Да камфортнага надвор’я прывыкаеш хутка, але бліжэй да сярэдзіны восені яно становіцца зменлівым. Як паведамілі спецыялісты ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у трэцяй дэкадзе верасня тэмпературны фон на тэрыторыі нашай краіны рэзка пайшоў на паніжэнне.
У аўторак надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць атмасферны фронт, які ссоўваецца ў паўднёва-ўсходнім напрамку, а ўслед за ім пачынае паступаць халодная паветраная маса. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, магчымыя навальніцы. Вецер паўднёвы з пераходам на паўночна-заходні ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 8 °C па паўночным захадзе да 15 °C па паўднёвым усходзе краіны, а днём — 11–17 °C, па паўднёвым усходзе нават 18–24 °C.
Рэзкае зніжэнне тэмпературы чакаецца ўжо ў сераду. У гэты дзень тэрыторыя краіны ў асноўным апынецца на халоднай паўднёва-ўсходняй перыферыі скандынаўскага антыцыклону, толькі ў начныя гадзіны па паўднёвым усходзе краіны ўмовы надвор’я працягне вызначаць франтальны раздзел. Ноччу па паўднёвым усходзе, днём месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай па паўднёвым усходзе слабы туман. Вецер паўночна-заходні ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпературны фон паветра ўначы панізіцца да 2–8 °С, па паўднёвым усходзе — да 10 °С. Досыць холадна будзе і днём, калі максімальная тэмпература будзе не вышэй за 10–16 °С.
У чацвер захаваецца ўплыў халоднага антыцыклону, цэнтр якога перамесціцца з поўдня Швецыі на Балтыйскае мора. Невялікая воблачнасць, без ападкаў. Вецер паўночнай чвэрці ад слабага да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы ад 1 да 6 °С. У многіх раёнах чакаюцца замаразкі да мінус 3 °С. Днём тэмпература будзе 10–16 °С.
Сяргей КУРКАЧ