Прэзідэнт правёў сустрэчу з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым
Прэзідэнт правёў сустрэчу з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым
Маскоўская вобласць займае першае месца сярод расійскіх рэгіёнаў па аб’ёме тавараабароту з Беларуссю. Прыкладна кожная пятая машына ў падмаскоўных сельгаспрадпрыемствах — беларускай вытворчасці. Наша тэхніка выкарыстоўваецца і для падтрымкі чысціні Падмаскоўя. Нямала паспяховых прыкладаў прамысловай кааперацыі. Актыўна развіваецца гуманітарнае супрацоўніцтва. Па традыцыі папулярнасцю ў жыхароў Маскоўскай вобласці карыстаюцца беларускія прадукты харчавання.
«Аснова ўсяго — эканоміка»
«Прыемна бачыць вас у Беларусі, — звяртаючыся да губернатара Маскоўскай вобласці, сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І ў гэтым не толькі нашы добрыя, брацкія адносіны, але і аснова ўсяго — эканоміка. Маскоўская вобласць у нас вядучая, першае месца займае — больш як 15 мільярдаў (долараў. — „Зв.“) тавараабарот».
На гэты факт, па словах кіраўніка дзяржавы, да нядаўняга часу ён не звяртаў увагі. «І калі бліжэй пазнаёміўся з гэтым, я тады падумаў: калі 15 мільярдаў — Маскоўская вобласць, усё астатняе — уся Расія. Зусім няшмат адносна вялізнай Расіі застаецца».
«Мы вельмі даражым гэтым, Аляксандр Рыгоравіч», — заўважыў Андрэй Вараб’ёў.
Даражыць узаемавыгадным супрацоўніцтвам з Маскоўскай вобласцю і беларускі лідар. «Але ведаю, што вам нялёгка, — удакладніў ён. — І тавараабарот 15 мільярдаў — гэта нішто ў параўнанні з тым валавым прадуктам, які вы даяце для Расіі».
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь гатова пашыраць і ўзмацняць супрацоўніцтва з Падмаскоўем па многіх кірунках. «Калі мы нешта можам — скажыце што, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Будзем абавязкова працаваць і рабіць усё».
Па словах беларускага лідара, ён вельмі перажывае за гэты расійскі рэгіён. «Калі сустракаюся з Прэзідэнтам Пуціным, мы шмат гаворым аб Маскоўскай вобласці, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Ведаючы вас у дэталях ужо, яшчэ больш пранікаюся павагай да той працы, якую вы ўкладаеце ў развіццё Маскоўскага рэгіёна разам са сваімі калегамі».
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка папрасіў губернатара перадаць самыя добрыя пажаданні тым, хто працуе побач з ім доўгі час.
«Справа — у магчымасцях»
«Мне няма неабходнасці вам расказваць пра эканоміку Беларусі, — адзначыў Прэзідэнт. — Пра тое, што мы тут ствараем, вырабляем, — вы гэта добра ведаеце. Тое, што не ведаеце, Барыс Вячаслававіч (Барыс Грызлоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. — „Зв.“) у нас аксакал такі, што ведае часам больш, чым я. Думаю, што падкажа, дапаможа. Свае людзі, чаго тут. У складанай сітуацыі трэба шукаць выйсце і ў плане бяспекі, і асабліва ў эканоміцы».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта для губернатараў найцяжэйшая нагрузка. «Хаця я ведаю добра работу губернатараў: дзе там у вас сёння няма нагрузкі — усюды хапае, — канстатаваў ён. — Таму, калі мы можам чымсьці вам дапамагчы, вы не саромейцеся, скажыце. Бо ёсць у чыноўнікаў у Расіі нейкая незразумелая пазіцыя: „Ну вось, як гэта там, беларусы ж зусім невялікія, і мы прасіць штосьці будзем“. А нічога страшнага. Вялікія, невялікія — справа не ў велічыні. А справа — у магчымасцях. Калі чымсьці зможам дапамагчы — дапаможам. Я пра гэта заўсёды публічна гавару і не збіраюся гэта хаваць».
«Наша пазіцыя — міралюбівая»
Аляксандр Лукашэнка расказаў Андрэю Вараб’ёву аб сваёй нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі Уладзіміра Зяленскага.
«Вось на гэтым месцы нядаўна былі прадстаўнікі Зяленскага, — удакладніў беларускі лідар. — Я ім прама сказаў: «Хлопцы, вы перадайце свайму Прэзідэнту: калі ён думае, што можна так вось з намі размаўляць і яшчэ ўцягнуць нас у вайну, то ён павінен разумець, што якасць вайны імгненна зменіцца. Гэта вайна будзе зусім іншая. (Дарэчы, мы атрымалі адказ: Прэзідэнт і яны гэта разумеюць). Таму давайце, хлопцы, дамаўляцца».
Пры гэтым, як акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, трэба дамаўляцца істотна. «Не трэба пыліць, не трэба крычаць, не трэба спрабаваць у морду па-руску стукнуць і гэтак далей, — канкрэтызаваў сваю пазіцыю па гэтым пытанні Прэзідэнт. — Давайце па-чалавечы, разумеючы, што такое Расія і што такое мы. Таксама разуменне ёсць. Уцягвацца ў вайну нам не трэба. І не трэба нас падштурхоўваць да таго, што Барыс Вячаслававіч (Барыс Грызлоў. — „Зв.“) арганізоўвае працэс, каб нас уцягнуць у вайну».
Па словах кіраўніка дзяржавы, ён з Прэзідэнтам Расіі тысячу разоў абмяркоўвалі гэту тэму. «Ну, як ваяваць супраць украінцаў тут, калі з таго боку тэрытарыяльныя войскі ў асноўным? — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы што, будзем у гэтых механізатараў, даярак і рабочых хлопцаў і дзяўчат страляць, якія не хочуць ваяваць з Беларуссю? Мы таксама не хочам з украінцамі ваяваць. Таму наша пазіцыя — міралюбівая. Але ў любой сітуацыі мы будзем з Расіяй побач».
«Мы гэтым вельмі даражым, Аляксандр Рыгоравіч», — сказаў губернатар Маскоўскай вобласці.
«Інакш быць не можа, — удакладніў Прэзідэнт. — Мы разумеем, што можа быць, калі Захад зноў сюды ўлезе і пераможа. Я не гавару пра Украіну. Ну, якая Украіна? Не пра Украіну размова. Мы разумеем, з кім мы ваюем сёння. Хочуць міру — давайце дамаўляцца па сутнасці. Нам вайна не патрэбна. Нам і зямель хапае, і эканомікі нашай хапае, і праблем хапае. Таму ніякай канфрантацыі. Не трэба тут пыліць».
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што гаворыць гэта для таго, каб губернатар зразумеў пазіцыю беларускага лідара. «Я яе не хаваю — мір і толькі мір, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але з поўнай гарантыяй, што яны не будуць з намі гуляцца і, як Пуцін гаворыць, у чарговы раз не змогуць нас падмануць. Бо падман Расіі — гэта перш за ўсё ударыць па Беларусі. Мы на пярэднім краі нашай Айчыны. Мы гэта цудоўна разумеем».
Па словах Прэзідэнта, сёння Украіна з’яўляецца разменнай картай у вялікай гульні. «Справа зусім не ва Украіне, — заўважыў ён. — Ведаеш, у чым справа, і хто з кім змагаецца ў канчатковым выніку».
«Мы зможам пракантраляваць кожнага чалавека»
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што зусім нядаўна даручыў пагранічнікам разам з прадстаўнікамі Гомельскай і Брэсцкай абласцей адпрацаваць варыянты наведвання ўкраінскімі жыхарамі даўно вядомых ім месцаў — для збору грыбоў і ягад.
«Украінскае прыгранічча заўсёды прыходзіла да нас на тэрыторыю, збіралі грыбы, ягады — па пяць, па шэсць тысяч долараў (да вайны яшчэ) яны зараблялі для таго, каб пражыць, — нагадаў беларускі лідар. — Што, лёгка было ва Украіне да вайны? Вельмі цяжка. Мы адкрывалі ім дарогу».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нават у гэтых умовах беларускі бок гатовы адкрыць гэтыя ж пункты. «Каб украінцы прыйшлі да нас, як гэта было звычайна, — на балотах, усюды (яны ведаюць лепш за нас гэтыя месцы) збіралі гэтыя дзікаросы і прадавалі, — удакладніў ён. — Мы ж разумеем, што там складана і цяжка. Калі ўкраінскія ўлады (яны ж ім забараняюць) адмовяцца ад гэтай палітыкі і дазволяць пераходзіць у Беларусь нарыхтоўваць грыбы, ягады, няхай нарыхтоўваюць і прадаюць. Мы гэтага не баімся. Мы зможам пракантраляваць кожнага чалавека, які перамесціцца сюды з добрымі намерамі».
«Новыя прадпрыемствы — новыя магчымасці»
Губернатар Маскоўскай вобласці выказаў удзячнасць беларускаму лідару за магчымасць рэгулярных сустрэч, асабістую адкрытасць і ўвагу Аляксандра Лукашэнкі да ўсіх расійскіх рэгіёнаў. «Шмат губернатараў у вас бывае, і ўсе — па справе, — заўважыў Андрэй Вараб’ёў. — Яны цэняць і сяброўства, і супрацоўніцтва».
Што датычыцца эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Падмаскоўя, кіраўнік рэгіёна адзначыў станоўчую дынаміку. «Новыя прадпрыемствы — новыя магчымасці, — удакладніў ён. — Цяпер вось МАЗ штаб-кватэру сваю будзе пашыраць, сэрвіснае бюро — усё гэта мае значэнне. Што датычыцца эканамічных планаў, мы абавязкова іх будзем рэалізоўваць далей».
Асаблівае месца ў двухбаковым узаемадзеянні, па словах губернатара, займае гуманітарны складнік. Андрэй Вараб’ёў праінфармаваў, што пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у 2023 годзе была праведзена вялікая работа ў адукацыйнай сферы. Ён удакладніў, што падмаскоўныя школьнікі часта прыязджаюць у Беларусь, а нашы дзеці, у сваю чаргу, рэгулярна наведваюць Маскоўскую вобласць з мэтай рэалізацыі сумесных праектаў і абмену вопытам.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Падмаскоўе вельмі даражыць адносінамі з Беларуссю»
Як адзначыў у размове з журналістамі губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй ВАРАБ’ЁЎ, Падмаскоўе вельмі даражыць адносінамі з Беларуссю, а таксама камандай, з якой ажыццяўляецца ўзаемадзеянне па гуманітарных кірунках. «Гэта ахова здароўя: усё, што датычыцца педыятрыі, сучасных метадаў лячэння дзяцей, — удакладніў ён. — Гэта вялікія кансіліумы, канферэнцыі, якія праводзяцца сумесна з расійскімі ўрачамі. Гэты кірунак мы будзем развіваць».
Цеснае супрацоўніцтва Беларусі і Маскоўскай вобласці наладжана і ў сферы адукацыі. «Нашы дзеці знаёмяцца, могуць абменьвацца кантактамі, сваімі ведамі, — канкрэтызаваў Андрэй Вараб’ёў. — У нас агульная гісторыя. І Брэст асаблівае месца займае ў жыцці Расіі і Беларусі. Шмат нашых дзяцей ездзіць у Брэст — гэта свяшчэннае месца. Аб гэтым таксама гаварылі (з Прэзідэнтам Беларусі. — „Зв.“)».
Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, Андрэй Вараб’ёў звярнуў увагу на тое, што Маскоўская вобласць з’яўляецца лідарам у частцы тавараабароту з нашай краінай. «І па экспарце, і па імпарце, — падкрэсліў ён. — Па розных найменнях прадукцыі. Гэта і прадукты харчавання, машынабудаванне».
Губернатар расказаў, што ў Падмаскоўі адкрываюцца беларускія прадпрыемствы. У прыватнасці, беларускі вытворца оптавалакна «Белтэлекабель» запусціў завод у Васкрасенску. «Цяпер МАЗ рыхтуецца нарошчваць сваю базу ў падмаскоўных Хімках, — дадаў Андрэй Вараб’ёў. — Усё гэта — важныя элементы супрацоўніцтва. Вельмі спадзяюся, што наступная сустрэча (папярэдняя была ў 2023 годзе) таксама дазволіць нам гаварыць аб дынаміцы, аб узаемапаразуменні, аб партнёрстве нашых дзвюх краін і, вядома, рэгіёнаў».
У тэму
З губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым сустрэўся і Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Маскоўская вобласць — вядучы расійскі рэгіён, супрацоўніцтва з якім мае для Беларусі стратэгічны гандлёва-эканамічны характар. Падмаскоўе — галоўны хаб, праз які беларускія тавары паступаюць у Маскву і іншыя расійскія рэгіёны.
Беларусь і Маскоўская вобласць змаглі канверсаваць лагістычную перавагу ў глыбокую вытворчую кааперацыю і ўзаемныя доўгатэрміновыя інвестыцыі.
У ліку станоўчых прыкладаў такога ўзаемадзеяння — сумесныя вытворчасці дызельных рухавікоў, ліфтавага абсталявання, камунальнай тэхнікі на шасі МАЗ. Бакі арыентаваны на пошук і рэалізацыю новых перспектыўных праектаў.