Top.Mail.Ru

Прэзідэнт заслухаў даклад аб прапановах па карэкціроўцы мерапрыемстваў Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026 — 2030 гады

«Мы выбралі сабе такую прафесію — Радзіму абараняць. І ў розных умовах гэта будзем рабіць»


Дакумент вызначае задачы арміі ў мірны і ваенны час. Даклад ваенных — мерапрыемства планавае. У ім прынялі ўдзел дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік дзяржаўнага сакратара Андрэй Гарбаценка, міністр абароны Віктар Хрэнін, начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Уладзімір Купрыянюк, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Аляксандр Ільюкевіч і камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Андрэй Лук’яновіч. 

У ходзе абмеркавання прапаноў па карэкціроўцы мерапрыемстваў Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026 — 2030 гады Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў атаку беспілотніка на аўтобус з грамадзянамі Беларусі, якая 17 чэрвеня адбылася на тэрыторыі Бранскай вобласці. 


«Вайна сёння не проста дзесьці далёка, а ў нас за плотам, а часам і бліжэй»

Галоўнакамандуючы нагадаў, што ў пачатку года была праведзена маштабная праверка Узброеных Сіл. «У першым набліжэнні вынікі мы разгледзелі, я лічу, шчыра, нічога не хаваючы, — канстатаваў ён. — Па маіх даных, само абмеркаванне і вынікі (праверкі Узброеных Сіл. — „Зв.“) у арміі ўспрыняты вельмі станоўча. Людзі ў ваенных пагонах на гэта адрэагавалі станоўча. Але было пры разглядзе ўказана на шэраг фактараў і аспектаў, якія вы ў арміі павінны былі абмеркаваць і далажыць з мэтай карэкціроўкі Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года».

Прэзідэнт звярнуў увагу ваенных на тое, аб чым ужо неаднойчы папярэджваў. «Вайна сёння не проста дзесьці далёка, а ў нас за плотам, а часам і бліжэй, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Чужыя войны бываюць, але не настолькі, як сёння. А тым больш, калі гэта вайна каля нашых граніц. Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца рознага кшталту не правакацыі, а прамыя парушэнні і дамоўленасцяў, і паводзінаў у вайне асобных дзяржаў».

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў нанясенне ўдару па інтэрнаце ў Старабельску, у выніку чаго загінулі людзі, у тым ліку дзеці, а таксама ўдар беспілотніка па аўтобусе з грамадзянамі Беларусі, які напярэдадні адбыўся ў Бранскай вобласці. 

«Мы ўсё роўна ўстановім гэту праўду» 

Каменціруючы атаку беспілотніка на аўтобус з беларускімі грамадзянамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ваенныя людзі павінны разумець усе аспекты. «Мы не спяшаемся рабіць пэўныя высновы, — удакладніў беларускі лідар. — Але мы дакладна канстатуем факт, што гэты беспілотнік — украінскага паходжання. Гэта ўкраінскі беспілотнік».

Па словах Прэзідэнта, украінскі бок даў адказ на прэтэнзіі беларускага боку ў сувязі з інцыдэнтам у Бранскай вобласці, заявіўшы, што многія купляюць гэтыя беспілотнікі. «Гэта значыць, гэта не мы, гэта нехта купіў, а, можа быць, пэўная правакацыя, ажно да таго, што гэта ледзь не расіяне нанеслі падобны ўдар, — агучыў кіраўнік дзяржавы пазіцыю ўкраінскага боку. — Але некаторыя рэчы ўжо сёння вядомыя. Яны (украінцы. — «Зв.») гавораць, што ў гэты час не наносіліся ўдары па Бранскай вобласці. Але той жа кіроўца аўтобуса кажа аб тым, што ён асабіста (напэўна, як і іншыя, — следства пакажа) бачыў не адзін дрон, а некалькі, якія, як ён гаворыць, гудзелі і лёталі над аўтобусам. Адзін з гэтых дронаў, дзякуй богу, не магутны дрон, ударыў у аўтобус. У выніку загінуў чалавек і пацярпелі нашы дзеці». 

Канспіралагічных версій здарэння, па словах Прэзідэнта, тут звышдастаткова. «Каму трэба, той адрэагаваў са сваімі заўвагамі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекі Аляксандру Вальфовічу даручана ў бліжэйшы час узяць гэта пытанне на кантроль, пасля чаго кіраўніку дзяржавы даложаць, што на самай справе адбылося на тэрыторыі Бранскай вобласці. 

«Калі нас хтосьці правакуе і спрабуе, як некаторыя гавораць, уцягнуць у вайну, думаю, што гэта дрэнна абыдзецца тым, хто гэта спрабуе зрабіць, — папярэдзіў беларускі лідар. — Мы паводзім сябе спакойна. Камусьці не падабаецца, што Беларусь — спакойная дзяржава. Таму вось гэта ўсё адбываецца. Мы чуем заявы, апраўданні, версіі розныя, але нам патрэбна ісціна. І мы чакаем гэтай ісціны або рэальнага, справядлівага, шчырага адказу ад украінскіх дзяржаўных служачых і ваенных, і людзей. Мы ўсё роўна ўстановім гэту праўду. Гэта не будзе вялікай праблемай». 

«Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут — у ціхай, спакойнай краіне»

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гэту паездку ў Геленджык арганізавалі бацькі дзяцей, пацярпелых у выніку атакі беспілотніка. І самі бацькі гэтага не адмаўляюць. Паездка, як заўважыў Прэзідэнт, была арганізавана ці то з мэтай адпачынку, ці то з мэтай футбольнай трэніроўкі дзяцей. 

«Слухайце, а ў нас што — не хапае зямлі для таго, каб у футбол гуляць? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — У нас палёў не хапае для таго, каб па-чалавечы, нармальна і дзецям, і дарослым камандам займацца футболам? Хапае». 

Аляксандр Лукашэнка нікога не асуджае, але звяртаецца да беларусаў, асабліва да тых, хто выхоўвае дзяцей, з просьбай: перасядзець гэты неспакойны час дома, у сваёй краіне. 


«Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут — у ціхай, спакойнай краіне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тут больш камфортна. І трэба забараніць усялякія паездкі без дзяржаўнага на гэта нагляду і дазволу. Бацькі вырашылі, да прыватнай кампаніі звярнуліся (не хачу тут асуджаць гэту прыватную кампанію, яны працавалі законна), знялі, заплацілі аўтобус, паехалі, цяпер некаторыя прэтэнзіі прад’яўляюць. Не трэба нам прад’яўляць прэтэнзіі. Таму трэба дарослым людзям — нам і перш за ўсё бацькам — акуратней да гэтага адносіцца».

«Дзеці адназначна павінны быць выратаваны»

Дадзены выпадак, па словах Прэзідэнта, будзе расследаваны разам з расіянамі. Прычым расійскі бок гатовы нам дапамагаць. «Лячыць людзей сваіх і дзяцей мы павінны самі, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць для гэтага ўсё. Дзякуй Расіі, яна прапанавала нам дапамогу, але мы можам самі гэта зрабіць».

Адпаведныя задачы Прэзідэнт паставіў ужо перад міністрам аховы здароўя Аляксандрам Хаджаевым. «Усе пацярпелыя перавезены ў Гомель, кагосьці ў Мінск накіруем, — удакладніў беларускі лідар. — Мы павінны іх пралячыць. Дзеці адназначна павінны быць выратаваны. Нават цяжкахворыя. Ну, а астатніх па дамах адправіць — няхай займаюцца спортам тут. Калі спортам. Ну, хутчэй за ўсё, камусьці хацелася яшчэ і адпачыць. Справа ж не ў тым, каб мяч паганяць у Геленджыку. Камусьці хацелася адпачыць». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, атака беспілотніка на аўтобус з беларускімі грамадзянамі з’яўляецца яшчэ адным фактам, які пацвярджае тое, што бандытызму вакол нас хапае. «І гэта нават не тэрарыстычны акт, гэта адкрыты фашызм, калі б’юць па дзецях», — падкрэсліў ён. 

«Афіцэры — пытанне нумар адзін» 

Галоўнакамандуючы звярнуў увагу на абстаноўку, якая складваецца вакол нашай краіны. «Паўднёвая граніца — паўтары тысячы кіламетраў (вы гэта ведаеце, нашы ваенныя там стаяць) — палае як ніколі, — канстатаваў ён. — Вось адказ некаторым ваенным: трэба нам абараняць паўднёвую граніцу ўзмоцненым рэжымам або не. Вось гэты адказ. Трэба! Мы, людзі ваенныя, нас народ корміць за свой кошт для таго, каб мы маглі гэты ж народ абараніць». 

Прэзідэнт нагадаў, што раней Дзяржсакратарыят яму дакладваў аб вызначэнні падыходаў да павышэння боегатоўнасці войск і ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы. Некаторыя крокі па іх рэалізацыі ўжо прыняты. 

«Сёння падыходы мы разгледзім і, калі трэба, скарэкціруем нашу праграму, наш план будаўніцтва (План будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026 — 2030 гады. — „Зв.“), — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але павышэнне эфектыўнасці супрацьпаветранай абароны — без усялякіх там замарочак».


Аднымі з асноўных кірункаў Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026 — 2030 гады, па словах Галоўнакамандуючага, павінны стаць супрацьдзеянне беспілотным лятальным апаратам, падрыхтоўка афіцэраў. «Галоўнае — гэта афіцэр, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Не трэба саміх сябе падманваць: ніколі мы не падрыхтуем звычайнага, радавога чалавека за паўтара-два гады як афіцэра. Але калі афіцэр будзе падрыхтаваны і з мазгамі ў галаве, то ён хутка за сабой павядзе ваеннаслужачых і ўкажа, і навучыць іх, як дзейнічаць і ў якім кірунку. Таму афіцэры — пытанне нумар адзін». 

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што нямала зроблена для афіцэраў. Міністр абароны Віктар Хрэнін пацвердзіў, што, сапраўды, для афіцэрскага складу дзяржавай зроблена вельмі шмат. 

«І ты мне пастаянна прыходзіш, гаворыш аб тым, што трэба тылавыя пытанні вырашыць: кватэры, жонкі, кухні, дзеці і іншае, — звяртаючыся да кіраўніка абароннага ведамства, сказаў Прэзідэнт. — Я разумею, што гэта трэба. Але афіцэр павінен разумець, што ўсе мы служым не толькі для таго, каб была кухня. Мы выбралі сабе такую прафесію — Радзіму абараняць. І ў розных умовах гэта будзем рабіць. Але калі мы (небагатая краіна, шчыра гаворачы) пачынаем адрываць часам апошняе, забіраць у народа дзеля Узброеных Сіл, асабліва цяпер, афіцэры павінны на гэта адказваць сваёй ратнай працай. Іншага не дадзена». 


«Мы не можам памыляцца» 

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што афіцэраў трэба рыхтаваць па-сапраўднаму, вельмі сур’ёзна. «І калі хтосьці не хоча гэта рабіць, значыць, нам з ім не па дарозе, — лічыць Прэзідэнт. — Бо мы разумеем: не дай бог будзе развязана гарачая вайна, мы будзем проста падобныя на смяротнікаў. Мы проста будзем смяротнікамі. Мы ж гэта бачылі ў канфлікце Расіі і Украіны. Таму адсюль — мае жорсткія патрабаванні».

Галоўнакамандуючы пацікавіўся, што канкрэтна абмеркавана ў пытанні карэкціроўкі Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, да чаго ў выніку ваеннаслужачыя прыйшлі і што будзе зроблена, каб план быў канчаткова зацверджаны. 

«Мы не можам памыляцца, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — У нас няма лішніх грошай. Мы не можам перавесці ўсе Узброеныя Сілы на беспілотнікі, і гэта не трэба рабіць у нашых умовах. Гэта маё меркаванне. Сёння ўвесь свет вар’яцее — беспілотнікі, беспілотнікі. Гэта небяспечная рэч. Трэба вучыцца змагацца з гэтымі беспілотнікамі. Трэба мець моцную зброю супраць гэтых беспілотнікаў: пачынаючы ад звычайнай стралковай да сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Гэта наша тэма. Мы ўмеем гэта рабіць. Рабілі ў савецкія часы нешта, робім і цяпер. Але дзесьці трэба нашаму ВПК паварушыцца».


Даслоўна 

Прэзідэнт падтрымаў прапановы па карэкціроўцы мерапрыемстваў Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026–2030 гады

Аб гэтым у размове з журналістамі заявіў міністр абароны Віктар ХРЭНІН. «Увесь гэты даклад будзе канчаткова сфармуляваны, ператворыцца ў дакумент для выканання тых прапаноў, якія былі даложаны Прэзідэнту», — удакладніў ён. 

Кіраўнік абароннага ведамства заўважыў, што План будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026–2030 гады з’яўляецца дакументам на сярэднетэрміновую перспектыву, і ён не можа быць статычным. «А ўлічваючы тое, як сёння імкліва развіваецца тэорыя і практыка прымянення войскаў, як мяняюцца формы і спосабы вядзення ўзброенай барацьбы, мы проста вымушаны пастаянна звяртаць сваю ўвагу на гэты план і глядзець, ці правільна мы рухаемся наперад, — канстатаваў Віктар Хрэнін. — Аналізуем канфлікты, якія адбываюцца, у тым ліку робім высновы пасля праверак па плане і нашага Прэзідэнта, і якія мы самі праводзім. Яны і задуманы для таго, каб рабіць высновы, ці правільна мы ўсё робім, і, натуральна, імкнуцца да выпраўлення найперш праблемных момантаў, якія выяўляюцца». 

Міністр абароны падкрэсліў, што Прэзідэнт дасканала ўнікае ў кожную дробязь, кожнае прапанаванае змяненне, у перспектывы далейшага развіцця Узброеных Сіл. «Сёння мы закранулі пытанні стварэння новых родаў войскаў ва Узброеных Сілах, сістэмы падрыхтоўкі войскаў і афіцэрскага складу на ўсіх узроўнях, а таксама абароны ад беспілотных лятальных апаратаў, найперш самалётнага тыпу: як з імі змагацца, якой павінна быць сістэма супрацьпаветранай абароны ў будучыні з улікам таго, што адбываецца, наколькі гэтыя беспілотнікі сталі небяспечнымі і „разумнымі“, — канкрэтызаваў кіраўнік абароннага ведамства. — Мы закранулі і пытанні сістэмы размяшчэння войскаў і нашых падраздзяленняў — з улікам аналізу тых выклікаў і пагроз, якія ўзнікаюць, зыходзячы з агрэсіўнай рыторыкі з боку нашых суседзяў».

Па словах Віктара Хрэніна, карэкціроўкі гэтага важнага дакумента абавязкова працягнуцца ў будучыні. «Мы вызначылі шэсць ключавых кірункаў развіцця, — адзначыў ён. — Гэта, так скажам, доўгатэрміновая перспектыва планавання, стратэгічныя кірункі. Але для іх дасягнення, выканання нам усё роўна патрэбна карэкціроўка аператыўнага і тактычнага ўзроўню».

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю