У нядзелю месцамі ніжэй за 30 °С
На выхадныя да нас завітае антыцыклон, які сфарміраваны ў арктычнай паветранай масе, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
30 студзеня надвор’е ў Беларусі ў асноўным будуць вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску і халодная паветраная маса. Уначы воблачна з праясненнямі, днём пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ноччу месцамі па поўдні краіны пройдзе невялікі снег.
У многіх раёнах захаваецца галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўночна-ўсходні ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 6 °С па паўднёвым захадзе да мінус 22 °С па поўначы. Днём будзе мінус 15–9 °С, у паўднёвых раёнах краіны мінус 8–6 °С.
На выхадныя на надвор’е будзе ўплываць антыцыклон з цэнтрам над Фінляндыяй, сфарміраваны ў арктычнай паветранай масе. Чакаецца пераменная воблачнасць. У суботу пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Месцамі захаваецца галалёд, па поўначы краіны — слабы туман і шэрань. Вецер усходняй чвэрці ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу будзе ад мінус 26 °С па поўначы да мінус 15 °С па поўдні. Днём чакаецца мінус 16–10 °С, а па паўночным усходзе мінус 19–17 °С.
У нядзелю таксама пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Месцамі чакаюцца галалёд, слабы туман і намаразь. Вецер усходняй чвэрці ўмераны. Тэмпература паветра ноччу мінус 28–22 °С, месцамі да мінус 31 °С, у асобных раёнах па захадзе мінус 21–18 °С. Днём будзе мінус 20–13 °С, месцамі па паўднёвым захадзе мінус 12-11 °С.