Top.Mail.Ru

«Люстэрка гісторыі суверэннай Беларусі». Лукашэнка пра 35-годдзе фестывалю «Славянскі базар у Віцебску»

Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» заўсёды быў больш, чым культурная падзея. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця трыццаць пятага па ліку фестывалю, перадае БелТА.



«Сёлета фестывалю споўнілася 35 гадоў. Для святочнай традыцыі гэта толькі пачатак. Для нас з вамі, жыхароў горада і гасцей, арганізатараў, творчай каманды, артыстаў, рамеснікаў, — гэта цэлая эпоха, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — „Славянскі базар“ заўсёды быў больш, чым культурная падзея. Ён — як люстэрка нашай гісторыі. Гісторыі не толькі суверэннай Беларусі, але гісторыі ўсяго свету. І не толькі культурнага свету».

У 2000 годзе «Славянскі базар у Віцебску» паставіў рэкорд, сабраўшы прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў. Усяго за час правядзення фестывалю ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 85 краін, а гэта амаль паўсвету.

«Гісторыю фестывалю не перарывалі ні крызісы, ні пандэмія. Увесь свет быў у лакдаўне, але пазыўныя „Славянскага базару“ гучалі з Віцебска. Віцебск гаварыў і паказваў, што сапраўднае мастацтва ніколі не мела і не будзе мець перашкод. Толькі ўявіце: за ўвесь час на сцэне амфітэатра выступілі больш за 18 тыс. артыстаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У дні „Славянскага базару“ да нас прыязджае столькі людзей, што горад павялічваецца ўдвая. Усё гэта не проста лічбы. Кожны наш госць, кожны ўдзельнік - стваральнікі гісторыі фестывалю. Гэта нашы традыцыйныя сябры, і сябры назаўжды».

Звяртаючыся да гледачоў, артыстаў і арганізатараў «Славянскага базару ў Віцебску», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без іх не было б гэтага свята.

«Ведаю, што сёння, як і шмат гадоў таму, у зале знаходзяцца і беларусы, і палякі, рускія, украінцы, прадстаўнікі дзясяткаў іншых краін, якія прыехалі да нас па бязвізе. Ваша прысутнасць тут - гэта тое непарушнае, у чым мае патрэбу наш свет, такі далікатны, нестабільны і абсалютна незразумелы ў сваім развіцці. Мы шмат зрабілі і будзем рабіць для таго, каб „Славянскі базар“ заставаўся асновай шчырай і моцнай дружбы краін і народаў. Гэта так трэба сёння», — заявіў беларускі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, што з іх падтрымкай і шчырай глядацкай любоўю далейшая гісторыя фестывалю будзе доўгай і яркай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю