Адно з пытанняў, разгледжаных у Палацы Незалежнасці, датычылася мадэрнізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У прыватнасці, перадачы дзяржаўных актываў у аграпрамысловым комплексе ў кіраванне прыватным кампаніям. Пытанне, якое абмяркоўвалася на прыкладзе Віцебскай вобласці, было маштабіравана да рэспубліканскага ўзроўню. Практыка сумеснага абмеркавання актуальных тэм ужо стала традыцыяй. Па словах беларускага лідара, такі фармат дазваляе прымаць вывераныя і дакладныя рашэнні.
«Галоўнае, каб гэтыя прадпрыемствы развіваліся»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку года для Віцебскай вобласці быў вызначаны канкрэтны пакрокавы антыкрызісны план. «Пачынаючы ад грошай, заканчваючы кадравымі перастаноўкамі: напрыклад, там новы губернатар», — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы.
Адным з элементаў гэтага антыкрызіснага плана, па яго словах, была перадача недастаткова эфектыўных прадпрыемстваў у кіраванне новаму ўласніку, які валодае разумным кіраўніцкім патэнцыялам і, галоўнае, фінансавымі рэсурсамі. «Для таго, каб аздаравіць, ажывіць гэтыя прадпрыемствы, атрымаць добрую канчатковую прадукцыю і прадаць яе або на ўнутраным, або на знешнім рынку», — растлумачыў Прэзідэнт.
У рамках гэтай стратэгіі прынята рашэнне аб перадачы Аршанскага мясакамбіната агракамбінату «Дзяржынскі» і замацаванні асобных сельскагаспадарчых арганізацый Аршанскага раёна за ААТ «Савушкін прадукт». Акрамя таго, з названым інвестарам заключаны дагавор арэнды маёмасці ААТ «Полацкі малочны камбінат» для далейшага паскоранага развіцця.
«Хачу папярэдзіць губернатара і Прэм’ер-міністра: галавой адкажаце за тое, каб там было ўсё з пункту гледжання дзяржавы нармальна, — падкрэсліў беларускі лідар. — Прытым вы перадаваць, асабліва прадаваць, прадпрыемствы павінны як свае».
Прэзідэнт заўважыў, што інвестары хочуць атрымаць ва ўласнасць той ці іншы сельскагаспадарчы аб’ект танней, і гэта натуральна. «Але вы павінны, шчыра гавару, прадаць даражэй, — паставіў задачу дзяржаўным служачым Аляксандр Лукашэнка. — Гэта, па-мойму, нармальны варыянт. Прытым мы павінны разумець: галоўнае не атрымаць нейкія грошы ад гэтых прадпрыемстваў. Гэта важнае пытанне, але не галоўнае. Галоўнае, каб гэтыя прадпрыемствы развіваліся».
Прэзідэнт адзначыў, што інвестарам, якія набываюць ва ўласнасць дзяржаўную маёмасць, усё роўна давядзецца ўкладваць грашовыя сродкі ў Віцебскую вобласць або ў іншыя рэгіёны. Размова ідзе аб тым, што ім давядзецца развіваць уласную сыравінную зону, інвеставаць у сельскую гаспадарку і развіццё раёна, на тэрыторыі якога яны будуць працаваць. За гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, з інвестараў жалезабетонна строга спытаюць.
Прэзідэнт парэкамендаваў інвестарам не толькі разлічваць на сваю сыравіну, а і не крыўдзіць людзей заробкам. «Усё — ад зямлі, ад сялян, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму гэта чарговае пытанне, каб губернатар і ўсе вы разумелі маю палітыку ў гэтым плане. Мы з вамі павінны быць жалезабетонна дзяржаўнымі людзьмі».
«Усё заробленае павінна быць тут!»
Па словах Прэзідэнта, трэба разумець, што такія рашэнні з’яўляюцца не падарункам прыватніку, а хутчэй нагрузкай для яго. У кожным выпадку зафіксаваны абавязацельствы, у тым ліку па мадэрнізацыі вытворчасці і пагашэнні раней назапашаных абавязацельстваў.
«Абавязацельствы, натуральна, няпростыя, — канстатаваў ён. — Гэта таксама трэба ўлічваць. Але ты бярэш гэта — бяры. І за кошт мадэрнізацыі кіравання вытворчасцю, тэхналагічных пэўных працэсаў і іншага ты атрымаеш пэўную аддачу».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў: інвестары, аб якіх ідзе размова, — людзі не бедныя. «І дзякуй богу: гэта нашы людзі, нашы грамадзяне — няхай зарабляюць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але не дай бог, я даведаюся, што гэтыя грошы (хоць капейка, хоць паўкапейкі) сыдуць за межы краіны. Усё заробленае павінна быць тут (унутры краіны. — „Зв.“)! Нашы хлопцы, якія зарабляюць тут грошы, павінны інвеставаць сюды. Гэта павінны ўсе пачуць, і вы перш за ўсё».
«Спяшацца не трэба»
Падчас нарады ўпершыню былі разгледжаны прапановы ўрада і Віцебскага аблвыканкама аб далейшым лёсе ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці ў Дубровенскім раёне. Размова ідзе аб перадачы дзесяці арганізацый гэтага раёна і дзяржаўнага прадпрыемства «Віцебскі бекон» групе кампаній «Сервалюкс».
Аляксандру Лукашэнку далажылі, што на першым этапе Віцебскім аблвыканкамам ужо прынята рашэнне аб перадачы паўнамоцтваў выканаўчага органа гэтых сельгасарганізацый інвестару. Гэта дазволіць аказаць фінансавую падтрымку гаспадаркам для ажыццяўлення ўсяго комплексу сельгасработ у першым паўгоддзі — гэта значыць, закласці аснову будучага ўраджаю.
«Дай бог, каб было так, — адзначыў Прэзідэнт. — Я заўсёды пагляджу, як там закладваецца будучы ўраджай».
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у інвестара, старшыні савета дырэктараў СЗАТ «Сервалюкс» Яўгена Баскіна, ці пасеялі на гэтых тэрыторыях, пра якія ідзе размова, азімы рапс. Высветлілася, што пасеялі.

Прэзідэнту далажылі і аб павелічэнні на Віцебшчыне плошчаў пад сяўбу кукурузы. Падобныя эксперыменты Аляксандр Лукашэнка заклікае праводзіць паступова. «У Віцебскай вобласці пасеяць кукурузу на зерне (на 50 % або 80 % больш) — гэта рызыка, — патлумачыў ён. — Гэта я вам гавару як чалавек, які займаўся крыху арганізацыяй сельскай гаспадаркі. Спяшацца не трэба».
Пры гэтым Прэзідэнт ухваліў рашэнне павялічыць на Віцебшчыне пасяўныя плошчы пад рапс. У якасці прыкладу ён прывёў ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец» (гэту гаспадарку Аляксандр Лукашэнка ў свой час узначальваў), дзе сёлета атрымалі рапс ураджайнасцю ў 61 цэнтнер з гектара.
«Гэта неверагодна», — лічыць кіраўнік дзяржавы, даручыўшы пераправерыць гэту інфармацыю Камітэту дзяржкантролю.
Аднак нягледзячы на некаторыя сумненні, Прэзідэнт дапускае, што такую ўраджайнасць рапсу цалкам магчыма было атрымаць. «Якія б там ні былі ўгнаенні: для рапсу ўгнаенні — гэта не асноўнае», — канстатаваў беларускі лідар, указаўшы на большае значэнне догляду гэтай культуры.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такой высокай ураджайнасці найперш удалося дасягнуць за кошт дысцыпліны і парадку. У верасні мінулага года Прэзідэнт наведаў сельгаспрадпрыемства, у выніку застаўся незадаволены ўбачаным. «Адрэагавалі, зразумелі, што калі я яшчэ раз заеду туды або зверху пагляджу (з верталёта. — „Зв.“), мала не падасца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта сведчыць аб тым, што калі ёсць дысцыпліна — будзе парадак».
Што датычыцца выканання тэхналагічнай дысцыпліны ў пытанні вырошчвання тых ці іншых культур, па словах Прэзідэнта, гэтым найперш павінен валодаць аграном сельгаспрадпрыемства.
«Мая справа — патрабаваць за канчатковы вынік, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вынік надзвычайны! Гэта (сельгаспрадпрыемства „Гарадзец“ Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. — „Зв.“) практычна Віцебская вобласць — граніца. Хто перашкаджае Віцебскай вобласці пасеяць рапсу не на 20 % больш да ўзроўню мінулага года, а менш, і за кошт ураджайнасці атрымаць той жа вал збожжавых? Да гэтага трэба імкнуцца. Трэба імкнуцца да інтэнсіфікацыі, а не да экстэнсіўных метадаў, каб атрымаць гэтыя ўраджаі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, поспех работы таго ці іншага сельгаспрадпрыемства пры інвестары не заўсёды залежыць ад сучаснага абсталявання і нават не ад новых падыходаў у кіраванні. «Нічога там суперновага ў кіраванні няма, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Яны (інвестары. — „Зв.“) проста малайцы: плацяць заробак людзям нармальны, кіраўнік нармальны, які выпрацоўвае сістэму, як яны патрабавалі, і працуюць. Вось і ўсё».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
(Будзе дапоўнена)
