Top.Mail.Ru

Лёгкіх шляхоў да перамог у цяжкай атлетыцы, як і ў іншых відах спорту, не бывае. А ці варта ўвогуле «цягаць жалеза»?

Пра поспехі гродзенскіх штангістаў Арцёма РАГОЖЫНСКАГА і Роберта КУРОЎСКАГА я даведалася са спартыўных навін. Хлопцы выдатна выступілі на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў і моладзі (да 23 гадоў) у албанскім горадзе Дурэс. Спаборніцтвы былі маштабныя і сабралі каля 400 перспектыўных спартсменаў, якія прадставілі 38 дзяржаў кантынента. Беларускія атлеты заваявалі ўвогуле 15 узнагарод рознай вартасці, уключаючы 8 залатых медалёў. Сярод прызёраў і пераможцаў былі і гэтыя хлопцы. Чаму яны выбралі менавіта цяжкую атлетыку, і што могуць параіць сваім зусім яшчэ юным паслядоўнікам?



Выпадковая сустрэча

У Албаніі Арцём Рагожынскі змагаўся за медалі ў вагавой катэгорыі звыш 110 кг. Стартавае практыкаванне прынесла яму безумоўны поспех: падняўшы 169 кг у рыўку, ён гарантаваў сабе малую залатую ўзнагароду. У штуршку гродзенскі штангіст справіўся з вагой 195 кг. Падагульняючы вынік спартсмена ў дваябор’і склаў 364 кг, што дало яму магчымасць увайсці ў пяцёрку мацнейшых цяжкаатлетаў Еўропы ў сваёй узроставай катэгорыі.

Спартыўная гісторыя Арцёма пачалася ў сярэдняй школе, калі ў іх клас з прэзентацыяй прыйшоў трэнер па цяжкай атлетыцы Генрых Рудзевіч. Ён расказаў пра гэты від спорту, і хлопец вырашыў схадзіць паглядзець, што да чаго. Тады мой суразмоўца яшчэ не задумваўся аб прафесійнай кар’еры. Проста вырашыў паспрабаваць. Бацькі такі выбар адобрылі, асабліва бацька, бо ён бачыў, што ў сына прыдатныя фізічныя дадзеныя.

— Шчыра кажучы, я не заўсёды быў старанным вучнем. У 2021 годзе стаў горш трэніравацца, часам прапускаў трэніроўкі. Што зробіш — падлеткавы ўзрост адбіваўся. Хацелася больш пагуляць, адпачыць. Але мой вядучы трэнер Вадзім Аляксандравіч Абрамовіч сказаў, што ў мяне ёсць усе шанцы патрапіць на чэмпія-

нат Еўропы да 15 гадоў. І гэта мяне зматывавала. І ўсё іншае адышло на другі план, мне стала цікава, змагу ці не. У выніку я паехаў і ўзяў «золата». 

Нягледзячы на тое, што вага ў гэтым відзе спорту экстрэмальна вялікая, калі рабіць усё правільна, праблем не будзе, сцвярджае Арцём. Той, хто хоча прыйсці ў цяжкую атлетыку, павінен памятаць, што трэба строга выконваць рэжым ва ўсім: у ежы, трэніроўках, адпачынку. Патрабуецца дадатковая вітамінізацыя. Таксама важна слухаць трэнера, які заўсёды ведае, як зрабіць лепей.

Нейкай асаблівай падрыхтоўкі да чэмпіянату ў Албаніі не было, адзначае Арцём:

— Я стараюся не думаць аб спаборніцтвах, якія хутка адбудуцца. Максімальна «чышчу» галаву. Эмацыйнае знясіленне ніякай карысці не прынясе. Выкарыстоўваю простыя паўсядзённыя рэчы — прагулкі, кіно і серыялы, кнігі. Гэта дапамагае адцягнуцца і разгрузіць думкі. Даю ім ход ужо амаль перад самым выступленнем. Да таго ж арганізацыя спаборніцтваў была выдатная, атмасфера склалася прыязная, прыемна было пагутарыць з іншымі спартсменамі.

Калі я спытала ў Арцёма, у чым яго поспех, ён, усміхаючыся, адказаў, што ў цвердалобасці. Упартасці яму не займаць. А яшчэ хлопец вельмі добра памятае пачатак свайго шляху, свае першыя поспехі:

— Як бы дзіўна ні гучала, гэта мой любімы этап у кар’еры. Вядома, усе наступныя трэніроўкі і поспехі таксама выклікаюць буру эмоцый, тым не менш пачатак шляху з яго ўзлётамі і падзеннямі застаецца любімым. Магчыма таму, што менавіта там былі закладзены ўсе асновы.

Гаворачы аб планах на будучыню, гродзенскі штангіст накіраваны на заваяванне новых спартыўных вяршынь. Найбліжэйшым важным выклікам для яго стане Кубак Рэспублікі Беларусь, дзе атлет разлічвае перасягнуць свой вынік, паказаны на еўрапейскім першынстве. А галоўнай доўгатэрміновай мэтай Арцёма Рагожынскага застаецца афіцыйнае залічэнне ў асноўны склад нацыянальнай зборнай краіны па цяжкай атлетыцы.


«Мая апора ў сям’і»

Спартыўныя навіны пра Роберта Куроўскага мяне ўразілі не менш. У суперцяжкай вагавой катэгорыі (звыш 110 кг) ён заваяваў малы залаты медаль у рыўку, паказаўшы вынік 183 кг, а таксама ўзяў малую «бронзу» ў штуршку з вагой 220 кг. У выніковым пратаколе дваяборства Роберт размясціўся на трэцім радку, саступіўшы толькі двум расійскім цяжкаатлетам.

У адрозненне ад Арцёма, для якога спартыўная кар’ера пачалася з выпадковай сустрэчы, шлях Роберта быў дакладна вызначаны. Юнак са спартыўнай сям’і. Яго бацька Генадзь Валянцінавіч Куроўскі — вядомы беларускі трэнер па цяжкай атлетыцы, старшы трэнер Гродзенскай вобласці, майстар спорту СССР. Старэйшыя браты Роберта таксама займаюцца цяжкай атлетыкай. Але бацька не настойваў на тым, каб ён абраў менавіта гэты шлях.

— Я мог выбраць любы напрамак. Тата ніколі не імкнуўся да таго, каб дзеці ішлі па яго слядах. Усё атрымалася само сабой. У трэніровачных залах я амаль з пялёнак. Часта бываў у бацькі на працы. І мне падабалася тое, чым ён займаўся.

Так што шлях у цяжкую атлетыку Роберт абраў свядома — яшчэ ў дзяцінстве адчуў у сабе каласальны сілавы патэнцыял і патрэбную для гэтага віду спорту хуткасць. Па словах хлопца, яго зацягнула сама спецыфіка гэтага вузканакіраванага і відовішчнага спорту. А тым, хто сёння толькі выбірае гэты шлях і прыглядаецца да штангі, раіць не сумнявацца, але памятаць пра важныя якасці: апрача галоўнага правіла — проста шмат працаваць, ключавымі фактарамі поспеху ў цяжкай атлетыцы з’яўляюцца сіла, гнуткасць і характар.

— У зале можна проста мацаваць асобныя групы цягліц, аднак нашы спецыфічныя практыкаванні для развіцця рыўка і штуршка прымушаюць па-асабліваму адчуваць увесь арганізм. Гэта дае незабыўныя эмоцыі, — дзеліцца Роберт.

Ацэньваючы сваё нядаўняе выступленне на еўрапейскім памосце, прызёр захоўвае максімальную самакрытычнасць. Кажа, што не дасягнуў тых вынікаў, што хацеў, але імкнецца ставіцца да сябе з разуменнем, бо зусім нядаўна ў яго была аперацыя на калене.

— Не, са спортам яна не звязана, — тлумачыць Арцём. — Быў прыроджаны момант — нараст на каленнай чашачцы. Ён перашкаджаў займацца спортам, таму вырашылі яго выдаліць. Аперацыя была летам, а восенню я ўжо пайшоў на спаборніцтвы. Калі б не калена, зрабіў бы ўсё значна лепш, сіл бы ў мяне сапраўды хапіла. Але пасля аперацыі прайшло не так шмат часу, яно балела. 

Да нядаўняга часу свае поспехі Роберт прысвячаў бацьку — маладому чалавеку хацелася адпавядаць паспяховаму тату, ён браў з яго прыклад. Цяпер жа ў яго яшчэ больш нагоды для радасці і больш упартых трэніровак.

— Я нядаўна ажаніўся. І мая жонка — магутная крыніца натхнення. Яна падзяляе ўсе моманты маёй спартыўнай кар’еры. Акрамя таго, я адчуваю падвойную адказнасць, бо ў Насці ёсць дачушка Арыэль. Я стаў не толькі мужам, але і бацькам. Я не дзялю дзяцей на сваіх і чужых, вельмі люблю малую, — з цеплынёй кажа Роберт.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва герояў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю