Top.Mail.Ru

Мабільны музей «Цягнік Перамогі» наведалі ўдзельнікі праекта «Цягнік Памяці»

21 чэрвеня ў Брэст прыбыў мабільны музей «Цягнік Перамогі». Яго прыезд прымеркаваны да адной з самых трагічных дат у гісторыі краіны — Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Менавіта Брэст — горад, які першым прыняў на сябе ўдар вайны, — стаў пачатковым пунктам маршруту ўнікальнай экспазіцыі па Беларусі. Сёлета «Цягнік Перамогі» наведвае нашу краіну ўжо ў пяты раз. Па Беларускай чыгунцы ён будзе курсіраваць з 21 чэрвеня па 5 ліпеня.



Бачыць не абстрактную гісторыю, а чалавечыя лёсы

Маршрут мабільнага музея складзены з улікам памятных і знамянальных дат Рэспублікі Беларусь. За 15 дзён экспазіцыю змогуць убачыць жыхары 7 гарадоў: Брэста, Баранавічаў, Гродна, Гомеля, Магілёва, Віцебска і Мінска. Завершыцца маршрут у Мінску ў перыяд святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

«Цягнік Перамогі» — першая ў свеце інтэрактыўная выстаўка з максімальным эфектам прысутнасці, прысвечаная гераізму і подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не традыцыйны музей у звыклым разуменні. Тут гісторыя не проста распавядаецца — яна літаральна ажывае перад наведвальнікам.

У складзе цягніка — 10 тэматычных вагонаў. Кожны з іх уяўляе сабой асобны раздзел ваеннага летапісу: ад першых дзён вайны да Вялікай Перамогі. Экспазіцыя пабудавана так, каб наведвальнікі крок за крокам праходзілі праз ключавыя падзеі ваенных гадоў, адчуваючы атмасферу часу. Гістарычная рэальнасць адноўлена з дапамогай сучасных тэхналогій: мультымедыйнага суправаджэння, аб’ёмнага гуку, тэатральнага асвятлення, светлавых і гукавых эфектаў, галаграм, трохмерных панарам, макетаў у натуральную велічыню і элементаў віртуальнай рэальнасці. У кожным вагоне гучыць тэматычная музыка. У асобных залах чутныя выбухі, галасы, гукі бою.

Экспазіцыя распавядае пра салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, удзельнікаў гераічнай абароны, а таксама пра сем’і вайскоўцаў, якія разам з абаронцамі крэпасці сустрэлі першыя ўдары нямецкіх войскаў. Праз мастацкія панарамы, макеты, рэканструкцыі і мультымедыйныя рашэнні наведвальнікі бачаць не абстрактную гісторыю, а чалавечыя лёсы — трагічныя, гераічныя, пранізлівыя.

Агляд экспазіцыі арганізаваны па спецыяльнай тэхналогіі. Экскурсія праходзіць з аўдыягідам, які суправаджае наведвальнікаў на працягу ўсяго маршруту па вагонах. Адначасова ў адным вагоне могуць знаходзіцца не больш за 12 чалавек. Групы заходзяць кожныя 5 хвілін, а агульны час экскурсіі складае каля 45 хвілін. У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю мабільнага музея наведванне арганізавана толькі для груп жыхароў рэгіёнаў па бясплатных запрашальных білетах. Іх размяркоўваюць абласныя выканаўчыя камітэты.

Не проста экскурсія

Першымі наведвальнікамі мабільнага музея ў Брэсце сталі ўдзельнікі культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці». Для школьнікаў гэта была не проста экскурсія. Хутчэй — эмацыянальная сустрэча з мінулым, пасля якой складана адразу падабраць словы.

Яшчэ некалькі хвілін таму падлеткі ажыўлена абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся ўражаннямі, перагаворваліся паміж сабой. Хтосьці нягучна гаварыў: «Гэта самы моцны музей, у якім я быў», хтосьці прызнаваўся, што ў асобных вагонах «мурашкі ішлі па скуры». Але пасля выхаду з вагонаў стала прыкметна цішэй. Многія маўчалі, нібы працягваючы ўнутры сябе той шлях, які толькі што прайшлі разам з аўдыягідам: ад першых трывожных хвілін абвяшчэння аб вайне да доўгачаканай Перамогі.

Для Анастасіі Цімохавай з Брэста наведванне «Цягніка Перамогі» стала першым. Дзяўчына прызнаецца: трапіць сюды хацела даўно, але раней не атрымлівалася:

— Я ўпершыню трапіла ў «Цягнік Перамогі» і вельмі рада, што гэта нарэшце атрымалася. Даўно хацела тут пабываць, таму што чула шмат уражанняў ад іншых маладых людзей. Але адна справа — слухаць аповеды, і зусім іншая — прайсці гэты шлях самой. Гэта не проста магчымасць даведацца новыя факты пра вайну, а адчуванне, быццам ты на час пераносішся ў тыя гады і пачынаеш значна глыбей разумець, праз што давялося прайсці людзям. Асабліва моцна дзейнічае голас, гукі, інтанацыі — усё настолькі дакладна перадае атмасферу, што эмацыянальна апускаешся ў тое, што адбываецца амаль з першых хвілін. 

Анастасія гаворыць, што з усіх частак экспазіцыі мацней за ўсё ёй запомніўся фінальны вагон. Там, паводле яе слоў, асабліва востра адчуваецца момант пераходу ад вайны да новага жыцця:

— Больш за ўсё мяне ўразіла апошняя экспазіцыя. Там узнікае вельмі моцнае пачуццё: людзі перажылі страшныя выпрабаванні, дачакаліся Перамогі і быццам адпраўляюцца ў новае жыццё, але яшчэ не ведаюць, якім яно будзе. У гэтым столькі надзеі і адначасова болю. З аднаго боку — радасць, таму што вайна скончылася, з іншага — разуменне, якой цаной дасталася Перамога. У такія моманты сапраўды падступаюць слёзы. Пачынаеш успрымаць Перамогу не як слова з падручніка і не проста як дату ў календары, а як лёсы людзей, іх страты, мужнасць, цяжкую працу. 

У Ягора Цямчыка пасля экскурсіі засталіся змешаныя пачуцці. Ён гаворыць, што «Цягнік Перамогі» ўражвае не толькі маштабам, але і тым, наколькі дакладна перадае настрой ваеннага часу:

— Пасля наведвання засталіся вельмі розныя эмоцыі. З аднаго боку, ёсць радасць і нават гонар ад таго, што створаны такі праект: усё прадумана, якасна зроблена, вельмі атмасферна. Відаць, што гэта не проста выстаўка, а спроба даць чалавеку адчуць гісторыю. Але разам з гэтым становіцца цяжка. Асабліва тут, у Брэсце, на легендарнай зямлі, дзе памяць аб першых днях вайны адчуваецца асабліва востра. 

Паводле слоў школьніка, калі праходзіш па вагонах, разумееш, што гаворка ідзе не пра далёкае мінулае, а пра рэальных людзей, якія жылі, любілі, абаранялі сваю Радзіму і прынялі на сябе страшныя выпрабаванні:

— Вагон пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці зрабіў, напэўна, самае моцнае ўражанне. Там настолькі глыбокае пагружэнне, што ў нейкі момант перастаеш успрымаць гэта як экспазіцыю. Здаецца, быццам перад табой не музейная сцэна, а сапраўднае жыццё. Вельмі кранулі твары людзей — у іх боль, стойкасць, унутраная сіла.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА
г. Брэст


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю