Сучасная злачыннасць не стаіць на месцы, а пастаянна вынаходзіць новыя метады ўхілення ад выплаты падаткаў, утойвання выручкі і гэтак далей. Аднак і праваахоўныя органы не лыкам шытыя, развіваюцца і ўдасканальваюць сваю працу, каб паспяхова супрацьстаяць зламыснікам.
Пад рознымі маскамі
Пры ўсёй разнастайнасці злачынных прыёмаў не змяняецца іх юрыдычная прырода. Мяняюцца толькі формы ўвасаблення, тады як аб’ектам заўсёды выступаюць даходы, якія рэальна атрыманы, але не адлюстраваны ў справаздачнасці. Па словах намесніка начальніка аддзела па расследаванні злачынстваў у сферы эканомікі следчага ўпраўлення Упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці падпалкоўніка юстыцыі Эмы ЗАМЖЫЦКАЙ, па сутнасці, кожная з гэтых схем — розныя маскі для аднаго і таго ж дзеяння: ухілення ад выплаты падаткаў:
— Самая распаўсюджаная — утойванне выручкі. Часцей за ўсё яна сустракаецца ў гандлі, у сферы аказання паслуг насельніцтву і некаторых іншых сферах дзейнасці. Распаўсюджана таксама сярод злачынцаў маніпуляванне падаткам на дабаўленую вартасць пры набыцці і рэалізацыі тавараў, работ і паслуг як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Сюды можна аднесці і праславутае драбненне бізнесу, хоць пра яго цяпер можна гаварыць у меншай ступені, паколькі гэта гісторыя ў асноўным мінулых гадоў. Не магу не сказаць і пра так званы заробак у канвертах, які і сёння мае даволі распаўсюджаны характар.
Ёсць і такое паняцце, як падмена працоўных адносін. Гэта калі асобы фактычна выконваюць працоўныя абавязкі ў арганізацыі ў якасці работнікаў, фіктыўна аформлены як індывідуальныя прадпрымальнікі. Гэта давала магчымасць зламыснікам знізіць памер падаходнага падатку, выплаты ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і страхавыя ўзносы.
— Варта згадаць і неправамернае выкарыстанне льготнага рэжыму падаткаабкладання, — працягвае Эма Аляксандраўна. — Цяпер яна радзей выкарыстоўваецца, але раней такіх спраў хапала даволі шмат. Фірмы, якія не мелі права на льготы, напрыклад, па падатку на прыбытак, паколькі тэрмін ільготнага рэжыму ў іх скончыўся, замест таго, каб працаваць, як належыць, і плаціць падаткі ў поўным аб’ёме, фармальна рэгістравалі новую фірму і такім чынам працягвалі неправамерна выкарыстоўваць ільготны рэжым падаткаабкладання.
На карысць дзяржаве
Доказная база па крымінальных справах, якія даводзіцца расследаваць, будуецца на падставе актаў праверак, што праводзяцца або падатковай інспекцыяй, або дэпарта-
ментам фінансавых расследаванняў, калі ўстанаўліваецца сума нявыплачаных дзяржаве падаткаў.
Па кожнай крымінальнай справе следчыя дэталёва высвятляюць, ці меў месца факт наўмысна здзейсненага дзеяння, а таксама ўстанаўліваюць канкрэтных асоб, датычных да яго здзяйснення, і ступень іх віны.
— Разам са зборам доказаў значны аб’ём работы праводзіцца па ўстанаўленні і наступным пакрыцці шкоды, прычыненай дзяржаве такімі правапарушэннямі. Ёсць, напрыклад, фірмы, на рахунках якіх сродкаў зусім няма, а іх кіраўнікі не збіраюцца плаціць падаткі дзяржаве. А бывае, што прыхаваная выручка ўжо некуды выкарыстана. У такіх выпадках мы і вядзём з імі працу па пакрыцці нанесенай шкоды, у тым ліку па выяўленні маёмасці злачынцаў і яе спагнанні на карысць дзяржаве з мэтай узнаўлення прычыненых страт, — гаворыць Эма Замжыцкая.
Больш за ўсё злачынстваў у сферы падаткаабкладання прыпадае на такія сферы эканомікі, як гандаль, аказанне розных паслуг, будаўніцтва, перавозчыкі, дарэчы, гэтым нямала грашаць. Увогуле, там, дзе рухаюцца грашовыя сродкі, сведчыць яна:
— Прывяду такі прыклад. Ёсць у нас два суб’екты гаспадарання. Яны цалкам узаемазалежныя адносна адзін аднаго. У іх адзін кіраўнік, адзіная сфера дзейнасці. Яны ажыццяўляюць вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Адна фірма нібы вырабляе, іншая нібы рэалізуе. І дзеля таго, каб ухіляцца ад выплаты падаткаў, яны прыдумалі наступную схему.
Справа ў тым, што і вытворчасцю, і рэалізацыяй прадукцыі на самай справе займалася толькі адна з гэтых фірм. А для іншай фірмы рэгулярна выплачваліся прэміі, нібыта за паспяхова выкананую працу. Дарэчы, і ўсе страты спісваліся на працуючую фірму. Атрымлівалася так, што яны штучна павялічвалі свае выдаткі, адпаведна, памяншалі прыбытак. Выплачвалі такім чынам фіктыўныя прэміяльныя за паспяховую рэалізацыю прадукцыі і з дапамогай дадзенай схемы ўхіляліся ад выплаты падаткаў. Але фіктыўныя выплаты схаваць не ўдалося, і дадзеная махінацыя аказалася паспяхова раскрыта.
Асноўнае — прафілактыка
Паводле слоў Эмы Аляксандраўны, у многім супрацьдзеянню злачынствам у сферы эканомікі садзейнічае грунтоўная прафілактычная работа. Тлумачальная праца прымушае людзей задумацца. Напрыклад, пры працаўладкаванні, калі размова заходзіць аб выплаце часткі заработнай платы ў канверце. Людзі пачалі разумець, што пры налічэнні пенсіі яны рызыкуюць недаатрымаць пэўныя грошы, і адмаўляюцца ад такой «прывабнай» прапановы.
Супрацоўнікі Следчага камітэта рэгулярна сустракаюцца з кіраўніцтвам суб’ектаў гаспадарання і тлумачаць ім, якія неправамерныя дзеянні могуць прывесці да непрыемных наступстваў, гэта прымушае іх задумацца аб перспектывах.
Сяргей РУЧАНАЎ
Фота прадастаўлена СУ
па Мінскай вобласці