Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня падпісаў указ № 216 «Аб мерах па развіцці асобных рэгіёнаў». У дакуменце замацаваны меры для надання дадатковага імпульсу сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці і рэгіёна Паазер’я ў Віцебскай вобласці на перыяд да 2030 года. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Размова ідзе аб Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чэрыкаўскім раёнах Магілёўскай вобласці, а таксама Браслаўскім, Гарадоцкім, Докшыцкім, Лепельскім, Мёрскім, Полацкім і Ушацкім раёнах Віцебскай вобласці, якія ўваходзяць у так званае Паазер’е.
Указ дасць магчымасць сфарміраваць спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця рэгіёнаў, стварэння на іх тэрыторыях новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Дакументам, у прыватнасці, прадугледжана прадастаўленне трансфертаў з рэспубліканскага бюджэту для кампенсацыі да 35% капітальных затрат, панесеных пры рэалізацыі інвестпраектаў з прыцягненнем крэдытаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».
Устанаўліваюцца патрабаванні да інвестпраектаў, якія прэтэндуюць на трансферты: у іх павінна быць пацверджана эканамічная эфектыўнасць і абгрунтаваны тэрміны акупнасці.
Прадугледжваецца таксама зацвярджэнне на 2026-2030 гады праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці і дапаўненне адпаведным раздзелам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці. Гэтыя дакументы павінны быць разгледжаны абласнымі Саветамі дэпутатаў.
Замацоўваецца адказнасць службовых асоб за эфектыўнасць рэалізацыі прапісаных ва ўказе мер.
Для паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці таксама прадугледжаны шэраг дадатковых мер: актуалізацыя і прадаўжэнне дзеяння норм указаў аб мерах па развіцці гэтага рэгіёна (ад 8 чэрвеня 2015 года № 235 і ад 28 мая 2020 года № 177); раўнадолевае фінансаванне закупкі тэхнікі за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у рамках тэхнічнага перааснашчэння арганізацый; магчымасць закупкі цялушак і нецеляў буйной рагатай жывёлы сельгасарганізацыямі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.