«Мы ідзём тым шляхам, які з вамі вызначылі»
Сяргей Лаўроў знаходзіцца ў Беларусі з рабочым візітам, які праходзіць з мэтай абмеркавання актуальных пытанняў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў знешнепалітычнай сферы. Ключавыя тэмы размовы, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці, — міжнародны парадак дня і каардынацыя сумесных дзеянняў на знешнепалітычным кірунку.
«У якім напрамку дзейнічаць і разварочваць нашу знешнюю палітыку»
На пачатку сустрэчы, якая адбылася ў кабінеце беларускага лідара, Сяргей Лаўроў перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна. «Перадаваць прывітанне нават няёмка: вы штодзённа камунікуеце», — заўважыў міністр замежных спраў Расіі.
«Амаль штодзённа, — удакладніў беларускі лідар. — У бліжэйшы час мы дамовіліся, што сустрэнемся і абмяркуем тыя праблемныя пытанні, якія, магчыма, нас датычацца. Бо дамоўленасць у нас адна: калі ўрады штосьці не вырашаюць, то гэта застаецца ва ўвазе двух прэзідэнтаў. Мы гэтым шляхам ідзём».

Па словах кіраўніка дзяржавы, яму хочацца падзяліцца з Сяргеем Лаўровым меркаваннямі і ўражаннямі па ўсім спектры міжнароднай абстаноўкі. «Не таму, што мы глабальная краіна, як Расія або Кітай, і будзем удзельнічаць у вырашэнні пэўных праблем, — патлумачыў Прэзідэнт. — Але тым не менш, хацелася б ведаць, у якім напрамку дзейнічаць і разварочваць нашу знешнюю палітыку».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі вопытны чалавек, як Сяргей Лаўроў, зыходзячы з таго маштабу, які займае Расія ў міжнародным становішчы, можа даць шэраг парад па тых ці іншых пытаннях. «Я чакаю больш канкрэтнай і шырокай інфармацыі, як у нас звычайна бывае, — удакладніў беларускі лідар. — Мы ніколі не ўтойвалі адзін ад аднаго нічога за доўгія гады нашага супрацоўніцтва».
«Ёсць аб чым пагаварыць»
Прэзідэнт канкрэтызаваў, што хоча абмеркаваць з кіраўніком МЗС Расіі сітуацыю ў інтэграцыйных праектах у рамках такіх міжнародных арганізацый, як АДКБ, ЕАЭС, СНД і ШАС.
«Як вы бачыце гэта развіццё? — пацікавіўся ён у Сяргея Лаўрова. — І на злобу дня — там і „сямёрка“ (або як яе тут, не ведаю, называць) сабралася (чарговы саміт лідараў краін „Вялікай сямёркі“ праходзіць у Францыі з 15 па 17 чэрвеня 2026 года. — „Зв.“)».
«Яны, праўда, сябе „Вялікая сямёрка“ называюць», — заўважыў Сяргей Лаўроў.

«Вядома, усе „вялікія“ сабраліся, таму нам хочаш — не хочаш трэба звяртаць на гэта ўвагу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, беларускага лідара цікавіць меркаванне міністра замежных спраў Расіі наконт апошніх змяненняў у свеце, якія, па яго словах, вызначаюцца вельмі вялікай дынамікай. У тым ліку гэта датычыцца канфліктаў — як яны ўспрымаюцца расійскім бокам.
«Таму ёсць аб чым пагаварыць, і добра, што вы прыехалі да нас з рабочым візітам, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — У спакойнай абстаноўцы ёсць магчымасць пагаварыць».
«Вельмі добра, што ў нас такія добрыя адносіны»
Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны аб частых кантактах міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі. «Вельмі добра, што ў нас такія добрыя адносіны, — удакладніў Прэзідэнт. — Таму, нягледзячы на рознага кшталту там „гвалты“ і пэўныя воклічы, крыкі (як у нас, так і ў вас, асабліва за мяжой), мы ідзём тым шляхам, які з вамі вызначылі».
І знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін, па словах беларускага лідара, — не выключэнне. «Я заўсёды свайму брату (Уладзіміру Пуціну. — „Зв.“) гавару аб гэтым: яны ў нас у авангардзе, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта знешнепалітычныя ведамствы, нягледзячы на абвастрэнне той ці іншай сітуацыі, калі наперад часам вылучаюцца нашы абаронныя ведамствы, або, як у Амерыцы называюць, ведамства вайны. Але толькі ў тым плане, што мы заўсёды рыхтуемся да вайны, каб яе не было. А ў іх там Міністэрства вайны для таго, каб ваяваць кожны дзень. Але не дай бог, вядома».
Прэзідэнт выказаў удзячнасць Сяргею Лаўрову за магчымасць асабістай сустрэчы, яшчэ раз звярнуўшы ўвагу на тое, што ёсць аб чым пагаварыць.

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Расіі заўважыў, што яму заўсёды вельмі прыемна бываць у кабінеце Аляксандра Лукашэнкі. Ён праінфармаваў, што работа з беларускімі калегамі, якая пачалася 14 чэрвеня, будзе працягнута: напярэдадні кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі правялі сустрэчу ў фармаце «адзін на адзін».
«Цяпер даложым аб тым, якія ў нас узнікаюць думкі, — удакладніў Сяргей Лаўроў. — І я, вядома, гатовы выкласці нашы ацэнкі апошніх падзей, у тым ліку ў сувязі з падрыхтоўкай да гэтай „сямёркі“, у сувязі з ініцыятывай Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі — яны нам ультыматум з пяці пунктаў (падрыхтавалі. — „Зв.“), паслы прыходзілі, уручылі нам свае пажаданні».
Міністр замежных спраў Расіі пацвердзіў, што ёсць аб чым пагаварыць з беларускім лідарам. Па яго словах, размова датычыцца не толькі міжнароднага парадку дня, а і пытанняў, напрамую звязаных з Саюзнай дзяржавай.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«У нас адзіная пазіцыя»
Як адзначыў у размове з журналістамі міністр замежных спраў Расіі Сяргей ЛАЎРОЎ, падчас працяглай размовы з Прэзідэнтам Беларусі шмат часу было ўдзелена бягучай сітуацыі ў Саюзнай дзяржаве. «Планаў шмат, яны ўсе ўстойліва рэалізуюцца, дазваляюць дасягаць задач, пастаўленых прэзідэнтамі Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, якія рэгулярна паміж сабой звяраюць гадзіннікі і намячаюць канкрэтныя напрамкі далейшага развіцця», — удакладніў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.
Па яго словах, ішла размова і аб тых мерапрыемствах двухбаковага парадку дня, якія адбудуцца ў гэтым месяцы. «Будзе і міжнародны культурны форум, будзе і форум у Брэсце, прысвечаны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — канкрэтызаваў міністр замежных спраў Расіі. — На палях гэтага форуму адбудзецца пасяджэнне Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. У бліжэйшыя дні — чарговая сустрэча нашых прэм’ер-міністраў. Адным словам, інтэнсіўнасць нашых сувязяў усім добра вядомая. Гэта ідзе на карысць не толькі вызначэнню на ўзроўні кіраўніцтва нашых краін далейшых шляхоў развіцця Саюзнай дзяржавы, але, вядома, ідзе на карысць простым, нармальным чалавечым адносінам. А гэта самы важны, самы трывалы фундамент нашых брацкіх стасункаў».
Акрамя таго, па словах Сяргея Лаўрова, у кабінеце беларускага лідара ішла размова і аб міжнародных справах. «Безумоўна, сітуацыя вакол украінскага крызісу была ў цэнтры ўвагі, як гэта бывае рэгулярна ў ходзе сустрэч нашых лідараў, — канкрэтызаваў ён. — Неабходна зрабіць усё, каб справядлівасць перамагла. Перш за ўсё ідзе размова аб правах рускіх людзей, якіх кіеўскі рэжым ужо многія гады спрабуе поўнасцю пазбавіць».
Размова з Прэзідэнтам, як дадаў кіраўнік МЗС Расіі, ішла і аб тым, якую ролю іграюць Злучаныя Штаты Амерыкі і еўрапейцы ва ўрэгуляванні тых пытанняў, што выходзяць далёка за рамкі ўкраінскага канфлікту і датычацца агульных прынцыпаў бяспекі і ў Еўропе, і глабальна. «У нас адзіная пазіцыя, — падкрэсліў Сяргей Лаўроў. — Еўрапейцы ў цяперашняй сітуацыі робяць памылковую выснову аб тым, што Расія прайграе, а Украіна перамагае. Таму можна прапаноўваць ультыматумы ў надзеі на тое, што Расія гэтыя ўльтыматумы прыме. На гэты конт Прэзідэнт Пуцін ужо выказваўся ў ходзе сваіх апошніх выступленняў на розных мерапрыемствах. Гэтыя разлікі з абсалютна непрыдатнымі мэтамі, і яны ілюзорныя, што было пацверджана і ў ходзе візіту трох паслоў (Брытаніі, Францыі і Германіі) у нашы міністэрствы. З імі размаўляў мой намеснік: нічога новага яны не прынеслі, але дакучліва спрабуюць прапаноўваць свае паслугі, відавочна, не жадаючы застацца ў баку ад працэсу».
У сваю чаргу, расійскі і беларускі бакі, што, па словах Сяргея Лаўрова, было пацверджана і ў размове з Аляксандрам Лукашэнкам, прыхільныя да дамоўленасцяў, дасягнутых 15 жніўня 2025 года на Алясцы. «Прэзідэнт Пуцін неаднаразова гаварыў, што ён прыняў прапановы Прэзідэнта Трампа, — нагадаў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства. — І мы, вядома, разлічваем на тое, што пазіцыі, якія ўзгоднены на базе амерыканскай прапановы, будуць увасабляцца ў жыццё. Юрый Ушакоў, памочнік Прэзідэнта Пуціна, аб’явіў аб тым, што чакаем у агляднай будучыні чарговы візіт спадароў Уіткафа і Кушнера (спецпасланнікаў Дональда Трампа. — „Зв.“). Вядома, будзем разлічваць, што яны паведамяць аб тым, як амерыканцы плануюць выконваць дамоўленасці, заснаваныя цалкам на іх прапановах».