Top.Mail.Ru
222

Лунінецкая ЦРБ выкарыстоўвае сучасныя падыходы да дыягностыкі і лячэння

Ужо добрай традыцыяй для Лунінецкай ЦРБ стала штогод уводзіць новыя аб’екты, якія робяць працэсы дыягностыкі і лячэння яшчэ больш эфектыўнымі. Мы наведалі гэту ўстанову, каб даведацца, як там ідуць справы і з якімі навінкамі яны завяршылі 2024 год.


Сёння ў склад Лунінецкай ЦРБ уваходзіць шэсць бальніц на 501 ложак. Да таго ж яе амбулаторна-паліклінічная служба прадстаўлена Лунінецкай і Мікашэвіцкай паліклінікамі, 15 амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі і 24 фельчарска-акушэрскімі пунктамі.

На працягу многіх гадоў установа неаднаразова адзначалася ўзнагародамі як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўню. Сакрэт поспеху — як у дастойных супрацоўніках, так і ў своечасовым абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

— Самым сучасным абсталяваннем аснашчаны аддзяленне рэанімацыі, аперацыйныя залы, радзільнае і хірургічнае аддзяленні. Таксама ў нас ёсць асабістае аддзяленне гемадыялізу. Гэтым можа пахваліцца далёка не кожная бальніца, — падзялілася галоўны ўрач Святлана Хлебус. — Непасрэдна ў 2024 годзе была праведзена мадэрнізацыя рэнтгенаўскіх кабінетаў пад устаноўку новых апаратаў у Лунінецкай паліклініцы, уведзены ў эксплуатацыю новыя рэнтген-апараты — мамограф і флюарограф.

Усе гэтыя навінкі мы змаглі ўбачыць на свае вочы. Загадчык кабінета рэнтгенакамп’ютарнай дыягностыкі Кацярына Арэшка падзялілася, што новы мамограф пад назвай «Мамаскан» быў вельмі жаданым набыццём.

— У нас такі апарат адзін на ўвесь раён. Больш за 1200 чалавек ужо абследавана за паўгода, — адзначыла яна.

Таксама сёлета ў Лунінецкай ЦРБ была ўведзена ў эксплуатацыю кіслародна-размеркавальная станцыя з устаноўкай кіслароднага канцэнтратара.

— Апарат разлічаны на 1 тыс. літраў прадукцыйнасці. Дзякуючы яму мы не залежым больш ні ад каго ў плане вытворчасці кіслароду. Абсталяванне само выпрацоўвае кісларод, і мы можам бесперабойна працаваць. У тым ліку гэта дазваляе запраўляць з яго балоны, якія патрэбны для інфекцыйнага аддзялення і для Мікашэвіцкай бальніцы, — распавёў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Эдуард Канапацкі.

З вялікай увагай тут адносяцца і да жыхароў аддаленых населеных пунктаў. Так, у лістападзе 2024 года пачаў сваю работу мабільны ФАП, закуплены за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

— Мабільны ФАП абсталяваны ўсім неабходным для аказання медыцынскай дапамогі. Вяскоўцы могуць прайсці дыспансерызацыю, ёсць магчымасць зрабіць прышчэпкі і набыць медыкаменты, — падзяліўся Эдуард Канапацкі.

Па яго словах, графік выезду ў сельскія населеныя пункты папярэдне размяшчаецца на сайце бальніцы і ў мясцовай раённай газеце.
Пасля наведвання Лунінецкай ЦРБ не застаецца сумненняў, что гэта месца, дзе па-сапраўднаму клапоцяцца аб здароўі жыхароў раёна. І кожнае новае набыццё робіць гэты працэс яшчэ больш эфектыўным.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю