Беларусь працягвае ўмацоўваць супрацоўніцтва з Афрыкай. Візіт парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Кенія ў нашу краіну — чарговае таму пацвярджэнне. Мэта візіту кенійскіх парламентарыяў у Мінск — развіццё дыялогу дзвюх краін і пашырэнне ўзаемадзеяння па розных кірунках: ад эканомікі да гуманітарнай сферы.
«Ёсць план — будзе вынік»
«Добра, што вы прыехалі, — вітаючы гасцей у Беларусі, пачаў сустрэчу кіраўнік дзяржавы. — Народная дыпламатыя на самым высокім узроўні мае вялікае значэнне. Я вельмі добра памятаю свой візіт у Кенію. Перадайце самыя добрыя пажаданні Прэзідэнту Кеніі. Як мне падалося, гэта вельмі добры і прыстойны чалавек».
Візіт беларускага лідара ў Кенію адбыўся ў снежні 2023 года. «Няхай гэта быў кароткі візіт, але я памятаю нават дэталі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах кіраўніка дзяржавы, вельмі важна, каб кенійскія парламентарыі падчас свайго візіту ў нашу краіну, не спяшаючыся, паглядзелі на магчымасці Беларусі. «Калі нешта зможам для вас зрабіць, мы гатовы зрабіць, калі дамовімся. Я ўпэўнены, што дамовімся», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што Кенія — вельмі важная краіна. «Густанаселеная краіна на ўсходзе Афрыкі, — удакладніў беларускі лідар. — Гэта своеасаблівы фарпост для любой краіны пры ўваходзе на афрыканскі кантынент. Ваша краіна развітая, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі».
Беларусь гатова прапанаваць Кеніі адпаведныя тэхналогіі для таго, каб рухацца наперад. І размова не толькі пра тэхналогіі. «Пад гэтыя тэхналогіі мы маем усё неабходнае: і сельская гаспадарка, і людзі ў нас ёсць, кадры, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Ведаю, што людзей хапае ў Кеніі. Тым не менш, мы гатовы вам дапамагаць у станаўленні новых кірункаў у сельскай гаспадарцы. Гатовы дапамагаць вам спецыялістамі, гатовы пастаўляць вам адпаведную тэхніку».
Ні для каго не сакрэт, у тым ліку для кенійцаў, што ў Беларусі на высокім узроўні развіта сельская гаспадарка, але найперш, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь — краіна машынабудаўнічая.
«Мы вырабляем усю неабходную тэхніку, у якой вы маеце патрэбу, у тым ліку ў якой не маеце патрэбу сёння, але яна патрэбна вам будзе заўтра, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Думаю, у галіне машынабудавання, нафтаздабычы, нафтаперапрацоўкі, а таксама сельскай гаспадаркі мы маглі б знайсці агульную мову і развіваць наша супрацоўніцтва».
Беларускі лідар падкрэсліў, што Кенія — цудоўная краіна, ужо вядомая нам. У гэтай сувязі Прэзідэнт прапанаваў дзейнічаць больш актыўна, выпрацаваўшы адпаведны план.
«Мы накіравалі кенійскаму боку дарожную карту, — праінфармаваў ён. — Думаю, што нам трэба на аснове гэтай дарожнай карты распрацаваць адпаведны план нашых дзеянняў, актуалізаваць гэту дарожную карту з улікам патрэбнасцяў дзвюх дзяржаў. Калі ёсць план — ёсць адказныя людзі за рэалізацыю тых ці іншых пунктаў гэтага плана, кірункаў. Тады будзе вынік».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь вельмі зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Кеніяй. Ён адзначыў, што вопыт узаемадзеяння з краінамі Афрыканскага кантынента ў Беларусі ўжо ёсць, нядаўна да гэтага дадаўся Алжыр. «Вялізная краіна, якая з задавальненнем гатова з намі супрацоўнічаць, — адзначыў беларускі лідар. — І мы ўжо маем канкрэтныя напрацоўкі, канкрэтныя кантракты. Не толькі намеры, мемарандумы і гэтак далей, але ўжо канкрэтныя кантракты. Думаю, што з Кеніяй, раз ёсць добрыя прыклады, мы будзем супрацоўнічаць гэтак жа аператыўна і хутка, як з Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеяй, Нігерыяй, Алжырам, Егіптам і гэтак далей. Словам, мы адкрыты для вашай краіны».
«Паміж нашымі краінамі існуе вялікі патэнцыял»
Спікер Сената Рэспублікі Кенія Амазон Джэфа Кінгі ад сябе асабіста, ад дэлегацыі, усяго кенійскага народа выказаў беларускаму лідару словы шчырай удзячнасці за цёплы прыём, аказаны нашым бокам. «Народ Беларусі вельмі дружалюбны, а вось надвор’е, на жаль, не», — звярнуў увагу спікер Сената Кеніі.
«Вам карысна для разнастайнасці, — з жартам адказаў Прэзідэнт. — Я толькі з вашага рэгіёна, зусім недалёка быў ад Кеніі. Там вельмі-вельмі сонечна, і мы сумавалі па гэтым (беларускім. — „Зв“.) надвор’і».
Амазон Джэфа Кінгі праінфармаваў кіраўніка дзяржавы, што ў ходзе візіту кенійскіх парламентарыяў у Беларусь адбыліся плённыя перагаворы з калегамі-сенатарамі. «Мы абмяркоўвалі сферы двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама магчымасці для ўзаемадзеяння паміж парламентамі нашых краін, — канкрэтызаваў ён. — Я вельмі рады, што мы падпісалі Мемарандум аб узаемапаразуменні, які дакладна акрэслівае тыя сферы ўзаемадзеяння, па якіх мы будзем рухацца далей».
Па словах спікера Сената Кеніі, разам з беларускімі парламентарыямі абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў тых сферах, якія знаходзяцца і па-за межамі народнай дыпламатыі. «Паміж нашымі краінамі існуе вялікі патэнцыял і мноства магчымасцяў для супрацоўніцтва», — адзначыў кіраўнік Сената Кеніі.
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Даслоўна
У размове з журналістамі спікер Сената Кеніі Амазон Джэфа Кінгі прызнаўся, што сустрэча з кіраўніком беларускай дзяржавы — вялікі гонар і ўнікальная магчымасць перадаць самыя лепшыя і цёплыя пажаданні ад Прэзідэнта Кеніі Уільяма Рута. Спікер Сената Кеніі нагадаў, што ў 2023 годзе Прэзідэнт Беларусі наведаў Рэспубліку Кенію, дзе адбылася прадуктыўная сустрэча паміж лідарамі дзяржаў. «Тады бакі дамовіліся распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва ў розных сектарах эканомікі, — канкрэтызаваў Амазон Джэфа Кінгі. — І падчас сённяшняй сустрэчы я пацвердзіў жаданне Прэзідэнта Кеніі наведаць Беларусь з мэтай падпісання пагаднення аб узаемадзеянні паміж нашымі краінамі ў сферы эканомікі і іншых галінах».
Амазон Джэфа Кінгі падкрэсліў, што Кенія — сельскагаспадарчая краіна, а Беларусь вырабляе самыя лепшыя трактары ў свеце. «Таму, вядома ж, падчас сённяшняй сустрэчы мы абмяркоўвалі магчымасці ўзаемадзеяння ў сельскагаспадарчай сферы і пытанні магчымых паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Кенію. Мы таксама абмеркавалі супрацоўніцтва і ў іншых галінах, перш за ўсё, у сферы высокіх тэхналогій, адукацыі і турызму», — дадаў ён.
Сярод пытанняў, якія ўзнімаліся падчас сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, спікер Сената Кеніі адзначыў прамыя авіязносіны паміж нашымі краінамі. Паводле яго слоў, гэта безумоўна аблегчыла б узаемадзеянне паміж дзелавымі коламі Беларусі і Кеніі. «У ходзе сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы мы працягнулі абмяркоўваць тыя тэмы, той дыялог, які быў пачаты ў ходзе візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Найробі ў снежні 2023 года», — акцэнтаваў увагу Амазон Джэфа Кінгі.
Паводле слоў кенійскага госця, падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі дапамагло б перш за ўсё вызначыць кірункі для ўзаемадзеяння, а таксама распрацаваць дэталёвы, пакрокавы план работы нашых краін. «Я ўпэўнены, што візіт Прэзідэнта Кеніі ў Беларусь у наступным годзе дазволіць падпісаць такое пагадненне. З вызначэннем плана нашых далейшых дзеянняў узаемадзеянне паміж краінамі пойдзе значна хутчэй», — рэзюмаваў Амазон Джэфа Кінгі.