Прэзідэнт уручыў першыя ў гісторыі незалежнай Беларусі Дзяржаўныя знакі якасці.
Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці. З рук Аляксандра Лукашэнкі сімвалы Дзяржаўнага знака якасці за канкрэтную прадукцыю атрымалі кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў краіны і сталі першымі ў гісторыі нашай маладой незалежнай дзяржавы ўладальнікамі гэтай найвышэйшай узнагароды. Дэманструючы высокія патрабаванні да сваіх тавараў, нават ва ўмовах жорсткага санкцыйнага ціску айчынныя прадпрыемствы яшчэ раз пацвердзілі, што беларускае — гэта сінонім якасці.
Не толькі атрымаць, а і захаваць
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што любая суверэнная незалежная дзяржава, якая сябе такой лічыць, павінна мець свае сур’ёзныя, замацаваныя ў свядомасці людзей традыцыі. Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што гэты знакавы ва ўсіх сэнсах дзень стане традыцыяй.
Прэзідэнт нагадаў, што Дзяржаўны знак якасці — атрыбут афіцыйнага прызнання — быў заснаваны роўна год таму. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што першымі ўладальнікамі гэтай найвышэйшай ўзнагароды з’яўляюцца вядомыя ўсім маркі, пра якія мы з гонарам гаворым: «Зроблена ў Беларусi». «Яны прайшлі жорсткі адбор на адпаведнасць крытэрыям інавацыйнасці, тэхналагічнасці, бяспекі і шэрагу іншых», — канкрэтызаваў беларускі лідар.
Як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у лінейцы пераможцаў — нашы знакамітыя аўтатэхніка і прадукты, упадабаныя мільёнамі людзей розных кантынентаў. «Дзіцячае харчаванне, якім кормяць малых нават у далёкай Афрыцы, — дадаў ён. — І вядома, вырабы з беларускага лёну, аднаго з нашых нацыянальных сімвалаў».
Спіс намінантаў, па словах Прэзідэнта, мог быць яшчэ большым. «Годных — нямала, — падкрэсліў ён. — У конкурсе ўдзельнічала амаль 220 арганізацый-вытворцаў, на атрыманне адметнага знака прэтэндавала 660 тавараў. Гэта было спаборніцтва наймацнейшых і роўных. І тым больш каштоўная перамога для тых, хто перамог. Рэспубліканская атэстацыйная камісія і самыя строгія суддзі — каля 50 тысяч беларускіх грамадзян-спажыўцоў — вызначылі дваццатку самых знакавых айчынных тавараў».
Мэта традыцыі, якую адрадзілі, — стварыць механізм унутранай канкурэнцыі, пры якім, як акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, захаваць гэты ганаровы знак стане не менш важным і, магчыма, нават больш цяжкім, чым атрымаць.
«Сёння тут прысутнічаюць далёка не ўсе, хто прывёў свой тавар на вяршыню поспеху — каманднага поспеху, — заўважыў Прэзідэнт. — Ён немагчымы без правільнага кіравання і працы тых, хто стварае на прадпрыемстве ўнікальныя прадукты, — канструктараў і праекціроўшчыкаў, рабочых і тэхнічнага персаналу, сервісных брыгад, маркетолагаў і іншых. Словам, гэты поспех складзены з намаганняў сотняў і тысяч людзей. Усім вам — найвялікшы дзякуй. Вы, сапраўды, — героі сённяшняга дня».
«Гэта адначасова і канчатковы вынік, і шлях»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Год якасці і цяперашняя пяцігодка якасці — гэта самая актуальная стратэгія развіцця на дадзеным гістарычным этапе, наш адказ на выклікі часу, пытанне нацыянальнага суверэнітэту.
«Цяпер час вельмі жорсткай канкурэнцыі, — канстатаваў ён. — Ва ўсіх сферах: ад вытворчасці да грамадзянскай супольнасці. На ўсіх узроўнях — ад асабістай прафесійнай рэалізацыі да ўмацавання пазіцыі краіны ў глабальным светапарадку».
Па словах беларускага лідара, якасць — гэта адначасова і канчатковы вынік, і шлях. «Гэта наш асноўны рэсурс нароўні з працавітасцю, інтэлектам і дысцыплінай, дзякуючы якім мы жывём у незалежнай краіне насуперак беспрэцэдэнтнаму ціску, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Трыццаць гадоў — мірных і стваральных».
Прэзідэнт падкрэсліў: канкурэнцыя будзе заўсёды. «Бо тое, што мы ствараем (нават добрай якасці, найвышэйшай якасці), вымушана будзе канкурыраваць з іншымі дзяржавамі, якія робяць дакладна такія прадукты», — перакананы ён.
Як звярнуў увагу беларускі лідар, пачаўшы з рашэння надзённых пытанняў выжывання ў пачатку свайго шляху, мы цяпер выйшлі на траекторыю развіцця. «Развіцця, я вельмі спадзяюся, сур’ёзнага», — удакладніў ён і падкрэсліў, што дзесьці рывок ужо забяспечаны (маюцца на ўвазе прадукты харчавання), а недзе зроблены задзел на будучыню (напрыклад, у сферах дрэваапрацоўкі і электратранспарту).
«Але ўпор трэба рабіць на тое, што мы ўмеем рабіць, і тое, для чаго ў нас ёсць сыравіна», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
«Мэта — забяспечыць новую якасць нашага жыцця»
Вынікі Года якасці, якія былі падведзены ў Палацы Незалежнасці, — гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, вынік дзесяцігоддзяў развіцця краіны. «Таму заканамерна, што выстаўка нашых дасягненняў „Мая Беларусь“ у новым Мінскім міжнародным выставачным цэнтры стала галоўнай падзеяй мінулага года, — перакананы Прэзідэнт. — Я спадзяюся, што да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якое мы будзем святкаваць хутка, гэты выставачны цэнтр стане яшчэ прыгажэйшым».
Па словах кіраўніка дзяржавы, менш чым за месяц выстаўку «Мая Беларусь» наведала больш за 300 тысяч чалавек. «Яны ўбачылі вынік каласальнай, сапраўды гераічнай працы», — падкрэсліў ён і заўважыў, што ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры першым лаўрэатам Дзяржаўнага знака якасці будзе адведзена цэнтральнае месца.
«Як бы ні ставілі нам палкі ў колы, ключавыя галіны эканомікі даюць прырост, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — ВУП у 2024 годзе склаў 104 %. Як бы ні спрабавалі нам перакрыць кісларод, беларуская прадукцыя экспартавалася ў 154 краіны на агульную суму звыш 50 мільярдаў долараў. І мы нават выйшлі на 14 новых рынкаў збыту».
У Беларусі пабудаваны новыя аб’екты, працягваюць развіваць транспартную і жыллёва-камунальную інфраструктуру, укараняюць у вытворчасць сучасныя тэхналогіі. Задаволенасць спажыўцоў прамысловай прадукцыяй, як праінфармаваў кіраўнік дзяржавы, склала амаль 97%.
«Абвешчаная пяцігодка якасці — чарговая планка, вельмі высокая, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Яна не проста стане арыенцірам для работы галін эканомікі, але закране ўсе сферы і дзяржавы, і грамадства. Мэта — забяспечыць новую якасць нашага жыцця, імкненне да якой павінна стаць складам мыслення, нацыянальным стылем, калі хочаце, перадавацца з пакалення ў пакаленне». Пры гэтым, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, махавік пераемнасці павінен працаваць так, каб ніякі ўплыў звонку не змог пахіснуць устоі, закладзеныя ў дзяржаве.
«У нашых руках будучыня, у якой мы хочам і будзем жыць»
Прэзідэнт яшчэ раз выказаў падзяку ўсім тым, чые прафесіяналізм, талент, мэтанакіраванасць дазволілі годна выканаць пастаўленыя задачы. «У сучасным свеце інакш не выжыць», — удакладніў ён.
Віншуючы першых уладальнікаў Дзяржаўнага знака якасці, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што кожны з іх ведае, што перамога дасталася не дзякуючы раптоўнаму шанцаванню або патрапленню ў імгненны трэнд. «Гэта вынік упартай, адказнай працы, настойлівасці і адданасці справе, дысцыпліны і імкнення быць лепшымі за іншых і нават лепшымі за сябе ўчарашніх, — патлумачыў беларускі лідар. — Такіх добрасумленных вытворцаў, як вы, мы будзем заўсёды падтрымліваць».
Прэзідэнт пажадаў лаўрэатам новых поспехаў. «Менавіта яны робяць дзяржаву моцнай і квітнеючай, — падкрэсліў ён. — Толькі ў нашых руках будучыня, у якой мы хочам і будзем жыць. Ад гэтага нікуды не дзецца, бо час выбраў нас і мы, асабліва вы, хто сядзіць тут, акурат адпавядаеце гэтаму часу».
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да першых лаўрэатаў Дзяржаўнага знака якасці будзе прыцягнута самая сур’ёзная ўвага. «Вас хтосьці будзе падтрымліваць, хваліць, хтосьці будзе моцна лаяць, але вы першыя, вы навідавоку, — удакладніў ён. — Вы будзеце героямі не толькі сённяшняга дня, але, магчыма, нават цэлы год».
Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што, стаўшы першымі, утрымаць гэты ўзровень будзе няпроста. «Але я ведаю: вы ўтрымаецеся, — сказаў ён. — І не проста ўтрымаецеся, а створыце новыя інавацыйныя прадукты, тавары, якія будуць канкурыраваць на міжнародных рынках. І мне ніколі не будзе за вас сорамна, прадстаўляючы і прадаючы вашы тавары ў іншых дзяржавах».
Усім удзельнікам урачыстасці кіраўнік дзяржавы пажадаў здароўя і радасці, заўсёды адчуваць сябе на эмацыйным уздыме.
Вераніка КАНЮТА
Пастанова аб прысваенні прадукцыі Дзяржаўнага знака якасці была прынята Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь
У групе прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння Дзяржаўны знак якасці прысвоены кар’ерным самазвалам «БЕЛАЗ-7513»; трактару BELARUS-1222.3; аўтамабільнаму шасі МАЗ-631228-8575-012; жатцы для збожжавых культур ЖЗК-9-2 (камплектацыя 01) вытворчасці Гомельскага завода ліцця і нармаляў; легкавым шынам 215/60R17 мадэль BEL-402 96H, 225/65R17 мадэль BEL-411 102H (ААТ «Белшына»); мікрасхеме рэгуляванага стабілітрона К1242EP1БП (IL431АМ-1) вытворчасці ААТ «ІНТЭГРАЛ».
Дзяржаўны знак якасці таксама прысвоены групе прамысловых тавараў для насельніцтва. Гэта льняныя камплекты пасцельнай бялізны гандлёвай маркі «Поле кветак», артыкул 24С7 (РУП «Аршанскі льнокамбінат»); ламінаванае падлогавае пакрыццё VIVAFLOOR (ААТ «Гомельдрэў»); серыя вырабаў мэблі «Алезі» П1.350 (мэбля для спальні) вытворчасці «Пінскдрэў»; эмаль ПФ-115 (ААТ «Лакафарба»).
Адзначана Дзяржаўным знакам якасці і група харчовых тавараў: лінейка чорнага горкага шакаладу без дабаўлення цукру (СААТ «Камунарка»); згушчанае малако з масавай доляй тлушчу 8,5% (ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат»); пшанічная мука вышэйшага гатунку марак M54-28 і М54-25 (ААТ «Лідахлебапрадукт»); лініі прадуктаў «Мясныя падушачкі» (ААТ «Брэсцкі мясакамбінат»); сухія малочныя сумесі для харчавання дзяцей ранняга ўзросту BELLAKT PREMIUM 1 і BELLAKT PREMIUM 2; сыр цвёрды «Брэст-Літоўск вытрыманы» з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 45 % (ААТ «Савушкін прадукт»); хлеб «Каравай Прыдзвіння» (ААТ «Віцебскхлебпрам»).
Як расказаў генеральны дырэктар РУП «Аршанскі льнокамбінат» Алег Буянаў, прадпрыемства пазіцыянуе лінейку льняной прадукцыі пад агульным брэндам «Поле кветак», які стаў нацыянальным здабыткам. «Кожны турыст, які прыязджае ў Рэспубліку Беларусь, з задавальненнем набывае нашу прадукцыю — слава нашага беларускага лёну распаўсюджваецца на ўсе дзяржавы, — падкрэсліў ён. — Прадукцыя палюбілася і беларусам. Нашы людзі вельмі сур’ёзна адносяцца да сваіх сем’яў, да дзяцей, таму атачаюць іх клопатам, натуральнасцю, чысцінёй і экалагічнасцю — гэта ўсё сінонімы нашага беларускага лёну».
Кіраўнік прадпрыемства заўважыў, што калі раней беларусы бегалі і шукалі самыя танныя тавары, то цяпер аддаюць перавагу самым якасным. «Людзі гатовы плаціць за якасць», — удакладніў ён.
Дарэчы, лён, з якога на камбінаце вырабляюць тканіну, збіраюць на тэрыторыі розных абласцей. «Змешваем ніткі ў адно палатно і атрымліваем сапраўдны нацыянальны беларускі прадукт, у які ўсе жыхары Беларусі ўклалі часцінку сваёй душы», — адзначыў Алег Буянаў.
Па словах генеральнага дырэктара ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» Уладзіміра Луцкага, рагачоўская згушчонка вядомая далёка за межамі нашай краіны. «Наша прадукцыя пастаўляецца ў 14 краін свету, — канкрэтызаваў ён. — Акрамя традыцыйных рынкаў (Узбекістан, Таджыкістан, Казахстан), былі адгрузкі ў ЗША, Ізраіль. Нядаўна быў у камандзіроўцы ў М’янме: як высветлілася, у іх вялікая цікавасць да салодкага, асабліва да згушчонкі. Дамовіліся, што ў першым квартале гэтага года іх дэлегацыя прыляціць да нас, будзем абмяркоўваць канкрэтныя шляхі супрацоўніцтва».
Над стварэннем вядомага ўсім прадукту працуе вялікі калектыў, які, па словах гендырэктара прадпрыемства, многія гады ішоў да Дзяржаўнага знака якасці. «Вялікая адказнасць атрымаць яго з рук кіраўніка дзяржавы, — падкрэсліў Уладзімір Луцкі. — У той жа час гэта стымул рухацца наперад, развівацца, прасоўваць нашу рагачоўскую згушчонку яшчэ далей, яшчэ больш і на іншыя рынкі».
Кіраўнік камбіната падзяліўся, што ў бліжэйшы час у крамах краіны з’явіцца навінка, якую многія даўно чакалі, — малако згушчонае без лактозы. Ён не выключае, што і гэты прадукт у будучыні зможа разлічваць на найвышэйшую ўзнагароду ў галіне якасці.
Генеральны дырэктар ААТ «Гомельдрэў» Максім Салянік распавёў, што пры вырабе падлогавых пакрыццяў у большасці сваёй выкарыстоўваецца беларуская сыравіна. Дарэчы, супрацоўнікі прадпрыемства актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы бураломаў, якія сталі наступствам летняй непагадзі. Падыходзячую драўніну пасля і пускалі ў вытворчасць.
Па словах гендырэктара, у цяперашніх умовах вырабляць якасную прадукцыю няпроста. «Ёсць два кірункі — або якасна, або вельмі танна, — лічыць Максім Салянік. — Апошняе ўвогуле ніколі не атрымлівалася. Таму каб канкурыраваць на рынках, трэба вырабляць якасную прадукцыю. Акрамя таго, яе яшчэ трэба вырабіць своечасова. Падлогавае пакрыццё — гэта вялізны асартымент, і кампаніям, якія займаюцца гандлем у рознічнай сетцы, неабходна пастаяннае яго папаўненне».
«Гомельдрэў» — гэта чатыры вытворчыя пляцоўкі агульнай колькасцю 1900 чалавек. Дзве пляцоўкі размешчаны ў Гомелі, па адной — у Рэчыцы і Смалявічах (тут вырабляюць паркет з натуральных парод драўніны).
«Дзяржаўны знак якасці — гэта поспех усяго калектыву, бо на кожнай стадыі адбываецца кантроль якасці, — удакладніў кіраўнік прадпрыемства. — Увесь калектыў задзейнічаны ў вытворчасці канечнага прадукту. У цяперашні час распрацоўваем новыя віды падлогавых пакрыццяў. Гэтым самым паспрабуем яшчэ больш аказаць свой уплыў на рынках як Расійскай Федэрацыі, так і Блізкага Усходу».
Як падзяліўся генеральны дырэктар ААТ «Лідахлебапрадукт» Аляксандр Астроўскі, вялікі гонар адным з першых атрымаць з рук Прэзідэнта Дзяржаўны сімвал якасці. «Адчуваю гонар і за свой калектыў, — дадаў ён. — Дзесяцігоддзямі людзі напрацоўвалі вопыт, умацоўвалі брэнд, стваралі імідж нашаму прадукту. Сёння ўся гэтая работа атрымала заслужаную ўзнагароду. Гэта адказна і вельмі хвалююча».
Па словах гендырэктара, ва ўсе часы склада адпавядаць якасці. «Але імкнуцца да гэтага трэба, — лічыць ён. — Тым больш, як сказаў кіраўнік дзяржавы, адна справа — атрымаць такое прызнанне, а іншая, што больш складана, — утрымаць свае пазіцыі».
Прадпрыемства атрымала высокую ацэнку за муку вышэйшага гатунку. «Мы працуем над тым, каб яна прысутнічала ў кожнай краме, а самае галоўнае, — на стале кожнай гаспадыні, — сказаў Аляксандр Астроўскі. — Выпечка з нашай мукі атрымліваецца духмяная, мяккая, пышная, што стварае ўтульнасць у кожным доме». Прычым не толькі беларускім: лідскую муку добра ведаюць нават у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.
Па словах генеральнага дырэктара ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандра Саўчыца, за Дзяржаўным знакам якасці, прысуджаным прадукцыі прадпрыемства, — праца, праца і яшчэ раз праца. «Іншы раз непасільная, — удакладніў ён. — У 1998 годзе мы перапрацоўвалі 70 тон малака ў суткі, а сёння „Савушкін прадукт“ перапрацоўвае 5 тысяч тон малака ў суткі, плюс 3,5 тысяч тон сыроваткі».
Ён звярнуў увагу на тое, што сыр, за які прадпрыемства атрымала такую высокую ўзнагароду, — плён працы ўсяго калектыву. «Гэты сыр створаны нашымі рукамі: мы самі рыхтавалі тэхналогіі, стваралі, каштавалі, набівалі гузакі, а сёння ён заслужана займае першае месца не толькі ў нашай краіне, — адзначыў Аляксандр Саўчыц. — Сёння „Савушкін прадукт“ займае першае месца па вытворчасці сыроў на постсавецкай прасторы. Больш 80 тысяч тон мы вырабілі сыру ў мінулым годзе».
Генеральнага дырэктара, які працуе на прадпрыемстве 49-ты год, вельмі радуе, што вытворчасць расце, рухаецца наперад і абганяе многія сусветныя брэнды. Бо не толькі ў Беларусі, а і за мяжой добра ведаюць: калі хочаш якаснае — купляй беларускае.
Цалкам айчынны прадукт. Гонар вытворцаў сельгасмашын
У групе прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння адзначана жатка для збожжавых культур ЖЗК-9-2 (камплектацыя 01) вытворчасці ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармаляў».
Сёння на гэтым прадпрыемстве вырабляецца больш за 100 найменняў прычапной і навясной тэхнікі. Вытворчасць сельскагаспадарчых машын вядзецца на плошчах ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармаляў» і ААТ «Гомсельмаш». Адзначаная жатка запатрабавана не толькі сярод беларускіх сельгасарганізацый, але і ў гаспадарках Расійскай Федэрацыі і Казахстана.
— Асабліва сімвалічна, што на старце аб’яўленнай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Пяцігодкі якасці прадукцыя нашага прадпрыемства ўвайшла ў лік уладальнікаў Дзяржаўнага знака якасці. Адзнака на такім высокім узроўні для калектыву — доказ таго, што трэба і надалей пацвярджаць якасць нашай прадукцыі, развівацца, станавіцца яшчэ лепш, — падкрэсліў першы намеснік галоўнага інжынера ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармаляў» Алег Шляхто.
На прадпрыемстве перакананы, што гандлёвыя партнёры, дылеры, якія займаюцца прасоўваннем беларускай сельгастэхнікі, таксама ацэняць высокае прызнанне прадукцыі гомельскіх вытворцаў сельгасмашын.
— Бо з савецкага часу ўсе памятаюць, што тэхніка, прадукцыя з Дзяржаўным знакам якасці — гэта найлепшае! І гэта стымулюе наш калектыў удасканальваць работу, — адзначыў Алег Шляхто. — Жатку для збожжавых культур ЖЗК-9-2 — плануем і далей мадэрнізаваць, яшчэ паляпшаць яе характарыстыкі, бо вытворчасць сельгасмашын вельмі хутка развіваецца. Адзначу, што машыну такой высокая якасці нам удалося атрымаць дзякуючы ўкараненню высокіх тэхналогій, выкарыстанню ў працэсе яе вытворчасці рабатызаваных комплексаў.
Жатка аснашчана сучасным шматфункцыянальным раз’ёмам злучэння з камбайнам. Асаблівасць машыны — і ў распрацаванай сістэме гідраўлікі, якая дазваляе рабочыя органы жаткі аўтаматызаваць і сінхранізаваць згодна з рухам камбайна, што павышае прадуктыўнасць работы тэхнікі ў цэлым.
Але галоўны гонар для вытворцаў у тым, што машына — цалкам айчынны прадукт. Амаль на 80 % жатка — вынік работы гомельскіх вытворцаў сельгасмашын.
Вераніка КАНЮТА, Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота: БелТА