Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у рамках рабочага візіту ў Маскву 12 снежня наведаў павільён «Рэспубліка Беларусь» на ВДНГ у Маскве, паведаміла БелТА.
Кіраўніка беларускага ўрада цікавіла, як выконваецца даручэнне Прэзідэнта Беларусі па развіцці павільёна на галоўнай расійскай выставе. Аляксандр Турчын паглядзеў прадстаўлены тут асартымент беларускай прадукцыі, выказаў свой пункт гледжання на планы па мадэрнізацыі павільёна, пагутарыў з супрацоўнікамі гандлёвых пунктаў. Тлумачэнні яму давалі пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік і старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Міхаіл Мятлікаў.
Як паведаміў журналістам Міхаіл Мятлікаў, да канца 2026 года на тэрыторыі ВДНГ з’явіцца галоўная кангрэсна-выставачная пляцоўка Расіі, дзе плануецца праводзіць вялікія камерцыйныя выставы і бізнес-мерапрыемствы. «Зыходзячы з гэтага, мы абмяркоўвалі з Прэм’ер-міністрам развіццё беларускай экспазіцыі на ВДНГ», — сказаў ён. Міхаіл Мятлікаў дадаў, што плануецца мадэрнізацыя павільёна Беларусі.
Пры гэтым кіраўнік БелГПП нагадаў, што павільён «Рэспубліка Беларусь» на ВДНГ з’яўляецца помнікам архітэктуры. «Таму канцэптуальна будуць разглядацца розныя варыянты сумяшчэння выставачных і гандлёвых пляцовак з абнаўленнем калекцый адзення, дэгустацыямі прадуктаў харчавання з інфармацыяй аб тым, дзе і ў якіх сетках можна сёння набыць гэтую прадукцыю», — падкрэсліў кіраўнік БелГПП.
Міхаіл Мятлікаў канстатаваў, што беларускі павільён і прадстаўленыя тут тавары карыстаюцца вялікай папулярнасцю. «Пра гэта кажуць і лічбы: толькі за 11 месяцаў гэтага года беларускі павільён наведалі 1,2 млн чалавек», — адзначыў ён.