«Арганізацыя павінна займацца бяспекай і супрацоўніцтвам у Еўропе»
Перад пачаткам IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ў Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і генеральнага сакратара АБСЕ Ферыдуна Сінірліаглу.

«Падтрымліваць і наводзіць парадак у нашым агульным доме, еўрапейскім»
«Я прытрымліваюся пункту гледжання, што шматпалярны свет і разнастайнасць — гэта тое, што трэба сёння нашай планеце, — адзначыў беларускі лідар. — У душы, я ўпэўнены, вы гэтага прынцыпу прытрымліваецеся. Вы — чалавек вопытны. У ваш час закладвалася гэта ідэя — супрацоўніцтва розных краін, супрацоўніцтва ўсіх і з усімі, дыялогу і размовы. Таму невыпадковы ваш прыезд на нашу канферэнцыю. Мы гэта вельмі цэнім. Што датычыцца АБСЕ, павінен сказаць, што ў нас неадназначнае стаўленне да гэтай арганізацыі з-за вядомых вам прычын. Але, прафесійна абмяркоўваючы ролю АБСЕ, хацеў бы сказаць, што мы заўсёды будзем змагацца за тое, каб наша арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе вярнулася да сваіх прафесійных абавязкаў і працавала ў напрамку бяспекі і супрацоўніцтва».
«У Еўропе не першы год ідзе вайна. Для АБСЕ гэта сур’ёзны выклік. Ніякай рэакцыі з боку гэтай арганізацыі. Можа, яна і ёсць, але я пра яе нічога не ведаю, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — А трэба было б, каб кіраўнікі дзяржаў — членаў АБСЕ пра гэта ведалі».
Па словах Прэзідэнта, АБСЕ скацілася на рэйкі нейкай крытыкі толькі ў адным кірунку і адных і тых жа дзяржаў. Напрыклад, арганізацыя накіроўвае на выбары, на час правядзення электаральнай кампаніі місію назіральнікаў з загадзя падрыхтаванымі дакладамі. Для ўсіх відавочна, пра што скажа АБСЕ ў Расіі, Беларусі і пра што будзе казаць арганізацыя, сакратарыят АБСЕ ў адрас выбараў у заходніх краінах. Адзін з прыкладаў — выбары ў Кангрэс ЗША, дзе АБСЕ наогул не прысутнічае, назіральнікаў туды на парог не пусцілі. «Як нам да гэтага ставіцца? — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы. — Мы ставімся спакойна».

«Яшчэ раз паўтару: арганізацыя павінна займацца бяспекай і супрацоўніцтвам у Еўропе. Падтрымліваць і наводзіць парадак у нашым агульным доме, еўрапейскім. Ну, амерыканцы так падумалі і вырашылі: калі мы не можам у сябе ў доме навесці парадак, чаго ехаць у нейкі іншы дом і за нейкімі пытаннямі назіраць», — заўважыў беларускі лідар.
«Мы вельмі не хочам, каб АБСЕ паўтарыла ўсе памылкі ААН», — сказаў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу на асаблівую ролю еўрапейскай арганізацыі. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў АБСЕ працуе шмат прафесійных людзей, якія разумеюць, што адбываецца, і будуць дзейнічаць у правільным кірунку. «Сведчаннем таму з’яўляецца ваш прыезд у Беларусь і наведванне дадзенай канферэнцыі. Гэта сур’ёзны сігнал іншым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да генеральнага сакратара АБСЕ.
«Мы чакаем, калі АБСЕ пачне займацца бяспекай і супрацоўніцтвам. Даўно трэба было (нават вам) выступіць з ініцыятывай аб пасяджэнні кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ для таго, каб абмеркаваць нашы еўрапейскія справы. Яны далёка-далёка ад ідэалу», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым няма віны кіраўніка Сакратарыята, гэта, хутчэй, пытанні да лідараў дзяржаў. «Гэта мы вінаватыя, кіраўнікі дзяржаў, якія вяршаць справы. Плюс Канада і ЗША, удзельнікі АБСЕ. Мы дрэнна працуем. Але ад Сакратарыята мы хацелі б больш ініцыятывы ў гэтым плане», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы не павінны зрабіць войны нармальным станам нашага жыцця»
У сваю чаргу генеральны сакратар АБСЕ Ферыдун Сінірліаглу падзякаваў за запрашэнне наведаць Беларусь, прыняць удзел у IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, а таксама за магчымасць асабістай сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы. «Я ведаю, што Беларусь адыгрывае вельмі важную ролю, асабліва з пункту гледжання абменаў ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, якія адбываюцца апошнім часам», — сказаў Ферыдун Сінірліаглу.
Ён звярнуў увагу на тое, што цяпер вельмі складаныя часы, калі ёсць значныя рызыкі для бяспекі. «Не толькі ў нашым рэгіёне сёння ідзе вайна. Але таксама мы задумваемся аб праблеме татальнай вайны і іншых лакальных канфліктаў, якія адбываюцца. Гэта ўяўляе вельмі вялікую небяспеку для свету. Мы не павінны зрабіць войны і канфлікты нармальным станам нашага жыцця», — падкрэсліў генеральны сакратар АБСЕ.
Надзея ЗУЕВА