Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі заслухаў даклад міністра абароны

Ваенна-палітычнае становішча вакол краіны спакойнае, сітуацыя на паўднёвай граніцы — таксама 


Кіраўніку дзяржавы даложана аб мерапрыемствах ваеннай падрыхтоўкі ва Узброеных Сілах, абстаноўцы вакол краіны, дапамозе аграрыям з боку ваеннаслужачых у перыяд уборачнай кампаніі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Што датычыцца падрыхтоўкі асабовага складу, яна праводзіцца на планавай аснове з улікам аналізу і высноў, зробленых па выніках комплекснай праверкі ў пачатку года. Віктар Хрэнін далажыў, што ваенна-палітычнае становішча складваецца спакойнае, а напружанне ў большай ступені прысутнічае ў інфармацыйным полі. Вялікай актыўнасці ўзброеных сіл краін НАТА ў цяперашні час не фіксуецца.


Аналагічна і на паўднёвых рубяжах — з сумежнага боку няма прыкмет падрыхтоўкі да якіх-небудзь агрэсіўных дзеянняў. У прыгранічнай зоне на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца мінімальны камплект падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый, якія забяспечваюць бяспеку ва ўзаемадзеянні з пагранічнікамі.

Яшчэ адна тэма дакладу датычылася ўборачнай кампаніі. Ваеннаслужачыя ў гэтым пытанні традыцыйна аказваюць падтрымку аграрыям. Прэзідэнту дэталёва даложана, у якіх рэгіёнах ваеннаслужачыя выконваюць адпаведныя задачы, колькі выдзелена тэхнікі і механізатараў.

Размова таксама ішла аб рэалізацыі дадзенага на селектарнай нарадзе даручэння Аляксандра Лукашэнкі аб накіраванні ў армію недысцыплінаваных і нядобрасумленных работнікаў уборачнай кампаніі. Міністр абароны далажыў Прэзідэнту прапанову аб падключэнні да выканання пастаўленай задачы ваенных камісараў у рэгіёнах. 


«Напружанне, якое існуе, больш знаходзіцца ў інфармацыйным полі»

У размове з журналістамі міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін расказаў, што ён далажыў Прэзідэнту Беларусі, Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі аб усіх асноўных мерапрыемствах, у якіх удзельнічаюць Узброеныя Сілы краіны. Значная частка дакладу датычылася ваенна-палітычнага становішча вакол нашай краіны і сітуацыі на паўднёвай граніцы. 

«У цэлым размова была пабудавана вакол гэтых асноўных тэм, — канстатаваў міністр абароны, дадаўшы, што ваенна-палітычнае становішча, якое складваецца вакол нашай краіны, можна ахарактарызаваць як стабільнае. — Сёння напружанне, якое існуе, больш знаходзіцца ў інфармацыйным полі. Адсочваючы дзейнасць узброеных сіл краін НАТА, мы сёння не бачым вялікай актыўнасці. У сумежных краінах праходзіць мінімальная колькасць вучэнняў — усяго адно, мінімальная колькасць палётаў. Таму мы лічым, што яна (абстаноўка вакол краіны. — „Зв.“) стабільная, і нейкай пагрозы, напружання, падрыхтоўкі да раптоўнага нападу мы не бачым». 

Што датычыцца паўднёвых рубяжоў Беларусі, то кіраўнік абароннага ведамства канстатаваў, што з боку ўкраінскіх фарміраванняў няма прыкмет падрыхтоўкі да агрэсіўных дзеянняў. «На сённяшні дзень мы не бачым, што ад украінскіх фарміраванняў, якія забяспечваюць прыкрыццё сваёй граніцы, зыходзіць падрыхтоўка да нейкіх агрэсіўных актыўных дзеянняў. Нягледзячы на тое, што ў інфармацыйным полі гучыць усё што заўгодна, для іх напружанне на нашай граніцы не патрэбнае, — падзяліўся міністр абароны. — Мы, вядома ж, не расслабляемся, адсочваем. Сёння на граніцы, і ўчора Прэзідэнт гэта падкрэсліў, знаходзіцца мінімальны камплект падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый, якія ва ўзаемадзеянні з пагранічнікамі забяспечваюць пытанні бяспекі ў прыгранічнай зоне. Самае галоўнае — мы павінны быць гатовыя да любых раптоўных дзеянняў. Таму гэты мінімальны камплект войскаў мы там трымаем». 

Падрыхтоўка асабовага складу праводзіцца на планавай аснове з улікам аналізу і высноў, зробленых па выніках комплекснай праверкі ў пачатку года, адзначыў міністр. 


Таксама Віктар Хрэнін абверг укіды аб будаўніцтве Беларуссю ўмацаваных раёнаў на граніцы з Украінай. «Зноў-такі, гэта тая вайна ў інфармацыйным полі, якая вядзецца супраць нас, — канстатаваў Віктар Хрэнін. — Так, вядома, чулі і глядзім з усмешкай на тыя заявы, што мы нібыта рыхтуем нейкія там абарончыя раёны, яшчэ да нечага рыхтуемся... Мы выдатна разумеем, што гэта робіцца толькі з адной мэтай — стварыць напружанне і ў нашым грамадстве, ды і ва ўкраінскім таксама, убіваючы кліны, робячы з нас ужо лютых ворагаў. Гэта не адпавядае ніякай рэчаіснасці». 

Міністр абароны нагадаў, што раней кіраўнік дзяржавы даў даручэнне абсталяваць умацаваныя раёны ўздоўж граніц Беларусі. «Гэта даручэнне выканана. Пяць умацаваных раёнаў уздоўж заходняй і паўночнай граніц абсталяваны, ідзе іх актыўнае ўдасканаленне. На паўднёвай граніцы і ў планах нават няма стварэння нейкіх умацаваных раёнаў, абарончых рубяжоў», — паведаміў ён.

Кіраўнік абароннага ведамства таксама адзначыў, што ў Беларусі існуе дзяржаўная праграма па добраўпарадкаванні і развіцці Палесся. «Там цяпер актыўна вядзецца рэканструкцыя і рамонт мастоў, добраўпарадкаванне дарог, абсталююцца новыя раёны адпачынку для грамадзян. Вось гэта ўсё ўспрымаецца так, быццам бы ідзе нейкая падрыхтоўка. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Мы не звяртаем увагу на гэта, ды і людзям трэба прапускаць міма вушэй», — лічыць Віктар Хрэнін.


«У бітве за ўраджай мы не знаходзімся ўбаку»

Яшчэ адна тэма даклада датычылася ўборачнай кампаніі. Ваеннаслужачыя ў гэтым пытанні традыцыйна аказваюць падтрымку аграрыям. «Мы, людзі ў пагонах, у бітве за ўраджай, як і ў бітве за нашу бяспеку, ні ў якім разе не знаходзімся ўбаку. Я дэталёва далажыў кіраўніку дзяржавы, дзе, у якіх раёнах, абласцях ваеннаслужачыя выконваюць задачы, колькі і якой тэхнікі мы выдзелілі, якіх паказчыкаў дасягнулі і ў якіх аб’ёмах», — расказаў кіраўнік абароннага ведамства.

Размова падчас даклада зайшла аб рэалізацыі даручэння Прэзідэнта, дадзенага на селектарнай нарадзе, аб накіраванні ў армію недысцыплінаваных і нядобрасумленных работнікаў уборачнай кампаніі. Міністр абароны далажыў Прэзідэнту прапанову аб падключэнні да выканання гэтай задачы ваенных камісараў у рэгіёнах. «Я далажыў, як будзе выконвацца даручэнне кіраўніка дзяржавы. Да гэтай работы цяпер будуць далучаныя ваенкамы, якія ў бліжэйшы час правядуць сумесныя нарады з кіраўнікамі мясцовых органаў улады на месцах і вызначацца з паслядоўнасцю, — канкрэтызаваў Віктар Хрэнін. — Далей, як сказаў Прэзідэнт, не з кабінетаў, а ў полі — выедуць у сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, арганізуюць з імі ўзаемадзеянне і будуць працаваць, аказваючы дапамогу і падтрымку».

Пры гэтым, падкрэсліў ён, гаворка зусім не ідзе пра тое, каб узяць кагосьці на перавыхаванне. «Будзем браць для таго, каб удасканальваць баявую вывучку нашых людзей, асабліва ваеннаабавязаных», — рэзюмаваў кіраўнік абароннага ведамства.

Пазней міністр абароны правёў нараду ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі з ваеннымі камісарамі, дзе дэталёва абмяркоўвалася выкананне даручэння кіраўніка дзяржаы.


Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю