Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, беларускі і карэйскі народы збліжаюць агульныя інтарэсы — патрыятызм, захаванне гістарычнай памяці і глыбокая павага да старэйшага пакалення.
«Дружалюбныя адносіны нашых дзяржаў, якія зарадзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза, ніколі не перапыняліся. Сёння ў выніку ўсебаковага паступальнага развіцця мы пераходзім на прынцыпова новы этап. З вялікім спазненнем, але тым не менш пераходзім на новы этап», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«У сучасных рэаліях глабальнай трансфармацыі, калі ўладнымі людзьмі адкрыта ігнаруюцца і парушаюцца нормы міжнароднага права, незалежным краінам неабходна ўзаемадзейнічаць больш цесна, кансалідаваць намаганні, накіраваныя на абарону свайго суверэнітэту і паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На перагаворах з Кім Чэн Ынам Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць развіцця дагаворна-прававой базы і падпісання дагавора аб дружбе і супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі.
«Мы будзем нарошчваць нашу дагаворна-прававую базу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на фундаментальны, паводле яго слоў, дакумент — дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і КНДР, у якім «дакладна і адкрыта выкладзены мэты, прынцыпы нашага ўзаемадзеяння, вызначаны інстытуцыйныя рамкі будучых узаемавыгадных працэсаў».
«Я, як і вы, прыхільнік таго, каб мы развівалі нашы адносіны, не аглядаючыся на іншыя краіны, якія, вядома, будуць не ў захапленні ад нашых адносін. Таму што яны — канкурэнты», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Кім Чэн Ына.
«Нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя, мы патрэбны адзін аднаму, і ў гэтым напрамку давайце рухацца. Мы зробім высновы з мінулага, са сваіх памылак. І зробім усё для таго, каб адносіны паміж КНДР і Беларуссю былі ўзорнымі», — падкрэсліў беларускі лідар.