Top.Mail.Ru
290

Макрон: Францыя ў верасні прызнае палесцінскую дзяржаву

Французскі лідэр Эмануэль Макрон заявіў, што Францыя афіцыйна прызнае палесцінскую дзяржаву ў верасні на сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Йорку. Аб гэтым паведамляе БелТА.



«Я прыняў рашэнне аб прызнанні Францыяй Дзяржавы Палесціна. Я ўрачыста абвяшчу пра гэта на Генеральнай Асамблеі ААН у верасні гэтага года», — гаворыцца ў паведамленні Макрона ў сацыяльнай сетцы Х. Адпаведны ліст Макрон накіраваў Махмуду Абасу.

Палесцінскія афіцыйныя асобы віталі дадзенае рашэнне Францыі.

У той жа час ізраільскі прэм’ер Біньямін Нетаньяху рэзка пракаментаваў заяву Макрона. Ён сказаў, што гэты крок стане «ўзнагародай за тэрор» пасля нападу ХАМАС, які адбыўся 7 кастрычніка 2023 года. «Палесцінская дзяржава ў гэтых умовах стане плацдармам для знішчэння Ізраіля, а не для мірнага суіснавання з ім», — гаворыцца ў заяве Нетаньяху.

Як адзначае BBC, цяпер палесцінскую дзяржаву прызналі звыш 140 са 193 дзяржаў — членаў ААН. Сярод іх — Расія і Кітай, а таксама некалькі краін Еўрасаюза. ЗША і Вялікабрытанія не прызналі палесцінскую дзяржаву.

Брытанскі прэм’ер Кір Стармер заявіў, што ў пятніцу правядзе экстранныя перамовы з лідэрамі Францыі і Германіі, каб абмеркаваць, як «спыніць забойствы ў Газе». «Мы з’яўляемся сведкамі гуманітарнай катастрофы», — таксама сказаў ён. Паводле яго слоў, дзяржаўнасць «з’яўляецца неад’емным правам палесцінскага народа», а спыненне агню ў Газе «паставіць нас на шлях прызнання палесцінскай дзяржавы».

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ў ноч на 25 ліпеня заявіў, што Вашынгтон не падтрымлівае план прэзідэнта Францыі аб прызнанні палесцінскай дзяржавы на Генеральнай Асамблеі ААН. «Гэта безразважнае рашэнне толькі служыць прапагандзе ХАМАС і зрывае мірны працэс. Гэта аплявуха ахвярам 7 кастрычніка», — гаворыцца ў яго паведамленні ў сацсетцы X.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю