Top.Mail.Ru

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі

Раптоўнасць і максімальная аб’ектыўнасць


Раніцай у сераду Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Дзяржсакратар падрабязна далажыў Галоўнакамандуючаму аб ходзе маштабнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл краіны, якая праводзіцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнту даложана аб завяршэнні другога этапу, у рамках якога правяралася боегатоўнасць большасці воінскіх часцей практычна ва ўсіх аб’яднаннях Узброеных Сіл, уключаючы сілы спецыяльных аперацый. Праведзены кантрольныя заняткі на палігонах па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы, на што па патрабаванні Прэзідэнта быў зроблены асноўны акцэнт.

У ходзе праверкі боегатоўнасці ў ролі ўмоўнага праціўніка былі задзейнічаны падраздзяленні ўнутраных войскаў МУС. Прэзідэнту даложана папярэдняя ацэнка дзеянняў ваеннаслужачых Узброеных Сіл і ўнутраных войскаў, наколькі прафесійна яны справіліся з пастаўленымі задачамі.

Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача старанна прааналізаваць выяўленыя па ходзе праверкі недахопы — з мэтай вызначыць слабыя месцы і палепшыць падрыхтоўку асабовага складу, уключаючы афіцэрскае звяно.

У цэлым праверка будзе працягнутая. Чакаецца, што будзе правераны яшчэ шэраг воінскіх часцей, для ацэнкі ўзроўню падрыхтоўкі ва ўсіх відах і родах Узброеных Сіл. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: па выніках праверкі важна атрымаць рэальную карціну здольнасці і гатоўнасці Узброеных Сіл дзейнічаць у адпаведнасці з іх прызначэннем. Таму акцэнт робіцца на раптоўнасць і максімальную аб’ектыўнасць ацэнкі воінскіх часцей, што правяраюцца.

«Дзейнічалі ў максімальна набліжаных да рэальнага становішча ўмовах»

Па выніках даклада ў размове з журналістамі дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што завяршыўся чарговы (другі) этап маштабнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл. «Яго асаблівасць заключалася ў тым, што ў ходзе яго праверцы баявой гатоўнасці былі падвергнуты большасць воінскіх часцей пастаяннай гатоўнасці практычна ва ўсіх аб’яднаннях Узброеных Сіл, у тым ліку ў сілах спецыяльных аперацый, якія адначасова ў розных рэгіёнах нашай краіны выконвалі задачы, — падкрэсліў ён. — Задача, якую паставіў Прэзідэнт перад службовымі асобамі Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, заключаецца ў тым, што ў аснову праверкі павінны быць пастаўлены раптоўнасць, патрабавальнасць і максімальная аб’ектыўнасць ацэнкі воінскіх часцей, што правяраюцца. Прэзідэнту патрэбна рэальная карціна здольнасці і гатоўнасці нашых Узброеных Сіл дзейнічаць у адпаведнасці з іх прызначэннем». 


У сувязі з гэтым Дзяржаўным сакратарыятам была створана складаная абстаноўка, максімальна набліжаная да баявых дзеянняў. За аснову, вядома ж, бралі вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі. Аляксандр Вальфовіч дадаў, што ў ходзе ўсяго часу гэтага этапу праверкі ў ролі праціўніка воінскіх часцей, што правяраюцца, выступілі падраздзяленні ўнутраных войскаў. «Прэзідэнту было даложана аб тым, што падраздзяленні ўнутраных войскаў паказалі сябе вельмі падрыхтаванымі і прафесійна навучанымі, — заўважыў дзяржсакратар Савета Бяспекі. — У асноўным яны ўкамплектаваныя ваеннаслужачымі кантрактнай службы. Вядома, гэта дастаўляла асаблівы клопат воінскім часцям, што правяраюцца. Ім было няпроста процідзейнічаць гэтаму вучэбнаму патэнцыяльнаму праціўніку. Але ў рэальных умовах прасцей не будзе».

Акрамя таго, цяжкасцяў воінскім часцям, што правяраюцца, дадалі няпростыя ўмовы надвор’я. Мароз, снег, потым рэзкае пацяпленне, туманы, асабліва ў ранішнія гадзіны, ледзяны дождж, галалёдзіца — усё гэта ўскладняла прымяненне ўзбраення і ваеннай тэхнікі, выклікала абледзяненне прыцэлаў і гэтак далей. Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Вальфовіч, асабовы склад умела дзейнічаў, устараняў тыя няспраўнасці, затрымкі, якія накладвала прырода. «Але ў рэальным баі хто будзе выбіраць надвор’е? — заўважыў дзяржсакратар Савета Бяспекі. — Таму дзейнічалі ў максімальна набліжаных да рэальнага становішча ўмовах». 

«Агнявая вывучка, фізічная падрыхтоўка для ваеннаслужачых — гэта аснова, якая патрэбна на полі бою»

Паводле слоў Аляксандра Вальфовіча, у ходзе другога этапу ставілася задача адпрацаваць як мага больш шырокі спектр задач. «Таму, акрамя прывядзення ў баявую гатоўнасць, былі адпрацаваныя пытанні загрузкі матэрыяльных сродкаў на транспарт, атрыманне боепрыпасаў на пэўных складах, здзяйсненне маршаў на розныя адлегласці пры ўздзеянні на ваеннаслужачых умоўнага праціўніка, заняцце вузлоў супраціўлення і вядзенне там баявых дзеянняў з адпрацоўкай адпаведных пытанняў усебаковага забеспячэння. Пры гэтым розным воінскім часцям дасталіся розныя маршруты», — дадаў ён.

Фінальным этапам праверкі стала правядзенне кантрольных заняткаў на палігонах па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы. «Таму што агнявая вывучка, фізічная падрыхтоўка для ваеннаслужачых — гэта аснова, якая патрэбна на полі бою, — заўважыў Аляксандр Вальфовіч. — Калі ваеннаслужачы ўмее ўжываць сваё ўзбраенне, дакладна, трапна страляе і сам вынослівы, то ён справіцца з усімі задачамі. Астатняе можна падкарэкціраваць. Калі гэтага няма, то за 1-2 дні гэтаму не навучыш. У цэлым ваеннаслужачыя паказалі сябе годна. Недахопы ёсць, яны будуць прааналізаваны. Самае галоўнае, і гэтага патрабаваў Прэзідэнт, — не паставіць адзнаку таму, каго мы правяраем, а выявіць слабыя месцы, слабыя моманты, паглядзець, што не атрымалася ў штабоў тактычнага ўзроўню, на што трэба звярнуць увагу ў падрыхтоўцы афіцэрскага складу, асабовага складу. Усё гэта будзе прааналізавана і ўлічана ў будучыні». 

«Кропка ў праверцы яшчэ не пастаўлена, кожны камандзір павінен быць гатовы атрымаць распараджэнне Прэзідэнта і выканаць пастаўленыя задачы

Дзяржсакратар Савета Бяспекі падкрэсліў, што найбольш яркім, прыкметным этапам гэтай праверкі стала раптоўнае прыбыццё Галоўнакамандуючага на Барысаўскі палігон у пятніцу, 13 лютага. «Ніхто не чакаў такога, і гэта сапраўды было раптоўным фактарам. Прэзідэнт асабіста вырашыў пераканацца ў тым, наколькі падрыхтаваны нашы ваеннаслужачыя. Яго цікавіла ўсё дэталёва: і раён размяшчэння асабовага складу, чаму выбраны менавіта гэты ўчастак мясцовасці, дзе пражываюць ваеннаслужачыя, і наколькі гэтыя бліндажы і зямлянкі абараняюць ад уздзеяння беспілотнікаў і іншых сродкаў паражэння, як і чым харчуюцца людзі, што сёння ў экіпіроўцы асабовага складу. І, вядома ж, у першую чаргу Прэзідэнт цікавіўся, наколькі ваеннаслужачыя ўмеюць прымяняць сваё ўзбраенне, ваенную тэхніку, наколькі навучаны страляць». 

Аляксандр Вальфовіч дадаў, што ў асабовага складу, вядома, прысутнічала хваляванне. «Ну пастаўце сябе на месца маладога салдата, калі ў цябе за спінай стаіць Прэзідэнт краіны, твой Галоўнакамандуючы, і ты выконваеш практыкаванні. У кагосьці лепш атрымалася, у кагосьці горш. Былі зробленыя пэўныя заўвагі, і гэта аб’ектыўна. Кіраўнік дзяржавы не па чутках ведае ваенную службу, сам служыў у пагранічных войсках, праходзіў афіцэрскую службу ў нашай 120-й брыгадзе. Дарэчы, да гэтай брыгады Галоўнакамандуючы прад’яўляе асаблівыя патрабаванні як аднапалчанін і як бацька-камандзір у тым ліку. Гэта наша сталічная брыгада, якая павінна быць гатовая выканаць любыя задачы ў любой абстаноўцы».

Паводле слоў Аляксандра Вальфовіча, усе атрыманыя да гэтага часу вынікі праверкі будуць дэталёва прааналізаваны і ўлічаны ў будучыні. «І не дзеля адзнакі, а дзеля таго, каб можна было нешта паправіць і палепшыць у падрыхтоўцы Узброеных Сіл, — заўважыў ён. — Як сказаў Прэзідэнт, асабовы склад не павінен расслабляцца. Сітуацыя такая, што мы павінны быць гатовыя кожны дзень адпрацаваць пытанні раптоўнай праверкі. У адпаведнасці з задумай, мы правяралі пакуль толькі сухапутныя войскі, гэта значыць, экзамен трымалі мотастралкі, механізаваныя падраздзяленні, танкісты. У нас ёсць і іншыя віды Узброеных Сіл, ад дзеянняў якіх таксама залежыць поспех на полі бою. Гэта і авіяцыя, і СПА, і іншыя роды войскаў. Таму кропка ў праверцы яшчэ не пастаўлена, кожны камандзір павінен быць гатовы атрымаць распараджэнне Прэзідэнта і выканаць пастаўленыя задачы».

Нягледзячы на складаныя ўмовы, асабовы склад прадэманстраваў высокі маральны дух. «Адпачываць ваеннаслужачым практычна не давялося. На працягу амаль двух тыдняў у рэжыме 24/7 яны працавалі і выконвалі задачы, прадэманстраваўшы высокі маральны дух і волю да перамогі. З такім асабовым складам мы справімся з любымі задачамі, — упэўнены Аляксандр Вальфовіч. — Яшчэ раз паўтару: мы працуем не на адзнаку, а на тое, каб быць гатовым абараніць сваю краіну, абараніць свае нацыянальныя інтарэсы, нашу суверэнітэт, нашу Рэспубліку Беларусь». 

Дзяржсакратар Савета Бяспекі дадаў, што ваеннаслужачыя выканалі не толькі пешы марш-кідок на палігонах, але і марш на тэхніцы на пэўныя рубяжы. Падчас маршу на кожнае падраздзяленне аказвалі ўздзеянне ўнутраныя войскі, якія выступалі ў якасці ўмоўнага праціўніка. Пры гэтым уздзеянне аказвалася ў тым ліку з выкарыстаннем БПЛА. Тут Аляксандр Вальфовіч адзначыў важнасць сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

«У падраздзяленні 120-й брыгады паступілі нашы сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія былі ўстаноўлены на тэхніку. І ўздзеянне квадракоптараў на калоны, якія ішлі, не ўвянчалася поспехам. Гэта значыць, нашы сродкі паказалі эфектыўнасць, і ў бліжэйшы час яны будуць паступаць і ў іншыя воінскія часці, — удакладніў ён. — Спецыяльная ваенная аперацыя паказвае, што без такіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ніводная расійская або ўкраінская калона не здзяйсняе рух. На мой погляд, сродкі радыёэлектроннай барацьбы найбольш эфектыўныя, каб абараніць ці засцерагчы асабовы склад».

Гаворачы аб падрыхтоўцы салдат, Аляксандр Вальфовіч адзначыў: «Ваеннаслужачыя, якія праслужылі год ці паўтара года, паказалі значна больш высокі вынік, чым тыя, каго мы прызвалі восенню», — канстатаваў дзяржсакратар. 

«Лішнія грошы народа мы не трацім»

Адно з пытанняў журналістаў датычылася фінансавання мерапрыемстваў, якія праходзяць у рамках маштабнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл. Бо на правядзенне марш-кідкоў, абслугоўванне і прасоўванне тэхнікі, матэрыяльнае забеспячэнне асабовага складу і іншыя мэты патрабуюцца грашовыя сродкі. Журналісты пацікавіліся, наколькі гэтыя выдаткі прадугледжаны ў бюджэце, улічваючы раптоўны характар праверкі. «Усе мерапрыемствы ўкладваюцца ў тыя праграмы падрыхтоўкі, якія спланаваныя на гэта паўгоддзе. Нічога дадатковага. Лішнія грошы народа мы не трацім. Мы ўмеем лічыць капейку», — запэўніў дзяржсакратар.

Практычна ніякіх дадатковых выдаткаў падчас гэтай раптоўнай праверкі не было. «Усе выдаткі закладзены ў бюджэт Узброеных Сіл на гэты навучальны год. Мы не праводзім раптоўных вучэнняў, як гэта робяць нашы суседзі на сумежнай тэрыторыі Польшчы, краін Балтыі. Там колькасць вучэнняў зашкальвае. На сённяшні дзень на еўрапейскім кантыненце ідзе сем вучэнняў даволі вялікай інтэнсіўнасці», — дадаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Вальфовіча, пры распрацоўцы задумы раптоўнай праверкі і падрыхтоўцы да яе правядзення ўлічвалася, што на той момант большасць воінскіх часцей ужо былі выведзены на палігоны ў ходзе планавай баявой падрыхтоўкі. І ўсе элементы — ці то здзяйсненне маршаў, ці то выкананне практыкаванняў кантрольных стрэльбаў, так або інакш адпрацоўваліся б у планавым парадку — калі не сёння, то заўтра. «Гэта закладзена праграмай баявой падрыхтоўкі: этапы зладжвання аддзяленняў, узводаў, рот, якія завяршаюцца зладжваннем батальёнаў і брыгад, — патлумачыў Аляксандр Вальфовіч. — Тыя элементы, якія мы правяралі (падчас раптоўнай праверкі боегатоўнасці. — „Зв.“), ёсць у праграме баявой падрыхтоўкі. Розніца толькі ў тым, што адбылося гэта не ў планавым парадку, а раптоўна».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю