Якія захворванні лечыць лімфолаг? Якія тэрапеўтычныя метады для гэтага выкарыстоўвае? Што ў яго рабоце самае складанае? Пра гэта размаўляем з урачом-анколагам, лімфолагам, спецыялістам па КФСТ (комплекснай фізічнай супрацьацёкавай тэрапіі) прафесарска-кансультатыўнага цэнтра ГрДМУ Валерыяй Аганесян.
Галоўны сімптом — ацёкі
— Валерыя Сяргееўна, з якімі паталогіямі звычайна маюць справу ўрачы вашай спецыяльнасці?
— Мы працуем з захворваннямі лімфатычнай сістэмы, якая іграе адну з ключавых роляў у вывядзенні вадкасці з арганізма. Калі ў яе дзейнасці адбываецца збой і адток лімфы парушаецца, узнікае хранічнае захворванне, якое прагрэсіруе, — лімфедэма. Гэта затор лімфатычнай вадкасці ў мяккіх тканках, які прыводзіць да галоўнага сімптому — ацёку ніжніх і верхніх канечнасцяў (радзей — малочнай залозы, геніталій). Пацыенты скардзяцца на дыскамфорт, хваравітасць. Пры хранічным працэсе развіваюцца трафічныя змены скуры ў выглядзе з’яўлення язваў, згушчэнняў, гіперкератозу (паталагічнага патаўшчэння рагавога слою скуры). Пры траўме скурных пакроваў гэты стан ускладняецца далучэннем рожыстага запалення і лімфарэяй (пры ёй лімфатычная вадкасць выцякае з пашкоджаных лімфатычных сасудаў вонкі або запасіцца ў поласцях цела).
— Што выклікае лімфедэму? Наколькі гэта паталогія распаўсюджаная?
— Пярвічная лімфедэма абумоўлена прыроджанай адсутнасцю або недаразвіццём лімфатычных сасудаў. Яе распаўсюджанасць у свеце — 1 на 100 тысяч насельніцтва. Часцей сустракаецца другасная лімфедэма, якая ўзнікае пасля проціпухліннага лячэння — аперацый з выдаленнем лімфавузлоў, іх прамянёвай тэрапіі. Напрыклад, у такіх выпадках пры раку малочнай залозы рызыка развіцця лімфедэмы дасягае 41 %. Да другаснай лімфедэмы прыводзяць перанесеныя інфекцыі, напрыклад філярыёз (або філярыятоз), найбольш актуальны для трапічных і субтрапічных рэгіёнаў Азіі, Афрыкі, Ціхага акіяна, рожа. Сярод прычын развіцця другаснай лімфедэмы таксама траўмы, атлусценне, хранічная лімфавянозная недастатковасць і некаторыя іншыя.
— З ацёкамі якіх памераў вам даводзілася мець справу?
— Самы вялікі аб’ём канечнасці, з якім я працавала, дасягаў 100 см. Такой была рука жанчыны пасля комплекснага лячэння раку малочнай залозы. Гэты ацёк фарміраваўся 10 гадоў. Калегі-расіяне дэманстравалі на канферэнцыях аб’ёмы канечнасцяў і ў 200 см.
Узяць пад кантроль
— Ці можна вылечыць лімфедэму? Якія метады прымяняюцца сёння для гэтага?
— На жаль, лімфедэма — гэта хранічнае захворванне, вылечыць якое немагчыма. Аднак ацёк можна ўзяць пад кантроль, дабіцца таго, каб ён зменшыўся, не нарастаў. Ёсць кансерватыўнае і хірургічнае лячэнне лімфедэмы. Кансерватыўны метад — гэта пэўныя працэдуры, якія дазваляюць прыбраць назапашаны вадкі кампанент ацёку ў канечнасці, і захоўванне дасягнутага выніку з дапамогай індывідуальнага кампрэсійнага трыкатажу плоскай вязкі, які для ўстойлівага эфекту пацыентам рэкамендавана насіць пастаянна. Рашэнне аб хірургічным умяшанні прымаецца пасля ацэнкі стану лімфатычнай сістэмы з дапамогай іcg-лімфаграфіі (сучаснага метаду візуалізацыі лімфатычнай сістэмы).
— Са спецыялістамі якога профілю лімфолагу даводзіцца супрацоўнічаць часцей за ўсё пры лячэнні пацыентаў?
— Звяртацца прыходзіцца да калег самых розных профіляў — хірургаў, у тым ліку сасудзістых, анколагаў, кардыёлагаў, тэрапеўтаў.
— Што ў вашай рабоце самае складанае?
— Многія пацыенты з лімфедэмай з-за недастатковай інфармаванасці звяртаюцца па дапамогу на незваротнай або запушчанай стадыях. Работа з імі заўсёды доўгая, упартая, але і ў такіх выпадках, як правіла, атрымліваецца запусціць лімфатычную сістэму, не дапусціць развіцця ўскладненняў лімфедэмы: рожыстых запаленняў, цэлюлітаў, лімфарэі, злаякасных новаўтварэнняў. Другая праблема — невыкананне пацыентамі лячэння. Якім бы выдатным ні быў вынік пасля праведзенай тэрапіі, у будучым усё залежыць ад таго, наколькі дакладна пацыент будзе прытрымлівацца рэкамендацый урача: насіць кампрэсійны трыкатаж, выконваць лячэбную фізкультуру, даглядаць скуру той вобласці, якая падвергалася тэрапіі. Калі пацыенты ігнаруюць прызначэнні, то лімфедэма працягвае прагрэсіраваць.
— У чым заключаецца прафілактыка захворванняў лімфатычнай сістэмы? Што важна для яе здароўя?
— Самае галоўнае — не перагрузіць лімфатычную сістэму, інакш ёсць рызыка ацёкаў. Для падтрымання яе здароўя рэкамендуецца выпіваць 1-1,5 чыстай вады ў дзень, больш рухацца, сачыць за вагой, ужываць дастатковую колькасць агародніны і садавіны, выключыць алкаголь.
Гутарыла Вольга Паклонская
Фота Валерыі Аганесян і з адкрытых крыніц