Top.Mail.Ru

Прэзідэнт зацвердзіў рашэнні на ахову Дзяржаўнай граніцы ў 2026 годзе

Традыцыйнае мерапрыемства на пачатку года ў графіку кіраўніка дзяржавы прайшло ў Палацы Незалежнасці з удзелам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі, міністра абароны, старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны.


«Шмат гаворым аб традыцыях у апошні час, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Але можна назваць і добрую ваенную традыцыю, якая ўстанавілася ў нас на працягу доўгіх гадоў, — гэта рашэнні на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі».

Цяпер, як падкрэсліў Прэзідэнт, гэта як ніколі з’яўляецца актуальным. «Напэўна, больш актуальна, чым іншыя ваенныя пагрозы», — удакладніў ён. 

Аляксандр Лукашэнка неаднойчы гаварыў аб тым, што пагранічнікі заўсёды знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Паўтарыў і цяпер. «У іх іншай і гатоўнасці няма, — заўважыў беларускі лідар. — Заўсёды — поўная баявая гатоўнасць. Яны гатовы, як у ваенны час, працаваць, бо на апошніх метрах, як у нас гаварылі, нашай Радзімы ім давераны гонар і права хадзіць. Таму добрая традыцыя ваенная. На самым высокім узроўні ў пачатку года зацвярджаць рашэнні на ахову Дзяржаўнай граніцы». 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, няма сэнсу гаварыць аб тым, што вакол Беларусі стала спакайней, чым раней. «Мы заўсёды знаходзіліся ў вельмі сур’ёзнай сітуацыі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — На сённяшні дзень, на жаль, тэндэнцыі да таго, што спакайней не становіцца. Паглядзеўшы на карту, мы бачым, што мы практычна акружаны ваеннымі падраздзяленнямі з усіх бакоў. Адзінае акно на ўсходзе — з Расійскай Федэрацыяй, дзе ў нас крыху лягчэй. Але я б не сказаў, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне, калі невядома адкуль і незразумела адкуль могуць ляцець на тваю тэрыторыю беспілотнікі».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што і мы не навучыліся яшчэ на 100 % рэагаваць на гэтыя ўсе залёты і не навучыліся іх на 100 % знішчаць. «Не ведаю, ці магчыма гэта — 100 %, але да гэтага трэба нам імкнуцца, — паставіў задачу Галоўнакамандуючы. — Аб гэтым таксама сёння пагаворым».

Прэзідэнт папрасіў, каб старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў абсалютна канкрэтна далажыў аб сітуацыі на граніцы, дзеяннях і мерах, якія ў бягучым годзе будуць прынятыя для аховы Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь.

Даслоўна

«Каб забяспечыць спакой і мір нашых грамадзян»

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр абароны Віктар ХРЭНІН, кіраўніку дзяржавы быў даложаны таксама план забеспячэння аховы Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы. Даклад, па яго словах, заснаваны на тэндэнцыях развіцця ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі, асабліва той, якая развіваецца ў кароткатэрміновай перспектыве. 

Кіраўніком дзяржавы план зацверджаны. «У аснове плана — разлік тых сіл і сродкаў, якія неабходныя для забеспячэння і выканання задач па прыкрыцці Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, — канкрэтызаваў міністр абароны. — У гэтых разліках мы абапіраліся на шэраг фактараў. Па-першае, гэта канфлікт, які адбываецца ва Украіне. Асабліва ў апошні час пачасцілася колькасць парушэнняў Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы. Адпаведна, мы належным чынам рэагуем. Другі фактар — у цэлым, як ідзе мілітарызацыя сіл і сродкаў у еўрапейскіх краінах».

Віктар Хрэнін указаў на беспрэцэдэнтную мілітарызацыю, агрэсіўныя выпады і намеры ў адносінах да нашай краіны. Аб чым, у прыватнасці, сведчыць колькасць пагроз у плане парушэння і перасячэння граніцы ў паветранай прасторы. 

«У еўрапейскіх краінах дыслацыруецца групоўка шматлікіх авіяцыйных сродкаў — гэта больш як 2200 самалётаў, — праінфармаваў кіраўнік абароннага ведамства. — Непасрэдна гэта групоўка ў Польшчы і краінах Балтыі дасягае да 130 (летась даходзіла да 140) самалётаў тактычнай авіяцыі. Мы таксама бачым палёты стратэгічнай бамбардзіровачнай авіяцыі амерыканцаў, якія адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы нанясення ўдараў па нашай тэрыторыі, а таксама наяўнасць крылатых ракет, якія размяшчаюцца на амерыканскіх базах у Польшчы і Румыніі. Заяўлена, што гэта супрацьракетныя базы, але мы цудоўна разумеем, што пры нязначнай дапрацоўцы гэтыя аб’екты могуць прымаць крылатыя ракеты, якія могуць паражаць нашу тэрыторыю на ўсю яе глыбіню». 

Зыходзячы з гэтых пагроз у паветранай прасторы, па словах міністра абароны, ацэньваецца абстаноўка і выпрацоўваюцца адпаведныя рашэнні. «Перш за ўсё для таго, каб захаваць мірнае неба», — падкрэсліў Віктар Хрэнін. 

Ён праінфармаваў, што ў рамках павышэння эфектыўнасці сродкаў супрацьпаветранай абароны Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны летась былі ўведзены ў баявы склад знішчальнікі Су-30СМ2, атрыманы комплексы «Тор». Апошнія, як удакладніў міністр, добра сябе зарэкамендавалі менавіта ў барацьбе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Акрамя таго, Узброенымі Сіламі атрыманы новыя верталёты Мі-35, а таксама сродкі радыёлакацыйнага выяўлення: «Сопка», «Усход», «Раса-РБ», што дазваляе бачыць абстаноўку як уздоўж нашай граніцы, так і за яе межамі. 

«Мы вельмі ўважліва адсочваем тое, што адбываецца, — дадаў Віктар Хрэнін. — Усе палёты, якія праходзяць уздоўж нашай Дзяржаўнай граніцы, самалёты, якія пастаянна, штосутачна вядуць разведку на нашай тэрыторыі. Выпрацоўваем адэкватныя меры па рэагаванні на ўсе магчымыя правакацыі, якія могуць адбывацца. У нас арганізавана вельмі добрае ўзаемадзеяння ў рамках прыкрыцця дзяржграніцы ў паветранай прасторы разам з нашымі пагранічнікамі. Невыпадкова мы сёння дакладвалі аб двух асноватворных дакументах, якія мы будзем выконваць для таго, каб забяспечыць спакой і мір нашых грамадзян. Мы гатовы да выканання задач і рэагавання на любыя рызыкі, выклікі і пагрозы, якія могуць узнікнуць супраць нашай краіны». 

«Беларускія пагранічнікі гатовы да выканання задач»

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін МОЛАСТАЎ адзначыў, што кіраўніку дзяржавы былі даложаны высновы з ацэнкі абстаноўкі, якая складваецца на Дзяржаўнай граніцы Беларусі, прапановы, абгрунтаванні гэтых прапаноў. 

«У ходзе даклада Прэзідэнтам былі дадзены ўказанні, удакладнены асобныя пытанні нашай аператыўна-службовай дзейнасці, у тым ліку па ахове Дзяржаўнай граніцы, у тым ліку і ў паветранай прасторы», — канкрэтызаваў ён. 

Па словах Канстанціна Моластава, абстаноўка вакол нашых граніц застаецца звыкла напружанай. «Гэта датычыцца і нашых паўночных, заходніх граніц, дзе ідзе пастаяннае нарошчванне нашымі сумежнымі дзяржавамі ваеннага патэнцыялу, — удакладніў кіраўнік ведамства. — І вядома, па зразумелых прычынах, на паўднёвай граніцы, дзе адбываюцца баявыя дзеянні. У адпаведнасці з гэтым, мы прынялі адэкватныя рашэнні, меры па далейшым удасканаленні дзейнасці органаў пагранічнай службы».

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта дадаў, што задачы беларускім пагранічнікам дапамагаюць выконваць прадстаўнікі Узброеных Сіл, Міністэрства ўнутраных спраў, сур’ёзную дапамогу аказваюць мясцовыя органы ўлады. «На сённяшні дзень (і ў дакладзе кіраўніку дзяржавы гэта прагучала) органы пагранічнай службы, беларускія пагранічнікі, гатовы да выканання задач у чарговым перыядзе — у 2026 годзе», — рэзюмаваў Канстанцін Моластаў. 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю