Top.Mail.Ru

У чым перспектывы супрацоўніцтва з Мардовіяй, гаварылі ў Палацы Незалежнасці

У панядзелак у Палацы Незалежнасці вызначалі новыя планы і рубяжы супрацоўніцтва з правераным партнёрам — Рэспублікай Мардовія. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком гэтага расійскага рэгіёна Арцёмам Здунавым.


Сустрэча не першая — роўна два гады назад бакі ўжо абмяркоўвалі сумесную работу. Але, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, два гады — гэта прыстойны тэрмін, таму пагаварыць ёсць пра што. «У эканоміцы патрэбныя амбіцыйныя, энергічныя дзеянні. Вядома, годныя і прарыўныя праекты», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. Паводле яго слоў, летась тавараабарот склаў крыху больш за 130 мільёнаў долараў. «Гэта далёка не мяжа з улікам прамысловай базы Беларусі і Мардовіі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка спыніўся на некаторых кірунках нашага супрацоўніцтва.

Развіццё вытворчай кааперацыі

 «Нам гэта вельмі-вельмі трэба, і Расіі, і Беларусі. Асабліва пасля незразумелых уцёкаў ад нас вядомых інвестараў. Мы прапануем максімальна нарошчваць патэнцыял і сумесныя праекты, якія ўжо рэалізуюцца ў сферы вагонабудавання, мікраэлектронікі, вытворчасці ліфтаў», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго, у Беларусі запатрабавана мардоўская правадніковая прадукцыя. Адзін з прыкладаў — работа мардоўскай кампаніі «Лидер-Компаунд», якая вырабляе ізаляцыйныя матэрыялы з сыравіны беларускага «Нафтана». Добрыя сувязі наладжаны і паміж іншымі прадпрыемствамі.

«Мардовія — адзін з лідзіруючых рэгіёнаў Расіі па долі інавацыйнай прадукцыі ў аб’ёме прамысловай вытворчасці, калі браць агульны аб’ём. Мы таксама ганарымся сваім навуковым патэнцыялам і імкнёмся выкарыстоўваць нашы распрацоўкі ў вытворчасці. Мы пра гэта вельмі шмат гаворым і намячаем канкрэтныя планы па інавацыях. Таму давайце наладжваць супрацоўніцтва паміж профільнымі інстытутамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, падрыхтоўкі спецыялістаў, сумесную работу над праграмнымі прадуктамі, модным цяпер штучным інтэлектам. Будзем дзяліцца вопытам», — прапанаваў яшчэ адзін вектар супрацоўніцтва беларускі лідар. 

Пастаўкі сельгастэхнікі

Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, Мардовія і Беларусь у аграрным сектары маюць шмат агульнага: «Як і мы, вы практычна цалкам забяспечваеце сябе і арыентаваны на пастаўкі за межы вашага рэгіёна, у тым ліку і на экспарт. Упэўнены: беларуская сельгастэхніка можа стаць добрай дапамогай для далейшага нарошчвання патэнцыялу аграрыяў Мардовіі». 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што наш асноўны рынак — гэта Расійская Федэрацыя, і падкрэсліў, што ў аднабаковым парадку праблемы на гэтым рынку не вырашыць. «Мы таксама павінны ў гэтым кірунку дадаваць і, як у народзе кажуць, «упірацца», — адзначыў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь як машынабудаўнічая краіна гатова прапанаваць мардоўскім спажыўцам «цікавыя інструменты» па набыцці і эксплуатацыі сельскагаспадарчай, прычапной і любой іншай тэхнікі. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў асобных мардоўскіх ВНУ, напрыклад, у Інстытуце механікі і энергетыкі Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Агарова, у прыватнасці, створаны добрыя ўмовы для таго, каб выпускнікі маглі асвоіць беларускую тэхніку. «Размяшчэнне ўзораў у спецыялізаваных класах павышае якасць адукацыйнага працэсу з акцэнтам на практычную дзейнасць. Тэхніка, асабліва актыўная — трактары і гэтак далей, вельмі сёння складаная. Мы гатовыя распачаць навучанне вашых будучых не толькі механізатараў, але перш за ўсё інжынераў, якія будуць потым маштабаваць гэтыя навыкі. У нас ёсць магчымасці закрыць патрэбы Мардовіі практычна па ўсёй лінейцы сельгастэхнікі, у тым ліку з выкарыстаннем гнуткіх інструментаў фінансавання», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 

