Беларускі лыжнік Раман Свірыдзенка падзяліўся эмоцыямі пасля вяртання з Італіі, дзе спартсмен стаў чэмпіёнам XIV зімовых Паралімпійскіх гульняў, паведамляе БелТА.
На Паралімпіядзе Свірыдзенка спаборнічаў у класах LW2-LW9 (стаячыя атлеты з паражэннем канечнасцяў) і заваяваў золата ў спрынце і серабро ў індывідуальнай гонцы на 10 км класікай. Пасля перамогі 21-гадовага новапалачаніна на лыжным стадыёне ў Тэзера гучаў беларускі гімн, чаго на галоўных стартах чатырохгоддзя з-за абмежаванняў не здаралася з 2021 года.
«Адчуў класныя эмоцыі, быў вельмі рады стаць чэмпіёнам у першай жа гонцы на Паралімпіядзе. Забег, дзе я заняў другое месца, атрымаўся больш складаны за „залаты“. Галоўнае, што ўсе старанні былі не дарма. Хочацца быць прыкладам для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — сказаў Свірыдзенка. — Канкурэнцыя ў Італіі была вельмі сур’ёзнай, усё ж гэта галоўны турнір цыкла, слабых сапернікаў тут не магло быць. Медалі вядома ж дададуць мне матывацыі. Раз я не тры золаты прывёз, значыць, ёсць над чым працаваць. Але зараз хачу проста адпачыць, бо аднаўленне — таксама важная частка трэніровачнага працэсу».
Медалі Рамана сталі для нашай дэлегацыі адзінымі ў Італіі, раней у сёлетнім сезоне беларус перамагаў на этапе Кубка свету ў Германіі. Усяго ўдзел у зімовых Паралімпійскіх гульнях прынялі больш за 600 атлетаў з 55 краін, нашу каманду таксама прадставілі лыжніцы Лідзія Лобан, Валянціна Бірыла і Дар’я Фядзьковіч.