Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ваеннаслужачых і ветэранаў унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў са 108-й гадавінай утварэння ўнутраных войскаў. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што летапіс унутраных войскаў непарыўна звязаны з няпростым перыядам станаўлення беларускай дзяржаўнасці і напоўнены яркімі прыкладамі мужнасці, доблесці і адвагі. «Мы заўсёды будзем памятаць і шанаваць подзвігі тых, хто гераічна змагаўся з інтэрвентамі, нямецка-фашысцкімі захопнікамі, бандамі нацыяналістаў і злачыннымі элементамі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Сёння ўнутраныя войскі актыўна развіваюцца, і з упэўненасцю можна сказаць, што яны здольны ў самых складаных умовах выканаць любыя задачы па абароне канстытуцыйнага ладу, барацьбе са злачыннасцю, экстрэмізмам і тэрарызмам, ахове грамадскага парадку і асабліва важных дзяржаўных аб’ектаў, а таксама па абясшкоджванні выбухованебяспечных прадметаў», — гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт падкрэсліў: ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў нясуць нялёгкую, але ганаровую і неабходную службу, забяспечваючы спакой і стваральную працу грамадзян, дэманструючы высокі прафесіяналізм, дысцыпліну і самаахвярнасць. Унутраныя войскі з’яўляюцца адным з лідараў ваенна-патрыятычнага руху нашай краіны.
Самыя шчырыя словы падзякі кіраўнік дзяржавы адрасаваў ветэранам унутраных войскаў: «Вы заклалі трывалыя традыцыі адданасці абавязку, прысязе і роднай зямлі, на якіх сёння выхоўваецца наша моладзь».
Прэзідэнт пажадаў усім ваеннаслужачым і ветэранам унутраных войскаў, іх родным і блізкім мірнага неба, моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у справе служэння Айчыне.