У чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай наведаў Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці. Тут, на самай поўначы краіны, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сучасным комплексам па ўтрыманні і адкорме буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемства «Чырвоны Бор Агра». Акрамя таго, у цэнтры ўвагі беларускага лідара — пытанні развіцця Віцебскай вобласці, сфера АПК, а таксама работа мясаперапрацоўчага цэха. Фінальным акордам гэтага дня стала жывая і, як заўсёды, шчырая размова Прэзідэнта з мясцовымі людзьмі.
«Мне патрэбна эканоміка»
Адразу па прылёце Прэзідэнт паставіў канкрэтнае пытанне кіраўніку вобласці. «Ну і што будзем тут рабіць? Год працуеш. Браслаў, Мёры, Верхнядзвінск, Расоны. Поўнач Беларусі. Якая ў цябе стратэгія?» — звярнуўся Прэзідэнт да старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка.
Адказы чыноўнікаў на гэты конт, уключаючы кіраўніка Віцебскай вобласці і віцэ-прэм’ера Юрыя Шулейкі, не задаволілі Прэзідэнта. Гаварылася аб павелічэнні ў рэгіёне пасеваў кукурузы і неабходнасці падабраць больш раннія сарты, каб паспяваць убіраць у тэрмін. Гэта дасць магчымасць атрымаць больш зерня.
Беларускі лідар звярнуў увагу на адсутнасць стратэгіі як такой, у тым ліку з улікам мясцовых прыродна-кліматычных рэалій. «Мне больш не трэба. Мне патрэбна эканоміка, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вакол балота. Агідная работа на гэтым участку. Зямля не ўзарана. Кукуруза, якая стаіць у балоце (гаворка пра стан палёў пасля багатых ападкаў. — "Зв."), я не ведаю, як вы яе будзеце ўбіраць. Трактар даражэйшы, чым тая кукуруза, якую вы ўбераце калісьці».
«Трэба выратаваць гэтыя раёны»
Прэзідэнт прапанаваў уладальніку прыватнага сельгаспрадпрыемства Мікалаю Вараб’ю ўзяць у сваё кіраванне найбольш праблемныя тэрыторыі (тым больш што гэта важна для забеспячэння кармамі пагалоўя буйной рагатай жывёлы) і паабяцаў аказаць неабходную падтрымку.
«Я табе гатовы гэта перадаць, — звярнуўся Прэзідэнт да бізнесмена, паказваючы на карце канкрэтныя ўчасткі зямель. — Тут трэба кардынальна нешта зрабіць. Да гэтага комплексу (жывёлагадоўчага. — „Зв.“) патрэбныя кармы. Гэтыя землі, якія ёсць, павінны забяспечыць цябе кармамі».
Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў падтрымку гэтаму аграбізнесу нароўні з агульнымі падыходамі: «Вялікіх грошай няма. Будзем даціраваць вас, як усіх».
Прэзідэнт арыентуе так працаваць у паўночных раёнах пры ўсіх складанасцях, каб можна было карміцца з гэтай зямлі. Акрамя сельскагаспадарчых угоддзяў, адзін з галоўных рэсурсаў тут — лес. Гэта не толькі сыравіна для дрэваапрацоўкі, але і турыстычны, рэкрэацыйны патэнцыял. Галоўная задача — каб мясцовае насельніцтва жыло нармальна.
«Трэба стратэгію прадумаць, што тут рабіць. Віцебская вобласць ёсць Віцебская — поўнач. Вы ведаеце асаблівасць. Так, тут можна прыехаць, адпачыць, сафары, рыбу палавіць і іншае. Грошы ўкласці трэба. Каб карміцца, трэба развіваць тут усё», — канстатаваў Прэзідэнт.
Прэзідэнт даручыў за зіму выпрацаваць канкрэтную стратэгію, каб разумець, як тут працаваць далей. «Я вас буду падтрымліваць. Але мне трэба выратаваць вось гэтыя раёны. Тут 4-5 раёнаў. Для мяне галоўнае — захаваць людзей тут, — падкрэсліў беларускі лідар. — Захаваць гэту тэрыторыю. Але людзі павінны працаваць дзень і ноч. За добрыя грошы, натуральна. Толькі такая стратэгія. Іншай стратэгіі я тут не бачу».
«Каб карміцца, трэба развіваць тут усё»
Прэзідэнт падкрэсліў, што на Віцебшчыне зона не проста рызыкоўнага, а крытычнага земляробства. Таму патрэбна выразная стратэгія развіцця гэтых тэрыторый. Беларускі лідар лічыць магчымым падключыць да рэалізацыі гэтай задачы прыватны бізнес. Узяць, напрыклад, прадпрыемства «Чырвоны Бор Агра», уладальнікам якога з’яўляецца бізнесмен Мікалай Варабей. Дадзенае прадпрыемства спецыялізуецца на мясной жывёлагадоўлі. Адпаведна, яму патрэбныя землі для вытворчасці кармоў. Прэзідэнт яшчэ да прыезду ўважліва вывучыў карту раёна і вызначыў тыя землі, якія можна прапанаваць эфектыўнаму прыватніку пад развіццё вытворчасці. Такую перадачу актываў прыватнаму бізнесу кіраўнік дзяржавы назваў крайнім варыянтам, але ў дадзеным выпадку гэты крок апраўданы.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў падтрымку і праектам у галіне дрэваапрацоўкі і турызму. «Лес і зямля — твае, турыстычны кірунак — твой. Карміць людзей, якія прыедуць сюды адпачываць, — адсюль вазьмі, накармі людзей. Як ты гэта і робіш. А каб карміцца, трэба развіваць тут усё», — звярнуўся Прэзідэнт да Мікалая Вараб’я.
«Тут павінна быць ваенная, вельмі жорсткая дысцыпліна. Але і, вядома, людзям трэба заплаціць, калі яны працуюць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым нельга плаціць людзям проста так. Асабліва, калі работа не дае вынік. «Ты плаціш марна, а выніку няма. Колькі палёў нават у Докшыцкім раёне незаараных. Адзін укос знялі траў, другі не знялі. Дзесьці ў рулоны скруцілі траву. Адкрыта, без плёнкі валяюцца на поле гэтыя рулоны. Салома не прыбраная, прытым не ў рулонах, а ў цюках. Гэта гніллё. Добра, салома — завезлі ў гной, гной будзе. Але навошта было рулоніць траву, сена і кідаць на полі? Яно ўжо пачарнела», — абурыўся беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы зноў жа патрабуе ад кіраўніцтва вобласці канкрэтную стратэгію. «Не расказвай мне пра вынік. Ад цябе патрэбна стратэгія. Ад урада, ад цябе. Што будзем рабіць? Як будзем працаваць далей? — задаў канкрэтныя пытанні Прэзідэнт. — Гэты вопыт ёсць, вось ён у цябе на месцы. І адсюль трэба было адштурхоўвацца. Я тысячу разоў гаварыў: не можаце даіць, няма каму даіць кароў — вырабляйце мяса. Сёння ялавічына патрэбна ўсюды. Вось ён робіць, гэта ж мясная парода. Што больш трэба?»
Важна не паказчыкі, а грошы
На сельгаспрадпрыемстве «Чырвоны Бор Агра» кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе восеньскіх палявых работ. Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, пры правядзенні пасяўной акцэнт робіцца ў тым ліку на павелічэнні сяўбы азімай пшаніцы. Акрамя таго, павялічваюцца плошчы азімага ячменю. Пры гэтым па краіне скарачаюцца пасевы азімага трыцікале і азімага жыта. Як растлумачылі кіраўніку дзяржавы, пры кармленні буйной рагатай жывёлы гэтыя культуры не павінны прымяняцца.
«А куды ты трыцікале падзеў, калі ты яго сеяў?» — задаў заканамернае пытанне Прэзідэнт.
«Мы рабілі камбікармы і ўводзілі ў іх склад трыцікале — да 30 %. Але наогул для буйной рагатай жывёлы ў ідэале (павінны выкарыстоўвацца. — „Зв.“) ячмень і пшаніца», — расказаў Юрый Горлаў.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым пацікавіўся меркаваннем спецыяліста прыватнага прадпрыемства «Чырвоны Бор Агра». Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што тут для кармлення жывёлы выкарыстоўваюць у тым ліку трыцікале.

«Не трэба адразу выдаваць такія рэкамендацыі, — звярнуўся Прэзідэнт да Юрыя Горлава. — Няхай практыкі-навукоўцы сядуць і вызначацца на месцы, што ім вырошчаць у Расонскім або Верхнядзвінскім раёне і што на поўдні».
Працягваецца ўборка бульбы, цукровых буракоў і іншых культур. Юрый Горлаў далажыў, што гэтыя работы плануецца завяршыць да 20 лістапада.
«Капуста добра, але моркву трэба выхапіць хутчэй. А калі мароз? А ты хочаш яшчэ да канца лістапада ўбіраць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, неабходна ўбраць кукурузу на сілас. Гэтыя работы плануецца завяршыць да 1 лістапада. Што датычыцца кукурузы на зерне, то да гэтай жа даты плануецца ўбраць 237 тысяч гектараў, або 71 % да плана.
«Колькі ў цябе будзе збожжа ў гэтым годзе, зыходзячы з ураджайнасці кукурузы?» — пацікавіўся Прэзідэнт. Кіраўнік Мінсельгасхарча адзначыў, што чакаецца не менш за 11,3 мільёна тон збожжа з улікам рапсу. Гэты паказчык перавышае рэкордны ўраджай мінулага года прыкладна на 200 тысяч тон. «Мне вашы паказчыкі важныя, але не вельмі. Важныя грошы», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Пасля 1 студзеня размовы па тактыцы і стратэгіі ўжо будуць спыненыя»
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік далажыў аб выніках работы АПК Віцебскай вобласці за 9 месяцаў і будаўніцтве жывёлагадоўчых памяшканняў, у тым ліку прафілакторыяў для цялят. Як адзначыў губернатар, аграрыям рэгіёна трэба яшчэ ўбраць кукурузу (прыкладна 30 %) і гародніну на 178 гектарах. У асноўным — у Віцебскім раёне.
«Падключай прамыслоўцаў, каго заўгодна. Твая задача як губернатара — забяспечыць насельніцтва малаком, сваім віцебскім мясам, агароднінай, баршчовым наборам, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вось гэта твая справа: тым, што тут расце, — забяспечыць. І з гэтага трэба зыходзіць».
Падчас дакладу Аляксандр Рагожнік таксама паведаміў, што ў рэгіёне ўдалося на чвэрць скараціць падзеж жывёлы да ўзроўню мінулага года. Акрамя таго, вобласці ўдалося выйсці на станоўчыя вынікі і па прывагах, і па надоях малака.
Кіраўнік дзяржавы патрабаваў дакладна размеркаваць функцыянал паміж губернатарамі і міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання ў плане работы ў сферы АПК. Прэзідэнт таксама заклікаў жалезабетонна патрабаваць выканання ўсіх тэхналогій.
Першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч у сваю чаргу далажыў беларускаму лідару пра сітуацыю ў вобласці з птушкай, свінінай, а таксама аб будаўніцтве комплексаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы.
«У нас самым асноўным кірункам дзейнасці сельскай гаспадаркі ў маштабах усіх раёнаў вобласці з’яўляецца менавіта малочная жывёлагадоўля. Па мясной жывёлагадоўлі мы выбудоўваем асобную стратэгію, — падкрэсліў Сяргей Ляўковіч. — У нас ёсць 10 старых комплексаў па адкорме буйной рагатай жывёлы, якія цяпер мы мадэрнізуем. Яны ўсе з савецкіх часоў і паціху мы іх цяпер пачынаем аднаўляць. Усяго ў іх налічваецца 43 тысячы жывёла-месцаў».
Сяргей Ляўковіч дадаў, што ў рэгіёне таксама запланавана будаўніцтва 6 комплексаў па адкорме буйной рагатай жывёлы: «Увогуле з усёй мадэрнізацыяй старых і будаўніцтвам новых комплексаў, калі нас падтрымае ўрад, у нас будзе 67 тысяч жывёла-месцаў толькі на комплексах па адкорме буйной рагатай жывёлы. Будаўніцтва ўсіх комплексаў плануецца завяршыць да 2030 года».
- Першы намеснік старшыні аблвыканкама таксама расказаў пра далейшую даўкамплектацыю комплексаў буйной рагатай жывёлай, дадаўшы, што штогод у вобласці нараджаюцца 82 тысячы бычкоў. «Стаіць задача наогул, каб падзяжу сярод цялят не было, — акцэнтаваў Сяргей Ляўковіч. — З гэтым трэба змагацца. Таму мы прафілакторыі пабудавалі, цяпер працуем з заробкамі цялятніц. Мы вельмі паглыбленыя ў работу па вакцынацыі жывёл, з бюджэту выдзяляем грошы пад вакцынацыю, адпрацоўваем розныя схемы».
Звяртаючыся да кіраўніцтва вобласці і сферы АПК, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ад іх патрэбна дакладная стратэгія, як у цэлым развіваць гэты паўночны край. «З 2030 года забудзьцеся пра падтрымку Віцебскай вобласці так, як мы робім гэта цяпер. Яе не будзе. Мы павінны вызначыцца па стратэгіі, тактыцы, дзеяннях, — заявіў Прэзідэнт. — Пасля 1 студзеня размовы па тактыцы і стратэгіі ўжо будуць спыненыя. Вы павінны ведаць, якія трактары купіць, як зямля будзе апрацоўвацца, якія людзі там будуць працаваць».
«Ад лесу мы павінны мець больш»
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб вялікіх перспектывах лесаперапрацоўкі. «Ад лесу мы павінны мець больш. Свет пачынае паварочвацца ў бок перапрацоўкі лесу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на развіццё Афрыкі. Гэты рэгіён валодае значным патэнцыялам і дэманструе досыць высокія тэмпы эканамічнага росту. Аднак Афрыка не валодае ляснымі рэсурсамі, і кіраўнік дзяржавы мяркуе, што Беларусь можа спрацаваць у гэтым кірунку. «Багацее Афрыка, багацее паўднёвы ўсход Азіі і гэтак далей. Лесу там няма. А раз багацеюць, яны будуюць нядрэннае жыллё — гэта мэбля і гэтак далей», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што гэтае пытанне асабліва актуальнае для Віцебскай вобласці, больш за трэць тэрыторыі якой займае лес. «Вам без лесу ў Віцебскай вобласці, як і нам у цэлым, жыць нельга. Палова тэрыторыі — гэта лес. Тут трэба развівацца», — арыентаваў ён.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Аляксандра Рагожніка вызначыцца са стратэгіяй, у тым ліку звязанай з выкарыстаннем лясных рэсурсаў. «Вам трэба капейка нейкая — мы вас прафінансуем. Але вы павінны паказаць, што там мы будзем пілаваць, а там будзем рабіць мэблю. У вас пакуль гэтага няма, а вы гэта павінны зрабіць», — абазначыў яшчэ адну задачу беларускі лідар.
«Мы сваю сельскую гаспадарку ў цэлым выратавалі. Але трэба рухацца далей»
Пасля дакладаў Прэзідэнту прадэманстравалі ўнікальны комплекс. Як было адзначана, у гаспадарцы «Чырвоны Бор Агра» прымяняецца тэхналогія, якая дазваляе пазбегнуць лішніх выдаткаў. Частка кукурузы ідзе на карнаж (спецыяльны корм, для якога выкарыстоўваецца не толькі зерне, але цэлыя пачаткі), які захоўваецца ў траншэях і кукурузу для яго можна ўбіраць нават у дажджлівых умовах. Кіраўнік дзяржавы парэкамендаваў старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Рагожніку пераймаць гэты вопыт.
Нядаўна ў гаспадарцы было завершана будаўніцтва комплексу па ўтрыманні і адкорме БРЖ абердзін-ангускай пароды на 3,2 тысячы галоў, арыентаванай на вытворчасць ялавічыны з поўным цыклам. Пры гэтым у сельгаспрадпрыемства ёсць перспектывы пашырыць маштаб да 4,5 тысячы галоў статка.
Ключавая асаблівасць комплексу — пашава-стойлавая сістэма ўтрымання. Праектная магутнасць аб’екта разлічана на штогадовую здачу 640 тон жывёлы ў жывой вазе. Будаўніцтва дазволіць у разы павялічыць колькасць статка абердзін-ангускай пароды, якая на 1 верасня складала 735 галоў. Ёсць таксама планы па будаўніцтве двух малочнатаварных комплексаў.
Акрамя таго, у «Чырвоны Бор Агра» ёсць некаторая колькасць галоў японскай пароды вагю. Галоўная вартасць пароды — унікальная здольнасць фарміраваць інтэнсіўную ўнутрымускульную мармуровасць. Японская чорная пераўзыходзіць астатнія пароды вагю па ступені мармуровасці. Гэтую пароду плануюць размножваць і культываваць.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што надае павышаную ўвагу сферы сельскай гаспадаркі, ставячы мэтай яшчэ больш развіць гэты кірунак. «Мы сваю сельскую гаспадарку ў цэлым выратавалі. Але трэба рухацца далей», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт у якасці аднаго з дасягненняў адзначыў, што краіна экспартуе прадукты харчавання на 10 мільярдаў долараў у год. У Беларусі не толькі накармілі сваё насельніцтва і прыстойныя аб’ёмы пастаўляюць на экспарт, але і забяспечылі сярэдні заробак каля 1 тысячы долараў у эквіваленце.
«Я ж перажываю за людзей. Калісьці абяцаў 500 долараў. А сёння краіна мае 1 тысячу долараў сярэдняга заробку. Мы гэта зрабілі. Але трэба рухацца далей», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што цяпер у яго графіку ёсць шмат тэм з галіны прамысловасці, але ён удзяляе павышаную ўвагу сельскай гаспадарцы, вызначаючы мэты па яе далейшым развіцці. «Таму што для чалавека трэба перш за ўсё паесці. Потым ужо апрануцца», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што трэба яшчэ многае зрабіць, каб сельскую гаспадарку Беларусі ў цэлым вывесці на высокі, прыстойны ўзровень. У гэтым плане ён бачыць гарызонт задач на два дзесяцігоддзі наперад. «Таму я вас штурхаю, штурхаю... Каб расштурхаць. Каб вы без мяне потым працаваць маглі. Таму я надаю ўвагу», — адзначыў Прэзідэнт.
Прэзідэнту падарылі цяля японскай пароды вагю
Падчас наведвання гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка агледзеў мехдвор і пазітыўна ацаніў убачанае, адзначыўшы прадуманы падыход да стварэння гэтага аб’екта. Прэзідэнт таксама азнаёміўся з вытворчасцю каўбаснай прадукцыі і прадэгуставаў яе.
Кіраўніку дзяржавы падарылі цяля японскай пароды вагю. Мянушка маладой цялушачкі — Асвея. Яна мае чорную афарбоўку. Нарадзілася 1 ліпеня гэтага года. Цяпер яе перавязуць у гаспадарку Прэзідэнта.
Беларускі лідар адразу папрасіў спецыялістаў даць падрабязныя інструкцыі, як карову гэтай пароды правільна ўтрымліваць і карміць. «Выгадую», — паабяцаў беларускі лідар.
Фінальным акордам першага дня рабочай паездкі Прэзідэнта ў Віцебскую вобласць стала размова з людзьмі. Падчас шчырага дыялогу кіраўнік дзяржавы расказаў аб планах па развіцці паўночных тэрыторый Віцебскай вобласці.
«Якія б мы тут тэхналогіі ні ўводзілі, няма людзей — няма жыцця»
«Нам трэба, каб вы жылі, і добра жылі на гэтай зямлі. Вы (Верхнядзвінскі раён). — „Зв.“), Расоны, Браслаў, Мёры. Усю поўнач трэба прыводзіць у парадак, — заявіў Прэзідэнт. — У раі жывяце. Шчыра вам гавару. Я нават не чакаў, што такая прыгажосць у вас».
Але вось ад узроўню гаспадарання на землях у кіраўніка дзяржавы пакуль засталіся цяжкія ўражанні. «Не навучыліся мы яшчэ, напэўна, на іх працаваць. Але сёння дамовіліся, што да 2030 года Верхнядзвінскі раён мы ў добрым сэнсе не пазнаем», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы.
Ён назваў тры складнікі для развіцця гэтых тэрыторый: турызм, сельская гаспадарка і лясная галіна.
- Але задача стаіць не проста ўліць у гэтыя тэрыторыі сродкі, а зрабіць так, каб яны былі самадастатковыя. «Калі ласка, жывіце, працуйце. Пасля 2030 года дурніца скончыцца. Вось у вас ёсць час, каб мы прывялі ўсё ў парадак, навучыліся зарабляць грошы. Усё, што вы заробіце, — гэта будзе ваша. Мы гаварылі пра стратэгію. Выдатныя месцы для нашай краіны, але іх трэба прывесці ў парадак. Многае залежыць ад вас. Паціху мы за Віцебскую вобласць узяліся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Паціху гэта ўсё падцягваем, каб тут былі людзі. Гэта ж для дзяржавы вельмі важна. Якія б мы тут тэхналогіі ні ўводзілі, няма людзей — няма жыцця. Таму гэта стратэгічная вялікая задача. І я ўсяляк буду падтрымліваць вас, каб вашы дзеці нармальна жылі. Галоўнае, каб з дзецьмі быў парадак. Гэта я бяру на сябе, — запэўніў кіраўнік дзяржавы. — Захочаце з’ехаць кудысьці... Усялякае бывае. Але трымайцеся сваёй зямлі. Тут вашы карані».
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў і адказнасць саміх людзей за тыя ці іншыя пытанні. «Тое, што павінны зрабіць, вы зрабіце самі. Тое, што дзяржава павінна зрабіць, — зробіць», — запэўніў ён.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што часам у сацыяльных сетках людзі падымаюць тыя ці іншыя пытанні, выказваюць крыўды. І не ўся такая інфармацыя пры паверцы аказваецца праўдай ці сапраўды патрабуе ўмяшання з боку дзяржавы. «Калі датычыцца лёсу, жыцця чалавека, — гэта на асаблівым кантролі. Але касіць, кветкі пасадзіць каля плота — гэта ўжо ваша справа», — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
«Я гэта раблю для вас, для дзяцей. Мы ад гэтай палітыкі не адыдзем»
Падчас размовы з мясцовымі жыхарамі Прэзідэнт заявіў, што дзяржава ў Беларусі і далей будзе прытрымлівацца палітыкі, накіраванай на падтрымку шматдзетных сем’яў.
«Я не здымаю (з сябе. — „Зв.“) адказнасці за трэцяе дзіця. Праўда, цяпер вал пайшоў пісьмаў: „Аляксандр Рыгоравіч, Вы абяцалі, а ў мяне трое“. Ну так мы дапамагаем. Некаторыя траіх нарадзілі адразу. Гэта адзінкі, некалькі дзясяткаў. Мы выдзелілі ім жыллё. Траіх вынасіць, нарадзіць — гэта ж нялёгка».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і іншым шматдзетным дзяржава таксама дапамагае з жыллём. «Мы ўсё роўна з трыма дзецьмі далі б кватэру. У нас ужо і чаргі шматдзетных (на жыллё. — „Зв.“) няма — на працягу года атрымліваюць. Калі такое было? Ніколі не было. І мы небагатая краіна. Але я гэта раблю для вас, для дзяцей. Мы ад гэтай палітыкі не адыдзем», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі будуць і далей рабіць усё неабходнае, каб у дзяцей як у гарадах, так і ў сельскіх населеных пунктах былі ўсе магчымасці для развіцця і нармальнага жыцця.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часам можна чуць фразу «Людзі Прэзідэнта». «Галоўнае, каб вы разумелі, бацькі: самыя галоўныя мае людзі — гэта тыя, хто ўжо нарадзіў, у каго ў сям’і ёсць дзеці. Вось яны адразу пачынаюць разумець, што такое жыццё», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы зробім, каб вашым дзеткам было нармальна»
Прэзідэнт заклікаў шанаваць і берагчы жыццё на вёсцы, у невялікіх населеных пунктах, дзе ў параўнанні з вялікімі гарадамі больш прыроды і прасторы. Што датычыцца магчымасцяў для адукацыі, тут ужо задача дзяржавы зрабіць так, каб ураўняць магчымасці з горадам. «Будзем вам паціху дапамагаць. Каб дзеці вашы былі такія, як у горадзе, адукацыю атрымалі», — запэўніў беларускі лідар.
Ён таксама параіў старацца прыцягваць дзяцей да пасільнай працы. «Гляджу на моладзь цяперашнюю. Я іх часта падкрытыкоўваю. Што мы падлашчваемся да моладзі?! Ну сядзяць яны і тыцкаюць у гэтыя тэлефоны, „ціктокаюцца“ і гэтак далей. Там (у інтэрнэце. — „Зв.“) яблыкі не растуць. Мяса (не атрымліваюць. — „Зв.“), малако там пакуль яшчэ не дояць, — канстатаваў Прэзідэнт. — Штучным інтэлектам запалохалі ўвесь народ. Спакойна, разбяромся мы з інтэлектам і з усімі. Але мы зробім, каб вашым дзеткам было нармальна».
У ходзе размовы людзі дзякавалі Прэзідэнту за мірнае неба над галавой і за падтрымку, якая аказваецца з боку дзяржавы малым населеным пунктам, аграгарадкам і вёскам. Адна з жыхарак, настаўніца з мясцовай школы, паскардзілася на адсутнасць у гарадскім пасёлку Асвея спартыўнага комплексу, у якім маглі б займацца дзеці. Аляксандр Лукашэнка праблему пачуў, а значыць, яна абавязкова будзе вырашана!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Верхнядзвінскі раён