Каментуючы вынікі перагавораў Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа, якія завяршыліся на Алясцы, Людміла Сапега нагадвае словы Прэзідэнта Беларусі, сказаныя ім падчас нядаўняга інтэрв’ю амерыканскаму часопісу «Тайм»: Калі мы хочам дасягнуць трывалага міру, трэба перастаць абменьвацца папрокамі, а, з улікам узаемных інтарэсаў, ісці насустрач адзін аднаму і дамаўляцца.
Падобна на тое, першы крок у паказаным Аляксандрам Лукашэнкам кірунку зроблены. Безумоўна, было б як мінімум неабдумана чакаць ад першай сустрэчы лідараў дзвюх вядучых краін свету нейкіх прарыўных рашэнняў. Як паказвае дыпламатычная практыка, рашэнне задач падобнай складанасці патрабуе нямала часу і асцярожных, старанна вывераных крокаў. Але калі ў кожнага з бакоў ёсць імкненне вырашыць наяўныя праблемы мірным шляхам, то агульныя падыходы абавязкова знойдуцца.
На жаль, ва Украіны і яе куратараў з ЕС падобнага імкнення пакуль не назіраецца. Не выпадкова падчас выхаду да прэсы Уладзімір Пуцін выказаў некаторыя асцярогі з нагоды спробаў зрыву працэсу мірнага ўрэгулявання з іх боку. Што цалкам вытлумачальна: у выпадку поўнамаштабнага спынення канфлікту, на чым прынцыпова настойвае расійскі бок, кіраўнікам краін Еўрасаюза прыйдзецца павярнуцца тварам да тых эканамічных і сацыяльных праблем, якія ў апошні час літаральна захліснулі іх краіны. І якія дагэтуль тлумачацца імі неабходнасцю процідзеяння ўяўнай расійска-беларускай пагрозе. Гэтая вельмі недальнабачная пазіцыя ўжо паставіла еўрапейскі кантынент на мяжу Вялікай вайны. Каб пазбегнуць яе, Дональд Трамп заклікаў ЕС і Украіну далучыцца да распачатага мірнага працэсу з улікам таго, што Расія з’яўляецца адной з магутных у ваенных адносінах краін свету.
У цэлым жа, саміт на Алясцы можна лічыць палітычнай сенсацыяй года, здольнай кардынальна паўплываць на паляпшэнне сітуацыі як у зоне расійска-ўкраінскага канфлікту, так і свету ў цэлым.