Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі заслухаў даклад аб выніках работы ў перагаворным працэсе з ЗША

«Ёсць зрухі па многіх пытаннях»

Яшчэ адным мерапрыемствам у графіку беларускага лідара стаў даклад аб выніках работы ў перагаворным працэсе з ЗША. У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства — Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, генеральны пракурор Дзмітрый Гара, старшыня КДБ Іван Тэртэль, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

«Мы са свайго боку свята выконваем тое, што абяцалі амерыканцам»

Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт нагадаў, што больш за месяц таму, калі праводзіўся чарговы раўнд перагавораў з амерыканскай дэлегацыяй, было дамоўлена аб цяперашняй сустрэчы. «Мы дамовіліся, што сустрэнемся і абмяркуем беларуска-амерыканскія адносіны, іх стан на сённяшні дзень і нашы дзеянні на перспектыву», — заўважыў беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пастаяннаму прадстаўніку Беларусі пры ААН Валянціну Рыбакову было даручана кантраляваць гэты працэс. «Мы яго выкарыстоўвалі як свайго прадстаўніка ў канкрэтных справах і рэчах у ЗША. Для вядзення перагавораў і, галоўнае, — рэалізацыі нашых дамоўленасцяў. Месяц таму мы дамовіліся, што ён прыбудзе ў Беларусь і даложыць нам аб рэалізацыі нашых дамоўленасцяў», — растлумачыў Прэзідэнт.

«Мы са свайго боку свята выконваем тое, што абяцалі амерыканцам, — працягнуў беларускі лідар. — Тады было сказана дэлегацыі: вельмі хацелася б, каб і амерыканцы ў гэтых адносінах на 100 % выконвалі дамоўленасці. І дамовіліся, што месяц для таго, каб мы падцягнуліся, дзесьці амерыканцы, як у народзе кажуць, „хвасты абсеклі“ і выйшлі на пляцоўку далейшых дзеянняў. Вось Рыбакоў і даложыць нам аб гэтай сітуацыі, аб тым, што адбываецца сёння і што нам яшчэ трэба будзе зрабіць у найбліжэйшы час». 

«Я вельмі цаню, што Дональд Трамп і яго людзі надаюць увагу нашым кантактам»

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што адміністрацыі Злучаных Штатаў Амерыкі сёння няпроста. «Работы хапае. Але я вельмі цаню, што Дональд Трамп (Прэзідэнт ЗША. — „Зв.“) і яго людзі надаюць увагу нашым кантактам. Ёсць зрухі па многіх пытаннях, нягледзячы на тое, што выпінаюцца асобныя праблемы, як яны кажуць, з абменам „палітзняволеных“ на адмену санкцый і гэтак далей. Хоць шмат і іншых пытанняў, звязаных з пасольствам і гэтак далей, сёння ў нас на стале. У тым ліку і ўзаемаадносіны Беларусі з Еўрапейскім саюзам, што датычыцца ў тым ліку і Злучаных Штатаў Амерыкі», — канкрэтызаваў беларускі лідар. 

Ён папрасіў беларускага дыпламата грунтоўна далажыць па гэтых пытаннях, каб прыняць рашэнне па далейшых дзеяннях, і перадаць самыя добрыя пажаданні Дональду Трампу за тую ўвагу, якую ён надае нашым адносінам, а таксама спецпасланніку ЗША па Беларусі Джону Коўлу і яго жонцы Грэце Ван Састэрэн, журналістцы тэлекампаніі «Ньюсмакс», якая брала інтэрв’ю ў беларускага лідара ў снежні мінулага года.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА


Даслоўна

Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Валянцін Рыбакоў у размове з журналістамі паведаміў, што работа з амерыканскім бокам будзе працягнута: «На наступным тыдні, верагодна, у мяне будзе першая пасля вяртання ў Нью-Ёрк сустрэча з амерыканскімі прадстаўнікамі».

Паводле яго слоў, у ходзе апошняй сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй (месяц таму) Прэзідэнтам былі пастаўлены задачы, вызначаны пытанні, якія амерыканскі бок павінен быў вырашыць для якаснага ўзаемадзеяння. Як адзначыў дыпламат, адно пытанне вырашана цалкам. «Учора (21 кастрычніка 2026 г. — „Зв.“) былі знятыя персанальныя санкцыі з кіраўніка «Беларуськалія». Астатнія пытанні — у працэсе вырашэння», — расказаў ён.

Прадстаўнік Беларусі ў ААН растлумачыў, што гэта можа заняць нейкі час, таму што пытанні складаныя, датычацца банкаўскіх нюансаў, але яны будуць вырашаны.

«Адкрываюцца новыя магчымасці для ўзаемадзеяння з амерыканскім бокам, у тым ліку з улікам апошніх рашэнняў Прэзідэнта ЗША адносна ўзаемадзеяння з іншымі краінамі», — дадаў дыпламат.

Валянцін Рыбакоў настрой амерыканскага боку на дыялог з Мінскам ацэньвае станоўча. 

«Каб гэта было па-іншаму — ніякага дыялогу проста не вялося б. Тут інтарэс узаемны. Ні для каго не сакрэт, што Беларусь уяўляе пэўны інтарэс для Злучаных Штатаў. Прэзідэнт Беларусі неаднаразова казаў, што мы не самая багатая, вялікая, магутная краіна, — мы разумеем сваё месца — тым не менш у сілу цэлага шэрагу прычын, аб якіх усім вядома, Беларусь уяўляе інтарэс для ЗША». 

Дыпламат падзяліўся, што ёсць цэлы шэраг пытанняў, у вырашэнні якіх зацікаўлены абодва бакі, аднак галоўнае пытанне — гэта зняцце санкцый: «І мы над гэтым працуем: працэс ідзе. Пэўныя станоўчыя вынікі ў гэтым кірунку дасягнутыя. Няма ніякіх сумненняў, што гэты працэс будзе працягвацца». Ён адзначыў таксама, што пакуль не гатовы абазначыць нейкія часавыя рамкі, таму што перагаворны працэс складаны. Тым не менш пакуль усё развіваецца ў тым напрамку, які нам цікавы. 

Журналісты спыталі ў Валянціна Рыбакова аб перспектыве магчымых візітаў амерыканскіх прадстаўнікоў у Мінск. Ён адзначыў, што размова аб гэтым вядзецца, звярнуўшы ўвагу на тое, што неўзабаве чакаюцца выбары ў Кангрэс ЗША. Гэта паўплывае на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне і ў пэўнай ступені можа адбіцца на перагаворным парадку дня з Беларуссю, вызначэнні канкрэтных дат і іншага. «Пагроз для нашага ўзаемадзеяння не бачу», — заўважыў ён.

Дыпламат таксама агучыў, што ў бліжэйшы час у ЗША будзе накіравана наступная партыя калійных угнаенняў з Беларусі. «Адзін груз нашага калію ўжо знаходзіцца ў порце Новага Арлеана. Ён цалкам размытнены і прыняты як беларускі прадукт. Гэта канкрэтны практычны вынік зняцця амерыканцамі санкцый з нашай калійнай галіны», — адзначыў ён.

«Адзінае пытанне, якое не вырашана — гэта пытанне запазычанасці амерыканскім бокам. Буйны амерыканскі банк замарозіў у свой час выплаты за ўжо пастаўлены калій на амерыканскі рынак амерыканскай кампаніяй, якая перавяла грошы ў банк. Цяпер мы працуем над разблакіроўкай гэтай сумы, каб яна была пераведзена ў Беларусь. Была і другая запазычанасць, якую плануюць пагасіць да канца года. Гэта беларускія грошы, якія будуць вернуты», — запэўніў Валянцін Рыбакоў.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю