У гэтым сезоне яны плануюць сабраць больш за 3 тысячы тон каштоўнага ляснога прадукту. Работа ў лясах — цяпер у самым разгары. Гэтымі днямі лясгасамі рэгіёна сабрана ўжо каля тысячы тон бярозавага соку. У лідарах — Лунінецкі, Пінскі, Маларыцкі і Ганцавіцкі лясгасы.
Як адзначыла намеснік кіраўніка Ганцавіцкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Лілія Ленкавец, планавае заданне для іх арганізацыі на сёлетні сезон — 750 тон соку. Аднак, як тлумачаць спецыялісты, выніковая лічба напрамую будзе залежаць ад капрызаў надвор’я. Бо многае залежыць ад умоў надвор’я. Калі перыяд сокавага руху будзе працягвацца без страты смакавых якасцяў напою, работнікі лясгаса паспрабуюць нарыхтаваць яго як мага больш.
Напрыклад, у Ганцавіцкім раёне ўжо сабралі каля 310 тон гэтага карыснага прадукту. Амаль увесь ён закупляецца спецыялізаванымі кампаніямі. Не забываюць у гэтым раёне і пра насельніцтва, якому непасрэдна ў лясгасах яго прадаюць па 42 капейкі за літр у сваёй тары. Таксама сок будзе пастаўляцца на галіновыя гандлёвыя пляцоўкі — так званыя «Лясныя домікі», дзе набыць напой можна па цане 55 капеек за літр.
Між іншым, асноўны аб’ём нарыхтаванага лесаводамі вобласці бярозавага соку традыцыйна ідзе буйным перапрацоўшчыкам. Сёлета прамыя дагаворы з аб’яднаннем заключылі некалькі беларускіх прадпрыемстваў. Сярод іх — буйныя вытворцы фруктовых сокаў і напояў.
Як можна нарыхтоўваць бярозавы сок самастойна?
Канал падсочнай адтуліны высвідроўваецца на вышыні 35–50 сантыметраў ад каранёвай шыйкі з некаторым ухілам уніз. Ён робіцца дыяметрам у 1 сантыметр (без уліку кары) на адлегласці не менш за 20 сантыметраў ад старога прапілу, у прарэз устаўляецца жалабок, а да яго прымацоўваецца ёмістасць. Актыўны перыяд збору бярозавага соку з аднаго дрэва складае каля 15 дзён, а агульны сезон збору — каля месяца.
Пасля заканчэння збору соку жалабкі павінны быць знятыя, адтуліны закрыты коркам і замазаны садовай маззю.
Як правіла, з дрэва атрымліваюць 2–3 літры соку ў суткі.

Кожнае лясніцтва вызначае месцы, дзе яго можна здабыць, альбо сок можна купіць прама на лесасецы. Пры жаданні беларусы могуць нарыхтоўваць сок самі і бясплатна. Але па заканадаўстве неабходна ў абавязковым парадку звярнуцца ў лясніцтва. Спецыялісты пакажуць канкрэтныя дрэвы, якія можна задзейнічаць у нарыхтоўцы соку легальна. А для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў будзе выпісаны лясны білет.
Вядома, бярозавы сок можна збіраць не на ўсіх лясных угоддзях, пры гэтым не варта забываць і аб правілах арганізацыі падсочкі. Нельга нарыхтоўваць сок уздоўж аўтамабільных і чыгуначных дарог, у населеных пунктах, парках і скверах, уздоўж рэк і вадаёмаў, на тэрыторыі помнікаў прыроды, а таксама ў месцах масавага адпачынку людзей. Нарыхтоўка соку насельніцтвам знаходзіцца пад кантролем лясгасаў. Ахвотныя асабіста збіраць сок павінны паклапаціцца і пра тое, каб дрэвы пасля падсочкі не пацярпелі.
Як захоўваць?
Свежы бярозавы сок трэба захоўваць у халадзільніку не больш чым двое сутак. А захоўваць карысныя рэчывы цэлы год дазваляе кансервацыя.
Гэты сок змяшчае максімальны набор вітамінаў і мінералаў, ён нізкакаларыйны: у 100 грамах змяшчаецца ўсяго 25 ккал. Карысны для сэрца (з-за ўтрымання соляў кальцыю і магнію), страўніка, пры хваробах нырак; паляпшае абменныя працэсы ў арганізме і ўмацоўвае імунітэт.
Праўда, у бярозавага соку маюцца і супрацьпаказанні. Ён не рэкамендуецца тым, у каго ёсць алергія на яго кампаненты, а таксама хворым на гастрыт. Варта быць больш уважлівым і тым, хто пакутуе ад нестабільнага артэрыяльнага ціску.
Дарэчы, калі многія думаюць, што празрысты і крыштальна чысты бярозавы сок можа замяніць дзённую норму вады, гэта не так. У ім шмат актыўных рэчываў, таму няправільна лічыць, быццам вада і сок — адно і тое ж. Важна разумець, што бярозавік адносіцца да гаючага настою, а не як вадкасць для здаволення смагі. Сутачная норма — адна-дзве шклянкі.
Дарэчы, у Беларусі штогод нарыхтоўваецца ад 12 да 17 тысяч тон гэтага карыснага напою.
У нашай краіне за незаконную нарыхтоўку бярозавага соку прадугледжаны значныя штрафы. Згодна з артыкулам 16.19 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, памеры штрафаў складаюць:
— для грамадзян — да 20 базавых велічынь;
— для індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100 базавых велічынь;
— для юрыдычных асоб — да 500 базавых велічынь.
Сяргей КУРКАЧ