Узаемадзеянне ў сферы фармацэўтыкі

«З улікам адкрыцця Федэральнага цэнтра развіцця біятэхналогій і медыцыны ў Саранску ў пачатку бягучага года лічу магчымым устанаўленне ўзаемадзеяння паміж Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Мардоўскім дзяржаўным універсітэтам у частцы падрыхтоўкі або перападрыхтоўкі спецыялістаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Таксама, паводле яго слоў, на вытворчых магутнасцях РУП «Белмедпрэпараты» магчымая арганізацыя выпуску лекавых прэпаратаў з партфеля групы кампаній «Промомед», галоўная вытворчая пляцоўка якой размешчана ў Саранску. 

«Думаю, што тут мы можам дасягнуць пэўных вынікаў. Тым больш што вы знаёмыя з нашымі прадпрыемствамі і нашай прадукцыяй», — падсумаваў Прэзідэнт. 

Наступны кірунак супрацоўніцтва — сфера кінавытворчасці. «Вы ўмееце гэта рабіць. Мы б былі вельмі зацікаўлены ў абмене вопытам і дапамозе кадравай. Мы вялікую ўвагу зараз надаём кінематаграфіі. Кіно — найважнейшае з мастацтваў», — адзначыў Прэзідэнт. Ён расказаў, што ў курсе задумы зняць шматсерыйны фільм пра Лі Харві Освальда, які, як вядома, у пачатку 1960-х жыў у Мінску. «Былі б у гэтым вельмі зацікаўлены і маглі б прадаставіць свае паслугі, пляцоўку і заняцца пошукам фінансавання гэтага, упэўнены, найцікавейшага фільма», — прапанаваў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэма забойства Джона Кенэдзі Лі Харві Освальдам пры цяперашнім прэзідэнце ЗША актыўна падымаецца. «Калі своечасова здымем гэты фільм, будзе да месца, актуальны будзе гэты фільм», — упэўнены ён.

Прэзідэнт бачыць узаемадзеянне ў кінавытворчасці як асноўны кірунак у гуманітарным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Мардовіяй. «Можа, яшчэ нейкія кірункі знойдуць спецыялісты. У беларуска-расійскім напрамку можна шмат агульных тэм знайсці і карысных для нас у тым ліку з гісторыі», — выказаў меркаванне ён.

Рэзюмуючы, Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок гатовы і адкрыты для супрацоўніцтва з вельмі добрым народам, які пражывае ў Мардовіі. «Шмат агульнага паміж Беларуссю і Мардовіяй у плане клімату, у плане прыродных рэсурсаў і ўмоў для працы. Таму нам і бог загадаў быць разам і супрацоўнічаць», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што беларускі бок будзе абавязковы ў выкананні нашых дамоўленасцяў. 

Патэнцыял вышэйшы 

У сваю чаргу Арцём Здунаў падзякаваў беларускаму лідару за гасціннасць і сардэчны прыём. Паводле яго слоў, вельмі сімвалічна, што візіт праходзіць у Тыдзень бацькоўскай любові. «Для нас гэта прынцыповая рэч, таму што ўсё, што мы рамантуем-будуем, мы робім для будучых пакаленняў», — адзначыў кіраўнік Мардовіі. Арцём Здунаў прызнаўся, што ў яго засталіся самыя светлыя ўражанні ад наведвання Брэсцкай крэпасці, дзе ён пабываў упершыню. Ён падкрэсліў, што трэба развіваць сумесную работу па патрыятычным выхаванні моладзі.

Гаворачы аб эканамічным супрацоўніцтве, Арцём Здунаў расказаў, што на сёння каля 60 мардоўскіх прадпрыемстваў працуюць у Беларусі. «Мы бачым пэўны рост і пакуль стрымана да гэтага ставімся, таму што патэнцыял шмат вышэйшы, трэба даціскаць гэтае пытанне. У нас тры асноўныя прынцыпы. У першую чаргу гэта сумесныя продажы — рабіць тое, што мы можам прадаваць на знешніх рынках. Другое — сэрвіс і трэцяе — пытанні кааперацыі», — адзначыў ён. 

Пяць прадпрыемстваў Мардовіі ўжо маюць дылерскія цэнтры на тэрыторыі Беларусі. «Гэта пытанне даверу, хуткага сэрвісу», — падкрэсліў Арцём Здунаў, заўважыўшы, што размова ідзе перш за ўсё пра кабельную прамысловасць, вытворчасць паўправаднікоў, святлотэхнічную прамысловасць.

Даслоўна 

Асноўны прынцып — разам прадаваць 

Журналістам кіраўнік Рэспублікі Мардовія расказаў, што асноўнай тэмай размовы з Прэзідэнтам Беларусі стала выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых у 2023 годзе. «За гэты час мы нядрэнна прасунуліся і па тавараабароце. Самае галоўнае — на мінулай сустрэчы была ўстаноўка аб праектах кааперацыі. Наш асноўны прынцып — „разам прадаваць“, у нас павінны быць сэрвісныя прадпрыемствы і павінны быць магутныя праекты кааперацыі, з дапамогай якіх мы можам заваёўваць суседнія рынкі», — заявіў ён. У якасці прыкладу Арцём Здунаў прывёў праект па прамысловым вагонабудаванні: «За гэтыя два гады мы выйшлі ў лідары грузавога транспарту на чыгунцы, вырабляем інавацыйныя ізатэрмічныя вагоны, вагоны-тэрмасы і робім гэта сумесна з нашымі беларускімі партнёрамі. Вельмі важныя праекты кабельнай прамысловасці. Асабліва цікавы сумесны праект па вытворчасці кабелю на 110 кВ і 220 кВ. Гэта эксклюзіўны інавацыйны праект, у якім мы выкарыстоўваем беларускі поліэтылен. Гэты праект вельмі важны для ўсяго рынку».

З навінак у супрацоўніцтве — узаемадзеянне з Брэсцкім лямпавым заводам. Гаворка ідзе аб стварэнні сумеснай вытворчасці ў Брэсце. Традыцыйна — фармацэўтыка. Арцём Здунаў расказаў, што Прэзідэнта Беларусі вельмі зацікавілі новыя прэпараты, якія выпускаюць у Мардовіі. «Ёсць пытанні сертыфікацыі. У Беларусі вельмі жорсткія патрабаванні, што правільна, бо гэта здароўе людзей. Дамовіліся праводзіць сумесныя даследаванні, і спецыялісты Акадэміі навук Беларусі вельмі нам у гэтым дапамогуць», — расказаў Арцём Здунаў.

З грамадскага парадку дня — работа з моладдзю. У планах рэалізацыя праекта «Ад Брэсцкай крэпасці да Сурскага рубяжа». "Мы з такім натхненнем пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, наогул у Брэсце. І ёсць намеры зрабіць гарадамі-пабрацімамі Брэст і Саранск. Гарады падобныя, і ўклад эканомікі ў чымсьці падобны, ідзём у гэтым напрамку», — адзначыў Арцём Здунаў. 

Ёсць перспектывы сумеснай работы ў кінематографе. Кіраўнік Мардовіі падзяліўся, што яго ўразіў фільм «Класная», таму ён бачыць вялікія перспектывы супрацоўніцтва ў гэтым кірунку.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю