадні стартавала ў Баранавічах. «Праект ажыццёўлены за кароткі час: практычна шэсць-сем месяцаў спатрэбілася для таго, каб вярнуць да жыцця 60 тысяч квадратных метраў вытворчых плошчаў, якія доўгі перыяд выкарыстоўваліся неэфектыўна, — сказаў ён. — Учора там пачалася вытворчасць халадзільнікаў. Выпушчана першая партыя ў колькасці дзвюх тысяч халадзільнікаў, якія адпраўлены ў Казахстан, Расійскую Федэрацыю. Прадпрыемства прадугледжвае маштабную лакалізацыю ўсіх кампанентаў. Усё, што неабходна для вытворчасці халадзільнікаў, павінна рабіцца на пляцоўцы ў Баранавічах, у Рэспубліцы Беларусь». Па такой тэхналогіі, па словах губернатара, будуць працаваць і астатнія прадпрыемствы, якія ўзводзяцца.
«Добра развіваецца вытворчасць акумулятарных батарэй, — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама. — Сёння мы ў вобласці выпускаем 800–850 тысяч рознага віду акумулятараў і ставім задачу выйсці на 1,6-1,7 мільёна. Пры гэтым зноў жа вяртаемся да лакалізацыі і да выкарыстання другасных рэсурсаў. То-бок у нас ёсць прадпрыемства, што збірае адпрацаваныя акумулятары, перапрацоўвае іх свінец, з якога пасля атрымліваем адпаведныя свінцовыя пласціны. Дакладна так мы абыходзімся з пластыкам. Збіраем другасныя рэсурсы, якія адпрацавалі свой тэрмін, і вяртаем ужо новую прадукцыю з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі для нашых пакупнікоў».
Што датычыцца сельскай гаспадаркі, па словах Пятра Пархомчыка, надвор’е ўнесла свае карэктывы. «Частка ўраджаю загінула, гэта 3 % ад агульных пасеяных плошчаў, — канстатаваў ён. — Літаральна за лічаныя дні тыя плошчы будуць перасеяны кукурузай на зерне».
Чакаюцца страты і ва ўраджаі яблыкаў. «Але ў любым выпадку, нават па нашых разліках, мы будзем з яблыкамі, забяспечым імі і Брэсцкую вобласць, і Мінск, — падкрэсліў Пётр Пархомчык. — Гэта значыць, тых 70 %, якія не былі пашкоджаны маразамі, будзе дастаткова для таго, каб забяспечыць наш рынак».
Што датычыцца забеспячэння стабілізацыйных фондаў, па словах губернатара, у рэгіёне павялічаны пасяўныя плошчы і пад бульбу, і пад цыбулю, і пад буракі. У стабфонды будзе закладзена столькі, колькі трэба для таго, каб такіх праблем, як сёлета, у наступным годзе не ўзнікала, запэўніў кіраўнік Брэстчыны.