Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка падпісаў указ № 367 «Аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Дакумент накіраваны на ўдасканаленне навуковай сферы, арганізацыйнай структуры і дзейнасці НАН, а таксама падпарадкаваных ёй арганізацый, умацаванне іх навуковага і вытворчага патэнцыялаў, павышэнне практыкаарыентаванасці і эфектыўнасці даследаванняў, якія праводзяцца. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Указам ліквідуецца, рэарганізуецца і пераўтвараецца шэраг дзяржаўных навуковых устаноў і навукова-практычных цэнтраў НАН. Такая аптымізацыя дасць магчымасць выключыць дублюючыя функцыі і сканцэнтраваць патэнцыял навуковых устаноў на вырашэнні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задач у галіне тэхналогій і тэхнікі, далейшым павышэнні эфектыўнасці навуковых даследаванняў.
Дакументам зацверджаны статут НАН у новай рэдакцыі.
Для ўмацавання кіраўніцкай вертыкалі і ўзмацнення персанальнай адказнасці кіруючага складу апарату Акадэміі навук за вынікі яе навуковай і гаспадарчай дзейнасці статусам дзяржаўнага грамадзянскага служачага надзяляюцца старшыня Прэзідыума НАН, яго намеснікі і галоўны вучоны сакратар.
У сувязі з гэтым старшыня Прэзідыума надзелены паўнамоцтвамі па прыняцці кадравых рашэнняў у частцы назначэння і вызвалення ад пасад кіраўнікоў, намеснікаў кіраўнікоў, вучоных сакратароў падпарадкаваных арганізацый.
Пашыраны паўнамоцтвы Прэзідыума і яго бюро за кошт дэлегавання асобных функцый Агульнага сходу ў мэтах прыняцця аператыўных рашэнняў, якія датычацца дзейнасці Акадэміі навук.
З улікам аптымізацыі, якая праводзіцца, замацоўваецца гранічная штатная колькасць апарату НАН.
Указам таксама ўдасканальваецца працэдура выбараў правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў НАН, уводзяцца дадатковыя крытэрыі ацэнкі іх навуковых дасягненняў.
Устанаўліваюцца гранічны ўзрост на момант вылучэння (для акадэмікаў — 70 гадоў, для членаў-карэспандэнтаў — 60 гадоў), патрабаванні аб наяўнасці вучонай ступені доктара навук і вучонага звання прафесара, кіраўніцтва навуковымі, навукова-тэхнічнымі і галіновымі праграмамі, а таксама вялікага ўкладу ў развіццё навукі, работ навуковага і практычнага характару па аб’яўленай спецыяльнасці.
Прэзідэнт Беларусі надзяляецца правам прысвойваць указам акадэмічныя званні асобам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі, айчыннай і сусветнай навукі.