Чыстая работа!
Праходзячы па вуліцах сталіцы, мы, напэўна, ужо прывыклі да таго, што ўсюды створаны асаблівыя ўтульнасць, парадак і чысціня: вычышчаныя тратуары, пафарбаваныя лаўкі, прыгожыя клумбы... Усё гэта, асабліва ў сонечныя вясновыя дні, дорыць выдатны настрой. Аднак наколькі часта мы задумваемся пра тое, што за ўсёй гэтай прыгажосцю кіпіць штодзённая праца людзей, для якіх навядзенне парадку стала справай жыцця? Так-так, менавіта дзякуючы ім, работнікам жыллёва-камунальнай службы, мы адчуваем сябе камфортна не толькі ў кватэрах і дамах, а і на вуліцы. Амаль пяцьдзясят гадоў прысвяціла гэтай прафесіі Людміла Кейрас, работнік па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў ЖЭС № 108 ЖЭУ № 4 Маскоўскага раёна Мінска. І хоць кожны дзень Людміле Васільеўне прыходзіцца выконваць значны аб’ём работы, яна з раніцы сустракае прахожых цёплай усмешкай.


— З першых дзён працы я засвоіла для сябе галоўнае правіла: работу трэба выконваць так, каб яна прыносіла радасць і задавальненне ўсім людзям, — шчыра прызнаецца Людміла Васільеўна. — Я ніколі не баялася ніякай працы, кожны рабочы дзень пачынаю з выдатным настроем. А калі справу выконваць з душой, яна абавязкова прынясе карысць.
У Мінск дзяўчына з вёскі Талачынскага раёна трапіла пасля заканчэння індустрыяльна-тэхналагічнага тэхнікума ў Віцебску — тады вялося ўкамплектаванне штату прадпрыемства на базе швейнай фабрыкі «Камсамолка», што ў 1994 годзе стала асновай для знакамітага брэнда «Мілавіца». Працавала па спецыяльнасці, пасля выйшла замуж. Перад маладой сям’ёй паўстала кватэрнае пытанне. У той час работнікам прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай службы прадастаўлялася жыллё, і Людміла ўладкавалася на працу ў ЖЭС рабочай па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў.


— Вельмі важна тое, што ў першыя рабочыя дні я адчула цёплую падтрымку свайго кіраўніка і калег, — кажа Людміла Васільеўна. — Імя начальніка жыллёва-эксплуатацыйнай службы Валянціна Валенты я запомніла на ўсё жыццё. Чулы, пранікнёны і спагадлівы чалавек, ён заўсёды клапаціўся пра людзей, адгукаўся на іх просьбы, кожнаму імкнуўся дапамагчы. Яго адносіны да людзей, да работы сталі для мяне прыкладам у далейшым жыцці.
Сёлета споўніцца 35 гадоў, як Людміла Васільеўна працуе на адным месцы — у ЖЭС № 108, агульны стаж яе чыстай работы — без малога паўстагоддзя.


— Амаль за 50 гадоў я ўпэўнілася ў тым, што мая работа значыць для мяне вельмі шмат. Гэта не проста прафесійны абавязак, а мой любімы занятак, які заўсёды прыносіць мне задавальненне, — кажа жанчына. — Калі ў папярэднія гады я займалася ўборкай і пад’ездаў, і тэрыторый шматкватэрных дамоў, то пазней, як выйшла на пенсію, стала ажыццяўляць уборку непасрэдна ў памяшканні ЖЭС і на яе прылеглай тэрыторыі. Паколькі са сваёй работай спраўляюся хутка, часта дапамагаю ва ўборцы і сваім калегам.
Сёлетняя зіма, якая выдалася вельмі шчодрай на снег, прынесла работнікам жыллёва-камунальнай службы шмат клопатаў. Прыходзілася працаваць у асабліва напружаным рэжыме. Не менш цяжкасцяў кладзецца на плечы рабочых па комплекснай уборцы і пасля сыходу снежнага покрыва.


— І ўсё роўна сваю работу я люблю. Раніцай прыходжу на працу, вітаюся з людзьмі, якія ўсміхаюцца ў адказ, — і на душы ад гэтага заўсёды становіцца цяплей. Вельмі прыемна, калі ў час уборкі падыходзяць людзі і кажуць: «Як жа ў вас чыста! Як прыгожа! Вялікі дзякуй вам за вашу нялёгкую працу!» Я ў сваім жыцці нікога не пакрыўдзіла, імкнулася падтрымаць добрым словам іншых, і вельмі цудоўна, што душэўная шчырасць знаходзіць водгукі ў сэрцах людзей. Магу з упэўненасцю сказаць, што жыллёва-эксплуатацыйная служба стала для мяне роднай і блізкай. Цяпер без любімай працы я не магу ўявіць свайго жыцця.
За шматгадовую добрасумленную працу Людміла Васільеўна атрымала шмат заслужаных узнагарод, дзясяткі ганаровых грамат. У свой час жанчына атрымала медаль «За працоўную адзнаку», а напярэдадні Дня Незалежнасці, 3 ліпеня 2022 года, за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё жыллёва-камунальнай службы Людміла Васільеўна адзначана Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Вось ужо шэсць гадоў, як пайшоў з жыцця муж Людмілы Васільеўны. Падтрымку і цяпло яна атрымлівае ад дзвюх дачок і ўнучкі, якая ўжо студэнтка. Людміла Васільеўна з задавальненнем гатуе для сваіх родных смачныя стравы, а рэцэптамі страў ахвотна дзеліцца з сябрамі і знаёмымі.
— І хоць у жыцці прыйшлося пабачыць нямала цяжкасцяў, я лічу сябе шчаслівым чалавекам, таму што мяне заўсёды акружаюць шчырыя і спагадлівыя людзі. Я займаюся любімай справай, якая прыносіць вялікую карысць для людзей. Душэўная шчырасць, спагада і цеплыня абавязкова знойдуць водгукі ў сэрцах людзей. Напэўна, усведамленне гэтага і дапамагае мне ў працы, — кажа Людміла Кейрас, і ў гэтых словах захоўваецца вялікая мудрасць яе жыцця.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД