Top.Mail.Ru

Лячэнне раку ў дзяцей становіцца больш эфектыўным дзякуючы новым метадам

Штогод у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ўкараняюцца новыя сучасныя тэхналогіі ў аказанні дапамогі. У тым ліку дзякуючы ім у краіне каля 80 % дзяцей з анкалагічнымі дыягназамі паспяхова вылечваюцца. Такія паказчыкі ў лячэнні маюць толькі развітыя краіны з высокім узроўнем даходу, у краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходу ад раку ўдаецца вылечыць усяго каля 30 % дзяцей. Пра новыя метады ў лячэнні расказала намеснік дырэктара па клініцы РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, галоўны пазаштатны дзіцячы анкагематолаг Міністэрства аховы здароўя Іна ПРАЛЯСКОЎСКАЯ.


Індывідуальны падыход

У цэнтры займаюцца лячэннем большасці дзіцячых анкалагічных захворванняў — лейкозаў, апластычных анемій, першасных імунадэфіцытаў. Частцы гэтых пацыентаў праводзіцца алагенная і аўталагічная трансплантацыя касцявога мозгу. У нашай краіне яна выконваецца з 1998 года. Летась лячэнне з прымяненнем трансплантацыйных тэхналогій атрымаў 91 пацыент.

— Патрэба ў трансплантацыі пацыентаў дзіцячага ўзросту і часткі маладых дарослых задавальняецца цалкам, доўгай чаргі на гэты від лячэння няма. Выкарыстоўваюцца рэсурсы беларускага, расійскага і міжнароднага банка донараў. Калі гэта немагчыма, то прымяняюцца сучасныя эксперыментальныя віды трансплантацыі. Гэта гаплатрансплантацыі — трансплантацыя ад бацькоў. Калі няма іншага прыдатнага донара і стан здароўя бацькоў дазваляе быць донарам, то такая магчымасць у пацыентаў нашай краіны ёсць, — адзначыла Іна Праляскоўская.

Летась у РНПЦ было выканана 1300 хірургічных аперацый, прычым каля 30 % з іх — высокатэхналагічныя. Больш за 20 гадоў у цэнтры праводзіцца індывідуальнае пратэзаванне пры лячэнні пухлін касцей — саркомы Юінга і астэасаркомы. Гэта вельмі важна для пацыентаў, бо індывідуальнае пратэзаванне істотна паляпшае якасць жыцця.

— Дзяржава ідзе нам насустрач: заказваюцца індывідуальныя пратэзы пад рост дзяцей. З дарослымі пры такіх захворваннях можа быць больш агульны падыход. Дзіця расце, часам патрабуецца рэпратэзаванне. Гэта індывідуальныя пратэзы, частка з іх абсталявана такімі сістэмамі, што можна іх падаўжаць, не робячы вялікай аперацыі ці ўвогуле не аперыруючы паўторна. Але часам з узростам трэба мяняць пратэз, таму хірургічная праца развіваецца, — тлумачыць Іна Праляскоўская.

Развіваюцца і ўкараняюцца ў цэнтры малаінвазіўныя аперацыі пры дзіцячых анкалагічных захворваннях. Як і ва ўсім свеце, перспектыву тут бачаць ва ўкараненні рабатызаваных тэхналогій, якія дазволяць пашырыць пералік унікальных аперацый. У новым будынку цэнтра запланавана пяць высокаабсталяваных аперацыйных. Гэта дасць магчымасць рабіць тыя аперацыі, якія раней пацыентам не былі даступныя і яны атрымлівалі дапамогу за мяжой — у Расіі і Еўропе.

— З укараненнем новых тэхналогій і атрыманнем новага абсталявання частка гэтых складаных аперацый будзе даступная пацыентам у нашай краіне, — падкрэсліла суразмоўца.


Навучыць імунітэт

Адзін з новых кірункаў у аказанні медыцынскай дапамогі анкалагічным пацыентам — розныя віды імунатэрапіі. Справа ў тым, што новыя лекі ад анкалагічных захворванняў з’яўляюцца не так часта: для таго каб выпусціць новы прэпарат, патрэбна дзесяцігоддзе. Да таго ж дзіцячыя анкалагічныя захворванні даволі рэдкія — куды больш новых прэпаратаў з’яўляюцца для дарослых пацыентаў. 

Таму імунатэрапія — перспектыўны кірунак развіцця. З нядаўняга часу ў РНПЦ рэалізоўваецца праект па спецыфічнай ДНК-вакцынацыі. Яна накіравана на прадухіленне паўторных захворванняў нейрабластомай.

Навуковы праект распачаўся ў 2019 годзе. Ён прайшоў стадыі ад выпрабаванняў на лабараторных жывёлах да ўкаранення метаду ў клінічную практыку. На сёння ўжо 14 пацыентаў з нейрабластомай атрымалі такое лячэнне. Як растлумачыла Іна Праляскоўская, штогод з такім дыягназам у цэнтры бывае да 15 пацыентаў, аднак не кожнаму з іх патрэбны такі метад лячэння. Ён выкарыстоўваецца толькі пры прасунутых стадыях хваробы для прафілактыкі рэцыдыву.

— Вядома, ён не можа вылечыць 100 % дзяцей. Такі метад падыходзіць тым пацыентам, у якіх узнік рэцыдыў захворвання, ён атрымаў другую лінію лячэння, і яна была паспяховай. Для такога пацыента робіцца індывідуальны прэпарат, ён уводзіцца ўнутрымышачна і пераральна. Праводзяцца тры курсы імунатэрапіі, накіраваныя на тыя антыгены, якія экспрэсуюць пухліну канкрэтнага пацыента. Пабочных эфектаў амаль няма: могуць адзначацца субфібрыльная тэмпература, часам болевы сіндром у месцы ін’екцыі. Няма млоснасці, ванітаў, выяўленага цытапенічнага сіндрому, ні аблысення, ні рэзкага зніжэння або павелічэння вагі, — расказала намеснік дырэктара цэнтра.

Развіваецца і праект па лячэнні вострых лімфабласных лімфозаў і лімфабласных лімфом. Метад таксама выкарыстоўваецца пры рэцыдыве і прагрэсіі захворвання. І калі раней у гэтых пацыентаў пры рэцыдыве захворвання шанцаў амаль не было, то сёння ёсць рэальная магчымасць вылечыцца. Эфектыўнасць новага метаду — 70 %.

Вядуцца навуковыя праекты па распрацоўцы падобнага лячэння пры лімфомах Ходжкіна, прычым не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Распрацоўваецца праект па лячэнні солідных пухлін у дзяцей, у наступным годзе плануецца распаўсюдзіць яго на лячэнне пухлін галаўнога мозгу.

Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю