Як далажыў міністр адукацыі Андрэй Іванец, рэалізацыя эксперыментальных праграм акадэміі ў поўнай меры будзе магчымая толькі пры адборы матываваных і адораных людзей. Спецыялісты мяркуюць, што пры масавым наборы гэтыя эксперыментальныя праграмы не дадуць належнага эфекту.
«Трэба адчыніць дзверы для выпускнікоў каледжаў, для тых хлопцаў і дзяўчат, якія ўжо сёння вучацца ў ВНУ, праявілі сябе і хочуць перавесціся ў гэты новы адукацыйны цэнтр. У праекце ўказа маецца і такая траекторыя», — падкрэсліў міністр адукацыі. Ён растлумачыў, што студэнтам, якія хочуць паступіць у цэнтр, неабходна будзе прайсці сумоўе і здаць унутраны экзамен.
«Пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд мы абавязаны забраць са школьнай лавы, каб не дапусціць люфта часу, калі яны могуць вагацца: выбраць айчынную ўстанову адукацыі альбо з’ехаць вучыцца ў іншую краіну», — канстатаваў Андрэй Іванец.
Міністр адукацыі адзначыў, што ўпор у акадэміі быў зроблены на атрыманне рэальнага эфекту для эканомікі. Падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца ў галіне прыродазнаўчых навук і інжынерных тэхналогій.