Маладыя, прыгожыя, мэтанакіраваныя — 20 чэрвеня ў Палацы незалежнасці былі менавіта яны. У графіку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ёсць добрая традыцыя — напрыканцы навучальнага года сустракацца з найлепшымі выпускнікамі ВНУ і педагогамі. Чарговы раз урачыстыя цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці. Сёлета ў краіне маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй стала на 42 тысячы больш. У пятніцу вечарам у сталіцы прайшоў Рэспубліканскі баль выпускнікоў ВНУ. А ўдзень найлепшыя з іх атрымалі ўзнагароды з рук Прэзідэнта. Не забыліся і аб тых, дзякуючы каму гэта стала магчымым, — педагогах.
«Не бойцеся цяжкасцяў і складаных задач»
«Сёння для вас асаблівы дзень. У ім лёгкі сум ад развітання з роднымі сценамі альма-матар і вельмі прыемнае прадчуванне будучых перамог, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да герояў дня. — Ёсць такі афарызм: геній — гэта адзін працэнт натхнення і дзевяноста дзевяць працэнтаў цяжкай працы».
Кіраўнік дзяржавы пажадаў маладым людзям быць працавітымі. І падкрэсліў, што ў іх жыцці надыходзіць залаты час. «Не бойцеся цяжкасцяў і складаных задач. І, як я заўсёды кажу, рабіце ўсё своечасова, не адкладайце на потым. Таму што потым будуць іншыя праблемы і іншыя задачы, якія вам трэба будзе вырашаць. І самае галоўнае — не адступайце, калі памыліцеся. У жыцці бывае ўсякае: будуць і памылкі, будуць няўдачы. Але, як той казаў, не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Той, хто шмат працуе і знаходзіцца ў пастаянным пошуку, несумненна, дамагаецца поспехаў, але і непазбежна здзяйсняе памылкі. Аднак гэтыя памылкі загартоўваюць і даюць сілы рухацца далей. Я жадаю, каб у вас было так», — сказаў маладым беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сучаснасць і будучыня Беларусі шмат у чым залежаць ад моладзі. «І вельмі важна, каб вы былі не толькі добрымі спецыялістамі, але і сапраўднымі патрыётамі, сацыяльна сталымі і духоўна багатымі людзьмі, якім можна даверыць лёс нашай Беларусі, — падкрэсліў ён. — Свет велізарны, а Беларусь — адна. У нас адна. Памятайце пра сваю Радзіму. Шануйце і беражыце мірнае неба над нашай краінай. Гэта самае дарагое, што мы — старэйшае пакаленне — змаглі захаваць для вас».

Асобныя словы падзякі Прэзідэнт выказаў выкладчыкам за выхаванне моладзі, адданай роднай краіне, якая паважае традыцыі і захоўвае каштоўнасці беларускага народа. «Праца педагога важная і вельмі няпростая. Вы ўклалі педагагічны талент і велізарныя душэўныя сілы ў кожнага вучня. Дзякуй вам, паважаныя настаўнікі», — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх выпускнікоў ВНУ Беларусі з заканчэннем навучальнага года і пажадаў, каб абраная дарога вяла толькі да поспеху.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі б усе былі такімі, як прысутныя ў Зале дзяржаўных узнагарод маладыя людзі, то краіна была б вельмі багатая. Паколькі, па яго словах, багацце краіны не толькі ў тым, што ў зямлю Гасподзь паклаў, а ў таленавітых, мазгавітых людзях.
«Сістэма будзе данастроена»
Прэзідэнт расказаў, што ў найбліжэйшы час на яго ўзроўні яшчэ раз разгледзяць некаторыя праблемы адукацыі. «Сістэма будзе, прама скажу, сур’ёзна падрэгулявана і данастроена, — адзначыў ён. — Я абяцаў, што да адукацыі мы больш вяртацца не будзем, бо гэтыя рэформы ўжо людзям надакучылі.
Мы больш не будзем закранаць чалавечыя аспекты, а зоймемся больш глыбіннымі пытаннямі. Для таго каб, калі цяперашняе пакаленне кіраўнікоў сыдзе са сцэны, вам, моладзі, было крыху лягчэй. Будзем гэтыя аўгіевы стайні расчышчаць. Мы не спыняемся на тым, што ў нас ёсць сёння ў сістэме адукацыі».
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка закрануў тэрміны навучання ў ВНУ і нагадаў, што ставіў задачу іх скараціць за кошт вывучэння ў меншым аб’ёме няпрофільных для тых ці іншых спецыяльнасцяў дысцыплін. Нярэдкія выпадкі, калі дысцыпліну, якую можна вывучыць за семестр, вывучаюць два-тры семестры. Па словах Прэзідэнта, ёсць пытанні да прафесарска-выкладчыцкага складу, да кіраўніцтва ВНУ. Ён заўважыў, што тэрміны навучання хоць і скарацілі, але замянілі гэта скарачэнне сістэмай з бакалаўрыятам. У Беларусі гэта першая ступень вышэйшай адукацыі, якая забяспечвае фундаментальную падрыхтоўку па абранай спецыяльнасці і доўжыцца чатыры гады. Пасля заканчэння бакалаўрыята выпускнік атрымлівае дыплом бакалаўра і можа ці пачынаць працаваць, ці працягваць навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі — у магістратуры. Гэта патрэбна, напрыклад, для тых, хто плануе займацца навуковай дзейнасцю. «Павялічылі за кошт гэтага гадзіны і гэтак далей. Вось нам гэтым шляхам ісці не трэба. Трэба вучыцца столькі, колькі трэба. Калі належыць у ВНУ тры з паловай ці чатыры гады, значыць, чатыры. Але не шэсць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — А то мы перажываем, што ў нас навукоўцаў няма, а ствараем нейкія бар’еры. А потым яшчэ і аспірантура для таго, каб стаць не вялікім, а звычайным навукоўцам».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час катэгарычна забараніў «бегаць па нейкім Балонскім працэсе». Працягваючы тэму з тэрмінамі навучання, кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад Акадэмію мастацтваў, дзе па некаторых спецыяльнасцях вучацца шэсць гадоў. «Туды прыходзяць таленавітыя людзі. Трэба талент падтрымаць і развіць. Шэсць гадоў. Больш, чым некаторыя дысцыпліны ў медыцынскіх універсітэтах. Гэта што, нармальна? І што мы атрымалі? Змагарамі сталі ў 2020 годзе, наперадзе калон ішлі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, у найбліжэйшы час гэтыя пытанні будуць абмеркаваныя.
«Усё павінна быць па-чалавечы і нармальна»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў курсе таго, аб чым пішуць у інтэрнэце настаўнікі і выкладчыкі. Напрыклад, наконт таго, што іх прымушаюць да вучняў дадому хадзіць. «Мы настаўнікі, мы выкладчыкі, нам трэба бачыць вучня і студэнта не толькі на лекцыях і ўроках. Але трэба бачыць і дома. Трэба ведаць іх бацькоў, для таго каб паспяхова выкладаць», — заявіў беларускі лідар. Ён заўважыў, што ў інтэрнэце ўзнімаюць і іншыя пытанні, напрыклад, тое, што настаўнікі вымушаны запаўняць самыя розныя дакументы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе рашэнні па гэтым пытанні прынятыя і нічога на месцах выдумваць не трэба. А калі на месцах ёсць перагібы, то можна звярнуцца ў дзяржаўныя органы. «Ніякай бюракратыі быць не павінна. Усё павінна быць па-чалавечы і нармальна», — запатрабаваў ён. Прэзідэнт правёў паралель з Годам добраўпарадкавання і нагадаў, што на сваіх участках кожны павінен займацца добраўпарадкаваннем самастойна, а не пісаць у інтэрнэце, што гэта павінен зрабіць хтосьці іншы. Ці свежы прыклад — з недахопам бульбы на прылаўках. Па словах кіраўніка дзяржавы, калі б кожны на сваім участку высадзіў хоць крыху гэтай культуры — такой праблемы не было.
Аляксандр Лукашэнка параіў, найперш, чым «ціктокацца» і скардзіцца ў інтэрнэце, паглядзець, што ты сам зрабіў. «Калі хтосьці не гатовы абкошваць свой участак і пяць метраў суседняга, калі там бабулька... гэта не да мяне. Я такое не вельмі разумею. Я Прэзідэнт, і мне калі трэба — абкосяць, але я з касой хаджу і нічога ў гэтым ганебнага не бачу», — адзначыў ён.


Беларускі лідар параіў ніколі не забываць, што ўсюды патрэбна праца. «Не мне вам тлумачыць, вы людзі працавітыя. Вы ў Палац Незалежнасці не проста так трапілі, бо вы і вашы выкладчыкі заслужылі гэта. Я хачу, каб так было заўсёды», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Трэба быць мудрымі
Аляксандр Лукашэнка даў параду маладым людзям: перш чым крытыкаваць кагосьці, паглядзець на сябе, ацаніць, што зрабілі, што не зрабілі, а што яшчэ трэба будзе зрабіць. «Жыццё — штука цяжкая, вельмі цяжкая. Вам 20 гадоў. Наперадзе ў вас вялізная будучыня. Недзе хутка праходзьце этапы свайго жыцця. Недзе не спяшайцеся, трэба пачакаць, трэба паглядзець, агледзецца навокал. Мы жывём у цэнтры Еўропы, і ў гэтым наша перавага і вялікая бяда, таму што на таго, хто ў цэнтры, уздзейнічаюць з усіх бакоў. Таму трэба быць мудрымі. У нас, у беларусаў, гэтага дабра хапае. Галоўнае, дзе трэба спакойна, — не спяшацца. А дзе трэба хутка (як вы цяпер, атрымаўшы адукацыю) — ідзіце хутка. Потым будзе позна», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Уражанні і планы
«Падзяка ад Прэзідэнта надасць мне матывацыі»
Маладыя людзі, якія атрымалі ўзнагроды, нягледзячы на ўзрост, ведаюць, што такое намаганні і цярністы шлях да мэты, інакш яны б не апынуліся ў Зале дзяржаўных узнагарод Палаца Незалежнасці. І яны дакладна ведаюць, як будаваць сваё жыццё далей.
Дар’яна Вежнавец скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова. Цяпер яна — лагапед-дэфектолаг. Дар’яна застаецца ў родным Магілёве: размеркавалася ў адну са школ, але плануе паступаць у магістратуру. Падчас вучобы дзяўчына ўдзельнічала ў навуковай, грамадскай і валанцёрскай дзейнасці роднага ўніверсітэта. І ўсё гэта не перашкодзіла добрай вучобе. «Цудоўна, што ў нашай краіне дзеці з асаблівасцямі развіцця маюць доступ да адукацыі і ёсць спецыялісты, якія ім дапамагаюць атрымаць веды. Мая прафесія вельмі цікавая з пункту гледжання творчасці. У кожнага з дзяцей з парушэннямі маўлення сваі асаблівасці, і да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход, аднесцілся з павагай, — расказала пра сваю спецыяльнасць Дар’яна. — Я мару, каб усе дзеці ў нашай краіне маглі вучыцца, развівацца, жыць у соцыуме. А тым, у каго ёсць пэўныя асаблівасці, мы дапаможам».

Мікалай Навіцкі — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ён зрабіў сваё хобі прафесіяй, Мікалай — музыкант. І, дарэчы, ужо выступаў на мерапрыемствах, што праходзілі ў Палацы Незалежнасці. «Падзяка ад Прэзідэнта дасць мне яшчэ больш матывацыі. Яна даказвае, што я іду ў правільным кірунку. Таму я і далей буду развіваць сваю канцэртную дзейнасць. У планах таксама — заняцца выкладчыцкай дзейнасцю і перадаваць любоў да музыкі беларусам», — падзяліўся Мікалай.
Год таму на экскурсіі ў Палацы Незалежнасці Алеся Лістапад загадала жаданне вярнуцца сюды ўжо па ўзнагароду. І жаданне спраўдзілася. Але не магічным чынам, а дзякуючы працы і мэтанакіраванасці курсанткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Дарэчы, у сваім ВНУ Алеся Лістапад — першая выпускніца, якая атрымала Падзяку Прэзідэнта. Дзяўчына расказала, што актыўна займаецца навуковай дзейнасцю. А яе галоўная навуковая праца — распрацоўка сістэмы выяўлення і процідзеяння беспілотным лятальным апаратам, якая вядзецца па заказе Нацыянальнага аэрапорта «Мінск».
«Мы ведаем, што пачасціліся выпадкі атак беспілотных лятальных апаратаў на аэрадромы. І стаіць вострая праблема, як абараніць аэрапорт, паколькі пры ўмяшальніцтве збоку ўзнікае шмат праблем. І паколькі Нацыянальны аэрапорт „Мінск“ — самы вялікі ў краіне, самы загружаны, для яго актуальна ўстаноўка дадзенай сістэмы. Мы ў сваёй навукова-даследчай рабоце вывучаем, якая сістэма больш эфектыўная і найбольш падыходзіць для мінскага аэрапорта. Цікавая работа, яна яшчэ працягваецца. У хуткім часам прадставім вынікі», — расказала Алеся Лістапад.
Малады спецыяліст размеркавалася на малую радзіму — у Магілёў, дзе будзе працаваць у аэраклубе ДТСААФ імя Кулагіна кіраўніком палётаў. У планах таксама — магістратура і звязаць з авіяцыяй усё жыццё.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА