У час інтэрв’ю кіраўнік дзяржавы абверг абвінавачанні ў тым, што Беларусь выкарыстоўвае нелегальную міграцыю як інструмент ціску на Захад.
«Я не хачу, каб нашым палякам — гэта ж не чужыя нам людзі, славяне — было дрэнна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка
У той жа час ён звярнуў увагу, што ў Еўрапейскім саюзе выпрацавана свая міграцыйная палітыка і ў ёй няма пункта «забівай і выкідвай назад».
«Яны забіваюць людзей (у нас гэтыя факты ўсе зафіксаваны) і выкідваюць назад. Калючкай зацягнулі граніцу — гінуць звяры. А гэта ж Белавежская пушча, гэта ж міграцыя жывёл. Яны ж забіваюць іх. Чаму вы маўчыце? Яны парушаюць усе нормы і правілы. Нават у савецкі час — я ж служыў на гэтай граніцы, я пагранічнік — мы не выбудоўвалі сістэму сігналізацыйную там, дзе праходзілі звяры. Гэта паважалася заўсёды», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у Польшчы спансіруюць арганізацыю нелегальнай міграцыі. Інакш якім чынам мігранты аказваюцца ў Германіі? «Немагчыма, каб чалавек прайшоў праз усю краіну і яны гэтага не заўважылі. Немагчыма. Тым больш у цяперашняй сітуацыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І мы бачым гэты рух. Але мы мігрантаў — і аб гэтым я таксама папярэдзіў палякаў, літоўцаў і латышоў — не ловім. Чаму? Таму што адмовіліся супрацоўнічаць з намі па міграцыйнай палітыцы. Гэта факты. Адмовіліся, увялі супраць нас санкцыі».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў такой сітуацыі, вобразна кажучы, з пятлёй на шыі не абавязаны абараняць інтарэсы палякаў і прыбалтаў.