Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне камерленга Рымска-каталіцкай царкве кардыналу Кевіну Фарэлу ў сувязі са смерцю Папы Рымскага Францыска. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«У Беларусі з пачуццём глыбокага смутку ўспрынялі навіну аб завяршэнні жыццёвага шляху Яго Свяцейшасці Папы Рымскага Францыска. Шматгадовае служэнне Францыска Хрысту было насычана любоўю да паствы, усім людзям, усяму свету. Як сапраўдны гуманіст і абаронца інтарэсаў простага чалавека Пантыфік унёс неацэнны ўклад у справу забеспячэння сацыяльнай роўнасці і справядлівасці. Дзейнасць Папы Рымскага стала сведчаннем глыбокай веры, мудрасці і гуманізму», — гаворыцца ў спачуванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што для ўсіх, хто меў гонар сустрэцца з Яго Свяцейшасцю, ён назаўжды застанецца прыкладам смеласці, годнасці і вернасці хрысціянскім ідэалам.
«З цеплынёй успамінаю афіцыйны візіт у Ватыкан і думкі, якімі мы абменьваліся з Францыскам у шчырых лістах. Удзячны за яго працу па ўмацаванні ўзаемапаважлівых адносін паміж Беларуссю і Святым Прастолам. Прыміце, Ваша Высокапраасвяшчэнства, мае шчырыя спачуванні і словы падтрымкі ў сувязі з гэтай цяжкай стратай», — адзначыў у пасланні кіраўнік дзяржавы.