Top.Mail.Ru

Прэзідэнт падвёў вынікі рэспубліканскага семінара аб сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця на прыкладзе Шклоўскага раёна

«Будзьце гаспадарамі на сваёй зямлі»


Фінальным акордам вялікай камандзіроўкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць стала правядзенне рабочай нарады, якая завяршыла семінар аб сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця на прыкладзе Шклоўскага раёна. Удзел у гэтай маштабнай падзеі прынялі ўсе 118 старшыняў райвыканкамаў, губернатары, памочнікі Прэзідэнта, міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў. 

Як паведамляла «Звязда», у нядзелю ўдзельнікі семінара на працягу ўсяго дня наведвалі малочнатаварныя комплексы і рамонтныя майстэрні. На працягу апошняга тыдня гэтыя аб’екты наведваў і Прэзідэнт. У панядзелак, у ключавы дзень камандзіроўкі, кіраўнік дзяржавы расставіў акцэнты, падвёў вынікі і вызначыў новыя арыенціры.


«Галоўнае, каб вы, убачыўшы, зрабілі гэта ў сябе»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў рабочай нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Галоўнае ўсё ж такі не тое, пра што мы будзем гаварыць, хоць гэта важна. Галоўнае тое, што вы ўбачылі і зрабілі для сябе адпаведныя высновы. Галоўнае, каб вы, убачыўшы, зрабілі гэта ў сябе». 

Прэзідэнт пры гэтым падкрэсліў: ён далёкі ад меркавання, што Шклоўскі раён даведзены да ідэальнага стану, што тут усё зроблена. Гэта, хутчэй, сярэдні раён. Але было б нядрэнна, каб усе раёны былі прынамсі такімі. А тыя раёны, якія значна лепшыя за Шклоўскі, ні ў якім разе не страцілі свае пазіцыі. «У краіне дастаткова такіх раёнаў (з больш высокім узроўнем развіцця. — „Зв.“). Але тыя, якія трэба „з падвала даставаць“ і сярэднячкі — гэта Шклоўскі раён, — яны павінны быць такімі», — ставіць задачу кіраўнік дзяржавы.


«Я маю адну мэту — каб у вас у галаве не раіліся нейкія думкі пра тое: „Ну а што там Прэзідэнт патрабуе, што ён хоча ад нас“. Я хачу, каб быў вось такі раён. Хоць бы такі, як Шклоўскі раён», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што вопыт Шклоўскага раёна выбраны для вывучэння і тыражавання па ўсёй краіне не таму, што гэта яго малая радзіма: «Вы выдатна ведаеце, што ў мяне такое ж стаўленне да любога іншага „куточка“ Беларусі. І асабліва да так званых „мядзведжых куткоў“. Шклоўскі раён быў вызначаны як эксперыментальны з пункту гледжання прыкладу для ўсіх іншых раёнаў — у якім напрамку развівацца».

«Трэба аднавіць тое, што было перад распадам Савецкага Саюза»

Паводле слоў Прэзідэнта, пасля распаду Савецкага Саюза, перайшоўшы да так званай рыначнай эканомікі, многія на постсавецкай прасторы зрабілі стаўку на ўсемагутнасць рынку, які, маўляў, усё адрэгулюе. Але ў выніку дзе-нідзе атрымалася разруха і праз час прыйшлося зноў наладжваць гаспадарчыя і кааперацыйныя сувязі.

«А выдумляць нічога не трэба. Трэба аднавіць тое, што было перад распадам Савецкага Саюза», — арыентуе беларускі лідар. Прэзідэнт растлумачыў, што перш за ўсё размова ідзе аб райаграсэрвісах, мехдварах, майстэрнях, ПМК і іншых аб’ектах, якія патрэбны ў раёнах.


«Чаму я зачапіў мэблевую фабрыку? Каб паказаць вам, што нічога не трэба разбураць. Тое, што сёння можа працаваць, трэба зрабіць, каб гэта працавала, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Дзякуй старшыні Мінскага гарвыканкама, які ўзяў на сябе гэты аб’ект. І я ўпэўнены, што да канца будучага года, як мы дамовіліся, там будзе высокатэхналагічная вытворчасць, прадукцыя якой будзе патрэбная па ўсёй краіне».

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што нічога разбураць не трэба. Асабліва гэта датычыцца прамысловых прадпрыемстваў. Трэба імкнуцца вырабляць запатрабаваную прадукцыю, працаваць над сабекоштам. «Былую мэблевую фабрыку мы прывядзём у нармальны стан. Таму галоўнае на гэтым аб’екце — нічога не кідаць, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Усё спатрэбіцца. Там асноўныя канструкцыі нармальныя. Усё, што не падыходзіць, — прыбяром. А тых прыватнікаў, якія там працуюць і ператварылі гэта ці то ў склад, ці то ў нейкае непрыстойнае памяшканне, мы проста прымусім падцягнуцца да таго ўзроўню, калі яны хочуць працаваць».

«Колькі можа льнокамбінат выпускаць, столькі мы павінны яму даць ільновалакна»

Кіраўнік дзяржавы падзяліўся некаторымі планамі на наступны тыдзень. Так, паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час запланаваны візіт на Аршанскі льнокамбінат, дзе будуць абмяркоўваць праблемы і перспектывы работы гэтага прадпрыемства з ільном у цэлым. «Вы ўбачыце, што для нас гэта таксама адзін з кірункаў развіцця Шклоўшчыны. І не толькі Шклоўскага раёна. Віцебская вобласць, Магілёўская вобласць. Мінская вобласць... Ды ўсе вобласці, можа, акрамя Брэсцкай і Гомельскай, прыстойна займаліся калісьці льнаводствам. Мне таксама давялося займацца гэтым», — нагадаў ён. 


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ва ўмовах рынку льнаводчая галіна не выжыла б. У нашай жа краіне яна атрымала істотную падтрымку. Мадэрнізаваны Аршанскі льнокамбінат. «У нас жа льнокамбінат салідны. Робім добрыя тканіны. Ільняныя тканіны — гэта золата. Мала хто ўжо займаецца льнаводствам. Мы сёння нядрэнна працуем і атрымліваем нармальныя фінансавыя вынікі. Але я ўпэўнены, праз некаторы час гэта наогул будзе тканіна на вагу золата», — перакананы беларускі лідар. 

Прэзідэнт ставіць задачу выводзіць ільнаводчую галіну на больш высокі ўзровень — «дасканалы, тэхналагічны». «І гэтым трэба займацца, — заявіў ён. — Нам шмат не трэба. Трэба загрузіць канчатковую вытворчасць, вытворчасць гэтых тканін. Колькі можа льнокамбінат выпускаць, столькі мы павінны яму даць ільновалакна».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што калісьці Аршанскі льнокамбінат ужо перараблялі. «Гавораць, трэба зноў мадэрнізаваць. Ну што ж, будзем мадэрнізаваць, будзем займацца льном. Мы вызначым ільнозаводы, якія будуць нарыхтоўваць трасту і перапрацоўваць яе ў льновалакно. Вызначымся, колькі нам трэба. Аказваецца, лагістыка тут не іграе ў сабекошце велізарнай ролі, таму будзем гэтым займацца», — акрэсліў перспектыву кіраўнік дзяржавы.

«Гэта велізарная праграма, якая выводзіць нас на салідныя рынкі»

Асаблівы акцэнт Прэзідэнт зрабіў на прыродных рэсурсах краіны: «Галоўнае, чым заўсёды будзе займацца Беларусь, — гэта лесаперапрацоўка, дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы і сельская гаспадарка. Гэта два кірункі, ад чаго ніколі не адмовяцца ў Беларусі». І ў Шклоўскім раёне якраз ёсць прадпрыемствы, якія працуюць менавіта ў гэтых сферах. Напрыклад, РУП «Завод газетнай паперы» і папяровая фабрыка «Спартак».


Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сёння ў многіх краінах свету гавораць аб дрэваапрацоўцы. «У нас і ў Расіі больш за ўсё сканцэнтравана гэтага дабра, — канстатаваў Прэзідэнт. — У нас палова краіны, больш за 40 %, — гэта лес. Бог загадаў гэтым займацца. Трэба займацца глыбокай перапрацоўкай, каб усю дабаўленую вартасць пакінуць тут. Тут створаны гэтыя два прадпрыемствы. Я быў прыхільнікам размяшчэння тут фабрыкі газетнай паперы не таму, што гэта Шклоў, а таму, што самыя вялікія плошчы росту елкі тут. Таму тут размясцілі, каб лагістыка была нармальная».


Аляксандр Лукашэнка расказаў таксама пра дамоўленасць з Аманам аб запуску флагманскага праекта — будаўніцтве цэлюлозна-кардоннага камбіната ў нашай краіне. «Калі ласка. Няхай прыязджаюць будаваць. Пляцоўка вызначана, інвестары ёсць, грошы яны выдзяляюць. Значыць, гэта запатрабавана ў свеце. Мы павінны гэтым займацца, — перакананы беларускі лідар. — Гэта велізарная праграма, якая выводзіць нас на салідныя рынкі, і попыт на гэту прадукцыю будзе ўзрастаць». 

«Самыя якасныя прадукты — беларускія»

Гаворачы аб сельскай гаспадарцы, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтаму кірунку таксама ўдзяляецца вялікая ўвага. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цэны на харчовыя тавары ў свеце растуць і будуць расці. Беларусь у 2025 годзе атрымала рэкордныя 10 мільярдаў долараў ад экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны.


«Самыя якасныя прадукты — беларускія, прызнаныя ва ўсім свеце. Чаму гэтым не займацца? Да гэтага патрэбны сучасныя машыны, што мы і робім. Сельгасмашынабудаванне ў нас з часоў Савецкага Саюза было нядрэннае. Цяпер яно выведзена на сусветны ўзровень, але трэба падцягнуць якасць, — арыентуе беларускі лідар. — Пра гэта мы ўжо гаварылі. Вось два нашы кірункі. І ў Шклове гэта ўсё адлюстравана. І гэта не толькі мая ці ваша заслуга. Гэта з тых часоў усё стваралася. Наша з вамі заслуга ў тым, што мы гэта не растапталі і не разбурылі, а ўдасканальвалі».

У гэтай сувязі Прэзідэнт згадаў Кітай — дзяржаву, якая не стала адкідваць сваю гістарычную спадчыну, а ўзяла з яе самае лепшае. Па такім жа шляху пайшла і Беларусь. «Мы не зламалі тое, што да нас было створана. Мы развіваем гэта», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Шклоўскі раён — гэта пункт, які трэба развіваць»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць аднаўлення мехмайстэрняў, дзе можна было б ажыццявіць рамонт нават дарагой, складанай энерганасычанай тэхнікі. На дадзены момант далёка не ў кожнай гаспадарцы могуць абслугоўваць такую тэхніку. А ў гаспадарцы «Гарадзец», якая таксама з’яўлялася адной з лакацый семінара, можна. 

Паводле слоў Прэзідэнта, ніякай вычварнасці ў гэтых майстэрнях быць не павінна. «Ні ў якім разе. Але ўсё неабходнае для сучаснай тэхнікі там павінна быць», — звярнуў увагу ён.

Наведвалі ўдзельнікі семінара і гаспадарку «Гавяды-агра». «Чаму я хацеў, каб вы ў „Гавяды“ заехалі (я там тройчы пабываў да вас), каб вы паглядзелі, як будзе развівацца гэты мядзведжы кут», — заявіў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Шклоўскі раён — вузлавы раён для нашай краіны, паколькі знаходзіцца на шыкоўным месцы перасячэння вялікіх дарог, у тым ліку і рачнога транспарту. «Хочаш — калі ласка, на Днепр туды-сюды, як гэта было раней, Прыпяць, Бярэзіна, Сож там ніжэй, Нёман. У нас хапае гэтага дабра. Гэта асобная таксама размова для сельскай гаспадаркі», — заўважыў беларускі лідар.


Прэзідэнт акцэнтуе: «Шклоўскі раён — гэта пункт, які трэба развіваць. Тут створана ўсё неабходнае. Далей упірайцеся і пачынайце працаваць. Кантроль будзе звышжорсткі. Гэта я вам абяцаю».

Але яшчэ не менш важна развіваць Мсціслаўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Магілёўскі, Бялыніцкі раёны. «Гэта каса Беларусі буйная, дзе нядрэнныя землі. І ад гэтых зямель трэба нешта ўзяць», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што тут добрыя глебы і аддача ад іх можа быць большай.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму датацый сельгасвытворцам. У бліжэйшы час падыходы ў гэтай сферы будуць падвергнуты рэвізіі, каб накіроўваць сродкі менавіта туды, дзе гэта неабходна і ад іх будзе максімальны эфект.

«Пастаўлена задача паглядзець на ўсе нашы датацыі. Трэба паглядзець, куды накіроўваць гэтыя велізарныя сродкі, — падкрэсліў ён. — Гэта не значыць, што мы пазбавім датацый на прадукцыю сельгасвытворцаў. Гэтага не будзе. Калі б мы далі вольніцу па цэнаўтварэнні (малако, мяса і іншае) — прадавай па колькі хочаш, — іншая справа. Але мы ж стрымліваем трошкі цэны. Ну дык значыць, на гэта трошкі трэба і дапамагаць. Але трэба паглядзець, каму гэтыя грошы аддаць. Падыдзем да гэтага па-дзяржаўнаму. Нам трэба прыняць рашэнне для таго, каб стварыць нармальную базу ў кожнай гаспадарцы, у кожным раёне, каб яны маглі нармальна развівацца. Гэта мы разам з вамі будзем рабіць».

«Перадаць гэты вопыт усім прысутным кіраўнікам»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на кіраўнікоў у рэгіёнах ускладзена каласальная адказнасць, бо менавіта эканамічна моцныя рэгіёны з’яўляюцца адным з ключавых прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, прынятай на Усебеларускім народным сходзе. 

Прэзідэнт нагадаў, што раней у краіне былі вызначаны апорныя населеныя пункты — паўтары тысячы аграгарадкоў, якія неабходна развіваць, каб там жылі людзі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аграгарадку павінна быць усё тое ж, што ёсць і ў раённым цэнтры. Акрамя таго, усе райцэнтры ў гэтай пяцігодцы будуць звязаныя паміж сабой і з аграгарадкамі добрымі дарогамі. 

«Таму сённяшняя наша задача — не толькі ацаніць работу, якая праведзена ў тым ліку тут, але і перадаць гэты вопыт усім прысутным кіраўнікам, каб кожны са 118 як мага хутчэй мог прывесці ў парадак сваю тэрыторыю», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. 


У кастрычніку 2024 года ў ходзе рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Шклоўскі раён былі дадзены даручэнні аднавіць паўнавартасную работу райаграсэрвісу. «Гэта ў асноўным зроблена. Аснова створана», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Тое ж самае датычыцца і сельгасхіміі. «Толькі склады трэба пад захоўванне ўгнаенняў прывесці ў парадак і нейкіх хімічных прэпаратаў, — ставіць задачу кіраўнік дзяржавы. — Яны пад адкрытым небам ляжаць не павінны. Вось тут даравання не будзе. Сёння, яшчэ раз паўтару, угнаенні маюць прыстойную цану». У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў здзелку з ЗША па пастаўцы апошнім калійных угнаенняў з Беларусі. Больш за тое, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве яшчэ аднаго камбіната па вытворчасці азотных угнаенняў, падзяліўся Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклікае развіваць тыя школы, у якіх у нас ужо напрацаваны кампетэнцыі, а калі нешта не ўмеем — вучыцца гэтаму. Важна ствараць і новыя добрыя вытворчасці, каб быць менш залежнымі ад сыравіны з боку. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да пытання ўзбуйнення і аб’яднання гаспадарак. Важна, каб да гэтага працэсу падыходзілі ўдумліва, а не проста наважвалі «гіры на ногі» больш эфектыўным прадпрыемствам, што ўрэшце можа негатыўна адбіцца і на іх рабоце. «Не спяшайцеся аб’ядноўваць. Аб’ядноўваць трэба пад нешта», — арыентуе Прэзідэнт.

Не менш важнае і кадравае пытанне, пачынаючы ад механізатараў. Дасведчаныя спецыялісты павінны быць замацаваны за энерганасычанай дарагой тэхнікай. «Трэба, каб там працавалі людзі талковыя. А гэтых людзей трэба падбіраць, у тым ліку і ў гарадах. Іх трэба ведаць і дапамагаць», — перакананы беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што за апошнія дзесяцігоддзі шмат сельскага насельніцтва пераехала ў гарады. «Людзей з вёскі забралі — трэба дапамагаць. Не трэба адыходзіць ад шэфскай дапамогі. Або перадаваць ва ўласнасць, як філіялы (гаворка аб перадачы гаспадарак у вядзенне гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый. — „Зв.“). Але ў гэтых адносінах рухацца. Гэта добры варыянт», — дадаў ён.

«Пытанняў больш чым дастаткова. Час гэтым заняцца»

Кіраўнік дзяржавы заклікае да захавання выканальніцкай дысцыпліны і недапушчэння расхлябанасці. Прэзідэнт нагадаў, што пры прылёце на Магілёўшчыну не ўбачыў у полі ніводнага трактара. 

«Што мяне здзівіла, я ў пяць гадзін спецыяльна вылецеў, — ніводнага трактара. Зябліва падымаюць... Добрае надвор’е, сонца. Ніводнага трактара! І адзін камбайн там, дзесьці каля Мінска, кукурузу ўбіраў. Усё. Хлопцы, вы што, ачумелі? — абурыўся беларускі лідар. — Ні ва ўласніка, ні ў калгаса, саўгаса — нідзе няма ніводнага трактара. Ды сёння трэба працаваць дзень і ноч». 

Аднак пасля прылёту Прэзідэнта на Магілёўшчыну сітуацыя рэзка змянілася. «Я спыніўся там у вёсцы. У пяць гадзін прачынаюся — усё грыміць вакол. Вайна пачалася? А гэта ў Ісачанкі (губернатара Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. — „Зв.“) з усходу, з поўдня і з захаду тры энерганасычаныя трактары вакол вёскі зябліва падымаюць. Позна ўвечары і з самай раніцы. Яшчэ ж цемра, а пятай гадзіне ж нічога не відаць — хоць вока выкалі. Усё грыміць, працуюць... Думаю, пайду пагляджу на гэты цуд. Гляджу — святло гарыць, тэхніка сёння салідная, фары свецяць добра. Можна працаваць, аказваецца, — зрабіў выснову кіраўнік дзяржавы. — Дык а чаго вы не працуеце? Чаго вы чакаеце? Ну вось сёння скажыце, чаго вам яшчэ не хапае».


Працягваючы размову наконт дысцыпліны, Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў адпраўляць некіравальных работнікаў міністру абароны Віктару Хрэніну — у армію. Пасля такой паездкі, як правіла, нядбайныя работнікі становяцца залатымі людзьмі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што людзі працуюць там, дзе жорсткая дысцыпліна. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пры васьмігадзінным працоўным дні далёка не ўсе адпрацоўваюць належны тэрмін: «Я гавару: не трэба больш за восем гадзін працаваць. У нас васьмігадзінны працоўны дзень, законы не парушаем. Восем гадзін адпрацаваў — і ідзі». 

Але пры гэтым, працягнуў беларускі лідар, людзям трэба заплаціць. «Нашы людзі за капейку жывуць і працуюць. Ды і ўсе мы. Мы ж жывём, я так разумею, за заробак. Таму заплаці. А каб сабекошт за кошт заробку не падняць, паглядзіце на іншыя пазіцыі. Не ўкладваецеся — едзьце на сівым кані. Прымусьце кіраўнікоў на сівым кані ездзіць, а не на аўтамабілях, калі яны не знойдуць, чым кампенсаваць выдаткі, якія на заробак пайшлі, — прапанаваў Прэзідэнт. — Таму паслухаем сёння нашых адказных людзей, якая сітуацыя ў нас у раёне. Другое — якія сістэмныя меры прыняты па далейшым развіцці, у тым ліку аграсэрвісаў і гэтак далей, як будзем у гэтым кірунку дзейнічаць. Трэцяе — фінансы. Як вырашаюцца тут пытанні? Пытанняў больш, чым дастаткова. Час гэтым заняцца». 

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на важнасць паўсюднага навядзення парадку на зямлі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў краіне актыўна праводзяцца меліярацыйныя работы, каб павялічваць плошчы ворных зямель. На гэта накіроўваюцца значныя фінансавыя рэсурсы з бюджэту. Аднак пасля ў некаторых рэгіёнах гэтыя і іншыя ўчасткі не падтрымліваюцца ў належным выглядзе.

«Гэта чыста дзяржаўнае пытанне — меліярацыяй мы займаемся. Але там, дзе правялі, на другі год усё зарастае. За гэтым не вельмі глядзяць. Праўда, па-рознаму ўсюды», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу, што ёсць закінутыя прысядзібныя ўчасткі, якія вызваляюцца і зарастаюць хмызняком, пакуль дзяржава «гераічна займаецца асушэннем балот».

«Будзьце гаспадарамі на сваёй зямлі», — заклікаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што некаторыя вёскі сталі «хутарамі ў лясах». Прэзідэнт запатрабаваў наводзіць там парадак, араць сіламі мясцовых улад і размешчаных побач сельгаспрадпрыемстваў і ўключаць у севазварот. «Вы што, да вайны рыхтуецеся? Да партызанскага руху? — абурыўся беларускі лідар. — Трэба разараць усе былыя прыфермскія ўчасткі».

«Моцная база дазволіць раёну заставацца месцам, дзе хочацца жыць і працаваць»

З дакладам аб сацыяльна-эканамічным развіцці Шклоўскага раёна з 1990 года выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Спачатку губернатар правёў гістарычны экскурс і расказаў, што ўяўляў сабой Шклоўскі раён у 1990-х гадах. Тады яго плошча складала 134 тысячы гектараў, на тэрыторыі было размешчана 240 населеных пунктаў. Агульная колькасць насельніцтва складала 43,4 тысячы чалавек.

«Захаваўшы базавыя арганізацыі як аснову, з улікам даручэнняў мы працягваем іх адаптацыю да сучасных умоў шляхам мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў, будаўніцтва новых вытворчасцяў і развіццё сферы паслуг. Шклоўскі раён сёння — гэта буйны аграрна-прамысловы цэнтр з развітой інфраструктурай», — падкрэсліў ён.

Як адзначыў кіраўнік рэгіёна, аснову эканомікі раёна сёння складаюць 7 буйных прадпрыемстваў. Найбольш маштабныя змены ў раёне закранулі сельскую гаспадарку. Замест 31 разрозненай сельгасарганізацыі сёння працуюць 9 буйных, тэхналагічна мадэрнізаваных гаспадарак і 40 сялянска-фермерскіх. Пры гэтым плошча раллі засталася ранейшай — 66,3 тысячы гектараў. 

«Важным крокам для павышэння эфектыўнасці землекарыстання стала правядзенне меліярацыі. Толькі за папярэднюю пяцігодку ў сельгасабарот уведзена больш за 3 тысячы гектараў зямель. Праведзена мадэрнізацыя камбікормавага завода, Шклоўскага райаграсэрвісу, рамонт базы перапрацоўкі і захоўвання ўгнаенняў, пабудаваны сучасныя прафілакторыі для цялят, праведзены бягучыя рамонты будынкаў і збудаванняў. Узвядзенне малочнатаварных комплексаў, вытворчасць айчыннай тэхнікі, укараненне перадавых тэхналогій забяспечылі аптымізацыю рабочых працэсаў, павялічылі прадукцыйнасць працы і рост аб’ёмаў вытворчасці пры скарачэнні колькасці працуючых у АПК амаль у 3 разы», — звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама.

Да 2030 года ў раёне плануецца ўзвесці тры новыя малочнатаварныя комплексы магутнасцю 800 галоў кожны, прафілакторыі, сіласна-сянажныя траншэі. Запланавана комплексная мадэрнізацыя ААТ «Шклоўскі льнозавод». Такія планы на перспектыву акрэсліў Анатоль Ісачанка і рэзюмаваў: «Рэалізацыя запланаваных мерапрыемстваў дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці да 2030 года на 35 %. Шклоўскі раён сёння мае ўсю неабходную вытворчую, інфраструктурную і сацыяльную базу для далейшага развіцця. Моцная база дазволіць раёну заставацца месцам, дзе хочацца жыць і працаваць».

«Калі Прэзідэнт сказаў, вы павінны былі зрабіць»

Прэзідэнт патрабуе ў поўнай меры рэалізаваць яго ранейшае даручэнне аб стварэнні ў невялікіх населеных пунктах краіны міні-пякарань са свежай выпечкай і хлебам. «Колькі па маім даручэнні ты стварыў такіх міні-хлебапякарняў — прыватных, дзяржаўных і гэтак далей?» — спытаў кіраўнік дзяржавы ў губернатара.

Кіраўнік рэгіёна далажыў, што выпечка і хлеб ёсць у гандлёвай сетцы буйнога рытэйла, якая працуе ў раёне, а таксама ў крамах спажыўкааперацыі. Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова не пра гэта. Наяўнасць хлеба і іншых мучных вырабаў у звычайных крамах — гэта адно, а пякарня са свежай выпечкай на месцы — гэта іншае. І адно не адмаўляе другога. «Капеечная вытворчасць, выдаткі зусім невялікія — такія маленькія пякарні на вёсцы, у аграгарадках», — сказаў ён.

Прэзідэнт прапануе ў гэтым пытанні падтрымліваць і прыватную ініцыятыву, а не толькі ствараць такія пякарні сіламі дзяржавы. «Калі Прэзідэнт сказаў, вы павінны былі зрабіць, але не зрабілі. Гэта да выканальніцкай дысцыпліны. Я вас не прымушаю рабіць гэта там, дзе тое не трэба. Там, дзе можна. А гэта трэба рабіць. І такіх у нас сотня-дзве па краіне ёсць месцаў, дзе трэба зрабіць», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому ўзяць гэта пытанне на кантроль: «І няхай варушацца. План склалі — дзе крамкі трэба пабудаваць, дзе малочнатаварныя комплексы, а дзесьці — гарачы хлеб».

«У найбліжэйшы час мы страсянём сацыяльную сферу»

Прэзідэнт таксама лічыць неабходным праверыць эфектыўнасць работы сацыяльных аб’ектаў у краіне, уключаючы спартыўныя пляцоўкі. «Я хачу, каб старшыні райвыканкамаў падрыхтаваліся да таго, што ў найбліжэйшы час мы страсянём сацыяльную сферу. У нас столькі гэтага дабра створана... Дапусцім, спорт: колькі вы Пінчукоў і Марозаў (яркія маладыя беларускія хакеісты Віталь Пінчук і Вадзім Мароз. — „Зв.“) — хакеістаў — на гэтай пляцоўцы выгадавалі? Колькі вы таленавітых хакеістаў перадалі ў свой хакейны клуб у Магілёве, які гуляе ў чэмпіянаце Беларусі? Губернатар сказаць не можа. Упэўнены, і старшыня райвыканкама не скажа, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Хакейная пляцоўка павінна працаваць дзень і ноч».

Аляксандр Лукашэнка прывёў яшчэ адзін прыклад, нагадаўшы, што нядаўна ў Беларусі дзяржаўныя тэатры былі пераведзены на сістэму раўнадолевага фінансавання «50 на 50». Яна азначае, што з бюджэтных сродкаў пакрываецца толькі палова выдаткаў тэатраў, а астатняе яны павінны зарабляць самі. «Прадавайце білеты і зарабляйце грошы», — патрабуе кіраўнік дзяржавы. На словы, што людзі не хочуць купляць білеты — у Аляксандра Лукашэнкі слушны адказ: «Дык навошта вы тады патрэбныя, калі людзі да вас не ідуць?»

«Мы разбяромся і з Віцебскай вобласцю — як там жыць і што там рабіць»

Сітуацыя ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці стала адной з тэм рабочай нарады. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Віцебскай вобласці апрабавалі розныя варыянты для павышэння эфектыўнасці работы сельскагаспадарчага сектара. Прэзідэнт падкрэсліў, што пры любых пераўтварэннях важна памятаць пра інтарэсы людзей, не крыўдзіць сялян і сельгаспрадпрыемствы. Гэта датычыцца ў тым ліку выпадкаў перадачы такіх прадпрыемстваў інвестарам — яны павінны ў пэўнай ступені аплачваць атрыманыя актывы.

«Вядома, у Віцебскай вобласці пэўная своеасаблівасць. У найбліжэйшы час пры прызначэнні губернатара ці крыху пазней мы разбяромся і з Віцебскай вобласцю — як там жыць і што там рабіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Выконваючы абавязкі старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч даў адкрытую ацэнку сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе, дзе пераўтварэнні доўжацца ўжо амаль 7 гадоў. Першапачаткова тут стварылі 7 аграпрамысловых аб’яднанняў, якія звязалі 142 юрыдычныя асобы. Затым шляхам зліцця колькасць аб’яднанняў скарацілася да 6. Гэтыя структуры ўключаюць усе дзяржпрадпрыемствы рэгіёна па перапрацоўцы мяса і малака. У іх распараджэнні знаходзіцца 60 % ад усёй плошчы зямель вобласці.

Нягледзячы на тое што за мінулую пяцігодку агульнаабласны аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі вырас на 5,4 %, паказчыкі ўнутры створаных аграпрамысловых аб’яднанняў аказаліся значна ніжэйшыя за сярэднеабласныя. Галоўным сістэмным збоем рэформы Сяргей Ляўковіч назваў першапачатковыя памылкі ў фарміраванні аграпрамысловых аб’яднанняў і слабую кіраўнічую вертыкаль. Сітуацыю пагоршылі адсутнасць выразных планаў мадэрнізацыі і крытычная зношанасць матэрыяльна-тэхнічнай базы на месцах, тэрытарыяльная раскіданасць велізарных холдынгаў і кадравая чахарда ў іх кіраўніцтве.

«З улікам вопыту Віцебскай вобласці можна зрабіць выснову, што стварэнне інтэграцыйных структур магчыма пры наяўнасці прадпрыемства-інтэгратара, якое эфектыўна працуе і валодае не толькі фінансавымі магчымасцямі, але і неабходнай колькасцю кампетэнтных спецыялістаў, здольных выбудаваць структуру кіравання. Абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць выразнага плана мадэрнізацыі вытворчых магутнасцяў», — заявіў Сяргей Ляўковіч.

Тым не менш у 2026 годзе ў рабоце аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці намеціўся ўпэўнены пералом. За 9 месяцаў аб’ёмы вырошчвання мяса выраслі на 5,4 %, вытворчасць малака — на 1,3 %. Вобласць пераадолела мільённую мяжу па намалоце збожжа — разам з рапсам будзе 1,2 мільёна тон, а збор кукурузы на зерне ўпершыню ў гісторыі рэгіёна дасягнуў 200 тысяч тон. Кардынальна мяняецца і падыход да кадраў.

Галоўным жа драйверам новага этапу развіцця становіцца маштабны прыход найбуйнейшых інвестараў краіны. Віцебскі і Аршанскі мясакамбінаты перададзены ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», холдынг «Сервалюкс» заходзіць у Дубровенскі раён, «Савушкін прадукт» мадэрнізуе пляцоўку ў Полацку, а група «Экспанента» развівае біятэхналогіі ў Віцебску. Паралельна на ўзроўні вобласці фарміруецца жорсткая структура пасяўных плошчаў для гарантаванага атрымання мінімум 1,2 мільёна тон збожжа без уліку рапсу пры любым надвор’і.

Новыя эканамічныя рэаліі і пашырэнне паўнамоцтваў аблвыканкамаў запатрабавалі поўнага перагляду заканадаўчай базы. Сяргей Ляўковіч адзначыў: «З улікам кардынальных змен у структуры перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў Віцебскай вобласці, прыходам інвестараў, а таксама прыняццем указа № 375, якім аблвыканкамы надзелены паўнамоцтвамі пры фарміраванні сыравінных зон, падрыхтаваны праект указа кіраўніка дзяржавы, які карэкціруе нормы 70-га ўказа».

Сяргей Ляўковіч у агульных рысах далажыў аб планах па развіцці АПК, у тым ліку па прыцягненні інвестараў. Згадвалася таксама аб прынятым указе № 375, якім аблвыканкамы надзелены паўнамоцтвамі пры фарміраванні сыравінных зон. З улікам усяго гэтага падрыхтаваны праект паправак ва ўказ № 70.

Прэзідэнт удакладніў, ці плануецца прапісваць у праекце дакумента рэструктурызацыю, растэрміноўку па даўгавых абавязацельствах.

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, адказваючы на пытанне кіраўніка дзяржавы, прызнаў, што праблемы з вяртаннем назапашаных даўгавых абавязацельстваў ёсць. Але, паводле яго слоў, пазітыў у рэгіёне таксама ёсць. «Па паказчыках рух уверх ёсць. Галоўнае, каб ён ішоў у такім жа напрамку», — заявіў кіраўнік урада.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтай сувязі падкрэсліў: «Проста так ніхто грошы выдзяляць не будзе. Ёсць куды ўкладваць грошы, каб атрымаць аддачу». А практыку рэгулярных зваротаў да дзяржавы па прадастаўленне фінансавай дапамогі трэба спыняць. 

Адным з магчымых варыянтаў для вобласці кіраўнік дзяржавы лічыць развіццё мясной жывёлагадоўлі. Але падысці да працэсу трэба з розумам: буйныя комплексы на некалькі тысяч гатовы рабіць толькі там, дзе ёсць адпаведная кармавая база і не прыйдзецца вазіць кармы за дзясяткі кіламетраў.

Прэзідэнт адзначыў, што сітуацыю ў Віцебскай вобласці яшчэ трэба будзе сур’ёзна разгледзець на выязным мерапрыемстве: «Рыхтуйцеся да самых сур’ёзных рашэнняў».

«Тэхнічная аснашчанасць, планавая гатоўнасць тэхнікі, кадры з’яўляюцца вызначальнымі фактарамі захавання тэхналогій у АПК»

Мінсельгасхарч сумесна з аблвыканкамамі распрацаваў праграмы развіцця арганізацый аграсэрвісу, якія прадугледжваюць умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, замацаванне зон абслугоўвання, павелічэнне аб’ёмаў паслуг, што аказваюцца мехатрадамі. Пра гэта расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Станіслаў Карповіч. 

Машынна-трактарны парк сельгасарганізацый краіны, які складаецца з больш чым 300 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, сёння дазваляе праводзіць увесь комплекс палявых работ па сучасных тэхналогіях, лічыць Станіслаў Карповіч: «Тэхнічная аснашчанасць, планавая гатоўнасць тэхнікі, кадры з’яўляюцца вызначальнымі фактарамі захавання тэхналогій у АПК. Забяспечанасць асноўнымі відамі тэхнікі складае 90-95 %. Нязначны дэфіцыт папаўняецца новымі ўзорамі сельскагаспадарчых высокапрадукцыйных машын і паслугамі мехатрадаў».

Станіслаў Карповіч падкрэсліў, што дзякуючы дзяржпадтрымцы штогод на абнаўленне машынна-трактарнага парку накіроўваецца звыш двух мільярдаў рублёў. У рамках выканання даручэнняў Прэзідэнта быў прыняты адпаведны нарматыўны прававы акт, які ўстанаўлівае жорсткія крытэрыі для фарміравання пералікаў атрымальнікаў сельгастэхнікі. Таксама ўнесены праект указа па ўдасканаленні падыходаў, павышэнні якасці тэхнікі, што выпускаецца, яе гарантыйным абслугоўванні і адказнасці.

У цяперашні час першачарговае значэнне надаецца падрыхтоўцы сельгастэхнікі ў асенне-зімовы перыяд, адзначыў Станіслаў Карповіч. Штогод з 1 лістапада прымаецца рэспубліканская праграма падрыхтоўкі машынна-трактарнага парку да палявых работ. 

«Для правядзення палявых работ у бягучым годзе будзе адрамантавана 47 тысяч адзінак тэхнікі. Асноўныя рамонтна-аднаўленчыя работы ажыццяўляюцца непасрэдна ў гаспадарках, — адзначыў ён. — Для гэтых мэт маецца 970 цэнтральных мехдвароў, 70 % з іх знаходзяцца ў добрым стане. Іншыя патрабуюць аптымізацыі тэрыторый, уладкавання цвёрдых пакрыццяў, пляцовак і іншага. У кожнай вобласці ёсць узоры машынных двароў. Складаныя рамонты, якія немагчыма выканаць ва ўмовах сельгасарганізацый, ажыццяўляюць аграсэрвісы. Штогод імі рамантуецца больш за 3 тысячы адзінак тэхнікі і абсталявання».

Рамонт сучасных тэхнічна складаных машын патрабуе кампетэнцый, якімі ў першую чаргу валодаюць аграсэрвісныя арганізацыі. Станіслаў Карповіч паведаміў, што ў сістэму краіны ўваходзіць 117 арганізацый, за бягучы перыяд склалася станоўчая дынаміка іх развіцця.

Станіслаў Карповіч падсумаваў, што для захавання вытворчага і кадравага патэнцыялу, а таксама рытмічнага развіцця сістэмы аграсэрвісу неабходна забяспечыць кожнай арганізацыі стварэнне вытворчасці запатрабаванай прамысловай прадукцыі. Усё гэта дасць магчымасць забяспечыць сельгасарганізацыі неабходным аб’ёмам паслуг і работ для своечасовай падрыхтоўкі тэхнікі да палявых работ.

«Надышоў час поймы вяртаць да жыцця»

Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў далажыў аб ходзе выканання асобных даручэнняў кіраўніка дзяржавы Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта. У час рабочай паездкі ў Жыткавіцкі раён у жніўні гэтага года Аляксандр Лукашэнка даручыў падумаць над лінейкай тэхнікі, якая дазволіць правесці работы па кашэнні рачных поймаў на належным узроўні. Пытанне абмяркоўвалася на прыкладзе Прыпяці, аднак яно актуальнае і для поймаў іншых рэк. 

Як далажыў Юрый Назараў, да гэтага даручэння прыступілі ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» і гаспадарцы «Агра-Ляскавічы». Агульная плошча пойменных зямель, якія знаходзяцца ў іх падпарадкаванні, складае каля 10,8 тысячы гектараў, з якіх лесам пакрытыя каля 4,3 тысячы гектараў. Сенакашэнне вядзецца на плошчы 2,2 тысячы гектараў. Пры гэтым ёсць свая спецыфіка, адзначыў Юрый Назараў. «Мы ж ведаем пойму Прыпяці — гэта шырокія разлівы і доўгі перыяд затаплення. Таму касьба магчымая толькі на такой абмежаванай плошчы», — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, для атрымання кармоў ад касьбы рачных поймаў неабходна праводзіць адпаведныя работы ў сціслыя тэрміны. «Я хачу, каб вы разумелі, чаму я чапляюся за гэтую пойму. Я ж зямны чалавек і разумею, што мы там, калі „прашляпаем“, па-народнаму кажучы, — ні сена, нічога не атрымаем. Там сапраўды трэба своечасова гэта выхапіць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы вінаватыя, што кінулі касіць поймы».

Таму трэба поймы вяртаць. «І не толькі Прыпяці. Так, там сапраўды 15 кіламетраў пойма, але ў нас жа ёсць поймы ўсюды. У нас маленькія рачулкі, як змейка, уюцца ў лесе ці дзесьці на полі. А вакол ніхто не акультурвае, не ўводзіць гэтыя глебы ў севаабарот. Што ж мы за гаспадары такія? Надышоў час поймы вяртаць да жыцця — ціха, спакойна. Там, дзе трэба, — паціху трэба працаваць. Гэта яшчэ адна тэма, якой нам трэба будзе займацца», — заявіў беларускі лідар.

Сёння на эксперыментальных участках пойменных зямель задзейнічаны ўніверсальны сродак, які вырабляецца на прадпрыемстве «Гомсельмаш». «Гэта самы ўніверсальны сродак. Але ў нас ёсць адна праблема — адсутнасць беларускага мульчара, або фрэзы. Яна робіцца па беларускіх чарцяжах на „Брансксельмашы“. Можна лічыць, што гэта айчынная тэхніка», — сказаў Юрый Назараў. 

«Фрэза павінна быць добрай, — падкрэсліў беларускі лідар. —Інжынеры павінны папрацаваць, дзесьці нешта ўдасканаліць. Трэба больш магутная тэхніка — навесім гэтую фрэзу на больш магутную тэхніку. Але поймы трэба вярнуць да жыцця — гэта вельмі важна».

«Мы можам гэтыя грошы пакінуць у краіне»

Юрый Назараў таксама адзначыў, што сёння патрэба сельгаспрадпрыемстваў краіны ў зменных рабочых органах і запчастках для глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі — плугоў, дыскавых барон і дыскатараў, сеялак — задавальняецца ў асноўным за кошт імпарту. Толькі за 2025 год гэтыя расходныя матэрыялы завезлі на 110 мільёнаў рублёў. Пасля дэталёвага і ўсебаковага вывучэння пытання з’явілася ідэя праекта па стварэнні вытворчасці зносастойкіх рабочых органаў сельскагаспадарчай тэхнікі метадам гарачай штампоўкі.

Адпаведную вытворчасць прапануецца стварыць на базе Шклоўскага райаграсэрвісу. Яго ўнікальнасць для Беларусі заключаецца ў тым, што рабочыя органы і запчасткі будуць вырабляцца паточна, гэта не будуць нейкія разавыя элементы.

«Падкупляе імпартазамяшчэнне: за адзін год — 40 мільёнаў долараў. Мы можам гэтыя грошы пакінуць у краіне. Таму разгледзім усе вашы прапановы», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Юрый Назараў падкрэсліў: калі падыходы і прапановы будуць адобраны, то такі аб’ект можа з’явіцца ў Шклове да канца наступнага года. Новая вытворчасць разлічана прыкладна на 80 працоўных месцаў, што ў сваю чаргу запатрабуе больш актыўнага будаўніцтва арэнднага жылля ў горадзе.

«Па жыллі мы вызначыліся — жыллё будзем будаваць. І не ў Мінску, а будзем адыходзіць ад буйных гарадоў, абласных цэнтраў у раёны, аграгарадкі. Арэнднае жыллё пад канкрэтнага чалавека — гэта абавязкова», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Ты зробіш, а да цябе прыедуць па перадавы вопыт»

Кіраўнік спраў асобна далажыў аб развіцці сельскагаспадарчага ўчастка дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Нарачанскі», дзе знаходзіцца малочнатаварная ферма «Брылі». Агульная колькасць буйной рагатай жывёлы складае 370 галоў, уключаючы 100 кароў. За 2025 год надой на карову — 8651 кілаграм. 

У дачыненні да гэтага аб’екта плануецца правесці рэканструкцыю з заменай тэхналагічнага абсталявання, у тым ліку з пераходам на рабатызаванае даенне. Перапрацаванае малако будзе пастаўляцца ў санаторыі Нарачанскага краю.

«Вельмі правільна. І не трэба тры тысячы (галоў. — „Зв.“). Вось ферма — трэба яе зрабіць і паказаць усім. Можа, дзесьці і на 50 галоў, у залежнасці ад кармавой базы і людзей. Знайшлі 5 чалавек, зрабілі калектыўную гаспадарку — яны там вызначацца, хто будзе кіраваць. Кожны бачыць адзін аднаго, не будуць філоніць. Можа, гэта будзе чыйсьці філіял, можа, будуць самастойна працаваць — гэта іх справа, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Так можна ўсюды пайсці. Ты зробіш, а да цябе прыедуць па перадавы вопыт. Так што міласці просім да Юрыя Віктаравіча (Назарава. — „Зв.“)».

З улікам спецыфікі размяшчэння аб’екта ў курортнай зоне Юрый Назараў зрабіў прапанову: «Мы зробім гэту ферму як турыстычны аб’ект — навядзём парадак, паставім жывёл на глыбокую падсцілку, установім рабатызаванае даенне. У выніку ферма ператворыцца ў дэманстрацыйны аб’ект экатурызму, дзе госці Нарачанскага краю змогуць азнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі беларускай сельскай гаспадаркі».

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў канцэпцыю праекта, падкрэсліўшы, што стварэнне такіх кампактных і эфектыўных аб’ектаў часта больш эфектыўнае, чым будаўніцтва вялікіх комплексаў. Ферму плануецца прывесці ў парадак ужо ў першым паўгоддзі 2027 года.

«Вельмі вас прашу, каб пасля нашай сустрэчы быў вынік»

Напрыканцы Прэзідэнт адзначыў, што рэгулярна бывае ў рэгіёнах і бачыць тыповыя праблемы, недахопы, і органы ўлады павінны ў прыярытэтным парадку накіраваць намаганні на тое, каб іх выправіць. 

Патрабаванні Прэзідэнта датычацца ў тым ліку забеспячэння безумоўнай дысцыпліны, адмовы ад неабгрунтаванага пасрэдніцтва і ўтрыманства, павышэння культуры землекарыстання і земляробства.

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы заклікаў кіраўнікоў раёнаў не быць дачаснікамі. «Вельмі вас прашу, каб пасля нашай сустрэчы быў вынік. Вы ўбачылі тое, чаго я ад вас хачу. Не звышнатуральна, не за паўгода і не за год. Паступова, — прапанаваў ён. — Я вас заклікаю быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Старшыня райвыканкама павінен быць прэзідэнтам на гэтым (даручаным яму. — „Зв.“) кавалку зямлі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важную ролю кіраўнікоў мясцовай вертыкалі: яны выконваюць многія дзяржаўныя функцыі, вырашаюць розныя пытанні жыццядзейнасці людзей на месцах, у іх сканцэнтраваны матэрыяльныя рэсурсы і рычагі, ідэалагічная, кадравая работа. І, вядома, пытанні сельскай гаспадаркі як аднаго з ключавых кірункаў эканомікі.

«Сельская гаспадарка — гэта бізнес. Так, гэта бізнес, але акрамя бізнесу яны займаюцца і палітычнымі пытаннямі: кадры і ідэалогія ў вас. Таму адпаведныя да вас стаўленне і патрабаванні. Дзейнічайце!» — заклікае Прэзідэнт.

Гаворачы аб далейшым развіцці сельскай гаспадаркі, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу разлічваць на ўласныя сілы і больш эфектыўна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял, створаны, дарэчы, пры значнай бюджэтнай падтрымцы. Паступова пазбаўляцца ад утрыманства. «Ад гэтага трэба паволі сыходзіць. Трэба зарабляць самім», — арыентаваў ён. 

«Галоўнае пытанне — працоўная дысцыпліна, якая выцякае з тэхналагічнай»

Прэзідэнт заўважыў, што рэнтабельным у жывёлагадоўлі з’яўляецца не толькі малочны кірунак, але і мясны. Ён менш працаёмкі, не такі высокатэхналагічны і можа выкарыстоўвацца ў рэгіёнах, дзе няма вялікіх працоўных, матэрыяльных рэсурсаў. Ён не патрабуе дарагога абсталявання, высокакваліфікаваных спецыялістаў. Але для выхаду на рэнтабельны ўзровень трэба забяспечваць пэўныя прыбаўленні — за кошт своечасовага кармлення і належнага догляду, гэта значыць, няўхільнага захавання дысцыпліны.

«Усё павінна быць па тэхналогіі. Таму я і патрабую дысцыпліну. Тэхналогія нас да гэтага штурхае, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае пытанне — працоўная дысцыпліна, якая выцякае з тэхналагічнай. Своечасова падаіць, накарміць, узараць, пасеяць, забяспечыць догляд і своечасова ўбраць — гэта тэхналогія. А яна патрабуе вельмі жорсткай дысцыпліны».

Яшчэ адно патрабаванне ад жыцця — адмова ад неабгрунтаванага пасрэдніцтва. «Без усялякіх пасрэднікаў. Трэба адысці ад гэтага. І не трэба баяцца. Рынак рынкам. Мы ўжо ведаем, што такое рынак, наеліся ім. Трэба планаваць. Па ўсіх кірунках», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што не выступае супраць прыватнага бізнесу, але яны не павінны быць манапалістамі і дыктаваць усім цэны. У якасці прыкладу гаворка зайшла аб пастаўках запчастак і хімпрэпаратаў для сельскай гаспадаркі. «Трэба ва ўрадзе з губернатарамі вызначыцца — што ён (Мінсельгасхарч. — „Зв.“) цэнтралізавана павінен закупляць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка аб неабходнасці перайсці да такіх закупак па гэтых пазіцыях і іх размеркаванні ў сельгасарганізацыі праз сетку аграсэрвісаў, сельгасхімій.

Прэзідэнт упэўнены, што як толькі дзяржаўныя структуры пачнуць займацца цэнтралізаванымі закупкамі, цэны ў пасрэднікаў панізяцца. «Няхай прапануюць у канкурэнтнай сумленнай барацьбе нармальную цану», — дадаў ён.

«Дрэннае ўзворванне — гэта дзікія выдаткі»

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на неабходнасць павышэння культуры земляробства, якасць і своечасовасць падрыхтоўкі, апрацоўкі палёў, узняцця зябліва. «Днём і ноччу трэба араць. Пагаварыце з людзьмі, заплаціце ім нармальную капейку (каб яны гэтым займаліся. — „Зв.“)», — даручыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт патрабуе больш уважліва ставіцца да апрацоўкі палёў малой контурнасці, каб яны не зарасталі па краях і іх карысная плошча не скарачалася. Што датычыцца якасці ўзворвання, то тут трэба ўзмацніць адказнасць інжынераў і аграномаў за правільнае рэгуляванне плугоў. 

«Усё пачынаецца з узворвання. Пакуль зіма, трэба вучыць людзей, расказваць ім. А вясной — кантраляваць. Дрэннае ўзворванне — гэта дзікія выдаткі. А паліва сёння нятаннае», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У ліку задач таксама задзейнічанне пад вырошчванне кармавых культур плошчаў на поймах рэк. Для гэтага патрэбна спецыяльная тэхніка, на распрацоўку якой дзяржава гатова выдзеліць сродкі. Інакш гэтыя тэрыторыі зарастуць і прыйдзецца праводзіць значна больш дарагія меліярацыйныя работы для іх вяртання ў абарот. 

Аналагічныя падыходы да так званых вымачак — ушчыльненых пластоў глебы пад ворным гарызонтам, якія ўтвараюцца з-за шматгадовай апрацоўкі зямлі на адну і тую ж глыбіню, што перашкаджае вадзе сыходзіць углыб. «Трэба разбураць іх, прыводзіць у парадак. Трэба гэтым займацца. Інакш забалочваем глебы», — звярнуў увагу Прэзідэнт. Гаворачы аб беражлівым стаўленні да зямельных рэсурсаў, ён яшчэ раз нагадаў аб забароне на вывядзенне зямель сельгаспрызначэння пад жыллёвае будаўніцтва. 

«За намі ідуць дзеці»

Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі, растлумачыў, чаму цяперашняму пакаленню важна ажыццявіць усе пераўтварэнні ў рэгіёнах і вывесці іх на пэўны ўзровень. «За намі ідуць дзеці. А яны іншыя. У гнаі калупацца не хочуць, даіць кароў не хочуць, а жыць добра хочуць усе, і яны ў тым ліку, — канстатаваў Прэзідэнт. — Нам (цяперашняму пакаленню. — „Зв.“) неабыякава, якой будзе краіна. Таму сёння трэба даць ім варыянт. Захочуць яны гэтым скарыстацца — добра. Не захочуць — няхай думаюць самі. Але паступова трэба іх уключаць у тое жыццё, якое мы з вамі спрабуем развіваць».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

г. Шклоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю