Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ваеннаслужачых і ветэранаў унутраных войскаў з днём унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«Уся больш чым векавая гісторыя ўнутраных войскаў — гэта вернае служэнне краіне і народу, а яе найбольш яркімі старонкамі з’яўляюцца гераічная барацьба са знешнім і ўнутраным ворагам у час замежнай ваеннай інтэрвенцыі і Вялікай Айчыннай вайны, удзел у наладжванні мірнага жыцця ў пасляваенныя гады, навядзенне правапарадку ў ліхія дзевяностыя, недапушчэнне дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў дваццаць першым стагоддзі», — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўнутраныя войскі ўяўляюць сабой баяздольнае воінскае фарміраванне, аснашчанае прафесійнымі кадрамі, сучаснай тэхнікай і ўзбраеннем, якое штодзённа забяспечвае правапарадак на вуліцах гарадоў, затрымлівае і канваіруе злачынцаў, ахоўвае асабліва важныя дзяржаўныя аб’екты і папраўчыя ўстановы, абясшкоджвае выбуховыя прыстасаванні і боепрыпасы.
«Адметнымі якасцямі кожнага воіна ўнутраных войскаў з’яўляюцца вернасць прысязе, мужнасць і высокае баявое майстэрства, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Асобныя словы ўдзячнасці ветэранам, якія і сёння падтрымліваюць цесную сувязь з воінскімі калектывамі і актыўна займаюцца патрыятычным выхаваннем моладзі».
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў ваеннаслужачым за службу, пажадаўшы ім і іх сем’ям моцнага здароўя, міру, дабрабыту і новых поспехаў у справе служэння роднай Беларусі.