Top.Mail.Ru

«Любы фармат работы актуальны і значны», калі гэта сумленны і адкрыты дыялог з выбаршчыкамі, лічыць дэпутат Наталля Дзяргач

Тэрыторыя сталічнай Усходняй выбарчай акругі № 107, якую прадстаўляе член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Наталля Дзяргач, даволі вялікая па плошчы. Дэпутат яе добра ведае — жыве там і доўгі час працавала. 


У гэтай асаблівасці ёсць шмат станоўчых момантаў. Напрыклад, парламентарый многіх выбаршчыкаў — сваіх колішніх пацыентаў — ведае ў твар, ходзіць з імі па адных вуліцах, наведвае тыя ж крамы, сацыяльныя ўстановы. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, якімі мерапрыемствамі быў насычаны рабочы тыдзень дэпутата ў акрузе ў кастрычніку.


«У мяне работа ў акрузе амаль бесперапынная»

— Тое, што я працавала і жыву ў межах акругі, якую прадстаўляю, сапраўды вельмі дапамагае ў рабоце, — адзначыла дэпутат. — Асаблівасць яе ў тым, што вялікіх прадпрыемстваў або вышэйшых навучальных устаноў на яе тэрыторыі няма. Затое тут канцэнтрацыя ўстаноў аховы здароўя — іх больш за пятнаццаць і рознай накіраванасці: і амбулаторна-паліклінічныя, і рэспубліканскія ўстановы аховы здароўя. А гэта мой профіль: я сама ўрач, больш за дваццаць гадоў адпрацавала ў Савецкім раёне. Выбаршчыкі — фактычна мае пацыенты. Сустракаючыся з імі цяпер, многіх памятаю і ведаю. У мяне работа ў акрузе амаль бесперапынная. Людзі звяртаюцца пераважна па пытаннях, якія датычацца аказання медыцынскай дапамогі, нярэдкія таксама жыллёва-камунальныя, судовыя, пытанні добраўпарадкавання.

Сям’я — у цэнтры ўвагі

Работа ў акрузе ў кастрычніку была прысвечаная Тыдню бацькоўскай любові, нагадала дэпутат.

— Нязменна важны фармат — на пачатку тыдня правяла асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію ў адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы. У ходзе дыялогу ўзнімаліся пытанні аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву і добраўпарадкавання. Паступіла таксама прапанова аб унясенні змяненняў у заканадаўства, якое будзе дадаткова вывучана.

У рамках адзінага дня інфармавання правяла сустрэчу з працоўным калектывам ТАА «МОНТБРУК». Галоўнай тэмай стала захаванне традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў: сям’і, грамадства і дзяржавы.

— З улікам таго, што працую ў складзе Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, мне вельмі блізкая тэма сям’і, дзяцінства, мацярынства і здароўя, — падкрэсліла парламентарый. — Падчас сустрэч з выбаршчыкамі мы закранаем вельмі шырокі спектр тэм. Гаворачы аб гэтым прадпрыемстве, мы абмяркоўвалі і дзяржаўную падтрымку маладых сем’яў, уплыў лічбавага асяроддзя на нашу моладзь, адносіны да стварэння сям’і.

Адзіны дзень інфармавання дэпутат правяла таксама ў дзяржаўнай установе «Белгідрамет», ва ўнітарным прадпрыемстве «Мінгаз» і камунальным унітарным прадпрыемстве «Жыллёва-камунальная гаспадарка Савецкага раёна г. Мінска».


У Храме святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Дзень маці прайшло мерапрыемства «Выхоўваем разам: урок для бацькоў у Храме».

— З вялікім задавальненнем стала яго ўдзельнікам, — падкрэсліла Наталля Дзяргач. — Асабліва сімвалічна, што ў гэты дзень была двайная нагода для радасці. Пакроў Прасвятой Багародзіцы — гэта дзень, калі мы просім аб самым галоўным: абароне для нашых блізкіх, мірным небе над галавой і цяпле ў кожным доме. І Дзень маці, вядома, для нас вельмі сімвалічны.

Асаблівую ўвагу падчас работы ў рамках Тыдня бацькоўскай любові ўдзялілі татам, расказала дэпутат.


— У музеі ДУА «Сярэдняя школа № 148 г. Мінска» прайшла дыялогавая пляцоўка, дзе я выступіла спікерам. Адбылася шчырая і адкрытая размова аб тым, што значыць быць бацькам у дваццаць першым стагоддзі. Па выніках мерапрыемства прыйшлі да высновы, што такі фармат трэба праводзіць штогод, — адзначыла яна.

Уважліва да кожнага

З году ў год праводзяцца сустрэчы з маладымі спецыялістамі, якія ўладкаваліся на працу ва ўстановы адукацыі і аховы здароўя, заўважыла дэпутат.

— Гэта мая прэрагатыва. Хочацца данесці маладым спецыялістам, што ў іх толькі пачынаецца прафесійны шлях, і ёсць усе магчымасці расці, развівацца і быць запатрабаванымі. Безумоўна, гаварылі аб падтрымцы і бонусах, якія прадугледжаны для іх пры працаўладкаванні, — расказала парламентарый.

І гэта далёка не ўвесь пералік праведзеных мерапрыемстваў. Аднак, акцэнтавала ўвагу Наталля Дзяргач, самае важнае, што кожнае з іх прынесла карысць людзям.

— Лічу, што любы фармат работы актуальны і значны, калі гэта сумленны і адкрыты дыялог з выбаршчыкамі. З людзьмі важна мець стасункі, па меры магчымасці ім дапамагаць. Мая прафесія першапачаткова прадугледжвае ўвагу і асаблівыя адносіны да чалавека. Датычыцца гэта здароўя або любых іншых пытанняў, людзі, іх запыты і патрэбы для нас, дэпутатаў, — у прыярытэце.

Фота з асабістага архіва Наталлі ДЗЯРГАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю