Top.Mail.Ru
294

Навошта кожнаму з нас прымаць магній?

Удзельнiчае ва ўсiх энергетычных працэсах, актывiруе ферменты, рэгулюе артэрыяльны цiск, нармалiзуе працу нервовай сiстэмы i выконвае шэраг iншых карысных функцый. Усё гэта аб адным з найважнейшых для нашага арганiзма макраэлеменце — магнii. 


Няцяжка здагадацца, што пры яго недахопе наўрад цi атрымаецца пазбегнуць праблем са здароўем. Чаму ў сучаснага чалавека павышаная патрэба ў гэтым мiкраэлеменце? У якiм выглядзе яго лепш прымаць i як часта? Як вызначыць недахоп магнiю i якiя сiмптомы пра тое сведчаць? Пра гэта расказала валеолаг 2-й цэнтральнай раённай палiклiнiкi Фрунзенскага раёна Мiнска Людмiла Барташэвiч.

— Навошта нам магнiй?

— Яго роля ў нашым арганiзме ўнiкальная. Ён удзельнiчае ў сотнях абменных працэсаў i з’яўляецца незаменным элементам для дзейнасцi ўсiх органаў i сiстэм. Асноўная функцыя гэтага мiнералу — падтрымка нервовай сiстэмы i павышэнне ўстойлiвасцi арганiзма да стрэсу. Калi ўзровень магнiю панiжаны, то нам складаней спраўляцца з эмацыянальным перанапружаннем i фiзiчнымi нагрузкамi. Магчымыя i больш сур’ёзныя наступствы: сутаргi, парушэнне сардэчнага рытму, павышэнне артэрыяльнага цiску, з’яўленне рызыкi развiцця iнфаркту i iнсульту.

— Цi выпрацоўваецца такi неабходны элемент самiм арганiзмам i як назапашваецца?

— Як бачыце, магнiй актыўна выкарыстоўваецца i хутка расходуецца, таму яго немагчыма назапасiць. Магнiй не выпрацоўваецца ў самiм арганiзме, а паступае звонку, пераважна з ежай. Асноўнымi крынiцамi магнiю з’яўляюцца чырвонае мяса, зялёная гароднiна, авакада, капуста, бананы, арэхi, гарбузовыя семечкi, цэльныя злакi, морапрадукты, фiнiкi, чарнаслiў, хурма, шакалад.

На жаль, змена характару харчавання, ужыванне рафiнаванай ежы, простых вугляводаў, недахоп свежай гароднiны i зелянiны прыводзiць да таго, што ў арганiзм паступае нашмат менш магнiю, чым неабходна. Да таго ж, сучасны чалавек адчувае павышаныя нагрузкi i стрэсы, што павялiчвае патрэбу ў магнii. Недахоп мiнерала бывае ў людзей, якiя пакутуюць ад парушэнняў абмену рэчываў, сядзяць на строгай дыеце цi, наадварот, сiлкуюцца фастфудам, паляць, злоўжываюць алкаголем, адчуваюць празмерныя фiзiчныя i разумовыя нагрузкi.

— Як можна вызначыць недахоп магнiю?

— Гэта можна зрабiць па аналiзе крывi толькi пры яго глыбокiм дэфiцыце. Узровень магнiю ў сыроватцы крывi можа заставацца нармальным пры значным знiжэннi яго агульнай колькасцi ў арганiзме. Таму, каб вызначыць дэфiцыт магнiю, урачы звяр-

таюць увагу на скаргi пацыента на слабасць, стамляльнасць, частыя галаўныя болi, парушэннi сну, раздражняльнасць, перапады настрою, пагаршэнне памяцi, мышачныя болi i сутаргi, запоры, страту апетыту i млоснасць, цягу да салодкага, пачашчаны пульс, перабоi ў сэрцы, павышэнне артэрыяльнага цiску.

— Як доўга трэба прымаць магнiй?

— Гэта залежыць ад зыходнага стану, ступенi дэфiцыту, вiду лекавага прэпарата i iншых фактараў. Стандартная дазiроўка для дарослых складае 300-400 мг у суткi, а працягласць пастаяннага прыёму — не менш чым месяц. Звычайна за гэты час адбываецца аднаўленне клеткавых мембран i рэцэптараў, i самаадчуванне паляпшаецца. Затым можна паменшыць частату i кратнасць прыёму (праз дзень, праз 2 днi). Практычна ўсiм можна прымаць магнiй не радзей чым 1 раз у тыдзень для прафiлактыкi яго дэфiцыту.

— Ёсць розныя формы гэтага мiнералу. Якую выбраць?

— Каб вырашыць, якi магнiй прымаць, трэба вызначыцца, якой мэты вы хочаце дасягнуць. Самая папулярная форма магнiю, якая выкарыстоўваецца ў большасцi вядомых прэпаратаў, гэта цытрат. Гэтак жа мiнерал уваходзiць у склад шматлiкiх вiтамiнна-мiнеральных комплексаў. Iх звычайна прызначаюць курсамi 2 разы на год. У астатнi час разумна выкарыстоўваць магнiй у чыстым выглядзе. Яшчэ адзiн важны момант датычыцца катэгорыi прэпарата. На фармацэўтычным рынку прадстаўлены як лекавыя сродкi, так i БАДы. Дабаўкi не ў стане кампенсаваць недахоп мiнерала i справiцца з сiмптомамi яго дэфiцыту. Таму для ўстаранення дэфiцыту ўрачы прызначаюць менавiта медыкаментозныя прэпараты.

— Ранiцай цi ўвечары лепш iх прымаць?

— У якi час сутак прымаць магнiй, залежыць ад канкрэтнага прэпарата i пазначана ў яго iнструкцыi. Часцей за ўсё яго рэкамендуюць прымаць увечары прыкладна за паўтары гадзiны да сну. Прыём магнiю перад сном супакойвае нервовую сiстэму, рэгулюе рэакцыю арганiзма на стрэс i спрыяе расслабленню, а таксама прадухiляе сутаргi i мышачныя спазмы, якiя часта ўзнiкаюць уначы, падтрымлiвае звычайны сардэчны рытм i паляпшае кровазварот.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю