Top.Mail.Ru

Лукашэнку падарылі кнігу дакументаў аб лёсах тысяч беларусаў, эвакуіраваных у Мардовію

Кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку перададзена ў падарунак кніга пра гістарычную супольнасць Беларусі і Рэспублікі Мардовія. Гэта выданне ў падарунак Прэзідэнту ўручыў кіраўнік расійскага рэгіёна Арцём Здунаў, паведамляе БелТА.


Поўная назва кнігі — «Рэспубліка Беларусь — Рэспубліка Мардовія: агульная гісторыя, агульны лёс». У гэтым каталогу сабраны дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў, якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Мардовіі.

З Беларусі ў гэты расійскі рэгіён у гады Вялікай Айчыннай вайны было эвакуіравана 10 тыс. чалавек, а таксама сем дзіцячых дамоў, у якіх знаходзіліся 1150 дзяцей.

У выданне, у прыватнасці, уключаны пайменныя спісы і звесткі аб эвакуіраваных, у тым ліку аб дзецях і дзіцячых дамах, пастановы і тэлеграмы аб аказанні шэфскай дапамогі раёнаў Мардовіі гораду Гомелю і чатыром раёнам Гомельскай вобласці, фатаграфіі байцоў — ураджэнцаў Мардовіі, якія змагаліся за вызваленне Беларускай ССР.

Не выключана, што які-небудзь з дакументальных фактаў кнігі можа наштурхнуць людзей творчых прафесій на стварэнне кінасцэнарыя і здымкі фільма. Бо за кожным фактам, зафіксаваным у дакументах, — тысячы чалавечых лёсаў і жыццёвых гісторый, сярод якіх напэўна знойдуцца годныя ўвекавечанні ў кіно. На гэта ў час сустрэчы з кіраўніком Мардовіі ў Палацы Незалежнасці ўказваў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прапаноўваючы развіваць супрацоўніцтва ў кінематаграфіі. «У беларуска-расійскім напрамку можна шмат агульных тэм знайсці з гісторыі, вельмі карысных для нас у тым ліку», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Тым больш што Мардовія цяпер накіравана на актыўнае развіццё кінаіндустрыі і тэлевытворчасці. Тут шмат цікавых лакацый для здымак, якія запатрабаваны (за апошні год у рэгіёне праходзілі здымкі некалькіх поўнаметражных кінастужак), а нядаўна Мардовія далучылася да праекта «Кіно Расіі» і мае намер ствараць усе ўмовы, каб вывесці кінаіндустрыю на новы ўзровень.

«Вы ўмееце гэта рабіць. Мы б былі вельмі зацікаўлены ў абмене вопытам і дапамозе кадравай. Мы вялікую ўвагу зараз удзяляем кінематаграфіі», — сказаў беларускі лідар.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю