Беларус Раман Свірыдзенка выйграў другі асабісты медаль у лыжных гонках на XIV Зімовых Паралімпійскіх гульнях у Італіі, паведамляе БелТА.
Наш спартсмен стаў прызёрам у гонцы з паасобнага старту на 10 кіламетраў класічным стылем у класах LW2 — LW9 (стаячыя атлеты з паражэннямі канечнасцяў). На фінішы Свірыдзенка спыніў секундамер на адзнацы 27 мін. 38,4 сек., гэты вынік прынёс яму серабро. Амаль на паўхвіліны графік беларуса апярэдзіў француз Карл Табурэ, бронзу ўзяў канадзец Марк Арэндз, які ўступіў Раману 25 секунд. На старт выйшлі 25 чалавек.
Напярэдадні Свірыдзенка заваяваў золата Паралімпіяды ў класічным спрынце. Раней 11 сакавіка ў індывідуальнай гонцы ў дзяўчат у гэтым жа разрадзе наша Дар’я Фядзьковіч замкнула дзясятку лепшых. У класах LW10 — LW12 (сядзячыя атлеты) беларускі Лідзія Лобан і Валянціна Бірыла занялі 11-е і 14-е месцы адпаведна, у аўторак абедзве спартсменкі дайшлі да паўфіналу ў спрынце.
Усяго ўдзел у XIV Зімовых Паралімпійскіх гульнях у Італіі бяруць больш за 600 атлетаў з 55 краін. Наперадзе ў лыжнікаў два дні адпачынку. У суботу на трасе ў Тэзера адбудуцца эстафеты, праграму спаборніцтваў 15 сакавіка завершаць гонкі з паасобнага старту на 20 км вольным стылем