Для дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Аляксандра Канапацкага пачатак года ў яго Гомельскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе № 32 выдаўся багатым на сустрэчы з выбаршчыкамі — працаўнікамі прадпрыемстваў-флагманаў Гомеля і не толькі.
Прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, сустрэчы ў працоўных калектывах, удзел у сесіях Гомельскага абласнога, гарадскога Саветаў дэпутатаў, у грамадска-палітычных мерапрыемствах, маніторынг цэн... Гэтыя формы дэпутат актыўна выкарыстоўвае ў рабоце ў выбарчай акрузе. Яна, дарэчы, у Аляксандра Мікалаевіча даволі адметная: ад вуліцы Магілёўскай Чыгуначнага раёна Гомеля да самага цэнтра горада: тэрыторыя вакзалаў, праспект Перамогі і частка праспекта Леніна Цэнтральнага раёна.
Аляксандр Канапацкі як чалавек, якія прайшоў працоўную школу Гомсельмаша (ад майстра бюро тэхнічнага кантролю да намесніка гендырэктара ААТ «Гомсельмаш»), непасрэдна знаёмы з работай прадпрыемства-флагмана, разумее, што хвалюе мясцовых працаўнікоў.
— Людзі ведаюць, давяраюць. Гэта вялікі плюс і вялікая адказнасць, — адзначае ён.
Адна з новых форм работы — сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства ў рамках прыёмаў у ЖРЭУ.
— Гэты фармат паказаў сябе зручным для людзей: яны звяртаюцца па праблемных сітуацыях непасрэдна ў жыллёва-эксплуатацыйныя ўпраўленні, да якіх адносяцца па месцы пражывання. Бо, як правіла, большасць пытанняў, што адрасуецца падчас такіх прыёмаў, — камунальнага характару. Гэта таксама важны досвед работы з насельніцтвам, — тлумачыць дэпутат.
Іншы зрэз падобнай работы — асабістыя прыёмы або «прамыя лініі», калі паступаюць ужо розныя звароты, у тым ліку прапановы па ўдасканаленні заканадаўства. Звяртаюцца людзі і па тлумачэнні таго ці іншага нарматыўнага акта, артыкулаў законаў. Падчас нядаўняга выезду ў акругу Аляксандр Канапацкі правеў каля трыццаці сустрэч у калектывах, а многія прадпрыемствы, у якіх праходзяць сустрэчы, — тысячнікі. І гэта не проста выступленні, а кожны раз адказы на хвалюючыя пытанні людзей. Яшчэ адна з формаў работы — выступленні ў СМІ. Многія выбаршчыкі падтрымліваюць такі фармат інфармацыйнай работы ў акрузе. Што датычыцца рэагавання парламентарыя на звароты ад грамадзян, гэта таксама сістэмная работа.
Хвалюючыя пытанні жыццезабеспячэння грамадзян, перакананы дэпутат, немагчыма вырашыць у адрыве ад мясцовай выканаўчай улады. У сваёй практыцы Аляксандр Канапацкі ўпэўніўся, што ёсць абсалютнае разуменне ў гэтым і з боку раённых адміністрацый, гарвыканкама і кіраўніцтва аблвыканкама. Дэпутацкі пісьмовы запыт па вострым пытанні, па яго меркаванні, не заўсёды самая эфектыўная форма.
— У дэпутата, лічу, павінен быць прамы кантакт з раённай адміністрацыяй, каб можна было вывучыць і пераканацца ў сур’ёзнасці і маштабнасці той праблемы, якую агучвае выбаршчык. Як правіла, значная частка зваротаў, што паступаюць да мяне, вырашаецца ўжо падчас прыёму грамадзян. Для вырашэння больш складаных пытанняў робіцца і дэпутацкі запыт, і сітуацыя застаецца на кантролі. Але людзям сумленна, прадметна даецца тлумачэнне па тэрмінах вырашэння пытання. У сваю чаргу грамадзянам трэба таксама разумець, што ёсць прынцып сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай адказнасці. Так, маюцца пытанні, якія хвалююць людзей, але іх вырашэнне — справа часам не аднаго месяца ці нават года. Але звыш 80 % зваротаў вырашаецца станоўча, больш за 50 % атрымліваецца вырашыць да складання дэпутацкага запыту, — адзначыў суразмоўнік.
Ён дадаў, што вельмі эфектыўная форма работы ў акрузе — маніторынг цэн на тавары спажывецкага пераліку, аналіз абгрунтаванасці або неабгрунтаванасці росту цэн.
— Зразумела, што гэту работу праводзяць упаўнаважаныя органы антыманапольнага рэгулявання, упраўленні гандлю, але мая роля як дэпутата ў гэтым працэсе — праз маніторынг цэн, асартыменту, даступнасці тавараў і паслуг атрымаць дадатковую магчымасць сустрэцца з выбаршчыкамі, прасачыць, што хвалюе людзей. Звяртаю ўвагу, каб палітыка цэнаўтварэння гандлёвых аб’ектаў была празрыстая, зразумелая спажыўцам.
Як нагадаў Аляксандр Канапацкі, Гомелю прысвоена званне «Маладзёжная сталіца Беларусі — 2025». Бягучы год 80-й гадавіны Вялікай Перамогі, Год добраўпарадкавання, аб’яўлены Прэзідэнтам, асаблівы для жыхароў горада над Сожам, як і для ўсіх беларусаў.
— Нас чакае яшчэ мноства цікавых мерапрыемстваў, прадстаіць сумесна рэалізаваць шмат значных праектаў, — заклікаў выбаршчыкаў да актыўнага ўдзелу ў жыцці краіны дэпутат.
Фота Лізаветы ГОЛАД