Top.Mail.Ru

Прэзідэнт уручыў сімвалы Дзяржаўнага знака якасці

Урачыстасць адбылася ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Уручэнне сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці прадстаўнікам прадпрыемстваў, прадукцыя якіх удастоена такой высокай ацэнкі, — яшчэ адна з традыцый суверэннай Беларусі. Традыцыя маладая (першыя Дзяржаўныя знакі якасці ў нашай краіне былі ўручаны летась), але з каранямі ў савецкае мінулае. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са стэндамі арганізацый — лаўрэатаў сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці за 2025 год. Там жа беларускі лідар і ўручыў высокія ўзнагароды. 



«Трэнд на якасць становіцца вызначальным на ўсіх узроўнях» 

Звяртаючыся да ўдзельнікаў выстаўкі, Прэзідэнт назваў сімвал Дзяржаўнага знака якасці адной з самых прэстыжных і народных узнагарод суверэннай Беларусі. 

«Ушанаванне прадпрыемстваў, тавары якіх па выніках года ўдастоены Дзяржаўнага знака якасці, стала нашай новай добрай традыцыяй, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Традыцыяй з моцным гістарычным падмуркам. Калі ў 1967 годзе, у мінулым стагоддзі, у Савецкім Саюзе заснавалі Знак якасці, аднымі з першых яго атрымалі менавіта беларускія МАЗы, БелАЗы, трактары, далікатэсы Мінскага мясакамбіната. За першыя 10 гадоў існавання савецкага знака права маркіраваць ім сваю прадукцыю заслужылі амаль 3 тысячы тавараў, якія вырабляліся на тэрыторыі рэспублікі. Тут быў не толькі зборачны цэх СССР, але і інтэлектуальны цэнтр, інжынерны, а таксама навуковы». 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, за гады незалежнасці беларусы значна перафармаціравалі сваю эканоміку, дадалі самыя прагрэсіўныя кірункі і прымножылі кампетэнцыі. 

«У сучасных умовах агрэсіўнай канкурэнцыі (не заўсёды, праўда, добрасумленнай канкурэнцыі) і хуткай змены тэхналогій менавіта трэнд на якасць становіцца вызначальным на ўсіх узроўнях — прадпрыемства, галіны, краіны і нават свету», — заўважыў Прэзідэнт. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, галоўны крытэрый таго, што мы на правільным шляху, — паказчыкі ВУП і экспарту, якія растуць. Ëн канстатаваў, што тавары са знакам «Зроблена ў Беларусі» сёння прадстаўлены больш як у 150 краінах свету, і геаграфія паставак пашыраецца. 

«Сумленная барацьба вытворцаў за Дзяржаўны знак якасці не толькі будзе матываваць, але і дапаможа замацаваць наша тэхналагічнае лідарства на рэгіянальным і міжнародным узроўнях, — перакананы Прэзідэнт. — Гэта пацвярджае вопыт прадпрыемстваў, чые тавары прызнаны найлепшымі ў 2025 годзе». 

«Надыходзіць час канкрэтных спраў для дасягнення канкрэтных вынікаў» 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў лінейцы пераможцаў — знакамітыя пагрузчыкі «Амкадор», без якіх мы сёння не змаглі б пабудаваць высакакласныя дарогі, накарміць жывёлу і выехаць з заснежаных двароў пасля нядаўняга цыклона.  

Сярод лаўрэатаў — айчынны аўтамабіль «Белджы Х50», які высока ацанілі як адзін з самых прывабных, надзейных і даступных. «Асабліва моладзь і цудоўная палова чалавецтва, што вельмі сімвалічна ў Год беларускай жанчыны», — удакладніў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што ў студзені з канвеера пад маркай «Белджы» сышла 150-тысячная машына. Гэтыя аўтамабілі, па яго словах, паспяхова прадаюцца на ўнутраным і знешніх рынках, бо маюць аптымальныя для спажыўца суадносіны цаны і якасці. «А што яшчэ трэба для сапраўднага народнага аўтамабіля?» — заўважыў кіраўнік дзяржавы.  

У ліку найлепшых — сельскагаспадарчая тэхніка «Гомсельмаша» і «Бабруйскаграмаша». Без яе, як падкрэсліў беларускі лідар, нашы аграрыі не змаглі б хутка і якасна ўбраць рэкордны ўраджай у складаным 2025 годзе. 

«Беларускія сельгасмашыны выдатна ацанілі фермеры ў розных пунктах планеты, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А ў некаторых дзяржавах Афрыкі менавіта наша тэхніка дапамагла гарантаваць харчовую бяспеку ўпершыню ў гісторыі гэтых краін». 

Не маюць патрэбы ў рэкламе і рухавікі Мінскага маторнага завода. Як і ўпадабаныя пакупнікамі ва ўсім свеце мясныя і малочныя прадукты. 

«Не здаюць пазіцый знакамітая рагачоўская згушчонка, „Камунарка“, Аршанскі льнокамбінат, новыя тавары якіх атрымліваюць Знак якасці другі год запар, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — На іх прыкладзе хачу звярнуцца да ўсіх вытворцаў — ніколі не спыняйцеся на дасягнутым!» 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў снежні мінулага года падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу сярод прыярытэтных задач на пяцігодку ім, акрамя якасці, была абазначана яшчэ і беражлівасць. 

«Зніжэнне затрат, разумная эканомія, жорсткая вытворчая дысцыпліна — бесперапынныя і вельмі важныя працэсы, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Трэба быць адказнымі гаспадарамі на сваім прадпрыемстве, у сваёй краіне і ў сваім жыцці. І тады ў нас усё атрымаецца». 

Прэзідэнт выказаў удзячнасць лаўрэатам за выдатныя вынікі. «Сваёй якаснай працай вы і вашы вялікія калектывы заслужылі гэтыя ўзнагароды і гэтыя перамогі, — падкрэсліў ён. — На найбліжэйшы год на кожным ляжыць каласальная адказнасць. За ўменне матываваць астатніх, сумленна канкурыраваць, дзяліцца перадавым досведам і кіраўнічымі тэхналогіямі, бо менавіта за лідарам цягнуцца астатнія, асабліва моладзь». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што навагоднія і калядныя святы скончыліся. «Са снежнымі завеямі, вадохрышчанскімі маразамі паспяхова справіліся, — канстатаваў Прэзідэнт. — Надыходзіць час канкрэтных спраў для дасягнення канкрэтных вынікаў. Няхай сённяшняя цырымонія натхніць усіх нас, працаўнікоў Беларусі, на новыя прафесійныя здзяйсненні. Будзьце паспяховымі. Калі вы будзеце паспяховымі — будзе паспяховай і наша Беларусь». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, уручэнне Дзяржаўных знакаў якасці — вялікая рэклама прадукцыі айчынных прадпрыемстваў. «І вельмі заслужаная рэклама, — удакладніў ён. — Як бачыце, за 10 гадоў на 3 тысячы тавараў, як было раней, мы не выйдзем. Гэта не таму, што ў нас іх няма. А таму што задача перад урадам пастаўлена адна — толькі самае лепшае. І каб потым да атрымаўшых Знак якасці на міжнародных рынках ды і ўнутры краіны нам не прад’явілі прэтэнзіі. Таму я яшчэ раз віншую ўсіх, хто заслужыў гэтыя вялікія — найвялікшыя — узнагароды. У гэтым уклад усяго працоўнага калектыву. Жадаю вам здароўя ў імя будучых здзяйсненняў».  

У антуражы выстаўкі «Дасягненні суверэннай Беларусі» Прэзідэнт азнаёміўся са стэндамі арганізацый — лаўрэатамі сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці за 2025 год. Менавіта там, у прысутнасці працоўных калектываў, пераможцам былі ўручаны высокія ўзнагароды. Аляксандр Лукашэнка не толькі ўручыў Дзяржаўныя знакі якасці, а і агледзеў прадукцыю пераможцаў. На кожным стэндзе прагучаў даклад кіраўніка прадпрыемства, прадукцыя якога была прадстаўлена, былі дадзены канкрэтныя даручэнні. Кожнаму працоўнаму калектыву Прэзідэнт падзякаваў за працу. 

«Для мяне якасць — увогуле пытанне нумар адзін»

Даючы высокую ацэнку дызельнаму рухавіку MMZ-3LD, выпушчанаму на ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод», Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для яго якасць — увогуле пытанне нумар адзін. 

«Пажадаць табе толькі можам выпускаць усе тыпы рухавікоў, — падкрэсліў беларускі лідар у размове з дырэктарам завода. — Нам трэба, каб гэта ўсё рабіў ты. Вы павінны рабіць усе рухавікі, усю лінейку для беларускай тэхнікі. Мы будзем вам дапамагаць».

«Будзем старацца», — адказалі супрацоўнікі калектыву. 

Супрацоўнікам ТАА «Вытворчае аб’яднанне «Энергакамплект» Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць за прадукцыю, якая атрымала Знак якасці, — кабелі з ізаляцыяй з пашытага поліэтылену 6-330 кВ. Калектыў запрасіў Прэзідэнта наведаць прадпрыемства.

«Цяпер я абавязаны прыехаць на завод. Я з задавальненнем», — сказаў беларускі лідар. 

Звяртаючыся да дырэктара СЗАТ «БЕЛДЖЫ», Прэзідэнт пажадаў, каб усе аўтамабілі, якія выпускаюцца на прадпрыемстве, атрымалі Знак якасці. 

«Нікуды не дзенешся, пакуль не зробіш 100 % (лакалізацыі. — „Зв.“) уласнага аўтамабіля, — нагадаў пра ранейшае даручэнне кіраўнік дзяржавы. — Стаў задачу каму хочаш. Шыны ўмеем рабіць, дыскі, прымусь рабіць і колы. Машыны ўсе павінны быць нашымі».

«Мы не стаім на месцы, мы працуем цяпер над рэстайлінгам гэтай мадэлі (X50. — „Зв“.)», — праінфармаваў кіраўнік прадпрыемства, агучыўшы перспектыўныя кірункі далейшага развіцця.

Прэзідэнту ўручылі сертыфікат на аўтамабіль BELGEE мадэлі X50+. «Калі я камусьці падару, вы не супраць?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы і заўважыў, што падарункі, уручаныя яму, перадаюцца людзям. 

Уручаючы Знак якасці калектыву ААТ «Гомсельмаш», Прэзідэнт выказаў удзячнасць калектыву прадпрыемства за тое, што іх камбайн, уганараваны знакам, дапамог убраць хлеб. 

«Гэту цуда-машыну я ведаю, — маючы на ўвазе мадэль, прадстаўленую да высокай узнагароды, сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хлопцы, калі будзе складана (а цяпер няпроста прадаць сваю прадукцыю), вы гэта адчуваеце лепш, чым я, рабіце. Няхай будзе крыху менш, але якасна. Патрэбна якасць. Калі добры механізатар, спецыяліст працуе на гэтай тэхніцы, я не думаю, што яна горшая за заходнюю». У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад механізатара прадпрыемства «Кухцічы» Клецкага раёна Паўла Шуцілу, які адзін намалаціў 8 тысяч тон збожжа на айчынным камбайне. 

Нагадаў Прэзідэнт і аб тым, як калісьці яму казалі пра тое, што ў Беларусі немагчыма зрабіць добры камбайн. «Вось зрабілі, — канстатаваў ён. — Добры камбайн! Над якасцю працуйце і далей, каб усе былі якасныя камбайны. А ўвогуле за камбайн дзякуй!»

Высокую ацэнку Аляксандр Лукашэнка даў і пагрузчыку ўніверсальнаму AMKODOR W500C, вырабленаму на ТАА «АМКАДОР-МАШ» — кіруючая кампанія холдынга». 

«Малайцы, што гэту машыну зрабілі, вельмі патрэбная, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І вялікая, і прадукцыйнасць добрая, і грузіць практычна любыя грузы, выкарыстоўваецца ўсюды: ад камуналкі да кар’ера». 

«Па сутнасці гэта машына новага пакалення. Тут прыменены найлепшыя напрацоўкі нашых вучоных і канструктараў „АМКАДОРА“. Машына амаль на 100 % беларуская», — удакладніў гендырэктар холдынга Аляксандр Яфімаў. 

Высокую ацэнку Прэзідэнта атрымала і машына для ўнясення пылападобных хіммеліярантаў МШХ-9, створаная на ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Бабруйскаграмаш». Гендырэктар Алег Корсак расказаў, што машына прызначана для дыферэнцыраванага ўнясення ўгнаенняў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава будзе дапамагаць прадпрыемству ў стварэнні машын, якія ў тым ліку запатрабаваны на афрыканскім кантыненце. 

Гендырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Уладзімір Лук’янаў праінфармаваў Прэзідэнта, што прадукцыя з мяса індычкі ўсё больш становіцца запатрабаванай у насельніцтва — як унутры краіны, так і за мяжой. Прэзідэнт прызнаўся, што ён таксама пакаштаваў і ацаніў прадукцыю з мяса індычкі, якая ўдастоена Знака якасці. 

Кіраўнік прадпрыемства расказаў і пра тое, што на агракамбінаце створана ўласная пякарня, дзе выпякаецца свежы хлеб. «Правільна, тое, што людзям патрэбна», — даў станоўчую ацэнку гэтаму кірунку дзейнасці Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнта таксама праінфармавалі аб новай прадукцыі ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» і СААТ «Камунарка». Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што салодкае не ўжывае, але днямі давялося пакаштаваць шакалад «Любімая Алёнка».

«Не спыняйся, рабі са сваімі тэхнолагамі добрую прадукцыю. Працягвай», — даручыў беларускі лідар і ўдакладніў, што гатовы на любыя прапановы, звязаныя з распрацоўкай новай прадукцыі. Тым больш, што падобны вопыт ёсць. Напрыклад, да стварэння шакаладу «Прэзідэнт», які вырабляецца на «Камунарцы», Аляксандр Лукашэнка мае непасрэднае дачыненне.

«Настойваю заўсёды на тым, каб мы вярнулі сабе рэцэптуру савецкага перыяду»

Знаёмячыся з прэзентацыяй ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод», Прэзідэнт пахваліў уладальніка Знака якасці — кобрынскае марожанае. 

«Цудоўнае, цудоўнае! (марожанае. — „Зв“.) — даў ацэнку кіраўнік дзяржавы. — Ведаю, што гэта такое. І я настойваю заўсёды пра тое, каб мы вярнулі сабе рэцэптуру савецкага перыяду». У гэтым кантэксце ён згадаў прадпрыемства «Чырвоны Мазыранін», якое вырабляе славуты зефір: «Нават абсталяванне ім купляў, калі ім немагчыма было вырабіць адпаведную прадукцыю, але яны зрабілі, малайцы. Таму гэта правільна вы робіце. Не ўсё, але ў большасці сваёй наша было найлепшае». 

Каля стэнда прадукцыі ААТ «Ольса» кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават падумаў замовіць сабе арэлі. «Вось гэта «Ольса“ прыдумала! Я сабе падумаў, што трэба замовіць. І што мяне падштурхнула да гэтага — гэта антымаскітная сетка».

Прадстаўнікі прадпрыемства ўдакладнілі, што арэлі карыстаюцца попытам не толькі ў Беларусі, а і за мяжой. 

Прэзідэнту таксама прадэманстравалі прадукцыю «Аршанскага льнокамбіната». «Дзякуй, малайцы, — адзначыў беларускі лідар. — Наогул лён вельмі добра купляюць. Калі вы будзеце варушыцца там, на Поўдні. Рэклама сякая-такая ёсць, але трэба шырэй, з задавальненнем будуць купляць лён». 

Кіраўніку дзяржавы расказалі, што ў 2025 годзе прадпрыемства прадало пледаў на 1,4 мільёна долараў, і гэта рэкордная, вельмі высокая лічба. Пры гэтым камбінат не ўпусціў сваіх пазіцый па экспарце тканін. 

У завяршэнні знаёмства з прадукцыяй прадпрыемстваў кіраўнік дзяржавы адзначыў, што найлепшыя айчынныя вырабы трэба паказваць насельніцтву — на падобных выстаўках. 

«Моладзь прыходзіць, рот разінуць і ахаюць — яны не ведаюць, што ў Беларусі гэта ўсё вырабляецца», — патлумачыў ён і дадаў, што падобная выстаўка павінна працаваць пастаянна. «Гэта трэба абавязкова зрабіць. Кожны кавалак павінен быць запоўнены нашымі таварамі», — паставіў задачу Прэзідэнт. 

Кіраўніку дзяржавы падарылі той самы плед са знакам якасці. Прэзідэнт запэўніў, што абавязкова наведае Аршанскі льнокамбінат і паглядзіць, што было зроблена на месцы старой фабрыкі пасля мадэрнізацыі.

Аляксандр Лукашэнка таксама пагутарыў з камандай МАЗ-СПОРТаўта, якая прысутнічала на пляцоўцы ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці, і запэўніў, што абавязкова праедзе з імі ў іх аўтамабілі. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі новы электрычны МАЗ. Было анансавана, што сёлета пяць такіх машын зробяць абкатку ў нашай краіне. Прэзідэнт пацікавіўся, ці гібрыд гэта, і пахваліў за добрую ідэю. 

«Трэба рабіць, каб не горш было, чым на Захадзе. Каб яны нам зайздросцілі», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Мы гатовы прыняць іх прапанову — стаць заснавальнікамі гэтага Савета»

Пасля ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці Прэзідэнт пагутарыў з журналістамі, якія спыталі кіраўніка дзяржавы пра прапанову ЗША, асабіста Дональда Трампа, стаць Беларусі заснавальніцай новай міжнароднай арганізацыі — Савета міру. 

«Толькі што падпісаў дакумент, — расказаў Аляксандр Лукашэнка журналістам Беларусі аб далучэнні Беларусі да Савета міру і выкананні палажэнняў Статута Савета міру. — Падпісаў адпаведны зварот, як яны і прасілі, Злучаныя Штаты, што мы гатовы прыняць іх прапанову — стаць заснавальнікамі гэтага Савета».

«Маю гонар спаслацца на запрашэнне Старшыні Савета Міру ад 16 студзеня 2026 года, якое прапануе згоду Рэспублікі Беларусь быць звязанай са Статутам Савета Міру, тэкст якога быў прыкладзены да гэтага запрашэння Старшыні, — гаворыцца ў дакуменце, фота якога апублікаваў Telegram-канал „Пул Першага“. — Маю гонар таксама паведаміць ураду Злучаных Штатаў Амерыкі ў яго ролі дэпазітарыя Статута, што Рэспубліка Беларусь сапраўдным прымае Статут Савета Міру з даты дадзенага пісьма, якое ўяўляе сабой афіцыйнае паведамленне Рэспублікі Беларусь аб згодзе быць звязанай Статутам».

Дакумент, падпісаны кіраўніком беларускай дзяржавы і датаваны 20 студзеня гэтага года, адрасаваны дзяржаўнаму сакратару ЗША Марка Рубіа.

Адказваючы на пытанне аб рэальных умовах уваходжання ў Савет міру і чутках на прадмет таго, што для гэтага трэба ўнесці мільярд долараў, Прэзідэнт адзначыў, што хворыя людзі, якія так гавораць і пішуць пра гэта, у чарговы раз апраставалосіліся. 

«Проста трэба чытаць дакумент. Ніякіх грошай не трэба», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што першыя тры гады можна ўдзельнічаць у гэтай арганізацыі ў якасці заснавальніка бясплатна. «Але калі ты хочаш праз тры гады яшчэ, каб цябе там не выбіралі, не запрашалі і не прызначалі, — мільярд долараў заплаці і праз тры гады працуй далей, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Мільярд патрэбен, калі ты праз тры гады захочаш працаваць. Але ёсць яшчэ ўмова: калі будзеш супрацоўнічаць, добра працаваць у імя міру, ты і без мільярда можаш далей працаваць. Я арыентуюся на другое».

«Таму хлусня гэта ўсё, — дадаў беларускі лідар. — Яны (апаненты. — „Зв.“) не ведаюць, за што ўчапіцца, каб мяне недзе закрануць. Як у народзе гавораць, панізіць рэйтынг, ролю і гэтак далей. Вядома, гэта важна для мяне. Але я менш за ўсё пра гэта думаю».

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што, калі б было за што заплаціць мільярд долараў, то ён заплаціў бы.

«Але калі хочуць маю паслугу атрымаць, як і ад іншых, каго запрасілі, і яшчэ і мільярд долараў атрымаць... Гэта нават Трамп сабе такога не дазволіў бы, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Таму гэта поўная хлусня, што мы павінны ўносіць нейкі мільярд долараў. Нічога абсалютна не патрэбна. Патрэбен вопыт, патрэбны магчымасці для таго, каб працаваць у гэтым Савеце».

Гаворачы аб удзеле Беларусі ў новай міжнароднай арганізацыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб’ектыўна разумее магчымасці беларускага боку. «Што мы там, для Газы надта дапаможам? Калі і дапаможам, то не вельмі, — лічыць Прэзідэнт. — Але мяне прываблівае тое, што, можа, гэты Савет міру, яго пэўныя дзеянні, магчымасці распаўсюдзяцца на іншыя часткі планеты. Перш за ўсё, можа, мы па Украіне нешта дапаможам, абмяркуем неяк і прасунем мір больш. Зможам наблізіць мір, паўплываць на кіраўніцтва ўкраінскае. Гэта больш за ўсё мяне вабіць, а не тое, што мы ўжо там моцна дапаможам Газе. Я ведаю свае магчымасці і магчымасці нашай Беларусі». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, прымаючы рашэнне аб удзеле ў гэтай новай арганізацыі, ён глядзіць у будучыню. «Можа, не я, а хтосьці будзе іншы, можа, дзякуй скажа, — удакладніў Прэзідэнт. — Таму не хвалюйцеся. Ніхто грошы плаціць проста так не будзе. Гэта было першае маё пытанне, якое я задаў. Не, ніякіх грошай не трэба. МЗС сур’ёзна вывучыў гэтыя ўсе пытанні».

Даслоўна

Зроблена ў Беларусі — значыць са знакам якасці

Генеральны дырэктар ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» Уладзімір Луцкі з гонарам гаворыць, што прадукцыя прадпрыемства была ўдастоена знака якасці таму, што беларускі спажывец на працягу ўжо многіх гадоў выбірае менавіта яе. «Менавіта таму, з-за любові пакупнікоў да нашай прадукцыі, незалежная камісія прыняла рашэнне прысвоіць чарговы знак якасці ў гэтым годзе нашай варонай згушчонцы. Тут нельга сказаць, што хтосьці дрэнны, а хтосьці добры. Але раз беларускі пакупнік аддае перавагу менавіта нашай згушчонцы, значыць, яна атрымала знак якасці па праве».

Кіраўнік прадпрыемства расказаў, што згушчанае малако ад сыравіны да прылаўка ў краме праходзіць даволі складаны шлях падрыхтоўкі. «Першапачаткова сыравіна паступаена камбінат, затым правяраецца яе якасць, праводзяцца лабараторныя даследаванні. 

І толькі потым ужо сыравіна размяркоўваецца па розных цэхах. Гэта сапраўды карпатлівая праца, і тэхналогія, якая ўжываецца на нашым прадпрыемстве, унікальная ў сваім родзе. Усё гэта ў сукупнасці і дазваляе дасягнуць такой высокай якасці».

Уладзімір Луцкі адзначыў, што на работу камбіната станоўча паўплывала рэалізацыя ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». У яе рамках на прадпрыемстве быў ажыццёўлены запуск вытворчасці хлебабулачных вырабаў. «Гэта для нас новы кірунак, — расказаў гендырэктар. — У цэлым, пасля адкрыцця хлебабулачнай пякарні мы вырабілі 350 тон хлеба,атрымалі больш за мільён рублёў выручкі. Задзейнічана і адкрыта 30 рабочых месцаў. 

І летась у рамках гэтай ініцыятывы мы адкрылі цэх па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі, а таксама складскія памяшканні на тысячу тон аднаразовага захоўвання. Праект завяршылі ў канцы 2025 года, таму ў новую пяцігодку мы ўступілі з гэтай ініцыятывай, якую будзем развіваць».

Генеральны канструктар навукова-тэхнічнага камбайнабудавання ААТ «Гомсельмаш» Сяргей Кузмянкоў адзначыў, што камбайн GS12A1, уганараваны Знакам якасці, — гэта эпахальная машына. «І ў 2026 годзе спаўняецца ўжо 20 гадоў з таго моманту, як машына стала на канвеер. За гэты час яна зведала мноства розных змяненняў як у прымнажэнні аўтаматызаваных функцый, так і ў павышэнні эрганомікі, паляпшэнні ўмоў працы механізатараў. Камбайн адпрацаваны, заслужыў давер у спажыўца, бо пры рабоце на складаных палях, у тым ліку на палегліцы, выдатна выконвае тэхналагічны працэс. Яго тэхналагічны тракт прайшоў выпрабаванне часам. І ў сучаснай тэхніцы мы выкарыстоўваем усе напрацоўкі і вопыт, які быў атрыманы ад гэтай машыны».

Сяргей Кузмянкоў дадаў, што кожны год у камбайн прыўносіцца нешта новае. «Мы збіраем водгукі нашых спажыўцоў, стараемся максімальна іх задаволіць. Не хапае аўтаматычных настроек рабочых органаў — мы іх дадаём. А для таго каб машыну было прасцей абслугоўваць і механізатары марнавалі на гэта менш часу, мы імкнёмся знізіць уплыў чалавечага фактару, павысіць надзейнасць камбайна. Мы выкарысталі цэнтралізаваную сістэму змазкі — цяпер машына сама па вызначаным алгарытме змазвае ўсе неабходныя вузлы. І механізатар мае магчымасць, націснуўшы на кнопку, выканаць змазку больш як 50 пунктаў па ўсім камбайне. Зразумела, што яму ўжо не трэба ўвечары траціць на гэта шмат часу, ён спакойна збіраецца і ідзе дадому да сям’і», — адзначыў ён.

Паводле слоў генеральнага канструктара, вытворцу важна, каб машына працавала спраўна і надзейна. Таму беларускі камбайн карыстаецца попытам не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку. «Камбайны „Гомсельмаш“ паступаюць на экспарт як у краіны Афрыкі, так і ў Расію, працягваюць упэўнена заваёўваць замежныя рынкі», — рэзюмаваў Сяргей Кузмянкоў.

Галоўны тэхнолаг па перапрацоўцы ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Марына Ляшчэвіч расказала, што рулет з індычкі, які так зацікавіў спажыўца, — гэта ў першую чаргу дыетычны прадукт. «У наш час спажывец усё часцей выступае менавіта за правільнае харчаванне. Менавіта таму мы зрабілі стаўку на рулет з індычкі. Сёння гэта самы перадавы і натуральны прадукт, у які не дадаюць нічога лішняга — толькі мяса і трохі дабавак, якія надаюць рулету добры смак і высокую якасць».

Сёння, паводле яе слоў, агракамбінат працуе па самых розных кірунках. «Гэта паўфабрыкаты, сыравэнджаныя прадукты, ялавічына, свініна, індычка, птушка і многае іншае. Мы рухаемся наперад і робім стаўку на натуральнасць сваёй прадукцыі», — падкрэсліла яна. Марына Ляшчэвіч дадала, што прадукцыя агракамбіната ўсё часцей знаходзіць свайго спажыўца ў Расіі, Казахстане, Узбекістане, Грузіі, краінах Афрыкі і Кітаі.

«Атрыманне Знака якасці — гэта годная ацэнка нашай працы. І імкнёмся даказаць, што наша прадукцыя самая лепшая. І такая высокая ўзнагарода яшчэ раз гаворыць пра тое, што мы рухаемся ў правільным кірунку», — сказала спецыяліст.

Генеральны дырэктар РУВГП «Аршанскі льнокамбінат» Алег Буянаў падкрэсліў, што ўсе задачы, якія стаяць перад прадпрыемствам, паспяхова выконваюцца. 

«Мы вельмі нядрэнна скончылі 2025 год, выйшлі з сур’ёзнымі планамі ў 2026-ты. 

На камбінаце праходзіць мадэрнізацыя, нарошчваем экспартныя пастаўкі, дасягнулі сур’ёзных лічбаў у экспарце — летась перасягнулі планку ў 100 мільёнаў долараў. Гэта вельмі сур’ёзны паказчык нашай працы», — адзначыў ён.

Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, у 2025 годзе камбінат пастаўляў сваю прадукцыю ў 42 краіны свету. «І ў гэтым годзе мы не страцім нашых спажыўцоў. Больш за тое — намецім нейкія экзатычныя краіны, якія яшчэ не працуюць з нашым ільном. Я думаю, што ў нас усё атрымаецца», — упэўнены Сяргей Буянаў. Ён дадаў, што сакрэт поспеху заключаецца ў цэлым комплексе мерапрыемстваў: правільных суадносінах цаны і якасці, актыўнай рабоце каманды, якая займаецца прасоўваннем прадукцыі, агрэсіўным маркетынгу, рэкламе і пазітыўных водгуках пакупнікоў. Гэта ўсё дазваляе прадпрыемству расці і з’яўляцца на новых рынках.

Кіраўнік прадпрыемства нагадаў, што летась Аршанскі льнокамбінат атрымаў Знак якасці за пасцельную бялізну. «Пасля гэтага, можна сказаць, наша пасцельная бялізна стала нацыянальным сувенірам, які карыстаецца вялікім попытам у турыстаў. Што датычыцца самога Знака якасці, для нас гэта вельмі сур’ёзная ўзнагарода, таму мыпаставілі сабе мэту атрымаць яе і ў 2026 годзе. Мы паднялі для сябе планку і ў якасці, і ў прадукцыйнасці, і ў продажах, дзякуючы чаму атрымалі сапраўды добры прадукт, які камісія высока ацаніла», — рэзюмаваў Сяргей Буянаў.

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю