Top.Mail.Ru
114

Лябяжы — «элітны» раён ці агульны дом?

Адкуль у Мінску «паны» з'явіліся?

Мікрараён Лябяжы традыцыйна лічыцца адным з самых прэстыжных у Мінску. У маляўнічым раёне раскінуліся сучасныя жылыя комплексы з цудоўнай інфраструктурай. Менавіта тут, паводле планаў Мінгарвыканкама, на 2026 год запланавана будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, у тым ліку сучасных інтэрнатаў кватэрнага тыпу. Гэта будзе жыллё для тых, хто сёння найбольш мае ў ім патрэбу, — маладых спецыялістаў, урачоў, настаўнікаў, работнікаў культуры.

Аднак частка мясцовых жыхароў сустрэла планы гарадскіх улад у штыкі. Асноўныя аргументы: дзіцячыя садкі і школы будуць перапоўненыя, сапсуецца зялёная зона, а галоўнае — парушыцца тая самая «асаблівая атмасфера» раёна, за якую былі заплачаныя немалыя грошы.

У Tіk Tok і тэлеграм-каналах успыхнула сапраўдная вайна. Так, напрыклад, чытаем: «Навошта будаваць інтэрнат у раёне,які калісьці пазіцыянаваўся элітным і прадаваўся па адпаведнай „статусу“ цане? І так праз пару гадоў забудовы пабудавалі сацыяльнае жыллё... А тут яшчэ пасярод раёна інтэрнат», — абураецца карыстальнік Tіk Tok. «Яшчэ не зразумела, чаму менавіта тут, калі побач няма асабліва каледжаў, універсітэтаў і прадпрыемстваў?» — падтаквае яму іншы каментатар.

Ёсць у сеціве і супрацьлеглыя меркаванні: «А я думаю, інтэрнаты неабходны паўсюль, нават у элітных раёнах. І тыя, хто там жыве глыбока і далёка, пацерпяць», «Няхай будуюць інтэрнат — на тое яна і сталіца. А хто хоча адчуць сябе элітай, калі ласка, у правінцыю, тут прасторы хапае!». Згадзіцеся, аптымістычна, а галоўнае — рэалістычна, бо на шляху да набыцця ўласнага куточка шмат каго не абмінае этап здымных кватэр, інтэрнацкага жыцця. Не будзем забываць пра гэта!

Зямля — уласнасць дзяржавы і народа

У Беларусі не існуе паняцця «элітны раён» у юрыдычным полі. Зямля, на якой стаіць Лябяжы, як і любы іншы сталічны мікрараён, з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы і народа. Яна не можа быць «прыватызавана» паводле настрою. Мы жывём не пры капіталізме, а ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве: зямля адна на ўсіх. Рашэнне аб забудове прымаецца з улікам горадабудаўнічых планаў і патрэб горада, а не згодна з цаной квадратнага метра.

Забудоўшчыкі актыўна выкарыстоўваюць слова «элітны» ў рэкламных мэтах, каб прадаць кватэры даражэй. Але купля жылля побач з лесам і штучным возерам не дае права на «закрыты клуб па інтарэсах» і не адмяняе таго факту, што побач жывуць людзі, якія гэты горад будуюць, лечаць і вучаць тую ж «эліту».

Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Ірына МАЛЁВАНАЯ расказала, што апошнія гады перыядычна тыя ці іншыя пляцоўкі забудоўваюцца, таму што ў цэлым гэта раён, які працягвае прырастаць. «Мы актыўна вядзём работу з таварыствамі ўласнікаў, і па тэме будаўніцтва інтэрнатаў ні разу зваротаў ці нейкіх пытанняў не было. 

У нашай выбарчай акрузе самая вялікая колькасць грамадзянскіх ініцыятыў, якія штогод выйграём. Недалёка ад тэрыторыі плануемай забудовы стварылі выдатную дзіцячую пляцоўку. Хачу сказаць не толькі як дэпутат, але і як грамадзянка і жыхарка гэтага раёна, што на сённяшні дзень палітыка нашага Прэзідэнта накіравана на стварэнне добрых умоў, каб усе без выключэння людзі паспяхова працавалі, нараджалі дзяцей і адчувалі сябе паўнавартаснымі грамадзянамі нашай краіны».

Яна адзначыла, што мікрараён новы, і ў асноўным у ім жывуць маладыя, перспектыўныя, ініцыятыўныя. Менавіта тут і трэба, па меркаванні дэпутата, будаваць у тым ліку і інтэрнаты. Ірына Малёваная падзялілася, што як кіраўнік дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спорту» яна зацікаўлена ў будаўніцтве такога жылля — гэта дапаможа вырашыць кватэрнае пытанне маладых перспектыўных супрацоўнікаў.

Школ і садкоў хапае, паркоўкі не запоўненыя цалкам

Праціўнікі будаўніцтва інтэрнатаў выступаюць са сваімі катэгарычнымі прапановамі, што яны хацелі б бачыць замест. Адным не хапае месцаў для паркоўкі, другім патрэбна зялёная зона, трэція і ўвогуле гучна патрабуюць новы дзіцячы садок...

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй СТРЫГЕЛЬСКІ расказаў, што ў мікрараёне Лябяжы створана дастатковая сацыяльная інфраструктура: функцыянуюць дзве школы (гімназія № 42 можа працаваць у дзве змены) і тры дзіцячыя садкі. Дашкольныя ўстановы маюць невялікую перагрузку па спісах, але фактычная наведвальнасць не перавышае 60 %, а з улікам суседніх садкоў у Вяснянцы (загружанасць да 70 %) рэзервы для прыёму дзяцей ёсць. Медыцынскую дапамогу забяспечвае новае шматфункцыянальнае аддзяленне 4-й гарадской паліклінікі, адкрытае ў 2021 годзе, адзначыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска Валерый ВАРАНІЦКІ патлумачыў, што мікрараён у сваіх межах забудоўваўся актыўнымі тэмпамі. «Для жыхароў раёна пабудаваны прыгожыя па архітэктуры шматкватэрныя жылыя дамы з улікам нарматываў па забяспечанасці паркоўкамі. Да таго ж, у шматпавярховых дамах функцыянуюць падземныя паркінгі, дзе грамадзяне могуць паставіць свой аўтамабіль на захоўванне альбо набыць гэту пляцоўку. Прычым у таварыства ўласнікаў месцы для паркоўкі не ўсе запоўненыя.

Валерый Вараніцкі акцэнтаваў увагу, што кожная тэрыторыя, кожны квадратны метр зямлі ў сталіцы павінен выкарыстоўвацца эфектыўна. «Кожны аб’ект, які будзе размяшчацца ці ў Лябяжым, ці ў іншым мікрараёне Цэнтральнага раёна, будзе адпавядаць дзейсным нарматывам. Усе праекты ў абавязковым парадку праходзяць дзяржаўную экспертызу».

Кіраўнік раёна адзначыў, што інтэрнатаў чакае вялікая чарга грамадзян — сем’і, якія не маюць ва ўласнасці свайго жылля, у тым ліку шматдзетныя, педагогі, урачы, культурныя работнікі. Таму прынятае рашэнне па будаўніцтве жылля для работнікаў сацыяльнай сферы, у якіх горад мае патрэбу, абгрунтаванае, не супярэчыць ніякім прававым нормам.

Мінгарвыканкам ужо вызначыў новыя пляцоўкі пад будаўніцтва арэнднага жылля і інтэрнатаў. Гэта сістэмная работа, накіраваная на тое, каб урачы, настаўнікі і прадстаўнікі іншых важных для сталіцы прафесій мелі дах над галавой. Працэс будзе працягвацца, і Лябяжы — не выключэнне.

Гэта сітуацыя павінна стаць для ўсіх урокам. Мы не павінны дазволіць, каб горад ператварыўся ў сукупнасць «месцаў для багатых» і «спальных раёнаў для простых». Мінск — гэта агульны дом. І будаваць яго мы павінны разам, не падзяляючы людзей на «ніжэйшы клас» і "эліту«,бо заўтра ўрач, які паселіцца ў тым самым інтэрнаце, можа выратаваць жыццё камусьці з «элітнай» меншасці. І вось тады ўжо дакладна будзе не да пытанняў самалюбства.

А што да «элітнасці», то яна вызначаецца не наяўнасцю шлагбаума і цаной квадратнага метра, а здольнасцю быць грамадзянінам. Сапраўдная эліта — гэта тыя, хто нясе адказнасць за краіну, з павагай і клопатам ставіцца да яе людзей, а не хаваецца за плотам ад «плебеяў».

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю