Top.Mail.Ru

Галоўнае — фарміраванне заканадаўчай базы для дасягнення мэт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 — 2030 гады

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І. П. Сергяенкі на адкрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання


Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання адкрываецца пад знакам дзвюх важных гістарычных дат — Дня народнага адзінства, які знамянуе ўз’яднанне беларусаў у межах адзінай дзяржавы, і 30-годдзя правядзення першага Усебеларускага народнага сходу — значнай вехі ў стварэнні сапраўды суверэннай і незалежнай Беларусі.

Менавіта дзякуючы нязломнай палітычнай волі Прэзідэнта ў 1996 годзе пры непасрэдным удзеле грамадзян быў пакладзены пачатак фарміраванню зусім новай мадэлі беларускай дзяржаўнасці.

У рабоце ўсіх галін улады знайшоў адлюстраванне салідарны прынцып узаемадзеяння, накіраваны на адстойванне нацыянальных інтарэсаў. Двухпалатны Парламент стаў крыніцай прыняцця аптымальных і, самае галоўнае, ідучых ад жыцця заканадаўчых рашэнняў, якія забяспечваюць мірнае і дынамічнае развіццё грамадства.

Цэнтральнае месца ў сістэме дзяржаўных каштоўнасцяў адведзена такім блізкім нам паняццям, як стваральная праца, жаданне быць гаспадаром на сваёй зямлі, адкрытасць да дыялогу і непрыманне радыкалізму ў любых яго формах.

Як гаворыць кіраўнік дзяржавы, «Вялікае бачыцца на адлегласці». І гэта сапраўды так. Жыццё наглядна пацвярджае правільнасць выпрацаванага палітычнага курсу.

Ва ўмовах маштабных геапалітычных зрухаў, войн і канфліктаў Беларусь сёння застаецца астраўком бяспекі, дзе людзі не баяцца за лёсы родных і блізкіх. Дынамічна функцыянуюць прадпрыемствы, растуць эканоміка і экспартны патэнцыял, надзейна гарантавана харчовая бяспека. Інтарэсы простага чалавека абаронены заканадаўствам, а сацыяльная дзяржава стала нашым брэндам.

Нягледзячы на разнастайныя санкцыі і палітычны ціск, мы паслядоўна пашыраем кола сяброў і паспяхова асвойваем новыя рынкі.

Канстытуцыйная рэформа і прэзідэнцкія выбары 2025 года з усёй відавочнасцю прадэманстравалі давер народа ўладзе, прыхільнасць да эвалюцыйнага шляху развіцця.

Сёння Усебеларускі народны сход працуе ўжо ў якасці канстытуцыйнага органа, дэлегатамі якога мы з’яўляемся. Наша ключавая задача, у тым ліку на будучую сесію, максімальна поўна задзейнічаць існуючы арсенал паўнамоцтваў для практычнай рэалізацыі рашэнняў, што прымаюцца. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы падчас нядаўняй сустрэчы.

Галоўнае — фарміраванне заканадаўчай базы для дасягнення мэт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 — 2030 гады.

Упершыню ў праграме замацаваны такі прыярытэт, як умацаванне абараназдольнасці краіны і развіццё абароннага сектара эканомікі.

Дэпутацкі корпус пільна адсочвае і рэагуе на ваенна-палітычную сітуацыю вакол Беларусі.

На трэцяй сесіі прыняты законапраекты па пытаннях ваеннай і пажарнай бяспекі, дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, прафілактыкі правапарушэнняў.

Чарговым крокам стане карэкціроўка законаў аб абароне, воінскай службе і грамадзянскай абароне насельніцтва.

Асаблівая ўвага дэпутатамі надаецца пакету бюджэтна-падатковых дакументаў на наступны год і іх прапрацоўцы ў складзе міжведамасных рабочых груп. Яны ўвязаны з прагнозам параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі.

Варта забяспечыць захаванне сацыяльнай нацэленасці бюджэту, рацыянальнае выкарыстанне сродкаў, узважана падысці да аптымізацыі падатковых ільгот. Больш пільна паглядзець на фінансаванне з бюджэту інвестпраектаў там, дзе ёсць праблемы на рынку працы, а таксама тых, якія садзейнічаюць глыбокай перапрацоўцы мясцовай сыравіны і імпартазамяшчэнню.

Сур’ёзнае значэнне ў раскрыцці патэнцыялу рэгіёнаў адводзіцца развіццю аграрнага сектара. Харчовая бяспека і нарошчванне экспарту прадукцыі аграпрамысловага комплексу — найважнейшыя складнікі суверэнітэту.

У падобным ключы і трэба ацэньваць сёння законапраекты, якія датычацца тэм жывёлагадоўлі, ветэрынарыі, меліярацыі зямель, рыбаводства.

Яны маюць на мэце павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, а значыць, і якасці канчатковага прадукту.

Актуальны кірунак — лічбавізацыя эканомікі. Прававое суправаджэнне лічбавага рубля выклікае жывую цікавасць як прафесіяналаў, так і звычайных грамадзян. Тут, вядома, пастаянным камісіям трэба яшчэ раз дэталёва прапрацаваць магчымыя рызыкі для банкаўскай сістэмы, бізнесу і насельніцтва.

У цэнтры ўвагі чацвёртай сесіі — абарона чалавека працы. Змяненні ў Працоўны кодэкс не проста чарговая тэхнічная карэкціроўка, а сур’ёзная задача, бо за яго нормамі стаяць мільёны беларусаў, занятых у эканоміцы.

Людзі мысляць канкрэтна: калі добрасумленна працую, мае працоўныя правы павінны быць надзейна абаронены. Таму неабходна і далей удасканальваць механізмы падтрымкі, асабліва калі нехта захварэў або ўзніклі праблемы ў сям’і.

Яшчэ адно прынцыповае пытанне — жыццё і здароўе на працоўным месцы. На парадку дня — унясенне паправак у Закон «Аб ахове працы». Трэба пераходзіць ад фармальнай фіксацыі парушэнняў ці няшчасных выпадкаў да іх прафілактыкі, а таксама да строгага выканання патрабаванняў вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны.

У полі нашага зроку будзе і тэма дэмаграфічнай бяспекі. У прыватнасці, рыхтуецца да ўнясення праект Кодэкса аб ахове здароўя — маштабны заканадаўчы акт, накіраваны на ўзмацненне канстытуцыйнага права грамадзян на ахову здароўя.

Не застануцца без увагі і пытанні сямейнай палітыкі. Наперадзе работа над законам аб дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Тут важна знайсці баланс паміж інтарэсамі бацькоў і магчымасцямі бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Зразумела, пералічанае — толькі частка значных праектаў законаў, якія мы разгледзім у развіццё рашэнняў Усебеларускага народнага сходу. Парадак дня сесіі будзе пастаянна папаўняцца — якраз цяпер фарміруецца зацверджаны кіраўніком дзяржавы план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на наступны год.

У ім ужо знайшлі адлюстраванне ініцыятывы дэпутатаў па пытаннях барацьбы з карупцыяй, аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку, аб змяненні Кодэкса аб шлюбе і сям’і. Гэта прамы вынік вывучэння правапрымяняльнай практыкі ў выбарчых акругах, а таксама аналізу замежнага досведу. Трэба і далей паслядоўна развіваць гэты кірунак, дзейнічаючы з апорай на ўсебаковую ацэнку прапаноў, якія паступаюць.

Прынцыповая задача — дабівацца якасці і комплекснасці прававога рэгулявання. Даручэнні Прэзідэнта аб устараненні множнасці прававых актаў і забеспячэнні стабільнасці заканадаўства павінны няўхільна выконвацца.

Неабходна бачыць наступствы рашэнняў, якія прымаюцца, разумець, як яны будуць працаваць у маштабах краіны, якая рэакцыя людзей на прапанаваныя навацыі.

Трэба выключыць падрыхтоўку неактуальных законапраектаў, якія нярэдка вынікаюць з вузкаведамасных інтарэсаў. Празмернае рэгуляванне, залішнія адміністрацыйныя бар’еры толькі бударажаць грамадства і могуць выклікаць справядлівы негатыўны водгук.

У сувязі з гэтым даручаю камісіям, па-першае, яшчэ раз уважліва паглядзець на ўключаныя ў праект штогадовага плана прапановы дзяржаўных органаў на прадмет іх абгрунтаванасці і значнасці.

Па-другое, прадоўжыць практыку грамадскага абмеркавання законапраектаў у акругах, у ходзе выязных пасяджэнняў і мерапрыемстваў. Гэта надзейны інструмент, які выяўляе слабыя месцы і скрытыя рызыкі прапанаваных новаўвядзенняў. Тым больш, што пазітыўны досвед у нас ёсць. Такі падыход ужо рэалізаваны пры падрыхтоўцы шэрагу законаў.

У гэтым жа кантэксце трэба разглядаць і функцыю Палаты прадстаўнікоў па кантролі за рэалізацыяй заключных палажэнняў прынятых законаў.

На сённяшні дзень такі кантроль ажыццяўляецца па 25 законах. Асноўная аналітычная работа тут ускладзена на галаўныя камісіі. Надаць ёй больш сістэмны характар зможам, калі будзем настойліва прасоўваць пакетны прынцып. У ідэале правілам павінна стаць падрыхтоўка неабходных падзаконных актаў адначасова з праектам закона.

Аб міжнародным парадку дня. Беларусь паспяхова ўбудоўваецца ў новую архітэктуру міжнародных адносін. Парламенцкая дыпламатыя ў гэтым працэсе становіцца значным стратэгічным рэсурсам, аб чым сведчаць вынікі работы Палаты прадстаўнікоў за мінулы год.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы адбыліся візіты кіраўніцтва палаты ў Азербайджан, М’янму, Іран, дзе з лідарамі гэтых краін і парламентаў абмеркаваны перспектывы далейшага развіцця эканамічных і гуманітарных сувязяў, рэалізацыі кааперацыйных праектаў.

Актывізацыі зацікаўленага дыялогу садзейнічалі візіты ў Рэспубліку Беларусь парламенцкіх дэлегацый Алжыра, Венесуэлы, В’етнама, Зімбабвэ, Інданезіі, Казахстана, Турцыі. Нашу краіну наведалі Старшыня Парламента краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, Старшыня Арабскага парламента.

У ходзе маючай адбыцца сесіі галоўную ўвагу трэба засяродзіць на ўмацаванні стратэгічных саюзніцкіх адносін з Расійскай Федэрацыяй. Будзе прадоўжана работа па ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўстваў дзвюх краін, парламенцкім суправаджэнні саюзных праграм, узмацненні міжнароднага пазіцыянавання Саюзнай дзяржавы і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі.

Маладое пакаленне — гэта людзі, якія заўтра будуць кіраваць нашымі дзяржавамі, і сёння за іх розумы і душы ідзе жорсткая барацьба. На фоне спроб Захаду перапісаць гісторыю наша моладзь павінна стаць правадніком гістарычнай праўды, разумеючы, што ў нас вялікая агульная спадчына і толькі разам мы зможам пабудаваць бяспечную і паспяховую будучыню.

Гэтай мэце паслужыла правядзенне ў чэрвені ў Брэсце пад эгідай Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі міжнароднага форуму, прымеркаванага да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэлегацыі з 16 дзяржаў. У кастрычніку ў Магілёве пройдзе XIX Міжнародны фестываль «Моладзь — за Саюзную дзяржаву».

Мы працягнем акцэнтаванае ўзаемадзеянне з парламентамі дружалюбных дзяржаў постсавецкай прасторы ў сферах, якія ўяўляюць агульную цікавасць.

Парламенцкая дыпламатыя будзе накіравана на задзейнічанне міжнародных арганізацый, перш за ўсё Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, для абмену перадавымі нарматворчымі практыкамі, укаранення мадэльных законаў у нацыянальнае заканадаўства, а таксама для стымулявання заканадаўчых ініцыятыў дэпутатаў.

Варта і далей пашыраць нашу прысутнасць на парламенцкай прасторы краін далёкай дугі ў мэтах садзейнічання рэзультатыўнасці палітычнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Архіважны вектар — умацаванне стратэгічнага партнёрства з Кітаем і краінамі глабальнай большасці. Свет ужо не круціцца вакол Захаду. Цяпер у нашых планах — актыўнае ўзаемадзеянне з такімі ўплывовымі структурамі, як ШАС і БРІКС.

Неабходна шырэй выкарыстоўваць вынікі візітаў, напрацаваныя кантакты і вопыт узаемадзеяння з МПА АСЕАН, ПАРЛАЦІНА, Азіяцкай парламенцкай асамблеяй і Панафрыканскім парламентам.

Мяркую, што ўстанаўленне сувязяў і падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні з Арабскім парламентам нададуць імпульс супрацоўніцтву з краінамі гэтага рэгіёна ў сферах гандлю, інвестыцый, аховы здароўя.

Для нарошчвання эфектыўнасці выкарыстання парламенцкага патэнцыялу ў вырашэнні задач знешнеэканамічнай дзейнасці кіраўнікі груп дружбы з парламентамі замежных дзяржаў уключаны ў склад 33 міжурадавых камісій. Чакаем канкрэтнай аддачы ад гэтай формы работы.

Станоўча сябе зарэкамендавала практыка правядзення сустрэч з кіраўнікамі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі. Мы ўдзячныя за канструктыўныя ідэі, выказаныя пасламі Алжыра, Венесуэлы, В’етнама, Грузіі, Зімбабвэ, Ірана, Казахстана, Кітая, Кубы, Кыргызстана, Манголіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі, Турцыі, Узбекістана, і гатовы садзейнічаць іх рэалізацыі.

Асобнай формай парламенцкага супрацоўніцтва з’яўляецца міжнародны маніторынг выбарчых кампаній. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 20 верасня возьмуць актыўны ўдзел у назіранні за правядзеннем выбараў у Дзяржаўную Думу Федэральнага Сходу Расіі.

Будзе прадоўжаны цыкл семінараў па актуальных пытаннях сусветнай палітыкі для адкрытага абмеркавання з удзелам спецыялістаў, вучоных і дыпламатаў кірункаў і метадаў работы ў перспектыўных для міжнароднага супрацоўніцтва краінах і рэгіёнах.

Адным з вынікаў міжпарламенцкай дзейнасці павінна стаць павышэнне ўзроўню палітычнага даверу, нарошчванне аб’ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіццё культурных і гуманітарных сувязяў Рэспублікі Беларусь.

Што датычыцца работы ў выбарчых акругах, хачу падкрэсліць актуальнасць адкрытага дыялогу з насельніцтвам, растлумачэння дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца ў розных сферах, мер па захаванні міру і абароне нацыянальных інтарэсаў.

Неабходна інфармаваць аб заканатворчым працэсе, даводзіць нормы прынятых законаў простай, даступнай мовай, з канкрэтнымі прыкладамі.

Трэба таксама працягнуць маніторынг абстаноўкі ў рэгіёнах, настроі людзей адносна ўнутранай і знешняй палітыкі, якая праводзіцца.

Разам з тым жыццё невымерна больш складанае, чым усе разам узятыя законы. Грамадзяне хочуць бачыць у парламентарыях не толькі прафесіяналізм, шчырасць, дзяржаўнасць, але і зацікаўленасць у вырашэнні іх надзённых праблем.

Для павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння дэпутацкага корпуса і мясцовых органаў улады будзе прадоўжаны цыкл сустрэч рэгіянальных дэпутатаў і кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў з кіраўніцтвам і актывам абласцей і горада Мінска. Такія мерапрыемствы прайшлі ўжо ў Гродне, Пінску, Смалявічах. У планах — Мазыр.

У мэтах супрацьдзеяння негатыўнаму інфармацыйнаму ўплыву і рэагаванню на рэзанансныя тэмы неабходна нарошчваць узаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі, робячы акцэнт не толькі на рэспубліканскія, але і на рэгіянальныя СМІ.

Мы выходзім на стварэнне ўласнага медыяпрадукту. І дэпутатам трэба больш актыўна прапаноўваць магчымыя тэмы і рубрыкі на тэлебачанні, у друку і сацыяльных сетках.

Паважаныя таварышы!

17 верасня наша краіна святкуе знакавую дату. Уз’яднанне беларускіх зямель стала актам гістарычнай справядлівасці, які меў лёсавызначальнае значэнне для далейшага дзяржаўнага развіцця Беларусі. Дазвольце мне сардэчна павіншаваць усіх прысутных у Авальнай зале і нашых выбаршчыкаў з надыходзячым святам і пажадаць мірнага неба, моцнага здароўя і поспехаў у працы на карысць Айчыны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю