З 30 верасня па 2 кастрычніка ХХІХ Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» зноў збярэ сваіх удзельнікаў у Магілёве, каб у чарговы раз паказаць, што сапраўднае мастацтва здольнае аб’ядноўваць людзей незалежна ад узросту, культуры і геаграфічнага месцазнаходжання. Кінафорум стане месцам прыцягнення для прафесіяналаў-аніматараў, іх юных паслядоўнікаў і шматлікіх гледачоў, для якіх анімацыйнае кіно — гэта каштоўнасць агульных сэнсаў, яркіх вобразаў і чароўных гісторый.
Творчасць не мае межаў
— Сёлета кінафорум (які быў заснаваны ў 1998 годзе) пройдзе ў 29-ы раз. За гады правядзення «Анімаёўка» стала больш чым проста кінафорумам. Яна ператварылася ў маштабную міжнародную пляцоўку дыялогу культур, у прастору, дзе праз чароўны свет і ўніверсальную мову анімацыі мы знаходзім агульныя каштоўнасці, сэнсы і кропкі судакранання, — адзначыла намеснік начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Анастасія КАРОТЧЫКАВА. — Геаграфія фестывалю таксама штогод пашыраецца. І гэта сапраўднае пацверджанне таго, што кінафорум «Анімаёўка» стаў культурным брэндам нашай краіны і набыў сваё прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Лічбы фестывалю сведчаць пра рост цікавасці да яго. Напрыклад, у 2024 годзе было 317 заявак з 47 краін, а летась іх колькасць вырасла да 715 з 78 краін свету. Сёлета на адрас «Анімаёўкі» прыйшло 1962 заяўкі з 99 краін. У гэтым годзе да фестывалю далучылася адзінаццаць новых краін: Кенія, Уганда, Мазамбік, Сенегал, Палесціна, Замбія, Рэспубліка Конга, Габон, Непал, Емен і Кот-д’Івуар. А ў склад журы «Анімаёўкі» ўвайшлі прызнаныя прафесіяналы з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая, Сербіі. Сярод намінацый таксама папаўненне: у гэтым годзе будуць узнагароджваць яшчэ і «Лепшага аніматара анімацыйнага фільма».
Адкрываем новае і адчуваем галоўнае
Ужо традыцыйна склалася, што кінафорум дазваляе сваім гасцям і ўдзельнікам адкрываць для сябе новыя культуры, новыя гісторыі і новыя грані творчасці. Бо анімацыя — гэта ўнікальная мова, якая не патрабуе перакладу. З дапамогай вобразаў, эмоцый і метафар стваральнікі анімацыйных фільмаў размаўляюць як з дзецьмі, абуджаючы іх фантазію, веру ў цуды, так і з дарослымі, закранаючы глыбокія філасофскія тэмы і прымушаючы задумацца пра вечнае. Гэта мастацтва сцірае межы і яднае пакаленні, стварае прастору шчырага дыялогу паміж людзьмі. На «Анімаёўцы» праз экран ідзе размова пра простыя, але фундаментальныя каштоўнасці, зразумелыя любому чалавеку на планеце. Аднак кінафорум — гэта не толькі яркая конкурсная праграма, але і своеасаблівая творчая лабараторыя. Акрамя паказаў анімацыйных фільмаў арганізатары падрыхтавалі шмат творчых сустрэч, майстар-класаў, прэзентацый і выставак. Так, упершыню пройдзе майстар-клас па кітайскай анімацыі.
— Што датычыцца саміх фільмаў, то, як паказвае мой вопыт работы на фестывалях і ў анімацыі, узровень майстэрства моцна вырас. І здарылася гэта дзякуючы ў тым ліку тэхналогіям. Той жа ШІ робіць сваю справу, — падзяліўся рэжысёр, савецкі і беларускі мультыплікатар, кампазітар гульнявых і мультыплікацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар ВОЛЧАК. — Але для мяне асабіста — гэта толькі тэхналогія, не болей. Так, дапамагае ён у вытворчасці, але не менш важна прадумана ставіць яму задачы адносна таго, што хочаш атрымаць у выніку. Усё павінна быць выверана і дакладна сфармулявана. Разам з тым нішто не заменіць руку мастака, жывую лінію і яго розум.
Час пераасэнсавання мастацтва
Як расказала намеснік дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства «Кінавідэапракат» Аксана ГУБАРЭВІЧ, на «Анімаёўцы» найлепшых будуць вызначаць у конкурсе анімацыйных фільмаў (14 намінацый), у конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці (9 намінацый), а таксама ў конкурсе дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
— Гэты кінафорум ужо даўно стаў не толькі прэстыжнай пляцоўкай для дэманстрацыі прафесійнага аўтарскага анімацыйнага кіно, фільмаў дзіцячых аматарскіх студый, але і ўнікальным дыялогам паміж прызнанымі майстрамі экрана і іх галоўным гледачом — дзецьмі, — дадала старшыня журы конкурсу выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці Ірына КУХЦІНА. — І наш конкурс па праве называюць душой і сэрцам фестывалю. Калі экранная анімацыя — гэта мастацтва руху ў часе, то дзіцячыя работы творчага конкурсу — гэта спроба спыніць час, імгненне кадра і перадаць, як мультфільм адгукаецца ў чуллівым сэрцы дзіцяці.
Што знойдзе свой водгук у аўдыторыі сёлета — даведаемся зусім хутка. Пасля кінафоруму пройдзе «Рэха Анімаёўкі», якое дазваляе паглядзець лепшыя карціны фестывалю не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі.
Алена ДРАПКО, фота аўтара