Top.Mail.Ru

«Любы фільм, створаны беларускімі рэжысёрамі, адрасаваны цяперашняму пакаленню»

Сёлета цэнтрам нацыянальнага конкурсу, што ладзіцца ў рамках міжнароднага фестывалю «Лістапад», з’яўляецца кінатэатр «Піянер». Геаграфія праглядаў крыху змянілася — гэта спрашчае перамяшчэнні паміж рознымі фестывальнымі пляцоўкамі. Больш за тое, гледачы, якія прыйдуць з дзецьмі ў «Піянер» на праграму «Лістападзіка», змогуць пасля далучыцца да праглядаў беларускіх фільмаў. Пра тое, чым іх збіраюцца ўразіць, наша размова з праграмным дырэктарам нацыянальнага конкурсу Аляксандрам Пятровічам.


— У чым адрозненне праграмы Нацыянальнага кінафестывалю, які адбыўся ў Брэсце, і нацыянальнага конкурсу ў рамках міжнароднага фестывалю «Лістапад»?

— Ёсць прынцыповае адрозненне. У конкурсе фестывалю нацыянальнага кіно была прадстаўлена ўся палітра стужак, створаных у Рэспубліцы Беларусь за вельмі вялікі прамежак часу. Але ў нашай праграме на «Лістападзе» прадстаўлены фільмы, створаныя айчыннымі рэжысёрамі ў 2024–2025 гадах. Акрамя таго, яшчэ адна істотная акалічнасць — усе фільмы нашага нацыянальнага конкурсу пойдуць як прэм’ерныя на вялікім экране. Фільмы, якія ўжо мелі пракатную гісторыю, на наш конкурс не трапілі (у той час як у нацыянальным кінафестывалі ў Брэсце ўдзельнічалі фільмы, што ўжо былі ў пракаце, іх паглядзела пэўная колькасць людзей). 

Сёлета на нацыянальны конкурс «Лістапада» паступіла больш за 50 заявак. У праграму трапіла 19 фільмаў. На адборачным этапе было двайное сіта. Па-першае, мы з асістэнтам глядзелі, каб фільмы адпавядалі Палажэнню аб міжнародным кінафестывалі «Лістапад», такім чынам адразу адсейвалі тыя, што былі ў пракаце ці не праходзілі па пэўных пазіцыях рэгламенту. Далей камісія прафесіяналаў кінаіндустрыі ацэньвала работы паводле тэматыкі, каб якасць адпавядала конкурснаму ўзроўню. Так у нас атрымалася разнастайная праграма, у якой прадстаўлены гульнявыя фільмы, анімацыйныя, але больш за ўсё — дакументальных. 

У выніку ў нацыянальным конкурсе вызначыліся тры тэмы. Першая тэма — самая галоўная на сёння — Вялікай Айчыннай вайны. Летась было 80 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь, сёлета — 80 гадоў Перамогі. Вядома, беларускія рэжысёры гэту тэму абмінуць не маглі. Пакуль яшчэ сярод нас ёсць ветэраны, якія могуць падзяліцца ўспамінамі, гэта важна для цяперашняга і будучага пакалення беларусаў. Па сутнасці, дакументалістыка — гэта напісанне гісторыі. Калі ў ігравых фільмаў ёсць пэўны тэрмін жыцця, то дакументальныя можна глядзець незалежна ад часу, яны з кожным годам становяцца больш цікавымі. У паказах кінатэатра «Піянер» мы выкарыстоўваем хроніку, якая стваралася беларускімі аператарамі падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пасляваенную. Дакументальныя фільмы пра Мінск таго перыяду выклікаюць вялікі інтарэс у гледача, бо даюць магчымасць паглыбіцца ў гісторыю, паглядзець на наш горад у мінулыя часы з пункту гледжання цяперашняга пакалення. Такая дакументалістыка прысутнічае на нацыянальным конкурсе — гэта наша гісторыя і падмурак будучыні. Звярну ўвагу на фільм «Героі беларускага падполля. Мікалай Кедышка». Здавалася б, гэта прозвішча на слыху, ёсць вуліца Кедышкі ў Мінску. Але ж ці шмат тых, хто сёння ведае яго гісторыю? А ён дзякуючы сваёй энергіі і харызме здолеў стварыць у Мінску маладзёжнае падполле. На жаль, яго жыццё абарвалася трагічна ў маладым узросце. Апавядальнікам у гэтым фільме з’яўляецца міністр культуры Беларусі, заслужаны артыст нашай краіны Руслан Чарнецкі. 

7-img.jpg

Другая тэма конкурсных фільмаў — духоўнасць: пра Ефрасінню Полацкую, Мінскую духоўную семінарыю, ёсць фільм «Цана прыгажосці» пра дзіцячы хор пры манастыры . Трэцяя — тэма культуры і мастацтва. Напрыклад, анімацыйны фільм «Гісторыя пра творчасць, мастацтва і сапраўдную дружбу», дакументальны «Жыццё маё — „Харошкі“. Валянціна Гаявая» і шэраг іншых, аўтары якіх звяртаюцца да тэмы культуры і мастацтва, выклікаюць вялікую цікавасць. Але ёсць адзін унікальны фільм. Яго аўтар Ігар Бышнёў, прафесіянал высокага класа, натхняецца прыродай. Яго запрасіў урад Азербайджана для стварэння серыі фільмаў аб нацыянальных парках гэтай краіны. Адзін з іх — пра нацыянальны парк «Гіркан» — будзе ўпершыню дэманстравацца падчас «Лістапада». 

— Для адкрыцця конкурсу звычайна выбіраюць нешта адметнае... 

— Адкрываецца нацыянальны конкурс 1 лістапада ў 11.30 фільмам «Мой дзень Перамогі ў Белавежскай пушчы». Але гэта не столькі пра святкаванне Дня Перамогі, колькі пра жыхароў пушчы, гісторыю запаведніка. Асабіста мне фільм падаўся вельмі пазнавальным, бо ў ім выкладзены вельмі цікавыя факты. Цудоўная рэч, заслугоўвае ўвагі.
Палітра конкурсных фільмаў разнастайная, кожны для сябе знойдзе разыначку, якая яго зачэпіць. Мы мяркуем, што фільмы будуць прадстаўляць іх стваральнікі, а нашы ўдзельнікі — ад моладзі да людзей сталага веку. Ёсць малады чалавек, якому 16 гадоў, ён як рэжысёр падаў на конкурс свой гульнявы фільм «Гучыць як каханне». Магчыма, пасля прагляду аўтары фільмаў змогуць адказаць на пытанні гледачоў, калі з залы выйдзе журы. 

Журы нацыянальнага конкурсу высокапрафесійнае кінематаграфічнае. Яго ўзначальвае старшыня Саюза кінематаграфістаў Таджыкістана Сафар Хакдодаў — рэжысёр, акцёр, сцэнарыст. І два члены журы: прадзюсар, арганізатар фестывальных праектаў Уладзімір Ястрэба, які прадстаўляе Балгарыю, ад Беларусі — Рыта Шаграй, сцэнарыст, рэжысёр-аніматар, супрацоўнік кінастудыі «Беларусьфільм». Журы будзе няпроста выбраць пераможцу нацыянальнага конкурсу, бо фільмы цікавыя і разнапланавыя, а таксама вельмі розныя па хронаметражы: ад дзвюх да 52 хвілін. 

— Летась у праграме нацыянальнага конкурсу было шмат фільмаў, зробленых на тэлеканалах у рэпартажным стылі, што ламалі ўяўленне пра фестывальны фармат. Як сёлета? 

— Ёсць фільмы, створаныя рэжысёрамі, якія працуюць на тэлеканалах. Магу сказаць, што гэта дакументальны фільмы, даволі цікавыя і па тэматыцы, і па якасці. Так, яны крыху рэпартажнага характару, але маюць пэўную мастацкую вартасць. Але ў нас ёсць розныя вытворцы кіно, не толькі «Беларусьфільм», у тым ліку тэлебачанне таксама стварае прадукт харошы і якасны. Дарэчы, сёлета ў праграму нацыянальнага конкурсу заявак ад нацыянальнай кінастудыі было даволі шмат, але большасць фільмы ўжо ішлі на вялікім экране. «Беларусьфільм» прадстаўляе стужка «Душа арміі», створаная па заказе Міністэрства культуры — пра тое, як маладыя воіны, якія яшчэ нядаўна былі звычайнымі хлопцамі, успрымаюць ролю абаронцы Айчыны і ўсведамляюць сваю адказнасць перад людзьмі і Радзімай. 

— Нацыянальны конкурс «Лістапада» павінен даваць панараму сучаснага кіно краіны і ўяўленне пра яго якасць, асабліва з улікам таго, што гэта мастацтва ў Беларусі існуе больш за 100 гадоў. Што было прыярытэтам для вас? 

— Усё разам мае значэнне: і разнастайнасць, і якасць прадукцыі. Акрамя таго, былі фільмы, прадстаўленыя беларускімі рэжысёрамі, але з-за меж краіны. І не зусім на беларускую тэматыку. Мы стараліся ў асноўным выбіраць тыя, што бліжэй да нас, да Беларусі, бо аснова нацыянальнага кіно — сама краіна. Аспектаў, якія мы ўлічвалі, было шмат. Адборачная камісія праглядала фільмы, што адпавядалі конкурсным палажэнням, кіруючыся ўсімі параметрамі, у тым ліку, каб яны былі цікавыя як конкурсныя менавіта для Беларусі.


— Якую глядацкую аўдыторыю варта запрасіць на нацыянальны конкурс? 

— Найперш мы запрашаем моладзь, бо любы фільм, створаны беларускімі рэжысёрамі, які трапіў у нацыянальны конкурс «Лістапада», адрасаваны цяперашняму пакаленню, бо кіно — гэта ідэалогія. Тое, што чалавек бачыць на вялікім экране, найхутчэй трапляе ў душу чалавека. (Здаўна вядомы выраз пра «найважнейшае з мастацтваў».) Сёння пры наяўнасці інтэрнэту ёсць багаты выбар фільмаў для прагляду, але, на маю думку, там даволі шмат смецця. Фільмы, што адабраныя ў нацыянальны конкурс, разлічаныя на тое, каб глядач бачыў Беларусь, бачыў людзей, адчуваў, чым яны жывуць, і атрымаў уяўленне пра цяперашні стан нашай дзяржавы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю